У феадальную эпоху галоўным сродкам вытворчасці была зямля. Манапольнае права ўласнасці на зямлю належала феадалам. Сяляне з’яўляліся землекарыстальнікамі.

Сацыяльна-эканамічнае развіццё ВКЛ

 

1. Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускай вёскі ў XIV-XV стст.

2. Станаўленне фальваркава-паншчыннай сістэмы. Юрыдычнае афармленне прыгоннага права.

3. Беларуская вёска ў другой палове XVІІ-XVІІІ ст. Сялянскія паўстанні.

4. Беларускі горад у XIV- першай палове XVІІ ст. Магдэбургскае права.

5. Гаспадарчае жыццё гарадоў у другой палове XVІІ-XVІІІ ст. Сацыяльныя канфлікты.

6. Станы-саслоўі феадальнага грамадства.

 

Першапачаткова вярхоўным уласнікам усёй зямлі лічыўся вялікі князь літоўскі, аднак паколькі ён не зрабіўся спадчынным манархам, гаспадарскія маёнткі набылі характар дзяржаўных і абслугоўвалі патрэбы не толькі велікакняжацкага двара, але і ўсёй дзяржавы.

3 канца XIV ст. побач з велікакняскай (дзяржаўнай) стала прызнавацца і прыватная ўласнасць на зямлю. Свой уласны дамен меў вялікі літоўскі князь. Яго землі былі раскіданы па ўсёй краіне і складалі аснову асабістых даходаў, якія выкарыстоўваліся на вядзенне войнаў і іншыя дзяржаўныя патрэбы. Акрамя вялікага князя, землямі на правах уласнасці валодалі прадстаўнікі старадаўніх княжацкіх родаў. Яны маглі перадаваць маёнткі ў спадчыну. Самую шматлікую групу феадалаў складала служылае баярства, якое валодала зямлёй умоўна. З цягам часу ўсе феадалы ў ВКЛ на польскі манер сталі называцца шляхтай.

Землеўласнікам у ВКЛ лічылася таксама царква. Царкоўныя (манастырскія) ўладанні ўзнікалі на вольных землях, а таксама пашыраліся за кошт падараванняў вялікіх князёў.

Паступова ўся зямля ў ВКЛ стала падзяляцца на катэгорыі ў залежнасці ад таго, хто з’яўляўся яе ўладальнікам. Была зямля дзяржаўная (гаспадарская), прыватнаўласніцкая і царкоўная. Сяляне, якія жылі на гэтых землях, адпаведна называліся дзяржаўнымі, прыватнымі, царкоўнымі.

Кожная сялянская сям’я звычайна мела зямельны надзел і вяла сваю гаспадарку. Такую сялянскую гаспадарку называлі “дымам”. Сяляне аднаго сяла ўтваралі абшчыну (“грамаду”). Некалькі суседніх абшчын – воласць. Сенажаці, лясы, выганы для жывёлы знаходзіліся ў агульным карыстанні абшчыны.

За зямлю, якую сяляне атрымлівалі ў карыстанне, яны плацілі падаткі і выконвалі розныя павіннасці. Гэта была іх “служба”. Падаткі ўстанаўліваліся на кожны “дым”, але адказнасць за іх своечасовую выплату ў поўным аб’ёме несла абшчына ў цэлым (“кругавая парука”).

Да канца XV ст. асноўнай формай рэнты было “дзякла” (плата збожжам, мясам, мёдам і г.д.). Сялян, якія выконвалі гэтую павіннасць, называлі “даннікамі”. Некаторых сялян феадалы прымушалі плаціць чынш. Такіх сялян называлі “асаднымі” ці “чыншавікамі”. Вельмі пашыранай формай рэнты была паншчына. Сялян, якія выконвалі такую павіннасць называлі “цяглымі”. Акрамя асноўных павіннасцей сяляне выконвалі дадатковыя: талокі – сезонныя гаспадарчыя работы, а таксама гвалты (згоны) – тэрміновыя работы, прывязаныя да пэўных выпадкаў (рамонт дарог, аблава звяроў і г.д.).

Мелася значная група сялян-слуг, якія выконвалі розныя спецыяльныя работы. Сярод іх вылучаліся “зямяне” ці “баяры” (ваенна-служылы люд), леснікі, асочнікі, бортнікі, конюхі, рыбаловы. Да слуг прымыкалі сельскія рамеснікі.

У залежнасці ад ступені асабістай свабоды сяляне падзяляліся на “пахожых” і “непахожых”. Пахожыя сяляне мелі права пераходу ад аднага ўладара да другога. Непахожыя сяляне лічыліся старажыхарамі і правам сыходу з абшчыны не валодалі. Разам з тым непахожыя сяляне не з’яўляліся асабіста залежнымі ад феадала.

Поўнай уласнасцю феадалаў была чэлядзь нявольная.Яна не вяла сваёй ўласнай гаспадаркі і жыла пры двары феадала. Крыніцы набору гэтага саслоўя былі наступнымі: купля-продаж, шлюб з нявольным чалавекам, нараджэнне ў няволі, пакаранне за злачынства. Акрамя працы на полі чэлядзь выконвала і іншыя функцыі ў гаспадарцы: апрацоўвала агароды, сады, пасвіла статкі. Утрымлівалася чэлядзь нявольная месячынай, якая была формай аплаты яе працы. Месячыну плацілі ў асноўным хлебам, які адпускаўся з запасаў гаспадарскага двара. Чэлядзь пазбаўлялася волі пераездаў і права ўладкавання свайго лёсу, яна не мела маёмасці і правоў абароны.

Важнейшымі заняткамі жыхароў беларускай вёскі з’яўляліся земляробства і жывёлагадоўля. У XІV-XV стст. на большай частцы Беларусі пашыраўся трохпольны севазварот, які дазваляў павялічыць вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі. Пры гэтай сістэме ворная зямля дзялілася на тры часткі. Адна засявалася яравымі культурамі, другая – азімымі, а трэцяя заставалася не засеянай (пад папарам). Яна “адпачывала” і аднаўляла сваю ўрадлівасць. Больш прадукцыйнымі сталі сельскагаспадарчыя прылады – саха і плуг. У якасці цяглавай сілы выкарыстоўваліся коні і валы. Убіралі ўраджай сярпамі, касой-гарбушай, снапы малацілі драўлянымі цапамі. Зерне малолі ў ручных жорнах. З канца XV ст. на Беларусі пачалі распаўсюджвацца ветракі. Сярод збожжавых культур па-ранейшаму першае месца належала жыту. Сеялі таксама пшаніцу, ячмень, авёс, проса, боб, гарох, лён, каноплі. У гаспадарках расло пагалоўе жывёлы, павялічвалася колькасць свойскай птушкі.

У гаспадарчым жыцці па-ранейшаму панаваў натуральны ўклад. Сяляне самі выраблялі неабходныя ім прылады працы, будавалі дамы, ткалі палатно.