Навуковыя, вучэбныя і прыватныя бібліятэкі Беларусі ў XVI – XVIII стст.

Пытанні для самакантролю

1. Што спрыяла развіццю бібліятэк у Вялікім княстве Літоўскім?

2. Назавіце буйнейшыя манастырскія і царкоўныя бібліятэкі Беларусі і вызначце іх ролю?

3. Якія самыя раннія інвентарныя вопісы манастырскіх бібліятэк вы ведаеце?

4. З чым былі звязаны асаблівасці фармавання кніжных фондаў манастырскіх бібліятэк Беларусі?

5. Кім быў заснаваны Супрасльскі Благавешчанскі манастыр, які стаў буйнейшым праваслаўным кніжным цэнтрам?

6. Дзе сёння захоўваюцца кнігі з бібліятэкі Супрасльскага Благавешчанскага манастыра і калі пачаўся працэс яго аднаўлення і рэканструкцыі бібліятэкі?

7. Што вы ведаеце пра гісторыю заснавання і дзейнасці бібліятэкі Жыровіцкага манастыра?

8. Дзе сёння захоўваюцца кнігі з бібліятэкі Жыровіцкага манастыра і калі пачалося ўзнаўленне дзейнасці бібліятэкі?

9. Да якога часу адносіцца першае ўпамінанне аб “рускай бібліятэцы” ў замежным друку, у сувязі з якімі падзеямі яно з’явілася?

10. Што вам вядома пра гісторыю страты і вывучэння бібліятэкі Полацкага Сафійскага сабора?

11. Бібліятэкі якіх каталіцкіх і уніяцкіх кляштараў вам вядомы?

12. Хто ажыццяўляў цэнзуру кніг і бібліятэк у Вялікім княстве Літоўскім?

 

Бібліятэкі духоўных навучальных устаноў. На Беларусі былі шырока распаўсюджаны навучальныя установы магутнейшага каталіцкага ордэна – ордэна езуітаў, якія стварылі свае калегіумы амаль ва ўсіх буйнейшых гарадах: Вільні, Полацку, Нясвіжы, Новагародку, Менску, Оршы, Магілёве, Брэсце, Гародні, Віцебску. Гэта мела вялікае значэнне для пашырэння ў Беларусі асветы, знаёмства беларускага грамадства з дасягненнямі заходнееўрапейскіх навук, падрыхтоўкі нацыянальнай інтэлігенцыі і адначасова садзейнічала ўмацаванню каталіцкай царквы.

У 1570 г. быў арганізаваны Віленскі езуіцкі калегіум, пераўтвораны ў 1579 г. у акадэмію з правамі універсітэта. Бібліятэка калегіума, акадэміі, універсітэта была на працягу амаль 200 гадоў адной з буйнейшых і значнейшых бібліятэк на тэрыторыі Літвы і Беларусі. У 1579 г. яе фонд складаў 4,5 тысячы тамоў. У 1773 г. яна налічвала 11 тыс. экз. кніг, у асноўным рэлігійнага зместу на латыні. Акадэмія мела сваю друкарню, перададзеную Мікалаем Радзівілам Сіроткай. Значную матэрыяльную падтрымку ВНУ аказваў сын беларускага дзяржаўнага дзеяча Льва Сапегі – Казімір Леў Сапега, які перадаў сюды каштоўную бібліятэку, а таксама спрыяў адкрыццю ў 1641 г. юрыдычнага факультэта. Дарэчы, на сродкі мсціслаўскай кашталянкі Лізаветы Пузына ў акадэміі была заснавана астранамічная абсерваторыя. Ахвяравалі на бібліятэку польскі кароль і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст, віленскі біскуп В.Пратасевіч. Бібліятэка атрымлівала абавязковы экземпляр з уласнай друкарні, а з 1780 г. – з усіх друкарняў ВКЛ. У бібліятэцы вяліся каталогі, кніжны фонд расстаўляўся па 18 аддзяленнях у адпаведнасці з галінамі навук. З 1783 г. Віленская езуіцкая акадэмія – галоўная вышэйшая школа ВКЛ, якая стала насіць амаль свецкі характар. З 1803 г. ВНУ набыла афіцыйны статус універсітэта, у якім дзейнічала 4 факультэты: маральных і палітычных навук, фізіка-матэматычны, медыцынскі, літаратурны і вольных мастацтваў. Карысталіся бібліятэкай прафесары і студэнты універсітэта.

У бібліятэцы захоўваліся рэдкія выданні і рукапісы: твор М.Каперніка “Пра абарачэнне нябесных сфер”, працы Пталамея, Арыстоцеля, Р.Дэкарта, старажытныя пергаменныя кнігі (Псалтыры на царкоўнаславянскай мове, Слуцкі спіс XVI ст. Статута ВКЛ 1529 г. і інш.). Пачынаючы з канца XVIII ст. пачалі стварацца адносна самастойныя кнігазборы факультэтаў. У 1805 г. бібліятэка дазволіла карыстанне сваімі фондамі і іншым пабочным асобам. У 1831 г. універсітэт быў зачынены, а кніжныя фонды падзелены паміж Медыка-хірургічнай і Духоўнай акадэміямі, частка кніг была перададзена Беларускай навучальнай акрузе, Кіеўскаму і Харкаўскаму універсітэтам. Толькі ў 1919 г. была адноўлена дзейнасць універсітэта і бібліятэка некаторыя свае кнігазборы. У 1930-я гг. фонд бібліятэкі складаў 200 тыс. тамоў. У 1985 г. – 4,5 млн., сярод якіх 180 тыс. старадрукаў (312 інкунабул), 189 тыс. рукапісаў, 66 тыс. бібліяграфічных і інфармацыйных выданняў.

З канца XVI ст. і да 1820 г. існавала бібліятэка Полацкага езуіцкага калегіума, пераўтворанага ў 1812 г. у акадэмію. На 1811 г. налічвала каля 40 тыс. тамоў. Складалася з галоўнай, навуковай і польскай бібліятэк. У ХІХ ст. – гэта найбуйнейшы кнігазбор Беларусі, у якім зберагаліся каралеўскія граматы, старажытныя рукапісы, каля 90 Біблій XVI–XVII стст. Аснову фонда складалі выданні XVI–XVIII стст. на польскай, лацінскай, французскай, нямецкай мовах, сярод якіх – творы Арыстоцеля (1562), Эразма Ратэрдамскага (1682). Значная частка кнігазбору належала літаратуры, выдадзенай на Беларусі: лекцыі Феафана пракаповіч (Магілёў, 1786), выданні Полацкай езуіцкай акадэміі, яе перыядычнае выданне “Месячнік Полацкі”), календары. Пасля закрыцця акадэміі яе кнігазбор быў перададзены манаскаму ордэну полацкіх піяраў.

У 1830 г. піяры былі пераведзены з Полацка ў Вільню, а кнігазборы бібліятэкі часткамі перададзены бібліятэцы Полацкага кадэцкага корпусу (2080 кніг па дакладных навуках у 1915 г. вывезены ў Сімбірск), Публічнай бібліятэцы ў С.-Пецярбург (389 старажрукаў), бібліятэкам беларускіх гімназій (10 тыс. тамоў). Значную частку фондаў атрымала Віцебская духоўная семінарыя. Якая ў 1900 г. перадала яе бібліятэцы Кіеўскай духоўнай акадэміі.

Са зменамі ў эканамічным жыцці Рэчы Паспалітай узнікае патрэбнасць у спецыяльных навучальных установах. У 1775 г. магнатам і мецэнатам Антонем Тызенгаўзам у Гродне была адкрыта медыцынская школа (акадэмія), якой кіраваў французскі вучоны Жак Эмануіл Жылібер. Па яго ініцыятыве былі створаны кабінет прародазнаўства і гісторыі, анатамічны тэатр, музей, батанічны сад і багатая па тым часе бібліятэка прыродазнаўчай і медыцынскай літаратуры. Жылібер таксама прывёз у Гродна ўласную бібліятэку. Такім чынам, у Гродне з’явілася першая навуковая медыцынская бібліятэка Беларусі. За няпоўных 6 гадоў яе існавання, яна адыграла значную ролю ў развіцці мясцовага прыродазнаўства і медыцыны. У 1781 г. медыцынская акадэмія была пераведзена ў Вільню. На той час фонд бібліятэкі складаў 3 тыс. экз. – гэта былі “ўсе неабходныя для навукі кніжкі”, “французская энцыклапедыя і мноства найноўшых прац, выдадзеных у Францыі і Германіі ў галіне медыцыны і натуральнай гісторыі”.

У 40-х гадах XVIII ст. па ініцыятыве польскага асветніцтва ў Рэчы Паспалітай была праведзена рэформа адукацыі. У першую чаргу былі перабудаваны школы манаскага ордэну піяраў, ўведзена польская мова замест латыні, прыродазнаўчыя і гістарычныя навукі, скараціўся курс тэалогіі, надавалася большае значэнне эстэтычнаму і фізічнаму выхаванню вучняў. Змены ў характары навучання аказалі ўплыў і фармаванне кніжных фондаў бібліятэк піярскіх школ, у якіх стала збірацца і свецкая літаратура. Так, у бібліятэцы піярскай школы пры манастыры ў Шчучыне ў XVIII ст. налічвалася амаль 1500 кніг, сярод якіх пераважала прыродазнаўчая, матэматычная, медыцынская літаратура; былі творы Гамера, Гарацыя, Плутарха, Ціта Лівія, Вальтэра, Мантэск’ё.

У канцы XVIII ст. на тэрыторыі Беларусі акрамя езуітаў і піяраў свае вучэльні мелі базыльяне, дамініканцы, кармеліты і іншыя каталіцкія ордэны – усяго налічвалася 37 вучэльняў, якія мелі свае бібліятэкі. Значную частку ў іх фондах займалі польскамоўныя падручнікі, у тым ліку, выданні Полацкай і Віленскай езуіцкіх акадэмій. Праўда, навучанне было платнае, таму мелі магчымасць вучыцца і карыстацца бібліятэкамі толькі багатыя дваране. Наяўнасць на беларускіх землях вялікай колькасці вузкасаслоўных (дваранскіх) духоўных навучальных устаноў – спецыфічная для гісторыі асветы Беларусі з’ява.

Што тычыцца бясплатнага агульнадаступнага навучання, то і яно мела месца ў часы ВКЛ. Так, у канцы XVI–XVIII стст. у Беларусі ствараліся праваслаўныя брацкія школы, пры якіх дзейнічалі друкарні, бібліятэкі. Першыя брацкія школы з’явіліся ў Вільні (каля 1584 г.), Магілёве (1590 г.), Берасці (1591 г.), Менску (1612 г.), Пінску, Слуцку, Львове, Кіеве, Луцку і інш. Ствараліся звычайна пры манастырах і цэрквах. Брацтвы адыгралі значную ролю ў правядзенні культурна-асветніцкай дзейнасці, у пашырэнні і дэмакратызацыі адукацыі, літаратуры, музыкі, іканапісу, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, школьнага тэатру і г.д.

Аснову фонда брацкіх бібліятэк складалі галоўным чынам выданні брацкіх друкарняў. Найбольш значнымі былі бібліятэкі Віленскай, Магілёўскай, Берасцейскай, Менскай і Полацкай школ. У арганізацыі школ і бібліятэк значную дапамогу аказвалі Віленскае і Львоўскае брацтвы. Праз брацкія бібліятэкі распаўсюджвалася рэлігійна-палемічная антыкаталіцкая публіцыстыка. Аднак у канцы XVII – пачатку XVIII ст. большасць брацкіх школ, друкарняў і бібліятэк былі разгромлены і перасталі дзейнічаць. Адукацыя стала ў Беларусі манаполіяй каталіцкіх манаскіх ордэнаў.

У 1773 г. сеймам Рэчы Паспалітай была створана Адукацыйная камісія, першае Міністэрства адукацыі ў Еўропе. У Беларусі дзякуючы дзейнасці Адукацыйнай камісіі было адкрыта 20 школ, пры якіх існавалі і невялікія бібліятэкі свецкага кірунку. Нягледзячы на іх нешматлікасць і кароткі тэрмін дзейнасці, яны адыгралі пэўную дадатную ролю ў распаўсюджанні ведаў.

Пасля таго, як Беларусь у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай увайшла ў склад Расійскай імперыі, на яе тэрыторыі працягвалі функцыянаваць школы і бібліятэкі некаторых каталіцкіх ордэнаў, аднак іх колькасць значна памяншалася.

У канцы XVIII ст. у адпаведнасці з новым школьным статутам 1786 г. Расійскай імперыі ў шэрагу гарадоў Беларусі адкрываюцца народныя вучылішчы (галоўныя – чатырохкласныя і малыя – двухкласныя) у Магілёве, Полацку, Віцебску, Оршы, Копысі, Чэрыкаве, Чаусах і Мсціслаўлі, у якіх прадугледжвалася вывучэнне рускай мовы, гісторыі і геаграфіі. З ростам колькасці народных вучылішч павялічваецца і колькасць бібліятэк у іх. Бібліятэкі народных вучылішч утрымліваліся за кошт прыказаў грамадскай апекі, падбор кніг і іх распаўсюджанне ажыццяўлялі настаўнікі. Так, бібліятэка Полацкага народнага вучылішча ў 90-я гг XVIII ст. налічвала ў сваім фондзе 425 назваў кніг. Большую іх частку складалі творы рускай і заходнееўрапейскай літаратуры, творы па філасофіі і прыродазнаўстве. Толькі 7% – літаратура багаслоўскага зместу. У гэтай бібліятэцы былі творы М.В.Ламаносава, Вальтэра, Ж.-Ж.Русо, асобныя нумары часопісаў М.І.Навікова, працы рускіх філосафаў і матэматыкаў. Падобны склад фонду быў і ў бібліятэках Віцебскага, Магілёўскага і іншых народных вучылішч, які фарміраваўся за кошт, у асноўным, маскоўскіх і с.-пецяргскіх выданняў.

Такім чынам, у выніку адкрыцця ў гарадах Беларусі рускіх школ, іх бібліятэк уплыў каталіцкага духавенства на адукацыю паступова аслабляўся, большае распаўсюджанне атрымлівала свецкая адукацыя, пашыраліся функцыі бібліятэк як асветніцкіх устаноў.