Ссылка на архив

Вядучыя напрамкі і плыні ў еўрапейскай і сусветнай літаратуры ХVІ–ХХ ст.


Вядучыя напрамкі і плыні ў еўрапейскай і сусветнай літаратуры

ХVІ-ХХ ст.


ЗМЕСТ

1. Вядучыя напрамкі і плыні ў еўрапейскай і сусветнай літаратуры ХVІ–ХХ ст.

1.1 Барока

1.2 Класіцызм

1.3 Сентыменталізм

1.4 Рамантызм

1.5 Рэалізм

1.5.1 Агульнае паняцце аб рэалізме. Шляхі станаўлення і развіцця рэалізму ў сусветнай літаратуры

1.5.2 Рэалізм у беларускай літаратуры

1.5.3 Рэалізм і сучаснае літаратуразнаўства. Сацыялістычны рэалізм у святле сённяшніх меркаванняў і поглядаў

1.6 Натуралізм

Спіс выкарыстаных крыніц


1. Вядучыя напрамкі і плыні ў еўрапейскай і сусветнай літаратуры ХVІ–ХХ ст.

1.1 Барока

Барока (ад італ. barocco, літаральна незвычайны, дзіўны; ёсць і іншыя этымалагічныя версіі-трактоўкі дадзенага слова-тэрміна) – адзін з вядучых стыляў у еўрапейскім мастацтве, які развіваўся нераўнамерна і несінхронна з сярэдзіны ХVІ ст. (Іспанія, Італія) да 80-х гг. ХVІІІ ст. (Венгрыя, славянскія краіны). Барока ахапіла ўсе віды мастацтва, наклала адбітак на асаблівасці навуковай і філасофскай думкі, на розныя бакі культурнага жыцця і побыту. Наогул можна з поўнай падставай (і на гэта ўказвае большасць даследчыкаў дадзенага метаду і стылю) весці гаворку аб барочным светапоглядзе і светаадчуванні.

Барока ўключыла ў сябе розныя ідэйныя плыні і мастацкія тэндэнцыі. Яго шырока выкарыстоўвалі і прадстаўнікі Контррэфармацыі, і пратэстанты, і праваслаўнае духавенства, і, вядома ж, дваранская арыстакратыя, а таксама сярэднія і бяднейшыя слаі тагачаснага насельніцтва.

Барока як мастацкі стыль вылучае дынаміка, афектнасць, патэтыка, тэатральнасць, ілюзіанізм, сутыкненне фантастыкі і рэальнасці. Яго таксама характарызуюць імкненне да антытэз, гіпербал, складаных метафар і наогул да ўсяго незвычайнага, нечуванага, нават сенсацыйнага. У творах барочных аўтараў таксама шмат схаластыкі, малазразумелых сілагізмаў і г. д. Свет паўстае перад мастакамі барока як хаатычны, пазбаўлены ўстойлівасці; ён знаходзіцца ў стане пастаянных змен, якія нічога добрага з сабой не нясуць. Тэма ілюзорнасці шчасця, хісткасці жыццёвых каштоўнасцей, поўнай улады над светам року і выпадку – адна з цэнтральных тэм барочных аўтараў. Позняе Адраджэнне з крызісам гуманістычнай ідэалогіі наклала, такім чынам, на борока свой выразны адбітак.

Літаратура барока прадстаўлена ў Іспаніі паэзіяй Гангоры-і-Аргатэ (г. зв. гангарызм), трагедыямі Кальдэрона, драмамі Тырса дэ Маліны, сатырай Кеведа-і-Вільегаса (у тым ліку і яго хітрунскім раманам); у Італіі – паэзіяй Т. Таса і Дж. Марына (г. зв. марынізм); у Германіі – трагедыямі А. Грыфіуса і Д. Лаэнштэйна, лірыкай П. Флемінга і Ф. Шпе, раманам Грымельсхаузена; у Францыі – паэзіяй і прозай Т. д’Абінье, раманамі, байкамі і вершамі М. дэ Скюдэры (г. зв. прэцыёзная літаратура), раманамі Ш. Сарэля; у Англіі – трагікамедыямі Ф. Бамонта і Дж. Флетчара. Як ужо адзначалася ў самым пачатку пытання, барока адбілася і ў славянскіх літаратурах, у прыватнасці, у творчасці Я. Морштына, С. Твардоўскага, (Польша), А. Міхны (Чэхія), І. Гундуліча (Харватыя), І. Велічкоўскага, К. Саковіча (Украіна), С. Полацкага (Беларусь і Расія).

Дарэчы, барока знайшло таксама і сваіх тэарэтыкаў. Найбольш арыгінальнымі сярод іх з’яўляюцца іспанец Б. Грасіян (трактат «Штодзённы аракул ці Мастацтва Асцярожнасці», 1647) і італьянец Э. Тэзаура («Падзорная труба Арыстоцеля», 1655).

К сярэдзіне ХVІІІ ст. барока ў яго арыстакратычна-прыдворным варыянце трансфармуецца ў стыль ракако (фр. rococo – маленькія каменьчыкі, ракавінкі), асноўная прыкмета якога – геданізм. У літаратуры ракако, што імкнулася да камернасці, інтымнасці, атрымала развіццё анакрэонтыка, галантная лірыка, розныя віды «лёгкай паэзіі» (пасланні, экспромты, элегіі) і г. д.

Як зазначае адзін з самых дасведчаных даследчыкаў беларускага літаратурнага барока А. Мальдзіс, «у беларускай літаратуры і шматмоўнай літаратуры Беларусі барока найбольш выразна выявілася ў пераходны перыяд, асабліва ў другой палове ХVІІ – першай трэці ХVІІІ стст. Беларускае барока цесна звязана з ідэямі Контррэфармацыі, што асабліва адчуваецца ў містычнасці ідэалу і рытарычнай зададзенасці, але як мастацкае светаўспрыманне значна шырэй за іх. Эстэтыка борока была крокам наперад у мастацкім развіцці Беларусі. Тут сінтэзаваліся сярэдневяковыя і рэнесансавыя традыцыі, упершыню скрыжоўваліся шляхі развіцця пісьмовай літаратуры і фальклору». Барока на Беларусі прадстаўлялі такія аўтары, як С. Полацкі, Д. Рудніцкі, М. Сарбеўскі (тэарэтык барока і наогул прыгожага пісьменства на Беларусі). Акрамя таго, яно выявілася даволі выпукла ў школьнай драме (у тым ліку і ў інтэрмедыях, якія побач з падобнымі творамі народнага тэатра стаяць ля вытокаў беларускай нацыянальнай прафесійнай драматургіі), ананімнай парадыйна-сатырычнай і гумарыстычнай паэзіі («Птушыны баль», «Ліст да Абуховіча», «Казане руске» і інш.), песенна-інтымнай лірыцы.

1.2 Класіцызм

Класіцызмам (ад лац. classicus – узорны) называецца метад, напрамак і стыль еўрапейскай мастацкай культуры (у тым ліку і літаратуры) другой паловы ХVІІ – пачатку ХІХ стст.

Сутнасць класіцызму выявілася ў кананізацыі антычнай класікі, арыентацыі на яе як на дасканалы ўзор для наследавання, у нарматыўнасці эстэтычных крытэрыяў, ідэалізацыі і абстрактнасці вобразнага абугульнення (тыпізацыі) без усебаковага выяўлення пры гэтым непаўторна-асабовага (індывідуалізацыі). Класіцызм характарызуецца універсальнасцю, бо ахапіў усе віды мастацтва, а таксама эстэтыку і крытыку. Для яго характэрна таксама пэўнае стылявое адзінства.

Як мастацкі метад класіцызм грунтаваўся ў многім на традыцыях Адраджэння (крыху забягаючы наперад, заўважым што ў класіцызме таксама было вельмі шмат момантаў, якія ішлі ўразрэз з адраджэнскай дактрынай), сінтэзуючы пры гэтым таксама ў пэўнай ступені і некаторыя дасягненні барока.

Паэтыка класіцызму пачала складвацца ў эпоху позняга Адраджэння ў Італіі (працы Л. Кастэльвестра і Ю. Скалігера). Аднак у якасці цэласнай мастацкай сістэмы класіцызм выступіў толькі ў ХVІІ ст. у Францыі ў перыяд умацавання і росквіту ў дадзенай краіне абсалютызму. Першым буйным тэарэтыкам французскага класіцызму стаў Ф. Малерб, аднак закончанае сістэмнае выражэнне дадзены метад і стыль атрымаў у вершаваным трактаце М. Буало «Паэтычнае майстэрства» (1674).

Працягваючы некаторыя традыцыі Адраджэння (пакланенне антычным пісьменнікам, вера ў розум, ідэал гармоніі і меры), класіцызм разам з тым з’яўляўся своеасаблівай антытэзай Рэнесансу. Гэта выяўлялася ў тым, што за знешняй гармоніяй у класіцызме хаваецца ўнутраная антынамічнасць светаадчування. Дадзеная акалічнасць крыху родніць класіцызм з барока, хоць гэтыя метады ў аснове сваёй надзвычай розныя. Родавае і індывідуальнае, грамадскае і асабістае, розум і пачуццё, цывілізацыя і прырода ў мастацтве Рэнесансу выступалі (праўда, у асноўным у тэндэнцыі) як адзінае гарманічнае цэлае. У класіцызме ж яны рэзка палярызуюцца. У аснове эстэтыкі класіцызму ляжаць прынцыпы рацыяналізму, якія адпавядаюць філасофскім ідэям картэзіянства. Яны сцвярджаюць погляд на мастацкі твор як на поўнасцю штучнае ўтварэнне, арганізаванае розумам і логікай, без якіх бы там ні было прымешак інтуіцыі, падсвядомага і г. д.

Эстэтыка класіцызму ўсталёўвае строгую іерархію жанраў, якія падзяляюцца на два супрацьлеглыя полюсы: «высокія» і «нізкія». Сфера «высокіх» жанраў, да якіх адносяцца трагедыя, эпапея і ода (пісаліся дадзеныя жанры толькі вершам), – дзяржаўнае жыццё, важныя гістарычныя падзеі, міфалогія; героі твораў – манархі, палкаводцы, вядомыя міфалагічныя асобы, рэлігійныя падзвіжнікі. «Нізкія» жанры (камедыя, сатыра, байка) адлюстроўваюць прыватнае паўсядзённае жыццё сярэдніх па свайму грамадскаму становішчу і матэрыяльнаму дастатку людзей. Часам у персанажную сферу «нізкіх» жанраў пранікаюць і прадстаўнікі вясковага і гарадскога плебсу. Прамежкавае месца адведзена «сярэднім» жанрам – элегіі, ідыліі, пасланню, санету, песні. Кожны жанр у класіцызме мае строгія межы і яскрава выражаныя фармальныя прыкметы. Не дапускалася спалучэння ў творах узвышанага і нізкага, трагічнага і камічнага, гераічнага і звычайнага: што дазволена сатыры, тое не павінна быць у трагедыі, што з’яўляецца прыдатным для камедыі, тое ні ў якім разе не павінна выкарыстоўвацца ў эпапеі, і г. д.

Вядучым жанрам класіцызму стала трагедыя, звернутая да адлюстравання важнейшых грамадскіх і маральна-этычных праблем веку. Грамадскія канфлікты паўстаюць у ёй адлюстраванымі ў душах герояў, якія пастаўлены перад неабходнасцю выбару паміж дзяржаўным доўгам і асабістымі памкненнямі. Самымі вядомымі французскімі трагікамі класіцыстычнага часу з’яўляюцца П. Карнэль і Ж. Расін.

У класіцыстычную французскую камедыю найбольшы ўклад унёс Ж. Мальер, у байку – Ж. Лафантэн, сатыру – Н. Буало, маралістычную прозу – Ф. Ларашфуко.

Рацыяналістычны падыход вызначаў у класіцыстаў адносіны да паэтычнай формы: кожны твор павінен быць строга прадуманым, кампазіцыя пабудавана лагічна, з суразмернасцю кожнай часткі, стыль характарызавацца празрыстасцю, мова – лаканічнасцю і дакладнасцю.

Асабліва строгія патрабаванні прад’яўляліся да драматычных жанраў, перш за ўсё да трагедыі, якая павінна была складацца з пяці актаў. Камедыі маглі быць і трохактовымі (у ХVІІІ ст. з’яўляюцца аднаактовыя камедыі), але ні ў якім разе чатырох- ці двухактовымі. Вельмі строга сачылі тэарэтыкі класіцызму за выкананнем прынцыпу трох адзінстваў – месца, дзеяння і часу, сфармуляваных яшчэ ў трактатах Дж. Трысіна і Ю. Скалігера, якія ў сваю чаргу абапіраліся на «Паэтыку» Арыстоцеля. Згодна правілу адзінства месца, усё дзеянне павінна адбывацца ў адным месцы – палацы, доме ці нават пакоі. Адзінства часу патрабавала, каб дзеянне п’есы абавязкова ўкладвалася ў сутачны адрэзак. Нарэшце, адзінства дзеяння вымушала, каб падзеі, адлюстраваныя ў п’есе, мелі свой пачатак, развіццё і заканчэнне. Акрамя таго, у творы не павінна быць ніякіх «лішніх» эпізодаў і дзеючых асоб – усяго таго, што не звязана з асноўным дзеяннем.

Пік у развіцці французскага класіцызму прыпадае на 60–80-я гг. ХVІІ ст. Затым ён крыху занепадае, а з пачаткам эпохі Асветніцтва зноў адраджаецца і існуе больш-менш стабільна да Вялікай французскай буржуазнай рэвалюцыі, а таксама ў час яе. Асаблівы ўклад у французскі асветніцкі класіцызм унеслі Вальтэр і М.Ж. Шэнье. Поўнасцю знік класіцызм з літаратуры Францыі толькі к 30-м гг. ХІХ ст.

Пад уплывам французскай літаратуры класіцызм развіваецца і ў іншых краінах Еўропы: у Англіі (А. Поп, Дж. Адысан), Італіі (В. Альф’еры, часткова У. Фаскола), Германіі (І. Готшэд, і асабліва прадстаўнікі веймарскага класіцызму ў асобах І. Гётэ і Ф. Шылера), Расіі (А. Канцемір, В. Традзьякоўскі, М. Ламаносаў, А. Сумарокаў).

«На Беларусі, у Польшчы і Літве, – пішуць У. Конан і А. Мальдіс, – тэндэнцыі класіцызму прыкметны з ХVІІ ст. як у тэорыі (курсы паэтыкі і рыторыкі), так і ў мастацкай практыцы (пераважна ў архітэктуры і сілабічнай паэзіі)». У якасці прыкладу вучоныя прыводзяць дзейнасць М. Сарбеўскага (тэорыя) і С. Полацкага (паэзія, прычым у спалучэнні з барочнымі элементамі). Больш жа паслядоўна, на думку гэтых жа даследчыкаў, класіцызм у беларускай літаратуры і шматмоўнай літаратуры Беларусі выявіўся ў 2-й пал. ХVІІ – пач. ХІХ стст. у творчасці А. Нарушэвіча, А. Нямцэвіча, Ф. Багамольца, Т. Глінскай, І. Сакольскага, І. Галянеўскага, М. Карыцкага, М. Цяцерскага, К. Марашэўскага, І. Юрэвіча, а таксама ў ананімнай бурлескнай паэзіі («Таго дня вельмі слаўнага», «Стары Восіп барадаты», «Уваскрасенне Хрыстова» і інш.). Эстэтыка класіцызму наклала пэўны адбітак на творчасць некаторых пісьменнікаў ХІХ ст. (Я. Чачота, Я. Баршчэўскага, В. Дуніна-Марцінкевіча).

У літаратуразнаўстве ў дачыненні да шэрагу з’яў еўрапейскай літаратуры ХІХ–ХХ стст. ужываецца тэрмін «неакласіцызм». Як адзначаецца ў ЛЭС, «літаратурныя з’явы, якія адносяцца да неакласіцызму, працягваючы ў чымсьці традыцыі класіцызму, узніклі, аднак, пасля змены яго другімі накірункамі (не раней пач. ХІХ ст.) і ў розных гістарычных умовах і нацыянальных літаратурах набылі рознае ідэйна-мастацкае значэнне. Неакласіцызм знаходзяць у «лёгкай паэзіі», у вершах А. Майкава і М.Ф. Шчарбіны, у «парнасцаў», у паэзіі і драматургіі рускіх сімвалістаў (І.Ф. Аненскі, В.Я. Брусаў, Вяч. Іваноў), у сучаснай французскай драматургіі (Ж. Ануй, Ж.П. Сартр, Ж. Жыраду»).

1.3 Сентыменталізм

Як ужо адзначалася ў пытанні, прысвечаным разгляду пафасу, тэарэтыкамі літаратуры вылучаецца сентыментальны пафас, які можа характарызаваць твор любой эпохі, і сентыменталізм як літаратурна-мастацкі метад і стыль, на аснове якога ў канкрэтны час (сярэдзіна – другая палова ХVІІІ ст.) утварыўся ў Еўропе адпаведны літаратурны напрамак.

Сентыменталізмам (ад франц. sentiment – пачуццё, англ. sentimental – пачуццёвы) называецца напрамак у еўрапейскай літаратуры другой паловы ХVІІІ ст., узнікшы ў выніку крызісу асветніцкага рацыяналізму. Тэрмін «сентыментальны» ў дачыненні да літаратуры пачаў выкарыстоўвацца яшчэ з канца 1740-х гг., аднак канчаткова замацаваўся пасля выхаду рамана англійскага пісьменніка Л. Стэрна «Сентыментальнае падарожжа па Францыі і Італіі» (1768). Менавіта ў Англіі, у яе літаратуры, сентыменталізм якраз і атрымаў сваё найбольш закончанае сістэмнае выражэнне.

Хоць сентыменталізм і парадзіў крызіс асветніцкай ідэалогіі, яго прадстаўнікі, зазначым, не поўнасцю парываюць з традыцыямі Асветніцтва. «Надаючы асаблівае значэнне пачуццю, жыццю сэрца, апеліруючы да этычных асноў чалавечага быцця, сентыменталісты не адмаўлялі значэнне розуму, ведаў для ўдасканалення чалавека. Пачуццё ў сентыменталісцкім вытлумачэнні не ірацыянальнае. Будучы падобным да розуму, яно ёсць натуральная праява чалавечай прыроды. Як і розум, у сентыменталістаў несапсаванае, непасрэднае пачуццё супрацьпастаўлена забабонам сацыяльным, саслоўным, рэлігійным. Сувязь сентыменталізму з філасофіяй Асветніцтва сказалася і ў вастрыні маральна-этычнай праблематыкі твораў, у ідэі пазасаслоўнай каштоўнасці асобы».

Як ужо адзначалася вышэй, у творах сентыменталістаў на першы план выводзілася пачуццё. Акрамя таго, пісьменнікі дадзенага напрамку надавалі асаблівую ўвагу адлюстраванню жыцця ніжэйшых слаёў грамадства і даволі высока ставілі іх лепшыя маральныя і духоўныя каштоўнасці, не сапсаваныя гарадской цывілізацыяй. Жыццё на ўлонні прыроды, удалечыні ад гарадскога тлуму і сапсаваных нораваў было своеасаблівым ідэалам для пісьменнікаў-сентыменталістаў і іх станоўчых герояў.

Найбольш раннім выяўленнем сентыменталізму ў літаратуры лічыцца пейзажная лірыка англійскага паэта Дж. Томпсана, аўтара зборніка «Поры года» (1726–1730), які стаў этапным у фарміраванні ўсяго напрамку. Еўрапейскую вядомасць атрымала «Элегія, напісаная на вясковых могілках» (1751) Т. Грэя. Акрамя гэтых двух паэтаў англійскую сентыменталісцкую літаратуру найбольш моцна і ярка прадстаўлялі такія аўтары, як Э. Юнг, О. Голдсміт, У. Каупер, а таксама ўжо ўпамянуты намі вышэй Л. Стэрн.

Французскі сентыменталізм звязаны галоўным чынам з дзейнасцю Ж.-Ж. Русо, яго аднадумцаў і паслядоўнікаў (Д. Дзідро, А. Прэво, П. Марыво і інш.). Найбольшую вядомасць атрымаў раман Русо «Юлія, ці Новая Элаіза» (1761), у якім распавядаецца аб каханні шляхцянкі Юліі і яе настаўніка Сен-Прэ, чалавека разумнага, але беднага.

У Германіі ідэі еўрапейскага сентыменталізму знайшлі сваё адлюстраванне ў творчасці «шцюрмераў» – прадстаўнікоў літаратурнага аб’яднання «Бура і націск» (ням. «Sturm und Drang»). Найбольш моцна сентыменталісцкія прынцыпы пісьма ўвасобіліся ў творчасці Г. Бюргера, І. Гердэра, І.В. Гётэ, Ф. Шылера.

Рускі сентыменталізм развівалі такія пісьменнікі, як Ф. Эмін, М. Хераскаў, В. Лукін, М. Мураўёў і інш. Асабліва шырокую папулярнасць у асяроддзі рускага чытача набыла аповесць М. Карамзіна «Бедная Ліза» (1791). Акрамя таго, М. Карамзін выступіў у ролі тэарэтыка сентыменталізму (артыкул «Што патрэбна аўтару?», 1793).

Сентыменталізм па прычыне слабой развітасці беларускай літаратуры ў ХVІІІ ст. у сувязі з вядомымі грамадска-палітычнымі і культурнымі фактарамі не аформіўся ў ёй у самастоўную плынь. Разам з тым ён знайшоў выяўленне на Беларусі ў творчасці польскіх сентыменталістаў Ф. Князьніна, Ф. Карпінскага, І. Быкоўскага, Т. Глінскай, а таксама польска-беларускіх літаратараў ХІХ ст., і ў першую чаргу ў Я. Чачота (вершы «Да мілых мужычкоў», «Плакала бяроза ды гаварыла…», «На прыезд Адама Міцкевіча» і інш.), В. Дуніна-Марцінкевіча («Сялянка», «Гапон», «Вечарніцы», «Купала», «Шчароўскія дажынкі» і інш.). Прыкметы сентыменталізму даволі моцна выявіліся і ў паэме «Мачыха» Адэлі з Устроні. «Лепшыя якасці сентыменталізму (гуманізм, цікавасць да чалавека і яго душэўнага свету) атрымалі далейшае развіццё ў беларускай літаратуры канца ХІХ, і асабліва пачатку ХХ ст. (раннія паэмы Я. Купалы, творы З. Бядулі, У. Галубка і інш.)».

1.4 Рамантызм

Рамантызм – гэта адзін з буйнейшых накірункаў сусветнай літаратуры Новага часу, які найбольш моцна выявіўся ў прыгожым пісьменстве Еўропы і Паўночнай Амерыкі ў канцы ХVІІІ – першай трэці ХІХ стст. Па этымалогіі слова «рамантызм» французскае (romantisme), якое сваімі карэннямі ідзе ў іспанскую мову (romance – лірычны верш, пакладзены на музыку і напісаны на раманскай, а не на лацінскай мове). У ХVІІІ ст. рамантычным называлася ўсё фантастычнае, незвычайнае, якое сустракаецца толькі ў кнігах, а не ў рэчаіснасці. На рубяжы ХVІІІ–ХІХ стст. слова «рамантызм» становіцца тэрмінам для абазначэння новага літаратурнага накірунку, процілеглага класіцызму. У такім менавіта значэнні гэта слова ўжываецца і зараз. Яго нельга поўнасцю атаясамліваць з рамантыкай, пад якой падразумяваецца пазачасавы, не прывязаны да нейкай канкрэтнай эпохі пафас літаратурна-мастацкага твора, своеасаблівы тып ідэйна-эмацыянальных адносін да жыцця, у аснове якога ляжыць глыбока асабістае, напружана-страснае імкненне да ўзвышанага ідэалу, незадаволенасць існуючым становішчам і прага іншага, лепшага і прыгажэйшага жыцця.

Сучасная літаратурная навука вылучае ў развіцці рамантызму некалькі стадый альбо этапаў. Пачаткам рамантызму лічыцца перадрамантызм (ад франц. preromantisme), пад якім падразумяваецца комплекс ідэйна-стылёвых тэндэнцый у еўрапейскай літаратуры другой паловы ХVІІІ – пачатку ХІХ стст. Будучы папярэднікам раматызму, перадрамантызм захоўвае генетычную пераемнасць з літаратурай сентыменталізму (апалогія «пачуцця», паэтызацыя «мірнай» прыроды, даўніны, захапленне фальклорам і г. д.); аднак, калі ў рамках сентыменталізму ажыццяўляецца крытыка асветніцкага рацыяналізму, дык перадрамантызм – пачатак яго бескампраміснага адмаўлення. Звязаны з выхадам на авансцэну літаратуры «трэцяга саслоўя», перадрамантызм прасякнуты пафасам самавызначэння і сцвярджэння асобы. Найбольш поўна перадрамантызм развіўся ў Англіі: творчасць Т. Чацертона, Дж. Макферсана («Песні Асіяна»), гатычны раман Х. Уолпала, А. Радкліф, М. Льюіса. Некаторыя рысы перадрамантызму маюць месца таксама ў творчасці нямецкіх шцюрмераў, у «Споведзі» Русо, у паэзіі М. Гнедзіча і В. Жукоўскага.

Рамантызм стаў вышэйшай кропкай, апагеем антыасветніцкага руху, які пракаціўся практычна па ўсіх краінах Еўропы (яго асноўнай сацыяльна-ідэалагічнай перадумовай лічыцца расчараванне ў выніках Вялікай французскай буржуазнай рэвалюцыі і развіцця цывілізацыі наогул). Непрыняцце новага, надзвычай прагматычнага і меркантыльнага ладу жыцця, пратэст супраць пошласці, празаічнасці, бездухоўнасці і эгаістычнасці адносін, якія паступова ўсталёўваліся ў грамадстве, мелі месца ўжо ў творах сентыменталізму і перадрамантызму. Але ў рамантызме ўсё гэта набыло асаблівую вастрыню. Нявер’е ў сацыяльны, прамысловы, палітычны і навуковы прагрэс, які прынёс новыя кантрасты і антаганізмы замест абяцанага асветнікамі «царства розуму» і ўсеагульнага дабрабыту, паступова разраслося ў рамантыкаў да «касмічнага песімізму». Настрой безнадзейнасці, адчаю, «сусветная туга», празваная «хваробай веку», характарызуюць многіх герояў рамантычных твораў. Тэма «страшнага свету», які «ляжыць у зле», з яго сляпой уладай матэрыяльных адносін, ірацыянальнасцю быцця, тугой, што вызвана вечнай аднастайнасцю паўсядзённага жыцця, прайшла праз усю гісторыю рамантычнай літаратуры. Найбольш моцна яна ўвасобілася ў драме року (альбо трагедыі року), якую прадстаўлялі п’есы Г. Клейста, Ф. Грыльпарцэра і некат. інш. пісьменнікаў, а таксама ў паэтычных і празаічных творах Дж. Байрана, К. Брэнтана, Т. Гофмана, Э. По, Н. Готарна.

Пры ўсіх адмаўленчых тэндэнцыях рамантызму разам з тым «уласціва пачуццё далучанасці да свету, што імкліва развіваецца і абнаўляецца, уключанасці ў плынь жыцця, у сусветны гістарычны працэс, адчуванне схаванага багацця і бязмежных магчымасцей быцця». Своеасаблівы энтузіязм, заснаваны на веры ва ўсемагутнасць свабоднага чалавечага духу, усеахопная прага абнаўлення – адна з самых характэрных асаблівасцей рамантычнага светаадчування. Надзвычай глыбокаму і ўсеагульнаму расчараванню ў рэчаіснасці, у магчымасцях цывілізацыі і чалавечага прагрэсу палярна супрацьпастаўлена рамантычнае імкненне да «бясконцага», да абсалютных і універсальных ідэалаў. Рамантыкі марылі не аб прыватным удасканаленні жыцця, яны імкнуліся да вырашэння ўсіх яго супярэчнасцей. Разлад паміж ідэалам і рэчаіснасцю, які праяўляўся ўжо і ў папярэдніх мастацкіх накірунках, у рамантызме набыў незвычайную вастрыню і напружанасць, што склала сутнасць рамантычнага дуалістычнага светаадчування. Пры гэтым у творчасці адных рамантыкаў (паэты азёрнай школы, Р. Шатабрыян, В. Жукоўскі і некат. інш.) пераважала думка аб уладзе над жыццём нейкіх таямнічых і загадкавых сіл; другія ж (Дж. Байран, П. Шэлі, А. Міцкевіч, М. Лермантаў і інш.) культывавалі настроі барацьбы і пратэсту супраць «сусветнага зла».

На адмаўленні паўсядзённай шэрай, празаічнай рэчаіснасці заснавана рамантычная іронія, якая найбольш моцна выявілася ў творах Ф. Шлегеля, Л. Ціка, А. Мюсэ, К. Брэнтана, Г. Гейнэ. Першапачаткова яна абазначала прызнанне абмежаванасці любога пункту гледжання (у тым ліку і ўласна рамантычнага, калі ён імкнецца толькі да «бязмежнага»), адноснасці ўсякай гістарычнай рэчаіснасці, акрамя ўласна жыцця і свету ў цэлым. Пазней у рамантычнай іроніі адлюстравалася ўсведамленне неажыццявімасці рамантычных ідэалаў, першапачатковай узаемаварожасці мары і жыцця.

Рамантыкі адкрылі незвычайную складанасць, глыбіню і антынамічнасць духоўнага свету чалавека, унутраную бясконцасць чалавечай індывідуальнасці. Чалавек для іх – малы сусвет, мікракосмас. Напружаная цікавасць да моцных і яркіх пачуццяў, да тайных рухаў душы, да «начнога» яе боку, імкненне да інтуітыўнага і падсвядомага – надзвычай істотныя рысы і якасці рамантычнага светаадчування. Гэтаксама для рамантыкаў была вельмі істотнай абарона волі, свабоды, незалежнасці і самакаштоўнасці асобы, павышаная ўвага да адзінкавага, непаўторнага ў чалавеку. Апалогія асобы служыла ў рамантыкаў своеасаблівай самаабаронай ад імклівага і бяздушнага ходу гісторыі і нарастаючай нівеліроўкі чалавека ў грамадстве.

У галіне эстэтыкі рамантыкамі зроблены шматлікія адкрыцці і новаўвядзенні. Наогул «рамантычная эстэтыка найменш за ўсё падобная на стройную і закончаную тэарэтычную сістэму з выразнымі катэгорыямі і паняццямі. <...> Без перабольшвання можна сказаць, колькі было пісьменнікаў, паэтаў-рамантыкаў, столькі і існавала рамантычных тэорый. І ўсё ж, нягледзячы на ўсю шматстайнасць праяў рамантычнага мастацтва, у ім прасочваюцца пэўныя рысы і заканамернасці, пэўнае бачанне свету і чалавека, што дазваляе гаварыць аб рамантызме як аб літаратурным напрамку».

Сваю творчую дзейнасць рамантыкі пачалі з разбурэння нарматыўнай класіцыстычнай эстэтыкі, што скоўвала творчае ўяўленне мастака. Яны адмаўлялі рэзкае размежаванне высокага і нізкага стыляў, драматургічнае правіла «трох адзінстваў», перавагу розуму і здаровага сэнсу над пачуццём і ўяўленнем. Патрабаванне свабоды ва ўзнаўленні сапраўднага і даволі часта супярэчлівага ў сваёй аснове жыцця прысутнічае амаль што ва ўсіх рамантычных маніфестах (у братоў А. і В. Шлегеляў у Германіі, у Дж. Байрана і У. Вордсварта ў Англіі, у В. Гюго ў Францыі, у Э. По ў ЗША).

У барацьбе рамантыкаў з класіцыстамі была пастаўлена і развіта яшчэ адна важная эстэтычная праблема – праблема гістарызму мастацтва. У мастацкіх творах гэта вылілася не толькі ва ўзнаўленні г. зв. мясцовага каларыту (франц. couleur locale), але і ў адлюстраванні «духу часу» – духу розных эпох і нацыянальных культур, пад якімі рамантыкі разумелі асаблівасці нацыянальнага ўкладу, вераванняў, абрадаў, паняццяў і паводзін людзей. Асабліва яскрава гэта выявілася ў раманнай творчасці В. Скота.

Вывучэнне рамантыкамі гісторыі і культуры ўласнага народа адпаведна накіравала іх на вывучэнне фальклору сваіх краін. Так, рамантыкі актыўна збіраюць народныя песні, балады, паданні, даследуюць, апрацоўваюць і выдаюць іх (у Германіі гэта славутыя «Дзіцячыя і сямейныя казкі» і цэлы шэраг інш. зборнікаў братоў Я. і В. Грым; зборнік народных нямецкіх вершаў, песень і балад «Чароўны рог хлопчыка» К. Брэнтана і Л. Арніма; у Англіі – «Песні шатландскіх пагранічнікаў» В. Скота; у Расіі – «Старажытныя расійскія вершы» Кіршы Данілава; і г. д.). Народная культура служыла для рамантыкаў адным са сродкаў абнаўлення мастацтва.

Цікавасць рамантыкаў да гісторыі і нацыянальнай культуры звязана не толькі з праблемай стварэння нацыянальнага самабытнага мастацтва. У гісторыі, нацыянальным мінулым рамантыкі спрабуюць знайсці адказы на хваляваўшыя іх пытанні сучаснасці альбо імкнуцца супрацьпаставіць даўніну з яе вечнымі каштоўнасцямі (стабільнасцю, устойлівасцю сямейных і грамадскіх сувязей, цвёрдым маральна-этычным кодэксам) сучаснаму «жалезнаму веку», што культывуе меркантыльнасць, разлад паміж чалавекам і грамадствам.

Расчараванне ў грамадскім укладзе ХІХ ст., які лепшымі розумамі Еўропы чакаўся і маляваўся адносна нядаўна як самы лепшы і гуманны, застаўляла рамантыкаў ствараць свой свет – свет ідэальны. У ім яны апаэтызоўвалі бескарыслівасць, сяброўства, каханне. Апошняе вельмі часта выступае ў рамантыкаў у якасці сілы, што родніць і аб’ядноўвае людзей, якія супрацьстаяць варожасці і насіллю. Каханне акрыляе асобу, робіць яе багатай і змястоўнай, часам вылечвае ад дурных звычак і схільнасцей.

У кожнага рамантыка было сваё прыстанішча, свой ідэал, куды ён імкнуўся ў марах. Па гэтай прычыне рамантычная творчасць і рамантызм у цэлым пазначаны ярка выражаным суб’ектыўным пачаткам. «Стыхія рамантычнага – гэта стыхія ідэальнага, суб’ектыўнага, «пачуццёвага» (Шэлінг), што прынцыпова адрознівае яго як ад рацыяналізму класіцыстаў, так і ад аб’ектывізму рэалістаў». Менавіта суб’ектывізмам тлумачыцца тое, што ў пошуках ідэалу ў мінулым адны рамантыкі звярталіся да патрыярхальнага сярэднявечча, другія – да грэчаскай антычнасці, трэція наогул шукалі ідэал у першабытным грамадстве. Вельмі многія мастакі «адпраўлялі» сваіх герояў у экзатычныя краіны Усходу, Поўдня, на Каўказ і г. д.

Уцёкі рамантыкаў ад рэчаіснасці, што не прымалася імі, ажыццяўляліся не толькі ў часе і прасторы. Даволі часта гэтыя ўцёкі набывалі форму глыбокай засяроджанасці на ўнутраным стане асобы, на «жыцці сэрца». Дарэчы, дадзеная з’ява к таму часу была не новай – аб «жыцці сэрца» пісалі і сентыменталісты. Аднак рамантыкі з «жыццём сэрца» звязвалі асобу больш багатую, шматстайную, надзеленую моцным характарам і палкім уяўленнем. Гэта садзейнічала далейшаму пазнанню мастацтвам унутранага свету чалавека.

Духоўным прыстанішчам для рамантыкаў нярэдка з’яўлялася і само мастацтва. Найбольш яскрава аб гэтым сведчыць творчасць рознабакова адоранага нямецкага рамантыка Т. Гофмана –пісьменніка, мастака, кампазітара, дырыжора.

Іншы раз рамантыкі адкрывалі для сябе ідэальны свет у навуцы, філасофіі, наогул у царстве чалавечага духу і розуму (творчасць Наваліса, Э. По, У. Адоеўскага).

Імкнуліся часам рамантыкі і да рэлігіі, дзе ў хрысціянскай пакорлівасці і спачуванні знаходзілі таксама ўласны ідэал. Такі накірунак пошукаў У. Вордсварта, С. Кольрыджа, Р. Шатабрыяна, В. Жукоўскага.

Уцёкі ў духоўны свет не заўсёды задавальнялі рамантыкаў, ім хацелася, каб іх эстэтычны і маральны ідэал набыў рэальныя формы. Такім рэальным увасабленнем ідэалу станавілася даволі часта прырода (творчасць Наваліса, Дж. Байрана, М. Лермантава, А. Пушкіна, Г. Гейнэ, Ф. Купера і інш.). Рамантыкі адухаўлялі прыроду, знаходзілі ў ёй сугучнасць уласным настроям і пачуццям. Прырода паўстае ў іх творах як вольная стыхія, прыгожы і непаўторны свет, непадуладны чалавечаму самавольству. Адлюстроўваючы прыроду, рамантыкі разам з тым былі схільныя (услед за сентыменталістамі) да ідэалізацыі людзей, што жывуць на ўлонні прыроды.

Пошукі ідэальнай чалавечнасці прывялі рамантыкаў да тэмы, раней не існаваўшай у літаратуры. Гэта культ дзіцяці і дзяцінства. Ранейшае мастацтва бачыла ў дзіцяці толькі маленькага дарослага. Менавіта з рамантыкаў пачынаюцца «дзіцячыя дзеці» (Н. Бяркоўскі). Рамантыкі імкнуліся да шырокай трактоўкі паняцця дзяцінства: пад ім разумелася не толькі пэўная пара ў жыцці кожнага чалавека, але і чалавецтва ў цэлым – пара прастадушнасці і шчырасці, пачатак будучага чалавечага грамадства, свабоднага ад прыгнёту і несправядлівасці.

Рамантыкі ўпершыню закранулі праблему мастака-творцы. Класіцыстычнаму «наследаванню прыродзе» яны супрацьпаставілі творчую актыўнасць мастака. Згодна з рамантычнай канцэпцыяй творчасці мастацтва ёсць апафеоз духу. Мастак творыць свой асабісты свет, больш прыгожы і гарманічны ў параўнанні са штодзённай рэчаіснасцю. Мастацтва для рамантыка – найвышэйшая рэальнасць, а сам мастак – асоба выключная, якая рэзка выдзяляецца на фоне агульнай людской масы. Рамантыкі прытрымліваліся думкі, што «звычайнасць – смерць мастацтва». Яны абаранялі творчую свабоду мастака, яго права на фантазію, вымысел (геній не падпарадкоўваецца правілам, ён сам іх творыць). Усё (ад тэматыкі да самых тонкіх нюансаў формы) свабодна ўзнікае ў творчым уяўленні паэта, а не прадпісваецца яму адкульсьці звонку, нейкімі правіламі.

Рамантыкі разглядалі гісторыю чалавецтва як праяву адвечнай барацьбы Дабра і Зла – двух пачаткаў, што вызначаюць лёс і ўсяго Сусвету, і кожнай асобы. Дадзеныя пачаткі адпаведна ўплываюць на структуру і сістэму вобразаў рамантычнага твора. Героі ў такім творы з’яўляюцца ўвасабленнем гэтых двух крайніх пачаткаў і ў выніку рэзка падраздзяляюцца на станоўчых і адмоўных. Рамантычныя творы не церпяць паўтонаў: практычна ўсё, што прысутнічае ў іх, кантрастнае, часам з элементамі гіпербалізацыі. Героі гэтых твораў – асобы, як правіла, выключныя, яны ўзвышаюцца над усім акаляючым светам.

Станоўчы герой выступае ў пераважнай большасці твораў рамантыкаў ледзь ці не прамым носьбітам аўтарскага ідэалу. Як правіла, гэта малады чалавек, часам зусім юнак, што толькі-толькі ўступае ў жыццё і сутыкаецца з яго жорсткімі законамі. Можна нават весці гаворку аб устойлівым знешнім абліччы-партрэце станоўчага рамантычнага героя. Ён уяўляе сабой высокую фігуру са скрыжаванымі на грудзях рукамі, выразным тварам з чорнымі вачамі, доўгімі чорнымі валасамі да самых плячэй. Абавязковы атрыбут адзення гэтага героя – чорны плашч-накідка.

Ледзь ці не ўсюдным і пастаянным спадарожнікам рамантычнага героя было адзіноцтва, якое разам з імкненнем да ідэалу застаўляе гэтага героя вандраваць з месца на месца, так практычна і не знаходзячы нідзе прытулку і супакаення (Чайльд-Гарольд у Дж. Байрана, Дэман у М. Лермантава і інш.).

Новы змест мастацтва заканамерна патрабаваў і новай (ці абноўленай) формы. Гэта выявілася ў істотнай мадэрнізацыі рамантыкамі жанравай сістэмы літаратуры.

Адным з самых улюбёных родаў літаратуры становіцца ў рамантызме драма (трагедыі і драмы Г. Клейста, Дж. Байрана, В. Гюго, П. Шэлі і інш.).

Побач з драматычнымі відамі і жанрамі імкліва развіваюцца ў рамантызме і эпічныя жанры. Асабліва вялікую папулярнасць набывае раман, які з цягам часу становіцца ледзь ці не галоўным жанрам рамантычнага прыгожага пісьменства. Рамантыкі распрацоўвалі гістарычны раман («Айвенга», «Пурытане» і інш. творы В. Скота), сацыяльна-бытавы і сацыяльна-псіхалагічны раман з элементамі драматызму («Сабор Парыжскай Божай Маці», «Дзевяноста трэці год», «Адрынутыя» В. Гюго), «раман выхавання» («Годы вучэння Вільгельма Мейсцера» і «Годы падарожжаў Вільгельма Мейсцера» І. Гётэ), раман-падарожжа («Дарожныя карціны» Г. Гейнэ), прыгодніцкі і прыгодніцка-авантурны раман («Тры мушкецёры А. Дзюма), раман-утопію («Калонія на кратэры» Ф. Купера, «Млынар з Анжыбо» Ж. Санд), раман-споведзь і раман-маналог («Лелія» Ж. Санд, «Споведзь сына веку» А. Мюсэ) і некат. інш. разнавіднасці.

Даволі папулярным стаў у рамантыкаў жанр навелы, аб чым сведчыць творчасць Э. По, П. Мерыме, Л. Ціка, Г. Клейста, Т. Гофмана.

Суб’ектыўнасць, уласцівая рамантызму як метаду, садзейнічала небываламу да гэтага росквіту лірычных жанраў, якія набывалі ў многіх паэтаў характар паэтычнай споведзі альбо творчага дзённіка. Рамантыкі распрацоўвалі новыя паэтычныя жанры, што адпавядалі духу часу. Гэта раманс, стансы, вершы-споведзі, творы філасофскага напаўнення і інш. Дзякуючы намаганням некаторых рамантыкаў (Г. Гейнэ, М. Лермантава і інш.), адраджаецца напаўзабыты санет. Актыўна выкарыстоўвалі рамантыкі і літаратурна-фальклорныя жанры (баладу, песню і інш.).

Асаблівая заслуга рамантыкаў у распрацоўцы жанру паэмы. У літаратуразнаўстве існуе нават тэрмін «рамантычная паэма». Самыя вядомыя рамантычныя паэмы, вяршыні гэтага жанру – «Паломніцтва Чайльд-Гарольда» Дж. Байрана, «Медны коннік» А. Пушкіна, «Дзяды» і «Пан Тадэуш» А. Міцкевіча, «Дэман» і «Мцыры» М. Лермантава, «Германія, зімняя казка» Г. Гейнэ.

Рамантыкі зрабілі значны ўклад у версіфікацыйную сістэму лірыкі. Яны актыўна працавалі над удасканаленнем метрычнай схемы верша. Менавіта рамантыкам належыць заслуга прышчаплення да паэзіі белага верша, які, на думку паэтаў, максімальна адпавядае іхняму часу ў сэнсе імкнення да волі, свабоды, незалежнасці ад схем і прадпісанняў.

Несумненныя заслугі рамантыкаў і ў распрацоўцы новых вобразна-выяўленчых сродкаў, стылістыкі ў выніку імкнення да перадачы складанай гамы перажыванняў, багатага і супярэчлівага духоўнага свету сваіх герояў. Слова ў рамантыкаў ахутваецца туманам асацыяцый, напаўняецца таямнічым, глыбокім сэнсам. Паэты імкнуцца да выкарыстання эмацыянальных эпітэтаў, складаных метафар, да актыўнага прымянення такіх дзейсных сродкаў паэтычнага сінтаксісу, як інверсія, паўтор, рытарычныя пытанні, звароткі, выгукі.

Наогул рамантычная эстэтыка і паэтыка – новы і значны крок у паступальным развіцці сусветнага прыгожага пісьменства. Яна аказала вельмі моцны ўплыў на ўсю, без перабольшвання, наступную літаратуру свету. Адмаўлялі рамантыкаў, але пры гэтым надзвычай многае бралі ў іх пісьменнікі-рэалісты ХІХ і ХХ стст. Засвоеныя і творча пераасэнсаваныя прынцыпы рамантычнай эстэтыкі і паэтыкі выкарыстоўвалі сімвалісты і экспрэсіяністы. Многае ад рамантызму ў цэлым шэрагу іншых дэкадэнцкіх і мадэрнісцкіх плыней. І, урэшце, ледзь ці не прамым прадаўжальнікам рамантызму стаў у канцы ХІХ – пачатку ХХ стст. г. зв. «неарамантызм», больш падрабязна на якім мы спынімся крыху ніжэй.

Рамантызм, згодна з тэрміналогіяй аднаго з буйнейшых расійскіх тэарэтыкаў літаратуры Г. Паспелава, можна з поўным правам лічыць літаратурна-мастацкім рухам па прычыне таго, што ён надзвычай моцна выявіўся практычна ва ўсіх літаратурах Еўропы, а таксама (ці не ўпершыню за ўсю гісторыю развіцця сусветнага прыгожага пісьменства) перасягнуў яе межы і даў аб сабе знаць у шэрагу літаратур краін Азіі і амерыканскага кантынента. Гэта было моцнае літаратурна-мастацкае ўтварэнне, якое, пры ўсёй яго тыпалагічнай агульнасці, мела таксама і шэраг ярка выяўленых рэгіянальных і нацыянальных рысаў. На гэтай падставе даследчыкамі вылуча