Тэрміналогія беларускай мовы паводле паходжання

Сучасная беларуская тэрміналогія разнастайная паводле паходжання. На працягу ўсёй гісторыі фарміраванне яе адбывалася ва ўмовах кантактавання з іншымі мовамі, у тым ліку і неславянскімі.

Беларускую тэрміналагічную лексіку паводле паходжання можна падзяліць на дзве групы:

● уласнамоўныя тэрміны;

● іншамоўныя тэрміны.

Уласнамоўныя тэрміны таксама розныя па­вод­ле паходжання. Да іх адносяцца многія словы, якія ўзыходзяць да прас­ла­вянс­кіх і агуль­наўс­ход­не­славянскіх лексем (акно, бярвенамер, жабры, застаўка, падрашотка, пераходнік, цадзілка, чушка). Уласна­бела­рус­кімі лічацца таксама словы, якія ўзніклі ў перыяд самастойнага існавання мовы (буйны, галіна, паверх). Варта адносіць да ўласна­бела­рус­кіх даўнія запазычанні нашай мовы з польскай і літоўскай (або праз іх), якія поў­нас­цю асіміляваліся і не ўспрымаюцца як запазычаныя (адсмоктвальнік, валік, вяндлярня, загатоўка, падбэлька, перашкода, помпа, фарба). Беларускімі лексемамі новага пе­рыя­ду (ХІХ ХХ стагоддзяў) з’яўляецца вялікая колькасць слоў, утвораных паводле вядомых са ста­ра­жытных часоў словаўтваральных мадэлей з дапамогай беларускіх дэры­ва­цый­ных (словаўтваральных) сродкаў, і калькі, пераважна з рускай мовы (воданагравальнік, пераключальнік, пераўтваральнік, узмацняльнік).

Запазычаныя тэрміны складаюць значную частку тэрміналагічнага фонду беларускай мовы. Запазычанне з іншых моў — натуральны працэс, які характарызуе кожную развітую нацыянальную мову і мову навукі. Прычыны ўзрастання запазычанняў з іншых моў не бываюць ізаляванымі ад працэсаў развіцця грамадства ўцэлым, ад асаблівасцей развіцця навук і нацыянальнай мовы. У тых выпадках, калі тэрміны ўтвараюцца на базе грэка-лацінскіх моўных элементаў, яны лёгка становяцца інтэрнацыянальнымі, аднак у натуральным працэсе раўнапраўнага ўзаемадзеяння моў навукі нельга не бачыць і фактаў прамога “засілля” англіцызмаў у сучасных нацыянальных мовах навукі. Часткова гэта тлумачыцца шырокім распаўсюджаннем англійскай мовы і выпускам вялікай колькасці навуковай літаратуры на англійскай мове.

У складзе тэхнічнай тэрміналогіі выкарыстоўваюцца запазычанні з:

грэчаскай мовы: электранагравальнік, мікразаціскачка, фота­ас­вятляльнік, пнеўмазарадчык, аўтапаілка, гідраачыстка, тэрмапраяўленне і інш.;

лацінскай мовы:радыёназіранне, вібрамлын, турбапрывод, авіялінія, відэазапіс, мотавоз, ра­дыеўстой­лі­васць і інш.;

англійскай мовы:буфер, блок, фарсунка, барэтэр, стартэр і інш.;

нямецкай мовы:борт, вінт, дросель, гільза, штанга і інш.;

французскай мовы:бандаж, гарнісаж, бензін, бетон, карбюратар, салон, фара і інш.;

італьянскай мовы:гальванічны, кардан, аварыя, брута, каркас і інш.

Тэхнічная тэрміналогія ўяўляе своеасаблівую лексічную сістэму, якая прайш­ла доўгі шлях свайго развіцця. Нягледзячы на тое, што ў ёй запазычаная лексіка займае вельмі вялікае месца, тэрміны, утвораныя на ўласна­моў­ным матэрыяле, таксама прысутнічаюць. Гэты пласт лексікі параўнальна невялікі, аднак ён патрабуе пільнай увагі з боку тэрмінолагаў.

 

ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

1. Чым, на вашу думку, абумоўлена тэндэнцыя да інтэрнацыяналізацыі ў тэрміналогіі?

2. Ахарактарызуйце ролю грэчаскай і лацінскай моў у папаўненні інтэрнацыянальнага фонду тэрміналогіі?

3. Якія грэчаскія тэрмінаэлементы актыўна ўдзельнічаюць у тэрмінаўтварэнні?

4. Якія ўсечаныя асновы лацінскага паходжання ўдзельнічаюць у папаўненні тэрміналагічнага фонду?

5. Якая арганізацыя займаецца уніфікацыяй тэрміналагічных неалагізмаў?

6. На якія групы можна падзяліць беларускую тэрміналагічную лексіку паводле паходжання?

7. Якія тэрміны адносяцца да ўласнамоўных?

8. Ад якіх фактараў залежыць працэс запазычання тэрмінаў у нацыянальных мовах?

9. Запазычанні з якіх моў прысутнічаюць у тэхнічнай тэрміналогіі?

 

Заданне 1.Карыстаючыся падручнікамі па тэхнічных дысцыплінах, выпішыце па дзесяць тэрмінаў з грэчаскімі і лацінскімі моўнымі элементамі.

Заданне 2.Прачытайце тэкст. Вызначце інтэрнацыянальныя тэрмінаэлементы. Абгрунтуйце свой выбар.

Кіназдымачны апарат

Кіназдымачны апарат, кінаапарат, кінакамера, оптыкамеханічная прылада для здымкі аб’ектаў на кінаплёнку (кіназдымкі). Для здымкі выкарыстоўваецца кінаплёнка шырынёй 70 мм (шырокафарматныя фільмы), 35 мм (звычайныя і шырокаэкранныя праз анамарфотную оптыку), 16 і 8 мм (аматарская здымка). (“Беларуская энцыклапедыя”)

Заданне 3.Прачытайце тэкст. Выпішыце тэрміны ўласнамоўныя і іншамоўныя.

Грэйдэр-элеватар

Грэйдэр-элеватары — гэта землярыйна-транспартныя машыны, прызна­ча­ныя для паслойнага зразання грунту пасіўным рабочым органам, выкананым у выглядзе сістэмы плоскіх нажоў, дыскавых сферычных нажоў або плужных рабочых органаў, з транспартаваннем грунту перпендыкулярна накірунку руху машыны з дапамогай сістэмы канвеераў. Раздзяленне функцый рэзання і транспартавання грунту паміж рознымі органамі значна зніжае энергаёмістасць распрацоўкі грунту і павышае прадукцыйнасць машыны.

(А.М.Карташэвіч, Я.І.Мажугін)

Заданне 4.Растлумачце адрозненні паміж беларускімі і запазычанымі словамі і тэрмінамі.

Антракт — перапынак, афіша — аб’ява, басейн — вадаём, дыплом — пасведчанне, дыскусія — спрэчка, інцыдэнт — выпадак, мемуары — успаміны, мініяцюрны — маленькі, турыст — падарожнік, асістэнт — памочнік, вакуум — пустата, імітацыя — падробка, іронія — насмешка, рэстаўрацыя — узнаўленне, аналогія — падабенства.

 

Заданне 5.Падбярыце да запазычаных слоў і тэрмінаў беларускія адпаведнікі.

Антыкварны, гігант, інцыдэнт, індыферэнтны, карэктны, карпарацыя, сімптом, канфідэнцыяльны, паўза, утрыраваць, прыярытэт, сэрвіс, траўма, аратар, гуманны.