Мініяцюра
Арнамент
Арнамент – гэта мастацкае аздабленне. Слова “арнамент” паходзіць ад лацінскага orno, што значыць аздабляю. Арнамент мае наступныя віды аздабленняў: 1) застаўкі – адмысловыя ўзоры (віньеткі), якія памяшчаюцца на ўсю шырыню аркуша перад пачаткам якога-небудзь буйнога раздзела; 2) ініцыялы (ад лацінскага слова initium – пачатак) – размаляваныя першыя літары раздзелаў тэксту; 3) канцоўкі – узоры ў канцы тэксту, якія ў параўнанні з застаўкамі маюць меншы памер і менш складаную канструкцыю; 4) аздабленні на палях. Для палеографа арнамент уяўляе цікавасць з пункту гледжання наяўнасці ў ім датавызначальных прыкмет. Адрозненне арнаменту адзін ад другога заключаюцца ў матывах, спосабах спалучэння матываў, характары рамы застаўкі і фарбах.
Рукапісны арнамент XI – XII стст. называецца старавізантыйскім (таксама старажытнарускім ці геаметрычным). У яго аснову быў пакладзены архітэктурны прынцып. Для застаўкі гэтага арнамента характэрна рама геаметрычнай формы (аркі, прамавугольнік, кругі, трохвугольнікі). Узоры, якія памяшчаліся ўнутры рамы, уяўлялі сабой спалучэнні матываў расліннага свету (галінкі, лісцікі, кветкі, сцеблі) з матывамі прасцейшай геаметрыі (трохвугольнікі, ромбікі, паўкружжы, кружкі). Са знешняга боку наверсе і па баках размяшчаліся выявы раслін і жывёл, якія былі выкананы рэалістычна. Абавязковым матывам ў застаўцы з’яўляецца візантыйская кветка, так званы “крын”, а таксама трылістнік.
Ініцыялы старавізантыйскага арнамента афармляліся па тым жа прынцыпе. Як і застаўкі, яны складаліся з матываў расліннага свету, якія спалучаліся з матывамі прасцейшай геаметрыі. Ініцыялы старавізантыйскага арнамента захоўвалі контур літары.
Пераважалі фарбы: белая, жоўтая, ружовая, блакітная, сіняя, зялёная. Выкарыстоўваліся золата, вельмі рэдка – срэбра.
Адзінаццаць ініцыяльных літар, якія выкананы ў старавізантыйскім стылі змешчаны ў найстаражытнейшым рукапісным помніку Беларусі – Тураўскім евангеллі XI ст., ад якога захавалася толькі 10 аркушаў. Гэта літары Р, О, В, якія размаляваны сінім, чырвоным і зялёным колерамі.
Мініяцюра – гэта расфарбаваная выява. Слова miniatura утворана ад французскага miniare, якое ў сваю чаргу паходзіць ад minium – сурык, і першапачаткова абазначала пісьмо ці размалёўку чырвонай фарбай. Затым яно стала абазначаць “распісаны ініцыял” і “карцінку ў рукапісу”, а ў далейшым “карцінку (у фарбах) вельмі малога памера”.
Мініяцюра таксама як і арнамент вывучаецца палеаграфіяй, паколькі яна мяналася з часам і дазваляе ўстанавіць час ўзнікнення рукапісу. Змест мініяцюры быў цесна звязаны са зместам рукапісу. Характар выявы мініяцюры знаходзіўся ў залежнасці ад матэрыялу для пісьма. Для пісьма на пергаміне выкарыстоўваліся густыя фарбы, якія замешваліся на белілах. Яны накладваліся густымі і сільнымі мазкамі, таму выявы мініяцюры атрымліваліся рэльефнымі.
Сярод кніжных мініяцюр для беларускай палеаграфіі ўяўляе цікавасць мініяцюры кодэкса Гертруды. Апошні быў перапісаны архіепіскапам Трыра (у Ірландыі) Эгбертам (адсюль яго іншыя назвы – Трырскі ці Эгберцінскі псалтыр) у канцы X ст. З Ірландыі рукапіс быў перавезены ў Польшчу князёўнай Рыгезай, якая стала жонкай князя Мешка II, а ў 1050 г. – у Тураў разам з дачкой Рагезы Гертрудай, якая выйшла замуж за князя Ізяслава Яраславіча. На думку некаторых даследчыкаў менавіта ў Тураве да кодэкса былі дададзены пяць мініяцюр: чатыры выявы евангелістаў і групавы партрэт князя і яго сям'і. Гертруда запісала малітву за членаў сваёй сям’і. У малітве Ізяслаў не названы кіеўскім князем, што і дае падставы лічыць, што мініяцюры і малітва тураўскага паходжання. Даследчыкі адзначаюць мазаічны характар мініяцюр княгіні Гертруды.