МІНСК 2004
МІНІСТЭРСТВА СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРКІ І ХАРЧАВАННЯ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
ГАЛОЎНАЕ ЎПРАЎЛЕННЕ АДУКАЦЫІ
НАВУКІ І КАДРАЎ
БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ АГРАРНЫ ТЭХНІЧНЫ УНІВЕРСІТЭТ
Кафедра беларускай і рускай моў
Дапаможнік па курсу
“Беларуская мова. Прафесійная лексіка”
МІНСК 2004
“Дапаможнік па курсу “Беларуская мова. Прафесійная лексіка” падрыхтаваны на аснове тыпавой праграмы “Беларуская мова. Прафесійная лексіка” і базавай “Беларуская мова. Прафесійна-справавыя зносіны”. Прызначаецца студэнтам дзённага і завочнага аддзяленняў І і ІІ курсаў усіх факультэтаў.
Дапаможнік ахоплівае такія пытанні, як гісторыя развіцця мовы, культура мовы і стылістыка, роля самастойных і службовых часцін мовы ў навуковых тэкстах. Шмат пытанняў адводзіцца тэрміналогіі.
Кожны раздзел мае сваю структуру: тэарэтычную частку, пытанні і заданні. Прадстаўленая тэарэтычная частка “Дапаможніка” дазваляе самастойна вывучаць раздзелы курса, а прыведзеныя пытанні і заданні памогуць на практыцы прымяняць засвоеныя веды.
Выкарыстанне дадзенай метадычнай распрацоўкі дапаможа студэнтам засвоіць вучэбны матэрыял курса “Беларуская мова. Прафесійная лексіка”, палепшыць моўную адукаванасць, павялічыць прафесійны слоўнікавы запас.
“Дапаможнік па курсу “Беларуская мова. Прафесійная лексіка” разгледжаны на пасяджэнні Метадычнага савета факультэта прадпрымальніцтва і кіравання і рэкамендаваны да друку на ратапрынце БДАТУ для выкарыстання ў вучэбным працэсе.
Пратакол № 10 ад 24 чэрвеня 2004 года.
Складальнікі: канд. філ. навук, дацэнт Занкавіч А.П., ст. выкладчык Капусціч Т.М., ст. выкладчык Смалянка Г.А.
Рэцэнзенты: ст. выкладчык кафедры БНТУ Дземідовіч Г.П., ст. выкладчык кафедры БДАТУ Касцюшкіна Л.А.
РАЗДЗЕЛ І. МОВА Ў ЖЫЦЦІ ГРАМАДСТВА
Роля мовы ў жыцці чалавека і грамадства
Мова —найважнейшы сродак зносін паміж людзьмі. Дзеля таго каб існаваць, людзі павінны дамовіцца паміж сабою пра супольныя справы, размеркаванне абавязкаў, пра вызначэнне агульных планаў і г. д. Ажыццяўленне падобнага тыпу патрэб і дасягаецца пры дапамозе мовы. Мова ўзнікае з настойлівай патрэбы грамадства і ў грамадстве, гэта —сацыяльная з’ява.
Для таго каб служыць сродкам зносін, мова павінна выказваць усё, што мы ведаем пра навакольны свет, грамадства і яго развіццё, пра сябе і нават пра саму мову. Таму ў моўных сродках замацоўваецца каласальная праца чалавецтва ў пазнанні свету.
Так, у слове “пяць” замацавана і здольнасць чалавека лічыць прадметы і падзеі, і здольнасць адцягваць паняцце лічбы ад канкрэтных прадметаў, якія падлічваюцца (пяць чалавек, пяць вагонаў), і здольнасць ажыццяўляць з гэтымі адцягненымі лічбамі пэўныя аперацыі, напрыклад, складанне ці ўзвядзенне ў ступень і г. д. Пазнанне свету працягвалася тысячагоддзі, і замацаванне ў мове вынікаў гэтай працы азначала ўкараненне адпаведных ведаў у свядомасць, быт. Таму мова не проста сродак зносін, але і помнік велізарнай духоўнай працы мінулых пакаленняў.
Грамадскае прызначэнне мовы рэалізуецца і раскрываецца праз яе сацыяльныя функцыі. Сучаснае грамадства дазваляе чалавеку і нават прымушае яго ўключацца ў вялікую колькасці відаў зносін. Яны патрабуюць адпаведнай колькасці моў. Не абмяжоўваюцца адной мовай і зносіны ўнутрынацыянальныя.
Унутраная складанасць зносін у сучасным грамадстве адлюстроўваецца, у прыватнасці, у шматзначным ужыванні слова мова: мова родная і чужая, літаратураная і дыялектная, нацыянальная і міжнацыянальная, паэтычная і машынная, мова пісьменніка і мова вуліцы, музыкі і жывапісу, навукі і канцылярыі і г. д.
Патрэбныя чалавеку мовы —не простая сукупнасць разнастайных сродкаў зносін, а пэўная сістэма моў розных тыпаў. На кожным грамадска-гістарычным этапе яна адлюстроўвае развітасць унутраных і знешніх сувязей сям’і, нацыі, народа, краіны і накіроўвае асобу, памагае ёй авалодаць духоўнымі багаццямі грамадства, яго культурай. Спроба аб’ектыўна акрэсліць грамадскі ідэал развітай у моўных адносінах асобы вядзе да вылучэння наступных відаў канкрэтных моўных патрэб, цесна звязаных з кантэкстам сучаснай культуры грамадства.
Па-першае, гэта патрэба ў чалавечай мове як сродку пераўтварэння біялагічнай істоты чалавека ў істоту сацыяльную. Мова маці, мова сям’і, мова першаснага асяроддзя, незалежна ад яе этнічнай або сацыяльнай адметнасці ўвасабляюць другую сігнальную сістэму і даюць магчымасць дзіцяці стаць асобай, далучыцца да роду чалавечага. Патрэба гэта самая жыццёвая з усіх відаў чалавечых патрэб. З ёю ў вялікай ступені звязана інтэлектуальнае развіццё асобы.
Па-другое, патрэба ў этнамове, мове роднай, нацыянальнай, у форме якой толькі і можа рэалізавацца і існаваць чалавечая мова.
Па-трэцяе, патрэба ў мове (або мовах) міжнацыянальных зносін у шматнацыянальным грамадстве ці арганізацыях.
Па-чацвёртае, патрэба ў сацыяльных дыялектах, што існуюць у межах нацыянальных моў. Гэта прафесійныя мовы, мовы навукі, спецыфічныя “падмовы” культуры (фальклор, узроставыя і прафесійныя жаргоны і г. д.).
Па-пятае, патрэба ў разнастайных замежных мовах. Веданне замежных моў пашырае кругагляд асобы, запяспечвае разнастайныя інтэрнацыяльныя зносіны, азнаямленне з вопытам іншых народаў і дасягненнямі іх культуры.
Па-шостае, патрэба ў фармалізаваных мовах, што забяспечваюць чалавеку доступ да ЭВМ, складанай сучаснай тэхнікі, а значыць, і да актыўнага, свядомага, прадуктыўнага выкарыстання самай разнастайнай інфармацыі ў сферах сучаснай вытворчасці, навуковых даследаванняў, навучання і адукацыі, кіраўніцкай дзейнасці, прагназавання сацыяльных падзей.
Па-сёмае, патрэба ў так званых другасных мадэлюючых сістэмах — мовах музыкі, кіно, жывапісу, архітэктуры і іншых мастацтваў, г. зн. Разнастайных вынайдзеных людзьмі знакавых сістэмах, прызначэнне якіх — забяспечыць удзел асобы ў духоўна-культурным развіцці грамадства, яго маральнай і мастацкай эвалюцыі.
Нарэшце, існуе і грамадская патрэба ў агульналінгвістычнай адукаванасці. Веданне тэарэтычных асноў мовазнаўства (як і асноў фізікі, біялогіі і г. д.) — адзін з фактараў выпрацоўкі навуковага светапогляду.
Аддаючы належнае ўсім відам моўнай адукацыі і моўнага выхавання чалавека, усёй мнагаграннасці моўных патрэб грамадства і асобы, трэба асабліва вылучыць як адну з найбольш значных патрэбу ў этнамове. З першых дзён свайго жыцця індывідуум пачынае авалодваць грамадска-гістарычным вопытам чалавецтва ў той канкрэтнай форме, якую забяспечвае яму першая — родная — мова. Паўнацэннае валоданне роднай мовай — гэта не што іншае, як валоданне сацыяльнымі, інтэлектуальнымі, маральнымі, эстэтычнымі і іншымі каштоўнасцямі.
Родная мова засвойваецца ва ўсіх асноўных формах яе бытавання (літаратурная мова і яе функцыянальна-стылістычныя разнавіднасці) і звязаных з імі жанрах вуснага і пісьмовага маўлення на роднай, нацыянальнай мове. Авалоданне нацыянальнай мовай — неабходная перадумова сацыялізацыі асобы, фарміравання яе самасвядомасці, далейшага ўваходжання ў шматнацыянальны свет, у шматмоўную сістэму міжнароднай камунікацыі.