Функцыі мовы

Пад функцыяй мовы разумеюць яе прызначэнне і ролю, якую яна выконвае ў жыцці чалавека і грамадства.

Галоўная функцыя мовы — камунікатыўная. Узнікшы разам з грамадствам, мова нястомна служыць чалавеку ў розных яго занятках і патрэбах. У штодзЁннай моўнай практыцы людзі ўдасканальвалі гэты сродак зносін, імкнуліся спазнаць яго прыроду. Народ даўно заўважыў, што мова — найважнейшы сродак зносін, і выказаў гэтую думку вобразна і даступна ўсім: Язык да Кіева давядзе. Няведамая дарога на канцы языка.

Сувязь чалавека з навакольным светам ажыццяўляецца праз намінатыўную функцыю мовы, знешнія прадметы становяцца ўнутраным здабыткам чалавека, ствараюць свет яго вобразаў, уяўленняў, пачуццяў, калі гэтыя прадметы атрымліваюць назвы сродкамі мовы, у першую чаргу словамі.

У свядомасці чалавека, у яго ўнутраным свеце адлюстроўваюцца знешняя рэчаіснасць, навакольны свет. Такім чынам, мова выконвае і функцыю адлюстравання.

Пазнавальнаяфункцыя. Чалавечае пазнанне грунтуецца на ведах, якія фіксуюцца, назапашваюцца, абагульняюцца з дапамогай мовы. Засвойванне назапашаных чалавецтвам ведаў, практычна ўсе працэсы навучання людзей (у школах, у ВНУ і г. д.) звязаны з шырокім выкарыстаннем мовы, якая служыць галоўным сродкам атрымання, павелічэння, узбагачэння ведаў.

Мова з’яўляецца і галоўным спосабам выражэння думак і пачуццяў кожнага чалавека і тым самым выконвае экспрэсіўную функцыю. Праз мову перадаюцца не толькі веды, пэўныя звесткі, але і выяўляюцца адносіны да таго, хто гаворыць (яго здольнасці, вопыт, эрудыцыя, уменне валодаць мовай), разгортваецца ўвесь унутраны свет чалавека. Добрае, шчырае слова высока цэніцца ў народзе. Яно ўздымае настрой, надае сілы. Дапамагае жыць. Невыпадкова яго параўноўваюць з прадметамі і з’явамі, якія маюць вялікае значэнне ў жыцці чалавека: Добрае слова далёка чуваць. Ласкавае слова — што дзень ясны. Скажа — як мёд пакажа. Слова даражэй за золота.

Эстэтычныя функцыя. Увасабляецца ў мастацкай прозе, паэзіі, сцэнічным маўленні, красамоўстве.

Як бачым, родная мова — гэта не толькі сродак зносін, жывая повязь пакаленняў, але і сродак выяўлення душы чалавека, і знак яго прысутнасці на зямлі; родная мова — гэта адвечны голас радзімы.

 

ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

 

1. Як вы разумееце паняцце “мова”?

2. Якую ролю адыгрывае мова ў выхаванні людзей?

3. Якая галоўная функцыя мовы? Чаму?

4. Якія існуюць віды моўных патрэб грамадства?

5. Якія функцыі выконвае мова ў навуковым і афіцыйна-дзелавым стылях?

 

Заданне 1. Прывядзіце выказванні беларускіх паэтаў, пісьменікаў аб мове. Растлумачце іх сэнс.

Заданне 2. Якія функцыі выконвае мова ў наступных тэкстах?

 

Тэхнічнае пераўзбраенне

Тэхнічнае пераўзбраенне існуючага прадпрыемства ў адпаведнасці з планам тэхнічнага развіцця аб’яднання ўключае: выкананне комплексу мерапрыемстваў (без расшырэння плошчаў) па павышэнню тэхнічнага ўзроўню асобных участкаў вытворчасці шляхам укаранення новай тэхнікі і тэхналогій; механізацыі і аўтаматызацыі вытворчых працэсаў; мадэрнізацыі і замены матэрыялу і фізічна зношанага абсталявання новым, больш вытворчым; паляпшэння арганізацыі і структуры вытворчасці і інш. Пры гэтым павялічваецца вытворчасць працы, паляпшаюцца ўмовы і арганізацыя працы, зніжаецца сабекошт і інш. Да тэхнічнага пераўзбраення існуючых прадпрыемстваў адносяць таксама ўстаноўку дадатковага абсталявання і машын, сістэм кіравання і кантролю. (В.В. Варнакоў, В.В. Стральцоў)

 

Роднае слова

З малых дзён чуем мы цябе з матчыных вуснаў. Ты нам тлумачыш усе дзівы свету, якія дзіцячае вока бачыць навокал сябе першы раз. І табе выказваем мы свой дзіцячы жаль, крыўду, жаданне, радасць…

Поруч з любоўю да сваіх братоў патрэбна яшчэ нешта, што злучае людзей у суцэльны народ — гэта родная мова. Яна, быццам цэмент, звязвае людзей. Яна дае ім найлепшы спосаб разумець адзін аднаго, адной думкай жыць, адной долі шукаць. (Цётка “Шануйце роднае слова”).

 

Памяць зямлі беларускай

Якая яна, мая зямля? Гэта залатыя палі збажыны з сінімі вочкамі васількоў, светлыя ад бяроз гаі, што аглухлі ад птушынага звону, і пушчы, падобныя на гатычныя храмы, пушчы, дзе алені горда нясуць свае кароны. Гэта бясконцыя жылы рэк, у якіх плешчуцца бабры і рыба на захадзе сонца. Гэта амаль адзінаццаць тысяч азёр, чыстых, як усмешка дзіцяці.

Гэта ў мінулым гераічная і шматпакутная зямля. Безліч разоў з пачатку дзён грукалі па ёй калясніцы вайны. Але мы, дзеці Беларусі, ганарымся тым, што ў гэтых войнах яна ніколі, запамятайце гэта, ніколі не была агрэсарам. Іншая справа, што яна заўсёды мужна і да канца бараніла свой ачаг, сваю праўду і веру.

Памяць маёй зямлі аб гэтым і ў старадаўніх гарадзішчах, і ў курганах, пад якімі спяць яе абаронцы, і ў барвовых, быццам ад крыві, мурах замкаў, на палетках, дзе працавіты плуг часам выворвае каменную сякеру, меч або гільзы часоў апошняй вайны, і ў вечных агнях перад помнікамі салдатам, якіх мы яшчэ памятаем жывымі.

І, перш за ўсё, памяць маёй зямлі — гэта людзі і іх вечная і неўміручая праца. Араць палі, біць студні, расціць сады, плесці з каменя і дрэва карункі дзівосных будынкаў, спяваць, нібы на адным дыханні, песні, складаць вершы. (У. Караткевіч).

 

Заданне 3.Перакладзіце тэкст на беларускую мову. Прааналізуйце моўныя асаблівасці тэксту.

Город Минск

Мы восхищаемся сегодняшним Минском. Он поднялся из руин и пожарищ и стал одним из красивейших городов нашей Родины, городом труда, науки, искусства.

Мы любим тебя, Минск, и в тихие сумерки лета, и в дождливые рассветы листопада, в сверкании весенних капелей, и в белом наряде зимы. Ты наш, непокоренный и юный, ты создан нашими руками на века.

Когда над тобой загораются звезды, мы приходим на площадь Победы и долго стоим у негасимого огня. Он, как горячее сердце твоих защитников, вечно горит и бьется, освещая легендарную дорогу бессмертной славы. Мы всматриваемся в творение наших рук и сердец и отчетливо видим свое будущее, видим неповторимые черты родного Минска. (По С.Граховскому)

 

Формы беларускай нацыянальнай мовы

 

Як і іншыя нацыянальныя мовы, беларускай мова існуе ў дзвюх формах: дыялектнай і літаратурнай.

Разнастайныя мясцовыя гаворкі, што бытуюць на тэрыторыі Беларусі, на аснове свайго падабенства аб’ядноўваюцца ў тэрытарыяльныя дыялекты, якія ў сукупнасці ўтвараюць дыялектную мову. На дыялекталагічных картах можна ўбачыць два проціпастаўленыя адзін аднаму дыялекты: поўночна-ўсходні і паўднёва-заходні. Гэтыя дыялекты раздзяляюцца паласой пераходных, або сярэднебеларускіх гаворак. Сярэднебеларускія гаворкі спалучаюць некато­рыя рысы паўночна-ўсходняга і паўднёва-заходняга дыялектаў, а таксама маюць і свае спецыфічныя асаблівасці.

 

Паўднёва-заходні дыялект Паўночна-ўсходні дыялект
Вада, галава, барада Сястра, зямля або сестра, земля Буў, вурасло Рабіна, бяроза, цяпер Сухі, малады Кажа, ідзе, нясе Жацьму, рабіцьму, карміцьму Въда, гълъва, бъръда (выда, гылыва, бырыда) Сістра, зімля Быў, вырасла Рябіна, бярёза, цяперь Сухей, маладэй Кажаць, ідзець, нясець Буду жаць, буду рабіць, буду карміць

 

У наш час новыя дыялекты не толькі не ўтвараюцца, але паступова сціраюцца адрозненні паміж імі. У прыватнасці, страчваюцца мясцовыя асаблівасці, разбураюцца дыялектныя межы, звужаецца іх роля ў працэсе зносін. Тым не менш дыялекты яшчэ жывуць. Яны — апора і аснова нацыянальнай мовы. Гэта — моўныя сродкі, выпрацаваныя і адшліфаваныя на працягу стагоддзяў нашымі папярэднікамі. Дыялектнае маўленне натуральнае ў гутарцы з землякамі і недапушчальнае ў афіцыйных зносінах. Асабліва адмоўна характарызуе маўленчую культуру чалавека ўжыванне дыялектных формаў, дыялектнага акцэнту пры карыстанні літаратурнай мовай. Каб пазбегнуць дыялектных звычак маўлення, пазбавіцца ад мешаніны літаратурнага і дыялектнага, патрэбна добра ўсведамляць розніцу паміж літаратурнымі і дыялекнымі моўнымі сродкамі, валодаць літаратурнымі нормамі.

Літаратурная мова— унармаваная, агульнапрынятая і абавязковая мова для ўсіх членаў грамадства. У параўнанні з іншымі славянскімі мовамі літаратурная мова беларускага народа мае многа адметнага ў сваім развіцці. Па-першае, нацыянальны (больш чым двухвяковы) уціск замарудзіў фарміраванне нацыянальнай мовы беларусаў, у тым ліку і яе вышэйшай формы — літаратурнай мовы. Таму беларуская літаратурная мова адна з самых маладых сярод славянскіх моў. Яе фарміраванне прыходзіцца на ХІХ — пачатак ХХ ст. Па-другое, у адрозненне ад большасці ранніх літаратурных моў, што складваліся на аснове папярэдніх кніжных традыцый і паступова збліжаліся з народнымі гаворкамі, засвойваючы з іх толькі асобныя неабходныя моўныя рысы, новая беларуская літаратурная мова цалкам “вырастала” з народных гаворак. Яна не магла аперціся на традыцыі старабеларускай пісьменнасці, бо яны на працягу двухвекавой забароны да гэтага часу былі ўжо забытыя.

Генетычна сучасная літаратурная мова грунтуецца на гаворках цэнтральнай часткі Беларусі, але ў працэсе развіцця яна сінтэзавала найбольш характэрныя для большасці беларускіх гаворак рысы і таму не супадае цалкам з якім-небудзь тэрытарыяльным дыялектам, г. зн. мае наддыялектны характар.

На працягу некалькіх пакаленняў літаратурная мова апрацоўвалася майстрамі беларускай літаратуры. Сёння беларуская літаратурная мовагэта вышэйшая, унармаваная, стылістычна разгалінаваная форма нацыянальнай мовы, якая выступае ў вуснай і пісьмовай разнавіднасцях.

Наяўнасць нормы — істотная асаблівасць літаратурнай мовы, якая адрознівае яе ад дыялектай. Пад нормай разумеюцца выпрацаваныя грамадствам і пісьмова замацаваныя ў нарматыўных слоўніках, даведніках, граматыках (ці, інакш, — кадыфікаваныя) узоры, правілы, якім пад­па­радкоў­ваюцца вымаўленне і напісанне слоў, выбар слоў, ужыванне граматычных формаў, пабудова словазлучэнняў і сказаў. Кадыфікаваная, узаконеная норма з’яўляецца абавязковай для ўсіх носьбітаў літаратурнай мовы.

Спецыфіка літаратурнай мовы выяўляецца і ў тым, што яна існуе ў дзвюх разнавіднасцях — вуснай і пісьмовай(дыялектная мова — толькі ў вуснай). Гэта дзве раўнапраўныя формы рэалізацыі літаратурнай мовы, кожная з якіх мае сваю сферу выкарыстання. Вуснагутарковая разнавіднасць ужываецца ў вусных зносінах паміж людзьмі. У ёй пераважаюць простыя канструкцыі, няпоўныя і незакончаныя сказы. Важнае значэнне ў вуснай мове мае інтанацыя, міміка, жэстыкуляцыя. Пісьмова-кніжная мова, як правіла, характарызуецца шырокім ужываннем развітых, ускладненых канструкцый. Носьбіты літаратурнай мовы звычайна валодаюць абедзвюма яе формамі і карыстаюцца імі ў залежнасці ад патрэб моўных зносін.

Наступная значная адметнасць літаратурнай мовы — здольнасць выкон­ваць у сферы зносін камунікацыі самыя розныя функцыі: абслугоўваць неафіцыйныя зносіны паміж людзьмі, а таксама ў сферы навукі, афіцыйна-справавой, у сродках масавай інфармацыі. Дыялектная мова выконвае адну функцыю: забяспечвае зносіны пэўнага, тэрытарыяльна абмежаванага кола людзей, звычайна старэйшага ўзросту, на бытавам узроўні.

Такім чынам, літаратурная і дыялектная мовы як разнавіднасці мовы нацыі ўзаемазвязаны і ўзаемадзейнічаюць. Але паміж імі ёсць істотныя адрозненні.

● літаратурнай мовай карыстаюцца на ўсёй тэрыторыі Беларусі, яна (мова) адзіная і абавязковая для ўсіх, хто піша і гаворыць па-беларуску. Дыялектная мова выкарыстоўваецца людзьмі пэўнай тэрыторыі — адной вёскі ці некалькіх блізкіх вёсак, невялікіх пасёлкаў, мястэчак;

● літаратурная мова абслугоўвае разнастайныя патрэбы грамадскага і культурнага жыцця людзей і з’яўляецца мовай мастацкай літаратуры, навукі, справаводства, публіцыстыкі. Дыялектная мова — гэта бытавая мова, на ёй, як правіла, размаўляюць у сям’і і аднавяскоўцы;

● літаратурная мова строга ўнармаваная і мае дзве формы — вусную і пісьмовую. У дыялектнай мове няма строга выпрацаваных нормаў, яна мае толькі вусную форму, гэта гутарковая, беспісьмовая мова.

 

ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

 

1. У якіх формах існуе беларуская нацыянальная мова?

2. Якія дыялекты складаюць аснову дыялектнай мовы?

3. Якія асаблівасці поўночна-ўсходняга і паўднёва-заходняга дыялектаў вы можаце назваць?

3. Якія асноўныя адзнакі літаратурнай мовы?

4. Якія адрозненні паміж літаратурнай мовай і дыялектнай?

 

Заданне 1.Прачытайце сказы, выпішыце дыялектызмы, растлумачце іх значэнне. Вуcна замяніце дыялектызмы агульнаўжывальнымі словамі.

1. Нечага гаварыць аб тым, чаго і ў жыцці нямашака. (М. Лынькоў)

2. Кружылася, развітвалася з роднай дамоўкай пажоўклае лісце. (А. Вольскі)

3. Дзед Талаш быў у кароткім кажушку, у суконных з раменнымі латамі майтках, абуты ў чукі. (Я. Колас)

4. Стары сярмягу з вешака сарваў, накінуў хутка… (М. Танк)

5. Зноў зіма паслала снежныя кілімы, зажурыла беллю паплавы, лугі (П. Трус)

 

Заданне 2. Дайце тлумачэнне наступнаму выразу.

“Загавары, каб я цябе ўбачыў” — казалі ў старажытнасці.

 

Заданне 3. Ахарактарызуйце сітуацыі, калі можна выкарыстаць наступныя выразы:

1. Каб яшчэ лепей — то й на ліха!

2. Вялікаму каню — вялікі хамут.

3. Не святыя гаршкі лепяць.

4. Вочы страшацца, а рукі робяць.

 

Заданне 4. Падбярыце 3-4 сітуацыі штодзённога побыту, калі б можна было пажадаць:

1. Гладкай вам дарогі!

2. У добры час!

3. На добрае здароўе!

4. Каб на тым і стала!

 

Мова ў гісторыі народа

Мова як і любая іншая грамадская з’ява ў адпаведнасці з развіццём грамадства і чалавечага мыслення паступова змяняецца, што знаходзіць адллюстраванне ў гуках, граматычных формах і слоўнікавым складзе. У сучасным мовазнаўстве значная ўвага ўдзяляецца даследаванню гісторыі мовы, без ведаў якой нельга зразумець і растлумачыць многія з’явы сучаснай мовы.

Вывады аб мове мінулых эпох даследчыкі грунтуюць на розных крыніцах. Пэўнае значэнне маюць сучасныя гаворкі, дзе часам захоўваюцца некаторыя архаічныя рысы, неўласцівыя сучаснай літаратурнай мове. Выкарыстоўваюцца і даныя тапанімікі: у назвах вёсак, гарадоў, рэк, азёр зафіксаваны многія старажытныя словы, што затым выйшлі з агульнага ўжытку. Аднак асноўнай крыніцай нашых ведаў аб мове мінулых стагоддзяў з’яўляюцца пісьмовыя помнікі — рознага роду тэксты, якія ў большай ці меншай меры адлюстроўваюць стан мовы адпаведнай эпохі.

Паводле звестак вучоных, у нашы дні вядома каля 5000 розных (жывых і мёртвых) моў (па іншых звестках — 3000, ад 2500 да 5000), з якіх на 180 мовах размаўляюць амаль тры з паловай мільярды жыхароў зямлі, а 4000 моў абслугоўваюць нязначную частку насельнікаў зямлі, іншы раз мовай карыстаюцца сотні і нават дзесяткі людзей. Напрыклад, англічане, аўстралійцы і насельніцтва ЗША гавораць на англійскай мове, большая частка народу Лацінскай Амерыкі — на іспанскай. У адной краіне часта гавораць на некалькіх мовах, напрыклад, у Інданэзіі налічваюць каля 200 моў, у Дагестане — недзе каля 30, у сучаснай Швейцарыі існуюць чатыры мовы — нямецкая, французская, італьянская і рэтараманская, дзве мовы — французская і фламандская — выкарыстоўваюцца ў Бельгіі.

Усе мовы свету групуюцца паводле паходжання і гістарычнага развіцця, ці моўнай роднасці, паводле агульнага моўнага матэрыялу, ці генеалогіі. Так, паводле генеалагічнай класіфікацыі мовы аб’ядноўваюцца ў сем’і, а тыя ў залежнасці ад ступені блізкасці моў паміж сабой могуць падзяляцца на групы і падгрупы.

Навука пра мовы, якая называецца мовазнаўствам, або лінгвістыкай (ад лац. Lingua — мова), выдзяляе індаеўрапейскую, іберыйска-каўказскую, фіна-ўгорскую, цюркскую, мангольскую, тунгуса-маньчжурскую, кітайска-тыбецкую, аўстраазіяцкую, дравідыйскую, семіта-хаміцкую, кайсанскую і іншыя сем’і моў.

Некаторыя мовы з’яўляюцца ізаляванымі, не ўваходзяць у склад сем’яў ці груп, напрыклад, японская мова, якая абслугоўвае звыш 110 млн. чалавек, карэйская і інш.

Найбольшую цікавасць для нас мае індаеўрапейская сям’я моў, якая складаецца з наступных груп:

індыйская: мовы хіндустані, пенджабі, бенгалі, орыя, біхары, маратхі і інш., новаіндыйскія мовы, цыганская, а таксама мёртвыя мовы Індыі — санскрыт, пракрыты і інш.;

іранская: персідская, таджыкская, курдская, афганская або пушту, асецінская і мертвыя: старажытнаперсідская, скіфская, харэзмійская і некаторыя інш.

балтыйская: літоўская, латышская, мёртвая пруская мова;

германская: паўночнагерманская падгрупа — дацкая, нарвежская, шведская, ісландская, фарэрская; заходнегерманская падгрупа — нямецкая, англійская, нідэрландская, або галандская, фламандская, фрызская, ідыш або новаяўрэйская усходнегерманская — мертвыя: гоцкая, бургундская, ван­дальская мовы;

раманская: іспанская, французская, партугальская, італьянская, правансальская, сардзінская, каталанская, румынская, малдаўская, рэтараманская, мертвая — лацінская;

кельцкая: гаэльская падгрупа — ірландская, шатландская, мова вострава Мэн; брыцкая падгрупа — брэтонская, уэльская або валійская; мёртвая корнская або карнуэльская; гальская падгрупа — гальская мова;

славянская распадаецца на тры падгрупы: усходнеславянскую: беларуская, руская, украінская; заходнеславянскую — польская, чэшская, славацкая, сербалужыцкая (верхне- і ніжне), а таксама мёртвая — палабская; усходнеславянская — балгарская, славенская, македонская, сербскахарвацкая і мёртвая — стараславянская.

У індаеўрапейскую сям’ю моў уваходзяць і асобныя мовы: грэчаская, албанская, армянская і мёртвыя — старажытнагрэчаская і сярэднегрэчаская або візантыйская.

Найбольш цесную роднасць беларуская мова мае з суседнімі ўсходнеславянскімі мовамі — рускай і ўкраінскай. Тры роднасныя мовы развіваліся з агульнай усходнеславянскай мовы, якой карысталіся нашы далёкія продкі ў адзінай дзяржаве ўсходніх славян — Кіеўскай Русі. Беларуская мова, як і руская, і ўкраінская, пачала складвацца ва ўмовах феадальнай раздробленасці Кіеўскай Русі ХІ — ХІІ стст. на аснове тых дыялектных асаблівасцей, якімі адрозніваліся гаворкі былых усходнеславянскіх плямёнаў — дрыгавічоў, радзімічаў, заходніх крывічоў. У гэты час вызначаюцца найважнейшыя фанетычныя рысы беларускай мовы: прыдыхальны г [h] замест выбухнога г [g], зычны ў з былога в (кривда — крыўда), спецыфічныя чаргаванні ў словах глотка — глытаць, кроў — крывавы, блеск (бляск) — бліскавіца. Пазней, з ХІІ — ХІV стст., пачынаецца ўтварэнне мяккіх дз’, ц’ (дзіця, людзі), зацвярдзенне р (Дрыса, сентебра), узнікненне падоўжаных зычных (зелле, каменне, жыццё).

Беларуская народнасць і яе мова сфарміраваліся ў ХІV — ХVІ стст. у складзе Вялікага княства Літоўскага, у якім знаходзіліся землі сучаснай Беларусі пасля таго, як паўночна-ўсходнія і паўднёвыя землі былой Кіеўскай Русі трапілі пад уладу татара-манголаў. Тагачасная беларуская мова ўжо выразна адрознівалася і ад усходнеславянскай мовы, якая была яе асновай, і ад іншых старажытных славянскіх моў.

Развіццю мовы ў ХV — ХVІ стст. садзейнічалі яе значныя культурныя і грамадска-палітычныя функцыі: яна з’яўлялася дзяржаўнай мовай, а таксама сродкам міжэтнічных зносін у Вялікім княстве Літоўскім (на ёй пісалі ўрадавыя пастановы, акты, граматы, вялася дыпламатычная перапіска, афармляліся справы ў земскіх і гарадскіх судах). Асноўнымі цэнтрамі свецкай дзелавой пісьменнасці былі дзяржаўныя, прыватнафеадальныя і гарадскія (магістрацкія) канцылярыі. Асаблівае значэнне мела вялікакняжацкая канцылярыя, дзе афармляліся найважнейшыя акты, прывілеі, дэкрэты. Беларускай мовай карысталіся і ў асноўных жанрах свецкай літаратуры, найперш у летапісах і хроніках, якія адлюстроўвалі грамадска-палітычнае становішча розных слаёў насельніцтва. Да нас дайшлі мастацкія творы таго перыяду: вершы Сімяона Полацкага, Андрэя Рымшы, “Ліст да Абуховіча”, “Прамова Мялешкі” і інш.

На беларускай мове ўпершыню на славянскім усходзе пачаў кнігадрукаванне выдатны асветнік Францыск Скарына, традыцыі якога прадоўжылі Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Пётр Мсціславец, браты Мамонічы і інш. У развіцці асветы значную ролю адыгралі друкарні ў Нясвіжы, Цяпіне, Заблудаве, а таксама Брэсцкі друкарскі двор. Выдатным культурным помнікам таго часу з’яўляецца выдадзены ў 1588 годзе “Статут Вялікага княства Літоўскага”, які доўгі час заставаўся адзіным зборам законаў у Еўропе.

Беларускай вуснай і пісьмовай мовай карысталіся не толькі беларусы, але і літоўцы, і татары. У рэлігійных кнігах беларускіх татар — кітабах, што пісаліся па-беларуску арабскім пісьмом, выразна адлюстроўваюцца фанетычныя і лексічныя асаблівасці нашай мовы таго часу.

Пашырэнне грамадскіх і культурных функцый мовы ўзбагачала яе, удасканальвала граматычную структуру, павялічвала лексічны запас. Але пасля таго, як Вялікае княства Літоўскае аб’ядналася з Польскім каралеўствам (Люблінская унія 1569 года) і ўтварылася Рэч Паспалітая, сферы ўжывання беларускай мовы пачалі паступова звужацца. У 1696 годзе польскі сейм выдаў закон, паводле якога дзяржаўнай мовай на беларускіх землях стала польская. Мова беларускай народнасці засталася бытаваць пераважна ў вуснай форме. На ёй размаўляў просты народ, ствараўся фальклор, духоўнае багацце народа захоўвалася і памнажалася. Жывая мова не бяднела, а ўмацоўвалася і ўзбагачалася. Народная мова ўвабрала ў сябе асобныя польскія словы: еднасць, скарга, ліст, друкар. Праз роднасную і даступную польскую мову, а таксама з першакрыніц да нас трапілі адзінкі з чэшскай (брама, гарцаваць), нямецкай (варта, штурм, фурман), французскай (пашпарт, сяржант), італьянскай (пошта, палац, кампанія), лацінскай (правінцыя, камісія, працэс, копія), літоўскай (дойлід, клуня, свіран) моў.

У канцы ХVІІІ ст. беларускія землі ў выніку раздзелаў Рэчы Паспалітай аказаліся ў складзе Расійскай імперыі і паскорылася фарміраванне беларускай нацыі і нацыянальнай мовы. На народна-дыялектнай аснове фарміруецца новая літаратурная мова беларусаў, з’яўляюцца творы разнастайных жанраў і стыляў: паэмы “Тарас на Парнасе” і “Энеіда навыварат”, камедыі В. Дуніна-Марцінкевіча, вершы і паэмы Ф. Багушэвіча, публіцыстычныя адозвы К. Каліноўскага і інш.

Станаўленне новай беларускай літаратурнай мовы адбывалася ва ўмовах сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту, калі царскія ўлады забаранялі выкарыстанне роднай мовы ў дзяржаўных установах і школах. Указам 1840 года забаранялася само слова “Беларусь”, а пасля задушэння паўстання 1863 года не дазвалялася выданне кніг на беларускай мове. Распаўсюджвалася нелегальная літаратура, выдадзеная за мяжой. Пасля рэвалюцыйных падзей 1905 года з’явілася не толькі легальная літаратура, але і перыядычныя выданні: “Наша ніва”, Наша доля”, “Гоман”, “Лучынка”, “Раніца” і інш. Вакол выданняў і выдавецтваў групаваліся творчыя сілы Беларусі, загучала беларускае слова ў творах Янкі Купалы, Якуба Коласа, М. Багдановіча, Цёткі, З. Бядулі, Ядвігіна Ш. і інш. Асабліва спрыяльныя ўмовы склаліся для беларускай мовы ў 20-я гады ХХ ст., калі беларуская мова стала дзяржаўнай, калі яна стала мовай навукі, справаводства, на ёй працавалі школы, тэхнікумы, ВНУ. Удасканальваліся нормы беларускай мовы, узбагачаўся яе слоўнікавы запас, актывізавалася навуковае даследаванне моўных працэсаў (Я. Карскі, Б. Тарашкевіч). Беларускі правапіс уніфікаваўся, што замацавана рэформамі правапісу 1933 і 1957 гг.

У 30-я гады ХХ ст. функцыянаванне нацыянальнай мовы звужаецца, што адразу праяўляецца ў сферы навучання. У 1938 годзе выходзіць пастанова “Аб абавязковым вывучэнні ў школах рускай мовы”, і паступова наша мова выцясняецца і з іншых сфер грамадскага жыцця. У 1930 1980 гг. на Беларусі ролю дзяржаўнай фактычна выконвала руская мова, якая дамінавала ў адукацыі, публіцыстыцы, справаводстве, адміністрацыйным і вытворчым жыцці краіны. Але ў складаных умовах ХХ ст. імкліва праявіла сябе і рэалізавала свой творчы патэнцыял беларуская літаратура: паэзія (М. Чарот, П. Броўка, П. Глебка, М. Танк, П. Панчанка, А. Куляшоў, Л. Геніюш, Н. Гілевіч, Р. Барадулін і інш.), проза (Ц. Гартны, К. Чорны, М. Гарэцкі, М. Зарэцкі, М. Лынькоў, Я. Брыль, І. Мележ, У. Караткевіч, В. Быкаў, І. Шамякін, У. Арлоў і інш.), драматургія (У. Галубок, К. Крапіва, А. Маўзон, А. Макаёнак, А. Петрашкевіч, А. Дудараў і інш.).

У 1990 годзе быў прыняты Закон аб мовах у Рэспубліцы Беларусь, паводле якога мова карэннай нацыі станавілася дзяржаўнай. Пасля правядзення першага агульнарэспубліканскага рэферэндуму 14 мая 1995 года на Беларусі дзейнічае двухмоўе.

Адметная рыса сучаснай беларускай мовы — тое, што яна зарадзілася адносна позна (толькі ў ХVІІІ — ХІХ ст.) не на базе кніжных традыцый, а на грунце народных гаворак (не засмечаных запазычаннямі) і захавала тым самым глыбінныя славянскія карані, можа служыць узорам, тыповым прадстаўніком славянскіх моў, самавітай і непаўторнай, хоць і падверглася істотным скажэнням пад час рэформы 1933 г., прымусова скіраванай на збліжэнне яе літаратурных нормаў з нормамі рускай мовы.

Галоўная мэта — асіміляваць беларусаў — і палякамі, і рускімі ажыццяўлялася самым надзейным шляхам — праз пазбаўленне беларусаў сваёй адмысловай мовы як асноўнай рысы нацыі. Калі падчас забароны беларускай літаратурнай мовы ў ХVІІІ — ХІХ стст. вусная беларуская мова ўжывалася пераважна вяскоўцамі, якія не толькі захоўвалі, але і ўсебакова развівалі вусную народную творчасць, што стала на сёння ў некаторых жанрах (песні, казкі) адной з багацейшых у свеце, то цяпер асноўная маса людзей у выніку актыўных асімілятыўных працэсаў перайшла ў вусных зносінах на трасянку, а чысціню мовы захоўвае меншая, але нацыянальна свядомая частка народа. Менавіта яе прадстаўнікамі створана найбагацейшая літаратура, беларускія вучоныя першыя сярод славян зрабілі найбольш падрабязныя дыялектныя апісанні мовы, надрукавалі адзін з самых багатых у Еўропе збор фальклорных твораў.

У цяперашні час у нашай краіне дзейнічае двухмоўе або білінгвізм — папераменнае карыстанне дзвюма мовамі, г.зн. беларуская мова існуе ва ўмовах канкурэнцыі з рускай мовай. Існуюць многія матывы авалодвання дзюма або некалькімі мовамі: атрыманне адукацыі, патрэбы навуковай дзейнасці; моўныя кантакты дыктуюцца эканамічнымі, культурнымі і інш. патрэбамі. Вызначаюць некалькі разнавіднасцей двухмоўя: індывідуальнае, суцэльнае, нацыянальнае, дзяржаўнае (калі ў адной краіне статус дзяржаўнай ці афіцыйнай маюць дзве мовы).

З гісторыі пытання: на Беларусі двухмоўе існавала здаўна — у ВКЛ існавала беларуска-царкоўнаславянскае двухмоўе, пасля аб’яднання з Польскім каралеўствам — беларуска-польскае двухмоўе, пазней — беларуска-рускае, у раёнах сумеснага пражывання беларусаў з іншымі народамі фарміравалася беларуска-літоўскае, беларуска-латышскае, беларуска-яўрэйскае двухмоўі.

У сітуацыі двухмоўя ўзаемадзеянне моў прыводзіць да інтэрферэнцыі, г.зн. пры маўленні на адной мове ўжываюцца элементы другой, інакш, інтэрферэнцыя прыводзіць да парушэння нормаў суіснуючых моў. Беларуская і руская мовы найбольш блізкія і роднасныя ў славянскім свеце па фанетычных, лексічных, марфалагічных, сінтаксічных нормах. Аднак гэтае падабенства адмоўна ўплывае на пісьменнасць тых, хто карыстаецца гэтымі мовамі, адмоўна ўплывае на культуру і чысціню маўлення. Узровень інтэрферэнцыі залежыць ад ступені авалодання другой мовай, ад умення свядома адрозніваць факты розных моў і шэрагу іншых прычын. Напрыклад, у суайчыннікаў сустракаюцца такія беларускамоўныя фанетычныя рысы як цвёрдыя р і ч на месцы рускіх мяккіх р’ і ч’, дз’ і ц’ на месцы д’ і т’, ярка выражанае аканне і інш. Гэтыя асаблівасці вельмі ўстойлівыя і могуць захоўвацца ў сітуацыі двухмоўя ўсё жыццё. Памылкі ўзнікаюць і на марфалагічным узроўні, напрыклад, пры разыходжанні ў родзе і ліку: палын — полынь, дроб — дробь, насып — насыпь.

Памылкі інтэрферэнцыі, як правіла, уплываюць на культуру беларускай і рускай моў, але не ўплываюць на разуменне выказванняў на адной і другой мовах.

Нацыянальная мова на сучасным этапе гатова выконваць усе сацыяльныя функцыі ў сферах справаводства, права, афіцыйных зносін, эканомікі, арміі, бо мае адпаведныя сродкі: тэрміналагічныя слоўнікі, даведнікі, распрацаваную спецыяльную лексіку і інш. Рэалізоўвае мова свой патэнцыял у мастацкай літаратуры, публіцыстыцы, адукацыі, гуманітарных навуках, рэлігіі, гутарковым стылі.

 

ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

 

1. У якую сям’ю, групу і падгрупу ўваходзіць беларуская мова?

2. Якія моўныя групы ўваходзяць у індаеўрапейскую сям’ю моў?

3. Чым тлумачыцца блізкасць паміж славянскімі мовамі?

4. Як растлумачыць падабенства ўсходнеславянскіх моў? Чаму паміж імі існуе адрозненне?

5. Якія гістарычныя перыяды характарызуюцца значным развіццём беларускай мовы?

6. Калі адбылося зараджэнне новай беларускай літаратурнай мовы? Хто лічыцца пачынальнікам гэтай справы?

7. Якія асаблівасці развіцця нацыянальнай мовы ў пачатку ХХ ст.?

8. Што характэрна для мовы 30 — 80-х гадоў ХХ ст.?

9. Як вы ацэньваеце сучасны стан нацыянальнай мовы на Беларусі?

 

Заданне 1. Прачытайце тэксты на балгарскай і польскай мовах і перакажыце іх змест па-беларуску. Прааналізуйце лексічную, марфалагічную і сінтаксічную блізкасць моў.

 

Вълчо и кума лиса

Направили си кумчо вълчо и кума лиса къщичка. Заживели заедно. Купили си гърне мед.

— Да го изядем, лиске!рекъл вълчо.

— Не бива, вълчо! — отговорила лиска. — Ще го скрием за гости.

— Да го скрием, сестричке!

Речено, сторено. Скриват мед в хралупата. Ала кума лиса често-често се навърта около хралупата и се облизва. Дали ще остане медец за гости, кой знае?

 

Направили — падрыхтавалі, зрабілі

Къщичка — хатка, прытулак

Гърне — гарнец

Хралупата — дупло

 

W wagonіe

Do wagonu wchodzi nowy pasazer. Wszystkie miejsca sa zajete. Na lawce obok kobiety siedzacej pod oknem lezy damska torebka. Pasazer zwraca sie do kobiety:

­— Prosze zabrac swoja torebke.

— To nie moja torebka, — odpowiada. — Zaraz przyjdzie pasazerka, ktora ja tu polozyla.

Pasazer wiesza plaszcz, kladzie walizke na polce i powtarza jeszcze raz:

— Prosze zabrac torebke.

Kobieta znow mowi, ze to nie jej torebka, i odwraca sie do okna. W przedziale panuje milczenie. Pasazer stoi i czeka.

Rozlega sie gwizdek, pociag rusza.

— Gdziez jest ta pasazerka? — pyta mezczyzna.

Kobieta milczy, nawet nie odwraca glowy.

— Widocznie zoctala na peronie I martwi sie teraz o swoja torebke, — mowi pasazer I rzuca torebke przez okno.

— Och, och, to moja torebka! — wola kobieta.

W przedziale rozlega sie smiech.

— Ma, na co zasluzyla, — mowi jedna z pasazerek.

 

Заданне 2. Перакладзіце словы і спалучэнні на беларускую мову.Параўнайце моўныя адзінкібеларускай і ўкраінскай моў.

Автозапчастини, аксесуари, роздриб, найменувань, переваги, еконамія, доставка, вартість, автоматично, місяць, придбати, моторна олива, максимальний захист двигуна, нові моделі, охоронні системи з необмежеваними можливостями, вартість передплати на ІІ-е півріччя 2004 року.

 

Заданне 3. Раскажыце пра жыццё і дзейнасць Ефрасінні Полацкай. Ахарактарызуйце лексіку старажытнага тэксту.

Жыціе Ефрасінні Полацкай…

(урывак)

Преподобная же Еуфросинья сего всего не брежаше жалости отца своего. Но, яко добрый Храбор, вооружившися на супротивника своего, диавола, пребываше в монастыри, и повинующись иегумении и сестрам всем, и вся преспевающи постом, молитвами и бдением нощным. И оттоле начат подвижнейши быти, собирающи благые мысли в сердци своем, яко пчела сот.

Иже пребывши неколика время в монастыри, и потом испроси тогда сущаго епископа, нарицаемого Ильи, правящаго стол святыя Софеи в Полотсте, дабы ей повелел ту пребыти — во церкви святыя Софии и каменныя, в голубници. И повелел ей да пребывает. И ту, въшедши, нача книгы писати своими руками. И наем емлюще требующем даяше…

На всяк же день учаша сестры своа: старые же учаша трепению и воздръжанию, юные же учаше чистоте душевней и бестрастию телесному, говению образному, ступанию кротку, гласу смирену, слову благочестну, ядению и питию безмолвну, при старейших молчати, мудрейших послушати, ко старейшим покорением, к точным и меншим любовь без лицемериа, мало вещати, a много разумети.

 

Заданне 4. Прачытайце тэкст. Якія помнікі старажытнай пісьменнасці дайшлі да нас? Чаму Статут Вялікага княства Літоўскага называюць “першай еўрапейскай канстытуцыяй”?

 

Пісьмовыя помнікі старажытнасці

У XIV ст., пры Альгердзе (1296 1377), мова продкаў сучасных беларусаў стала афіцыйнай мовай канцылярыі і справаводства ў Вялікім княстве Літоўскім. Гэта, зразумела, спрыяла пашырэнню і развіццю беларускай пісьменнасці.

Да нас дайшло каля 600 кніг так званай Літоўскай метрыкі — архіва дзелавой пісьменнасці канцылярыі Вялікага княства Літоўскага: разнастайныя дакументы, перапіска ўстаноў, справы судоў Менска, Гародні, Бярэсця, Слоніма, Магілёва, Полацка, Коўна, Вільні і іншых гарадоў, напісаныя на старажытнай беларускай мове.

Створанае на беларускай мове ў Вялікім княстве Літоўскім заканадаўства — багатая крыніца вывучэння гісторыі беларускай мовы, гісторыі Беларусі, Літвы, суседніх рускіх, украінскіх, польскіх зямель. Як прыклады заканадаўчых дакументаў, напісаных на беларускай мове, можна назваць Судзебнік караля Ягелонавіча (1468), Статут Вялікага княства Літоўскага (1529, 1566, 1588).

Да нас дайшлі таксама хронікі — прыватныя запісы гістарычных падзей, напрыклад дзённік Фёдара Еўлашэўскага (1563 — 1604), Баркулабаўскі летапіс, напісаны ў Баркулабаве, каля Быхава, у канцы XVI — першыя гады XVII ст. У беларускіх летапісах і хроніках часта не толькі пералічваюцца падзеі, а ствараюцца жывыя карціны і малюнкі мінулых часоў.

У той перыяд былі створаны і лінгвістычныя працы: у 1596 г. з'явілася “Грамматіка словенска” Л. Зізанія, у 1619 г. — “Грамматики словенския правилное синтагма» М. Сматрыцкага. (Ф. Янкоўскі).

 

Заданне 5. Прачытайце тэкст.Якія лексічныя адзінкі з тэксту выкарыстоўваюцца ў сучаснай мове? Што выклікае складанасць пры ўспрыняцці тэксту?

Статут Вялікага княства Літоўскага (1588)

(урывак)

Тежъ уставуемъ, если бы князские панские або и земянские были гоны бобровые давные звечные у иншого суседа дедизне, ино оный панъ в чыей дедизне будутъ гоны, не маеть самъ ани людемъ своимъ допустить старого поля доорати, зеремена подъорал, або сеножати подъкосилъ або лозу подрубалъ a тым бобры выгонилъ, таковый маеть платити дванадцать рублей грошей, a тому зеремени пред се маеть упокой дать такъ далеко яко бы могъ киемъ докинути, пакли бы хто кгвалтомъ бобры побилъ, або злодейскимъ обычаемъ выкралъ, таковый маеть кгвалтъ платити a колко бы бобровъ убилъ тогды маеть платити за чорного бобра чотыри копы грошей a за карого две копе грошей. Пакли бы бобръ с того старого зеремени вышолъ, a пришолъ ново вынъшое зеремя на кгрунтъ и берегъ инъшого пана, тогды в чыем кгрунъте зеремя будеть, тому тежъ и ловенье бобровъ належати маеть.

 

Заданне 6. Прачытайце. Якая мэтагазеты К. Каліноўскага? Растлумачце моўныя асаблівасці тэксту ХІХ ст.

Мужыцкая праўда, №4

(урывак)

… У нас, дзецюкі, адно вучаць у школах, каб ты знаў чытаці па-маскоўску, а то для таго, каб цябе саўсім перарабіці на маскаля. Суды маскоўскія — гэта воўчая яма, гдзе не разбіраюць, чы за табой праўда, чы не, а скубуць адно як могуць. Бяспечнасці пад маскалём ніякай няма, хто дужэйшы, той і глуміць; а войска то не для таго трымаюць, каб аберагці кожнага ад злых людзей і ад глуму, а для таго, каб не пазволіць народу і застагнаць, калі пазнае сваю няволю, калі згледзіцца, што дзяруць з яго над сілы. Ронд маскоўскі, як той ліхі пан, што, пачаўшы ад камісара аж да цівуна, пазваляе кажнаму народу глуміці, каб як найбольш грошай у кішэнь яго досталося. Ронд, маскоўскі, дзецюкі, не так робіць, як рабіці трэба, не думае, каб палепшыць народу, а вымышляе адно спосабы, як абадраці і саўсім людзей зглуміці…

 

 

РАЗДЗЕЛ ІІ. СТЫЛІСТЫКА. КУЛЬТУРА МАЎЛЕННЯ

 

Функцыянальныя стылі сучаснай беларускай мовы

 

Нацыянальная беларуская мова мае дзве асноўныя формы існавання — вусную і пісьмовую. Вусную форму мовы выкарыстоўваюць пры непасрэдных моўных кантактах: у гутарцы, дыскусіі, дамашніх абставінах, выступленнях, на радыё і тэлебачанні. Вусная мова — з’ява, багатая інтанацыяй, эмацыянальнасцю, пачуццямі. Пісьмовая мова — гэта зрокавае ўспрыняцце тэксту: чытанне, запамінанне, завучванне матэрыялу. Абедзве формы існавання з’яўляюцца функцыянальна разнастайнымі, універсальнымі, абслугоўваюць рознабаковыя сферы грамадскай дзейнасці.

Функцыянальны стыль мовы — (ад лац. stilus — палачка для пісьма) разнавіднасць звязнага маўлення, якая абслугоўвае асобную сферу зносін (бытавую, эстэтычную, палітычную, навукова-адукацыйную, справаводчую) і кантралюе адбор моўных сродкаў адпаведна зместу, мэце выказвання і ўмовам зносін. З улікам моўных зносін функцыянальныя стылі падзяляюцца на кніжныя (навуковы, афіцыйна-справавы, публіцыстычны) і гутарковы. Кожнаму стылю мовы характэрны свае ўмовы зносін, задачы і функцыі маўлення, моўныя сродкі і адметныя рысы.

Гутарковы стыль забяспечвае паўсядзённыя зносіны людзей, выкарыстоўваецца ў гутарцы са знаёмымі і блізкімі людзьмі. Асноўныя функцыі гэтага стылю: абмен уражаннямі, прывітанне, г. зн. камунікатыўнасць. Гутарковае маўленне жывое, свабоднае ў выбары слоў і рэплік, тэмы і прадмета гаворкі. Яно забяспечвае перадачу інфармацыі ў вуснай форме не толькі ў час асабістай размовы, але і ў прыватных лістах, дзённікавых запісах. Гутарковы або размоўны стыль характарызуецца наяўнасцю размоўна-бытавой лексікі (велізарны, чысцюткі, сыночак, шкандыбаць), ужываннем скарочаных або ўсечаных формаў (відык, велік, лаба, Сан Саныч), выкарыстаннем няпоўных сказаў (максімальнае скарачэнне выказвання, пропускі слоў і г. д.). Выбар лексічных і сінтаксічных сродкаў залежыць ад асобы гаворачага, яго актыўнага слоўнікавага запасу, выхаванасці, агульнай і моўнай культуры.

Гутарковая мова своечасова адлюстроўвае змены ў жыцці і побыце, а новае ў нашым маўленні спалучаецца з ужо замацаваным і засвоеным. Але забыццё традыцыйных сродкаў можа знізіць культуру маўлення, прывесці да перавагі жаргоннай лексікі. Напрыклад, слова добра ў маладзёжнай размове замяняецца шматлікімі сінонімамі, якія з высокай хуткасцю змяняюць адно другое, часам адносяцца да адзінак стылістычна-зніжанай лексікі (клёва, класна, крута, цывільна). Эмацыянальнасць стылю можа выражацца выклічнікамі (Дзякуй! Здароў! Прывітанне!), клічнымі і пытальнымі канструкцыямі (Малайчына! Здорава! Як справы? Што новага?), устойлівымі зваротамі (як кот наплакаў, абы дзень да вечара, абое рабое). Тое, што ў іншых стылях патрабуе апісання, у вусных зносінах можа нават і не называцца: як прадмет або змест гаворкі знаходзіцца перад вачыма субяседнікаў.

Станоўчай рысай вуснага стылю з’яўляецца магчымасць выправіць сказанае, дапоўніць або значна змяніць, так як мы спантанна падбіраем неабходныя моўныя сродкі. Разам з паняццем “гутарковы стыль” могуць выкарыстоўвацца блізкія сінонімы: “размоўны стыль”, “размоўна-бытавы стыль”.

Мастацкі стыль выкарыстоўваецца ў эстэтычнай сферы чалавечых зносін, забяспечвае патрэбы духоўнага жыцця грамадства (мастацкая літаратура, песенная творчасць, тэатр, кіно, фальклор і інш.). Асноўная яго функцыя — эстэтычнае ўздзеянне на слухача, чытача, гледача праз мастацкія вобразы. Шматграннасць і багацце стылю дасягаецца ўмелым аўтарскім выкарыстаннем слоў прамога і пераноснага значэння, ацэначных формаў розных часцін мовы, усемагчымых сінтаксічных канструкцый і г. д.

Асновай мастацкага стылю з’яўляецца агульнаўжывальная лексіка, сінтаксічныя канструкцыі, што надаюць натуральнасць і прастату выкладу, змястоўнасць і даступнасць. А вобразнасць, эмацыянальнасць, экспрэсіўнасць забяспечваюцца шырокім выбарам мнагазначных слоў, сінонімаў і антонімаў, эпітэтаў, параўнанняў, метафар і т.п. Усе прымяняемыя аўтарам моўныя сродкі — гэта яго спосаб выражэння пісьменніцкай думкі, яго асабісты погляд, бачанне рэчаіснасці.

Мастацкая мова арганічна і матывавана ўключае сродкі іншых стыляў: дыялектызмы, жарганізмы, тэрміналагічныя паняцці і інш. Аўтарская мастацкая мова — выразная, багатая і непаўторная.

Публіцыстычны стыль рэалізуецца ў сродках масавай інфармацыі (газетах, часопісах, на радыё і тэлебачанні), грамадскай літаратуры, палітычных выступленнях, прамовах і г.д. Выконвае дзве асноўныя функцыі: інфармацыі і ўздзеяння. Па-першае, менавіта з крыніц публіцыстычных сродкаў мы чэрпаем навіны паўсядзённага жыцця, становімся сведкамі сусветных падзей, аналізуем палітычны і эканамічны стан. Па-другое, адчуваем пастаяннае ўздзеянне, таму што публіцыстычны стыль прызваны актыўна ўмешвацца ў грамадскае жыццё, крытыкаваць, агітаваць, выхоўваць.

Мова публіцыстыкі вызначаецца прысутнасцю абстрактнай і грамадска-палітычнай лексікі, спецыфічных спалучэнняў (гуманітарная дапамога, зялёная вуліца, свабода слова, нацыянальная самасвядомасць, сілавыя ведамствы, бюджэтная сфера дзейнасці). Часткова ўводзяцца і вобразныя сродкі мовы, якія дапамагаюць выказаць настрой, пачуцці (другі хлеб, незгасальны агонь, крыніцы фінансавання). Сустракаюцца і ўстойлівыя выразы, шаблонныя спалучэнні: важнае (вялікае) значэнне, пэўныя зрухі, на дадзеным этапе, нязменна служыць, зрушыць з месца, умацаваць пазіцыі.

Публіцыстычны стыль мовы можна лічыць універсальным, таму што ў ім сустракаюцца элементы іншых функцыянальных стыляў. Публіцыстычная мова павінна быць правільнай, узорнай, разнастайнай, таму што толькі такую мову СМІ, асобнага журналіста, палітычнага дзеяча захочацца пачуць, пачытаць, успрыняць.

Афіцыйна-справавы (афіцыйна-дзелавы) стыль — гэта стыль дзяржаўных дакументаў, указаў, законаў, пастаноў, пратаколаў, даведак, справаздач, заяў і іншых справавых папер афіцыйнай і дзелавой перапіскі.

Дзелавая карэспандэнцыя — адна з формаў пісьмовых зносін паміж фізічнымі ці юрыдычнымі асобамі. Гэта аўтабіяграфіі і кантракты, распіскі і акты, афіцыйныя лісты і паведамленні, дэкрэты і пагадненні і г. д. Афіцыйна-справавому стылю характэрна сцісласць у выкладзе матэрыялу, дакладнасць у перадачы інфармацыі, шырокае ўжыванне ўстойлівых традыцыйных выразаў, канцылярскіх зваротаў (штампаў), фармулёвак. Стыль выконвае інфармацыйную і камунікатыўную функцыі: з’яўляецца сродкам наладжвання афіцыйных і справавых (дзелавых) зносін, з’яўляецца носьбітам дакладнай інфармацыі. Мэта большасці дакументаў — паведаміць. Напрыклад, з аб’яў даведваемся, дзе і калі адбудзецца сход ці нарада, у пратаколе фіксуецца ход абмеркавання таго ці іншага пытання, у кантрактах (дагаворах) афіцыйна сцвярджаецца пагадненне паміж установамі, дзяржавамі.

У тэксце дакументаў значная колькасць спецыяльных слоў-тэрмінаў, аддзеяслоўных назоўнікаў: баланс, калькуляцыя, сабекошт, рэнтабельнасць, узгадненне, грыф зацверджання. Не дапускаецца ўжыванне прастамоўных, дыялектных, жаргонных слоў, эмацыянальна-экспрэсіўнай лексікі. Інфармацыя афармляецца такім чынам, каб яе асноўная думка адразу была зразумелая, ясная. Дакументы складаюцца сціслай і простай мовай, без двухсэнсоўных і невыразных выказванняў, гэта значыць, што справавая мова адпавядае агульналітаратурным нормам. Афіцыйна-справавы стыль характарызуецца ўстойлівасцю, абмежаваным выбарам сродкаў, наяўнасцю ўстойлівых спалучэнняў і выразаў, таму стварэнне распаўсюджаных дакументаў парой зводзіцца да запаўнення стандартных бланкаў.

Моўныя штампы або канцылярызмы — гэта ўстойлівыя словазлучэнні або спалучэнні, якія выкарыстоўваюцца ў тэксце дакумента пры апісанні аднолькавых ці падобных з’яў (матэрыяльныя каштоўнасці, інвентарны нумар, за кошт..., згодна з актам..., на падставе..., на аснове..., з улікам...). Выкарыстанне ў сферы справаводства такіх адзінак вядзе да поўнай уніфікацыі і стандартызацыі частак дакументаў, да ўжывання такіх трафарэтных адзінак і аднолькавых сказаў у іх змесце. Карыстанне стандартнымі сродкамі аблягчае і спрашчае працэс стварэння дакументаў, але не заўсёды імі неабходна карыстацца, паколькі культура афіцыйна-справавога стылю патрабуе не толькі ведання ўстойлівых формаў, але і пачуцця меры. Уніфікаваная мова дакументацыі дапускае частотнае паўтарэнне аднолькавых тэрмінаў, сінтаксічных адзінак (у адпаведнасці з..., па лініі..., у парадку..., па пытанні..., з-за адсутнасці..., тэхніка бяспекі, касацыйная скарга). Часам такія сродкі выцясняюць іншыя моўныя прыёмы і формы выказвання.

Асноўным аб’ектам справавога стылю з’яўляецца дакумент як сродак замацавання інфармацыі аб фактах, падзеях, з’явах аб’ектыўнай рэальнасці і мысліцельнай дзейнасці чалавека.

Дакумент — (ад лац. dukumentum — павучальны прыклад, пасведчанне) матэрыяльны аб’ект з інфармацыяй, якая замацавана адпаведным спосабам для перадачы ў прасторы і часе. Дакумент — справавая папера, на якой фіксуецца працэс гаспадарчай, юрыдычнай, эканамічнай дзейнасці, афармляюцца прававыя зносіны. Фіксуючы інфармацыю, дакумент тым самым забяспечвае яе захаванне і накапленне, магчымасць перадачы іншым асобам, паўторны зварот да яе, таму можа выконваць і такія функцыі, як уліковая, прававая, сацыяльная, культурная, кіравання і інш.

Дакументы ўключаюць не толькі характэрныя тэрміналагічныя і стандартызаваныя сродкі, але і абрэвіятуры, уласныя назвы. Марфалогія стылю прадстаўлена пераважнай колькасцю імёнаў: большасць назоўнікаў і прыметнікаў у параўнанні з дзеяслоўнымі формамі. Сярод дзеяслоўных формаў мноства дзеясловаў-звязак (выконваецца, прад’яўляецца, зацвярджаецца, ажыццяўляецца, праводзіцца) або спалучэнняў з інфінітывам (тэрмінова выканаць, неабходна ажыццяўляць, падрыхтаваць да эксплуатацыі, забяспечыць камплектнасць, аб’явіць падзяку, прызначыць адказным).

Характэрнай адзнакай дакумента з’яўляецца тое, што назоўнікі, якія абазначаюць назвы пасад, прафесій, званняў, ужываюцца ў мужчынскім родзе (загадчык, інжынер, бухгалтар, эканаміст, вядучы спецыяліст, генеральны дырэктар). Уласныя назоўнікі сустракаюцца ў большасці дакументаў: заявах, дагаворах (кантрактах), планах, загадах і інш. Кожнаму віду дакументаў адпавядае пэўная колькасць рэквізітаў, г. зн. асобных элементаў дакумента (назва, дата, адрас, подпіс і інш.). Напрыклад, аўтар дакумента. Ім можа выступаць арганізацыя (прадпрыемства, установа), а ў рэквізіт уваходзіць назва арганізацыі, назва структурнага падраздзялення. Усе назвы падаюцца ў строгай адпаведнасці з найменнямі, зарэгістраванымі ўстаноўчымі дакументамі, напрыклад, статутамі. Эмблема арганізацыі як асобны рэквізіт таксама можа ўключаць назву, абрэвіятуру, сімвал, хаця можа сумяшчаць у сабе і назву, і малюнак, і таварны знак, напрыклад: “Атлант”, “Керамін”, “Прамень”, “МАЗ”.

Уласныя назвы і прозвішчы ў дакументах ставяцца ў розных склонавых формах, пераважна ў родным, давальным, вінавальным склонах. Неабходна памятаць аб адрозненні склонавых канчаткаў прозвішчаў і імёнаў у беларускай і рускай мовах, напрыклад: Шабуня — Шабунем (бел.), Шабуней (рус.). У беларускай мове прозвішчы з ненаціскным канчаткам -а (-я) набываюць склонавыя канчаткі ў залежнасці ад полу асобы: Д. ск. Варвашэні Юліі, але Варвашэню Івану; Т. ск. Варвашэняй Юліяй, але Варвашэнем Іванам. У беларускай мове пашыраны нязменныя прозвішчы:

● усе прозвішчы з націскным канчаткам -о: Ралько́, Чуйко́, Жылко́;

● усе прозвішчы з канчаткам -ых (-іх): Сяды́х, Чарны́х, Бальшавы́х;

● прозвішчы жанчын, якія заканчваюцца на зычны гук: Паўловіч, Корань, Навумчык.

Правапіс галосных і зычных гукаў падпарадкуецца агульным правілам мовы: Сакалоў (бел.) — Соколов (рус.), Чарных (бел.) — Черных (рус.), Біцель (бел.) — Битель (рус.). Агульнапрынятыя ў апошні час варыянтныя напісанні імёнаў па бацьку: Васільевіч і Васілевіч, Яўгеньевіч і Яўгенавіч, Аркадзьевіч і Аркадзевіч.

Прозвішчы, імёны, імёны па бацьку, геаграфічныя назвы, назвы прадпрыемстваў і ўстаноў частотныя ў афіцыйна-справавым стылі (аўтабіяграфіі, даручэнні, характарыстыкі). Уласныя назвы могуць змяняцца, напрыклад, БДАТУ, БНТУ, гэта адлюстроўваецца і ў адпаведных дакументах.

Сінтаксіс дакумента таксама мае свае спецыфічныя асаблівасці. Паколькі стыль павінен перадаваць інфармацыю сцісла, дакладна і паслядоўна, то выкарыстоўваюцца складаныя (складаназалежныя) сказы. Не сустракаюцца клічныя сказы, таму што стыль пазбаўлены экспрэсіўнасці. Пераважаюць апавядальныя сказы, сустракаюцца пытальныя.

Выкарыстоўваць моўныя сродкі афіцыйна-справавога стылю неабходна мэтанакіравана, толькі працуючы са справаводствам, але мовай дакументаў, пазбаўленай жывой экспрэсіі і вобразнасці, нельга карыстацца там, дзе трэба не толькі перадаць інфармацыю, данесці думку, але і закрануць духоўныя пачуцці людзей.

Навуковы стыль фіксуе, захоўвае, перадае інфармацыю ў канкрэтнай галіне ведаў. Выкарыстоўваецца ў вучэбнай і даведачнай літаратуры, у навукова-даследчай сферы і вытворчасці. Гэта стыль падручнікаў, навуковых прац, слоўнікаў, лекцый, манаграфій, артыкулаў, рэфератаў.

Функцыя навуковага маўлення заключаецца ў доказным выкладзе матэрыялу, паведамленні і тлумачэнні новых фактаў, вынікаў навуковых даследаванняў. Навуковы тэкст нясе інфармацыю, выкладзеную лагічна, сцісла, аб’ектыўна, неэмацыянальна.

Сістэма моўных сродкаў адпавядае спецыфіцы стылю. Найперш гэта агульнаўжывальная лексіка, характэрная большасці стыляў: службовыя словы, лічэбнікі, распаўсюджаныя назвы і г. д. Выкарыстоўваецца і лексіка з іншых распаўсюджаных галін навукі — агульнанавуковая, міжнавуковая. У навуковы тэкст уваходзіць і такая адасобленая частка лексічнага багацця, як спецыяльная тэрміналогія. Выбар моўных адзінак абумоўлены задачамі, умовамі, напрамкамі навуковай дзейнасці. Марфалогія навуковага стылю разнастайная, тут ужываюцца ўсе часціны мовы, акрамя выклічніка, але перавага аддаецца назоўніку, прыметніку, лічэбніку, дзеяслову.

Моўнае напаўненне навуковага зместу залежыць ад сферы прызначэння тэксту, яго падстылю: уласнанавуковага, вучэбна-навуковага, навукова-публіцыстычнага, навукова-папулярнага, навукова-тэхнічнага і інш. Уласнанавуковы стыль прызначаны для спецыялістаў, вучэбна-навуковы змяшчаецца ў падручніках, навучальных дапаможніках, навукова-публіцыстычны і навукова-папулярны адрасуюцца шырокаму колу чытачоў, навукова-тэхнічны прысвячаецца распрацоўкам, звязаным з тэхнічнымі рэсурсамі.

Сінтаксіс навуковага маўлення — гэта апавядальныя і пытальныя сказы, паколькі ідзе сцвярджэнне, паведамленне або ставіцца пытанне, напрыклад, у падручніку. Сказы навуковага тэксту звычайна складаныя, пераважаюць складаназалежныя, так як ідзе тлумачэнне, доказ. Прысутнічаюць такія злучнікі і злучальныя словы, як таму, што; для таго, каб; які; у тым ліку і інш. Сінтаксічныя канструкцыі аб’ёмныя, сказы развітыя, ускладнены аднароднымі членамі, дзеепрыметнымі зваротамі. Напрыклад: Магчыма агрэгатаванне бараны гнуткай вярчальнай з плугамі, пласкарэзамі, культыватарамі любых мадыфікацый, у тым ліку прапашнымі, дыскавымі баронамі, трактарамі цяглавага класа да 5. Аднародныя члены сказа вакарыстоўваюцца для класіфікацыі, сістэматызацыі прадметаў, уласцівасцей, з’яў.

Асобныя сінтаксічныя канструкцыі аб’ядноўваюцца ў цэласныя моўныя аб’екты або тыпы маўлення: апісанне, апавяданне і разважанне.

Апісанне ў навуковым тэксце прызначана ўказаць і пералічыць прыкметы, уласцівасці, асаблівасці, а таксама даць навукова абгрунтаванае ўяўленне аб важнейшых рысах даследуемага аб’екта. Звычайнымі прыкладамі апісання ў навуцы могуць быць азначэнні, тэхнічныя характарыстыкі, тэхнічныя пашпарты і г. д. Напрыклад, тэхнічная характарыстыка агрэгата можа ўключаць наступныя параметры: клас, прадукцыйнасць, рабочую хуткасць, шырыню захопу, частату вярчэння, габарытныя памеры, масу і інш. З аднаго боку, тут знаходзіцца пералічэнне характэрных, агульных, пастаянных рыс, а з другога, указваюцца непаўторныя, індывідуальныя, зменныя факты, напрыклад, тэхнічнае апісанне сельскагаспадарчай тэхнікі (плуга, бараны, камбайна). У тэхнічным апісанні падаюцца агульныя характарыстыкі, уласцівыя, скажам, усім камбайнам, разам з тым указваюцца і індывідуальныя, характэрныя толькі для дадзенай маркі.

Разважанне — асноўны тып навуковага маўлення, які служыць для тлумачэння з’яў, тэрмінаў, паняццяў, для доказнага выкладу абгрунтаванай думкі. У разважанні найбольш цесная сэнсавая сувязь паміж яго элементамі, сказамі, чым у іншых тыпах маўлення. Напрыклад: Практыка сведчыць, што надзейнасць тэхнікі ў большай ступені залежыць ад выканання правілаў яе абкаткі і тэхнічнага абслугоўвання ў самым пачатку эксплуатацыі, г.зн. у гарантыйны перыяд. Тэхнічнымі ўмовамі на трактар прадугледжана, што яго напрацоўка на адказ павінна быць не меней за 500 мота-г., а гарантыйны тэрмін роўны 12 месяцам. Гэта азначае, што пры гадавой занятасці 1000 мота-г. за ўказаны перыяд дапускаецца два адказы, якія ўзніклі па віне завода, ліквідаваць якія ён абавязаны ва ўстаноўлены тэрмін, без дадатковай аплаты і штрафных санкцый.

Разгортванне навуковага тэксту ў разважанні абапіраецца на вядомую лексіку, тэрміналогію, на тую частку матэрыялу, якая ўжо вывучана, засвоена або выкладалася раней ці з’яўляецца бясспрэчнай.

Змест навуковага тэксту раскрываецца ў двух асноўных ракурсах: непасрэдны змест (новы матэрыял; невядомая раней тэрміналогія, навейшыя погляды ці падыходы) і спасылкі на тую або іншую літаратуру, у кантэксце якой знаходзіцца дадзеная тэма (сумежныя дысцыпліны, іншыя аўтары, папярэднія звесткі).

Тлумачэнне як варыянт разважання можа адбывацца дэдуктыўным, індукцыйным або змешаным шляхам. Дэдуктыўны метад падразумявае даследаванне, пры якім асобныя факты пазнаюцца на аснове ведання агульнага палажэння. Супрацьлеглым з’яўляецца індукцыйны, пры якім агульныя вывады робяцца на аснове адзінкавых фактаў. Змешаны метад заснаваны на частковым выкарыстанні дэдукцыі і індукцыі.

Апавяданне паслядоўна перадае дзеянні, звязвае асобныя падзеі, выражае храналогію з’яў. Апавяданне як тып маўлення ўласціва гутарковаму, мастацкаму стылям, у навуковы ўводзіцца часткова, як асобны элемент агульнай падачы думкі. Напрыклад, апавяданнем можа выкладацца гісторыя навуковага адкрыцця.

Пералічаныя тыпы маўлення павінны ўжывацца ў цеснай узаемасувязі ў функцыянальных стылях. Іх умелае спалучэнне ў адпаведных прапорцыях дазваляе пабудаваць лагічны і доказны змест.

У тэксты навуковага стылю ўключаюцца вербальныя і невербальныя сродкі. Вербальныя — гэта такія асобныя моўныя адзінкі, як літары і словы. Невербальныя — дадатковыя сістэмныя элементы: знакі прыпынку, сімвалы, лічбы, графікі, чарцяжы, табліцы і г. д. У некаторых навуковых працах вербальныя сродкі з’яўляюцца асноўным спосабам інфармацыйнага афармлення думак: філасофія, гісторыя, мова. Для іншых жа дысцыплін уласціва цеснае перапляценне вербальных і невербальных: эканоміка, хімія, фізіка. Амаль самастойна невербальныя сродкі сустракаюцца, напрыклад, у чарчэнні, інжынернай графіцы і інш., дзе асноўная інфармацыя закладзена ў чарцяжы, графічным адлюстраванні рэчаіснасці.

Навуковы тэкст — гэта вынік маўленчай або мысліцельнай дзейнасці асобы, які фіксуецца пісьмова ці выкладаецца вусна. Усе структурныя элементы навуковага тэксту (абзацы, параграфы, тэмы, раздзелы) павінны аб’ядноўвацца ў адзінае цэлае не толькі агульнай назвай, загалоўкам, але і стылявым адзінствам, мэтанакіраванасцю разгортвання доказнага зместу.

Асноўная форма існавання такога тэксту — пісьмовая, маналагічная. Але рэалізавацца навуковая праца можа і вусна, напрыклад, у дакладзе, выступленні і інш.

Рэферат — гэта сціслая перадача асноўнага зместу навуковай адзінкі: кнігі, тэмы, артыкула, працы. Рэферат лічыцца пісьмовай формай разгортвання думкі, але пажадана пры падрыхтоўцы выкарыстоўваць некалькі літаратурных крыніц, выказваць свае ўласныя меркаванні і адносіны да асвятляемай праблемы. Рэфератам называюць яшчэ і даклад, які рыхтуецца на аснове ўражанняў ад прачытанага: кніг, артыкулаў, публікацый і інш. Можна падрыхтаваць і агучыць даклад на аснове пісьмовага рэферата, улічваючы асабісты вопыт, уласныя погляды.

Да навуковага стылю адносіцца і такі сціслы жанр, як анатацыя, якая змяшчаецца ў пачатку або ў канцы кнігі і з’яўляецца каштоўнай крыніцай інфармацыі для чытача. Анатацыя — кароткі выклад зместу і яго характарыстыка. Такі від пісьмовай працы звычайна дае ўяўленне пра змест кнігі, характарызуе яго, а таксама можа паведамляць пра аўтара, час напісання, эпоху і г. д.

Выкладанню зместу або сутнасці працы, прамовы (навуковай, грамадскай) прысвечана і рэзюме. Яно абазначае яшчэ і кароткі вывад са сказанага, падагульненне, заключэнне. У сучасны момант выкарыстанне гэтага паняцця пашыраецца не толькі ў навуковым маўленні, але і ў іншых напрамках. Гэтым тэрмінам называюць у справавых або прафесійных зносінах аўтабіяграфію, таму што яна ўяўляе сабой своеасаблівае падагульненне дзейнасці чалавека. Выкарыстоўваюць і тады, калі неабходна падвесці вынік, зрабіць важны вывад.

Навуковы стыль па сваіх функцыянальных і моўных якасцях набліжаецца да афіцыйна-справавога, бо іх аб’ядноўвае пераважна пісьмовая маналагічная форма існавання, сцісласць і неэмацыянальнасць у перадачы зместу. Узаемазвязаныя стылі выкарыстоўваюць значную колькасць абстрактнай і тэрміналагічнай лексікі, пазбягаюць слоў пераноснага значэння, змяшчаюць сказы з прамым парадкам слоў, аднароднымі і адасобленымі членамі.

 

ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

 

1. Што называецца стылем мовы? Чаму стылі называюцца функцыянальнымі?

2. Якія з функцыянальных стыляў узаемазвязаны паміж сабой? Чаму?

3. У якіх сітуацыях выкарыстоўваецца гутарковы стыль? Якія асаблівасці яго сінтаксісу і лексікі можаце назваць?

4. Якія функцыі выконвае мастацкі стыль? Якія прыклады яго выкарыстання ў сучасны момант?

5. Ці можна назваць публіцыстычны стыль універсальным? Якія функцыі ён выконвае ў грамадстве?

6. Якія моўныя сродкі ўласцівы толькі афіцыйна-справавому стылю?

7. Што называюць моўнымі штампамі або канцылярызмамі? Якія моўныя штампы прысутнічаюць у заяве, даручэнні, даведцы?

8. Якім функцыянальным стылям уласцівы дыялектызмы, жарганізмы, фразеалагізмы? Ці сустракаюцца такія сродкі ў мове дакументаў?

9. Што называецца дакументам? Чаму дакументы выконваюць камунікатыўную, культурную і сацыяльную функцыі?

10.У якіх дакументах выкарыстоўваюцца ўласныя назоўнікі?

11. Якая розніца ва ўжыванні лексікі і сінтаксісу ў афіцыйна-справавым і публіцыстычным стылях?

12. Якія функцыі навуковага стылю? Дзе ён выкарыстоўваецца?

13. Якія групы слоў складаюць лексіку навуковага тэксту? Ці адрозніваецца лексіка навукова-папулярнага стылю ад лексікі навукова-тэхнічнага?

14. Які тып маўлення з’яўляецца асноўным у навуковым тэксце? Чаму?

15. Якім навуковым тэкстам найбольш характэрны невербальныя сродкі? Якую ролю яны адыгрываюць у матэматыцы і інжынернай графіцы?

16. Што называецца навуковым тэкстам? У чым адрозненне паміж пісьмовым і вусным навуковым тэкстам?

17. Што называецца анатацыяй? Дзе выкарыстоўваецца рэзюме? У чым заключаецца адрозненне паміж рэфератам і дакладам?

 

Заданне 1. Прачытайце наступныя азначэнні стылю, якія падаюцца энцыклапедычнымі слоўнікамі, і ахарактарызуйце іх. У чым заключаецца адрозненне паміж імі?

 

1. Сукупнасць прыкмет, якія характарызуюць мастацтва пэўнага часу і напрамку з боку ідэйнага зместу мастацкай формы. Гатычны стыль. Стылі ў жывапісе.

2. Моўныя сродкі, характэрныя для якога-небудзь пісьменніка або літаратурнага твора, жанру, напрамку; сукупнасць прыёмаў выкарыстання такіх сродкаў. Стыль Коласа. Газетны стыль.

3. Метад, характар якой-небудзь работы, дзейнасці. Стыль работы. Плаваць стылем “брас”.

4. Манера паводзіць сябе, гаварыць, адзявацца і пад. Модны стыль. Спартыўны стыль. (ТСБМ)

 

Заданне 2. Прачытайце вершаваныя радкі, якія з’яўляюцца мараллю ў байках Кандрата Крапівы. Якія байкі аўтара заканчваюцца дадзенымі радкамі? Да якога стылю адносяцца байкі? Чым яны адрозніваюцца ад іншых вершаваных твораў?

 

1. Ва ўстановах часам ёсць

Вось такія ж “бабы”:

Здэцца, й робяць яны штось,

Але справы слабы.

 

Ды такая не ўцячэ!

Скажам ёй нарэшце:

Мо без вас было б лягчэй?

Паспрабуйце злезці!

 

2. Другі баран — ні “бэ”, ні “мя”,

А любіць гучнае імя.

 

3. У падхалімаў так вядзецца век-вяком!

Ці б’е начальства ў цэль, ці шле “за малаком”,

Ды знойдуцца заўсёды Івановы,

Што памахаць яму гатовы.

 

Заданне 3. Дзе і з якой мэтай могуць выкарыстоўвацца пералічаныя ўмоўныя скарачэнні? У тэкстах якіх стыляў яны сустракаюцца?

 

Гідраўл. — гідраўліка

дар. — дарожнае будаўніцтва

д. маш. — дэталі машын

зв. — зварка

кер. — кераміка

рлн — радыёэлектроніка

т. трыв. — тэорыя трываласці

харч. — харчовая прамысловасць

эл. — электратэхніка

шкл. — тэхналогія шкла

элн — электроніка

мех. — механіка

інф. — інфарматыка

выліч. — вылічальная тэхніка

аўт. — аўтаматыка

 

Заданне 4. Прачытайце наступныя паняцці. У якіх функцыянальных стылях яны выкарыстоўваюцца? Растлумачце адрозненне паміж значэннямі тэрмінаў.

 

Басейн глыбакаводны; басейн акумуліруючы; басейн артэзіянскі; басейн запасны; басейн каменнавугальны; басейн партовы; басейн прамывачны; басейн ахалоджвальны; басейн сартавальны; басейн суднарамонтны; басейн вугальны; басейн зборны; басейн фантана; басейн доследны гравітацыйны.

 

Заданне 5. Прачытайце тэксты, вызначце іх стыль. Ахарактарызуйце моўныя асаблівасці кожнага тэксту. Якія з тэкстаў можна аднесці да апісання, апавядання ці разважання?

 

1. Маса — 1. Колькасць рэчыва ў якім-небудзь прадмеце, а таксама само рэчыва, з якога складаецца прадмет. 2. У фізіцы: велічыня, якой вымяраецца колькасць рэчыва ў целе. 3. Бясформеннае рэчыва, вадкая або паўвадкая сумесь. 4. Вялікая колькасць, мноства чаго-небудзь. 5. Шырокія слаі працоўных; народ. (А.Я. Баханькоў, І.М. Гайдукевіч, П.П. Шуба)

 

2. Беларускія вучоныя

Беларускія вучоныя, дзеячы культуры ўнеслі свой уклад у развіццё многіх галін навукі, асабліва матэматыкі, фізікі, хіміі, геаграфіі, фізіка-тэхнічных навук і інш. Меліся дасягненні ў развіцці літаратуры і мастацтва. Перш за ўсё ў іх знайшло адлюстраванне духоўнае жыццё грамадства, звесткі аб якім складаюць важную каштоўнасць для гісторыі. У творах пісьменнікаў і мастакоў знайшлі адлюстраванне праўдзівыя старонкі жыцця грамадства, думкі і імкненн