Графіка

06\11\2012

Знешнія прыкметы помнікаў пісьменнасці XI-пачатку XII ст.

 

Матэрыял і прылады для пісьма

Адным з самых старажытных матэрыялаў для пісьма быў папірус. У такім якасці яго сталі выкарыстоўваць ужо ў III ст да н. э. Папірус - гэта расліна, якая расла ў дэльце р. Ніл. Сцябло расліны расшчаплялі на доўгія тонкія палоскі, якія сарціраваліся па якасці і даўжыні. Затым на спецыяльным стале з нахіленай паверхняй палоскі раскладвалі ў два слоі (другі слой папярочны), смочвалі нільскай вадой і прэсавалі. Атрымліваўся тонкі аркуш жоўтага колеру, даўжыня якога раўнялася даўжыні сцябла, а шырыня - ад 10 да 40 см. Гатовы аркуш прасушвалі на сонцы, праклейвалі спецыяльным клеем, а затым паліравалі. Правы бок папіруса называўся рэкта (recto), левы - верса (verso). Папірус з запоўненым тэкстам называўся томам (ад грэч. τόμος - частка). Да тома з абодвух бакоў прымацоўваліся валікі (вырабляліся з дрэва, рога ці косці), пасля чаго накатвалі на адзін з іх. У выніку атрымліваўся світак (volumen). Да валіка прывешвался таблічка з імем аўтара і назвай тэксту. Першы аркуш світка меў назву пратакол, апошні - эсхатакол. У некаторых выпадках аркушы папіруса маглі складвацца ў выглядзе стоса і змацоўвацца паміж сабой. Гэта была ўжо кніга. Канчаткова вываз папіруса з Егіпта спыніўся ў VIII ст., пасля заваявання Егіпта арабамі. Папірус быў папулярны ў імператарскіх і гарадскіх канцылярыях Італіі. На тэрыторыі Равены гэты матэрыял знік толькі ў X ст., а ў Паўднёвай Італіі і Сіцыліі, дзе была наладжанна вытворчасць свайго папіруса - у XII ст. У канцылярыі рымскага папы булы на папірусе вырабляліся яшчэ да пачатку XI ст. На папірусе пісалі каламам (calamus) - палачкай з трысця ці дрэва.

З часоў антычнасці для розных часовых запісаў (рахункаў, чарнавікоў, асабістай перапіскі, школьных запісаў) выкарыстоўваліся таблічкі з дрэва ці слановай косці. У дошачцы памерам 12х14 ці 9х11 см рабілася паглыбленне, куды заліваўся воск. Пісалі на застыўшым воску. Адсюль назва таблічак: васкавыя (cerae, ceraculi, tabulae, tabellae). Дзве таблічкі складвалі разам воскам унутр і злучалі шнурком. Такую кнігу называлі дыптыхам (diptycha). Калі такім чынам складвалі тры таблічкі, атрымліваўся трыпціх (triptycha), чатыры і больш - паліпціх (polyptycha) ці кодэкс (codex). Для запісаў часовага характару васкавыя таблічкі карысталіся значнай папулярнасцю. Гіпонскі (Паўночная Афрыка) біскуп Аўгусцін (пам. 430 г.) прасіў прабачэння ў свайго друга, што вымушаны пісаць на пергаміне, паколькі пад рукой не аказалася васкавых таблічак, якія ён адправіў лістом да дзядзькі. Статут ордэна Св. Бенедыкта прадпісваў маладым манахам ніколі не раставацца з таблічкай. Філосаф Аніцый Баэцый (480-524 гг.) у творы, які быў прысвечаны школьнаму навучанню клірыкаў, заклікаў: "Клірык! Як сяброўку трымай у бядра свайго таблічку". На таблічках вучыўся пісаць і Карл Вялікі. Васкавыя таблічкі выкарыстоўваліся на працягу працяглага часу. Захаваліся рахункавыя запісы, якія былі зроблены на васкавых таблічках у канцылярыі Людовіка IX (за 1256-1257), Філіпа III (за 1282 г.), Філіпа IV Прыгожага (за 1302-1308 гг.). У тарфяных балотах Ірландыі выяўлены таблічкі, якія датуюцца XIV ст. У г. Любек знойдзены таблічкі XV ст.

Пры пісьме на васкавых таблічках карысталіся стрыжнем з косці ці метала (жалеза, медзі, срэбра і золата). З адного канца стрыжань завастраўся - гэтым канцом пісалі; з другога - быў сплюшчана і меў форму лапаткі - ёй рагладжвалі воск і сціралі напісанае. Гэты стрыжань называўся стылем (stilus). Школьнікам раілі часцей паварочваць стыль (Saepe stilum verte!), г. зн. часцей выпраўляць памылкі ці форму выкладу (адсюль "стыль" і "стылістыка").

З III-IV стст. па прычыне заняпаду вытворчасці папіруса ў Егіпце, на першы план у якасці матэрыяла для пісьма высоўваецца пергамін (περγαμηνά - грэч., pergamena, charta, membrana - лац.) - адмыслова апрацаваная скура жывёл. Выкарыстанне скураў для розных запісаў адносіцца да старажытных часоў. Дзіадор Сіцылійскі (...) пісаў, што персы на скурах вялі свае хронікі. Свяшчэнныя кнігі персаў напісаны менавіта на скурах. Са скуры выраблены таксама свяшчэнныя кнігі яўрэяў Торы. Па сведчанню Герадота (...) іанійцы са старажытных часоў, калі не хапала папіруса, выкарыстоўвалі для пісьма казіныя і бычыныя скуры. Назва "pergamena" паходзіць ад назвы горада Пергам (Малая Азія), праз які грэкі і рымляне пазнаёміліся з вырабленнем пергаміну. З Пергамам звязана наступная легенда. Цар Егіпта Пталемей V (II ст. да н. э.) забараніў вываз папіруса ў Пергам, дзе было задумана стварэнне вялікай бібліятэкі. Тады пергамцы удасканалілі тэхналогію апрацоўкі скуры. Вынікам выкарыстання новай тэхналогіі стала вытворчасць трывалых, эластычных і гнуткіх аркушаў.

Для выраблення пергаміну выкарыстоўваліся скуры баранаў, казлоў, цяляці, валоў і інш. Асабліва тонкі і празрысты пергамен атрымліваўся са скурак ненароджаных ягняці, якіх даставалі з лона маці. Яго назвалі "дзявочай скурай" ("charta virginea"). Памер адной скуры раўняўся прыблізна 0,5 м2 ці 70 х 50 см. Спосаб выраблення пергаміна быў устойлівым і аднастайным. Каб размягчыць скуру, яе спачатку апускалі ў ваду з вапнай. Затым з яе саскрабалі шэрсць і мяса і зноў апускалі ў вапну. На наступным этапе скуру расцягвалі на рамах, з дапамогай серпападобнага ножыка ("rasorium") ачышчалі ад рэштак шэрсці і мяса, пасыпалі крэйдай для ўбірання тлусту і атбельвання і выглажывалі пемзай. Пасля канчатковай ачысткі скура прасушвалася на паветры. Затым яе здымалі з рам і выстругівалі нажом, надаючы ёй роўную паверхню. Для наступнай за такім выстругваннем шліфоўкі зноў выкарыстоўвалася пемза.

У класічным і познім сярэднявеччы адрознівалі два віды пергаміна: паўночны (charta Theutonica), які рабілі з цялячай скуры і ачышчалі з двух бакоў, і паўднёвы (charta Italika), пры вытворчасці якога скуру якасна апрацоўвалі толькі з аднаго боку (Італія і Іспанія). Асаблівасць апрацоўкі скуры з аднаго боку было вынікам уплыву выраблення папірусу (тэкст на якім пісалі толькі на адным баку). Аднак у познім сярэднявеччы паўднёвы пергамін характарызаваўся асаблівай белізной і якаснай апарацоўкай з двух бакоў. Скура магла расшчапляцца. У выніку атрымліваўся вельмі тонкі матэрыял. Асабліва тонкі пергамін рабілі са скурак труса і вавёркі. Белы пергамін вырабляўся са скур абяскроўленых цялят, коз і авец. Пергамін са скур неабескроўленых жывёл меў жаўтаватае адценне. У XIV ст. на Брытанскіх астравах рабілі пергамін шэрага колера.

У гатовым аркушы пергаміна адрозніваюць "знешні" ці "валасяны" бок, на якім была шэрсць, і "унутраную" ці "мясную" ("замшавую"), на якім знаходзіліся мышцы жывёлы. На пергаміне шэрага колеру з Брытанскіх астравоў гэты бакі малаадрозныя.

На тэрыторыі Беларусі, як зрэшты, і на тэрыторыі Старажытнай Русі, папірус ў якасці матэрыяла для пісьма не быў вядомы. Для часовых запісаў, у тым ліку, і пры навучанні пісьму актыўна выкарыстоўваліся васкавыя таблічкі. Знаходкі берасцяных грамат адсунулі ў цень названы матэрыял для пісьма. Тым не меньш аб папулярнасці васкавых таблічак сведчаць шматлікія знаходкі пісал. Апошнія былі прыстасаваны менавіта для пісьма на васковой паверхні. Яны мелі выгляд стрыжня даўжынёй 8-13 см, адзін канец якога завастраўся, а другі меў форму лапаткі. Гэтай лапаткай разгладжвалі воск і сціралі напісанае. Для пісьма на бяросце неабходнасць у такой лапатцы адпадала. Наогул, на бяросце можна было пісаць любым больш-меньш цвёрдым завостраным прадметам. На тэрыторыі Старажытнай Русі пісалы вядомы з X ст. На тэрыторыі Беларусі выяўлена 50 пісал, з іх: у Навагрудку - 14, Ваўкавыску - 12, Мінску - 7, Бярэсці - 5, Полацку, Браславе, Слуцку і Вішчыне - па два, Тураве, Пінску, Копысі і Друцку - па адным. Пісалы вырабляліся часцей за ўсё з метала: жалеза, бронзы і іншых сплаваў. З 12 пісал, якія выяўлены ў Ваўкавыску, дзевяць жалезныя, тры - бронзавыя і іншых сплаваў. З сямі мінскіх пісал шэсць зроблены з жалеза, адно - з бронзы. Вядомы і касцяныя прылады гэтага тыпу. Жалезныя пісалы пакрывалі цынкам ці меддзю. Стрыжні бронзавых пісал перакручваліся. Лапаткі мелі форму кубачка, авала са срэзаным верхам, трохкутніка і інш. У аснове лапаткі жалезных пісал часта знаходзілася шарападобнае патаўшчэнне ці 2-3 валікі. Некаторыя лапаткі мелі дэкор. Лапаткі двух пісал з Мінска упрыгожаны па баках, адно - дробнымі, другое - буйнымі зубцамі. Лапатка пісала з Брэста мае крыжападобную проразь у сярэдзіне. У адрозненні ад пісал, матэрыял на якім імі пісалі, з'яўляецца знаходкай надзвычай рэдкай. Цэлай сенсацыяй стала выяўленне … у Ноўгарадзе Вялікім. У Брэсце зноўдзены і кавалак васкавой таблічкі з двума аддулінамі па вуглах, г. зн. таксама частка васкавой кнігі: дыптыха, трыптыха ці паліпціха (кодэкса).

На тэрыторыі Беларусі выяўлены дзве берасцяныя граматы: у 1959 г. - у Віцебску (XIII-XIV ст.), у 1980 г. - у Мсціслаўе (пач. XIII ст., ад яе захаваўся фрагмент.). Гэтыя граматы познія, але не выключана, што бытавалі яны на тэрыторыі Беларусі і раней. У Ноўгарадзе Вялікім знойдзена грамата XI ст., якая была напісана жыхаром Полацка, Смаленска або Віцебска.

Памер адной шкуры раўняўся каля 0,5 м2 або 70х50 см, на кнігу, напрыклад, у 150 аркушаў памерам 24х16 см неабходна было 10 - 12 скураў.

Спачатку перапісчык вырабляў сшыткі ("тетради"). Пры падкладванні пергаміну ў сшыткі перапісчыкі кіраваліся пэўным правілам: аркушы падкладаліся так, што аднолькавыя па якасці і апрацоўцы бакі знаходзіліся адзін насупраць другога, г. зн. "знешні" ("валасяны") бок насупраць "знешняга", "унутраны" ("мясны") насупраць "унутранага". Для выражэння такіх адносін выкарыстоўваецца формула: HS ↔ HS, FS ↔ FS, дзе HS (hair-side) - "валасяны" ("знешні") бок, FS (flesh-side) - "мясны" ("унутраны") бок.

Сшыткі, як правіла, утвараліся з чатырох сагнутых удвая аркушаў (τετρας, τετραδος, τετραδιου, quaternio). Такім чынам, яны налічвалі восем парных аркушаў ці 16 старонак. Аб’ём сшытка (16 старонак) пакладзены ў аснову так званага "друкаванага аркуша" (стандартны памер: 40 тысяч друкаваных знакаў).

Перад тым як пісаць, сшыткі разліноўваліся. З дапамогай разліноўкі рашалася асноўная эстэтычная задача: стварэнне аднастайнасці ў размяшчэнні тэкстаў ва ўсёй кнізе. Разліноўка складалася з разнастайнага спалучэння гарызантальных і вертыкальных ліній. Кожная лінія мела сваё прызначэнне. Асноўныя вертыкальныя лініі адмяжоўвалі тэкст, пакідаючы зправа і злева свабоднае поле.

Разліноўваліся адначасова два аркушы, якія клаліся адзін на другі. Для гэтага выкарыстоўваліся лінейка і ланцужок, з дапамогай якіх вымяраліся палі і адлегласць паміж радкамі, а таксама нейкі завостарны прадмет, відавочна, металічны стрыжань для нанясення ліній.

Даследаванне сістэмы і спосабаў разліноўкі дае матэрыял для датавання і лакалізацыі рукапісных кніг. Ж. Леруа ў працы "Тыпы разліноўкі грэчаскіх рукапісаў" (Парыж, 1976) класіфікаваў разліноўку грэчаскіх рукапісаў. Элементы, які складаюць пэўны тып разліноўкі, атрымліваюць свой код. Вертыкальныя адзіночныя ці здвоенныя лініі ствараюць сем асноўных тыпаў разліноўкі. Варыянты асноўных тыпаў адзначаюцца пры дапамозе радковых літар ад "m" да "t", а таксама "x", якім абазначаецца адмежавальныя і маргінальныя вертыкальныя лініі (апошнія выкарыстоўваліся для размяшчэння маргінальных запісаў). Адмяжавальныя лініі: "m" - двайная злева, "n" - двайная справа, "p" - трайная злева, "q" - трайная справа; маргінальныя: "o" - двайная справа, "r" - трайная справа, "s" - дзве асобныя лініі справа, "t" - тры лініі справа ў паслядоўнасці: 1+2, "x" - злева двайная ці простая. Гарызантальныя адмежавальныя лініі абазначаюцца лічбамі. Поле рукапіснай кнігі, якое прадназначана для тэксту, разліноўваецца гарызантальнымі лініямі і складае адну ці дзве калонкі. Адлегласць паміж калонкамі, а таксама поля справа і злева на ўзроўні тэксту (г. зн. радкоў) бываюць разлінаванымі ці неразлінаванымі. Улічваючы характар разліноўкі поля, Ж. Леруа вылучае наступныя яе тыпы: па 2 варыянты А-Е і рэдка сустракаецца: F G H. Абазначэнне разліноўкі (код) складаецца з лічбаў і літар і уводзяцца яны ў такой паслядоўнасці: на першым месцы стаяць лічбы асноўных тыпаў, якія ўлічваюць вертыкальную разліноўку, на другім - гарызантальную, якая прадназначалася для калантытулаў, маргінальных запісаў; на трэцяе месца ставіцца літара, якая абазначае характар разліноўкі тэкставога поля; чацьвёртае месца займае лічба, якая абазначае колькасць калонак.

Пасля разліноўкі перапісчык, відавочна, замацоўваў аркушы вяровачкай і ўпісваў тэкст.

Крыніцай даных аб спосабе трымання пергаміну пры пісьме з'яўляюцца мініацюры з выявамі пісараў (часцей за ўсё евангелістаў). Практычна на ўсіх з іх матэрыял для пісьма ляжыць у пісараў на калене (так званае "каленнае пісьмо"). Невысокі стол служыў у якасці падстаўкі для пісьмовых прылад. Па назіраннях вучоных найбольш характэрным для мініяцюр лацінскіх кодэксаў XII - XV стст. былі выявы пісараў, якія пісалі па гарызантальнай паверхні дошкі з апорай на калена. Такі спосаб трымання матэрыялу для пісьма ва ўсходніх славян, відавочна, не прыжыўся.

Тэкст перапісваўся паслядоўна: сшытак за сшыткам.

Першапачаткова на пергаміне пісалі каламам. Шырокае выкарыстанне птушынага пяра як прылады для пісьма пачалося з X ст. Пісалі пер'ямі з ястраба, лебедзя, вароны, качкі, цяцерука, лебедзя і нават павы. Аднак самымі папулярнымі былі эластычная і трывалыя пёры гуся.

Перад выкарыстаннем у якасці інструмента для пісьма пяро падвяргалася пэўнай апрацоўкі. Спачатку яго ўтыкалі на кароткі час ў пясок ці попел, затым з яго можна было зняць перапонкі. Пяру неабходна было надаць пругкасць. З гэтай мэтай шляхам награвання з яго выдалялі тлушч. Ачынка пяра праводзілася наступным чынам. Яго ніжнюю частку са знешняга боку зразалі з двух бакоў наўскос. Унутраны бок таксама зразаўся, аднак толькі напалову таўшчыні пяра. Пяро расшчаплялі, каб чарніла лепей утрымлівалася і раўнамерна паступала на канец пяра. Рабіць расшчэп у рэкамендавалася у буйных ("тельных") пер'яў напалову адносна бакавых са знешняга боку срэзаў, у невялікіх ("жидких") пер'яў - маленькім.

Перад тым, як расшчапіць пяро, на яго канцы рабіўся зрэз. Яго таўшчыня залежыла ад таго, якім тыпам пісьма збіраліся пісаць. Для устава і паўстава зрэз рабіўся шырокім і касым у правы ці левы бакі, для скорапісу - вузкім і прамым, але ў некаторых выпадках таксама касым.

Лічылася, што пёры з левага крыла больш зручныя для пісьма (правай рукой). Рэкамендавалася браць трэцяе ці чацьвёртае пяро з крыла.

Пісалі чарнілам. Апошняе было вынайдзены ў Кітае. У часы антычнасці было папулярным чарніла з сажы смалістыў дрэў ці паленай слановай косці з дабаўленнем воцату. У Еўропе існавалі два асноўныя гатункі чарніла: 1) чарніла на аснове прадуктаў абуглівання ці чорнай копаці, якія змешваліся з клеем ці алеем (так званыя "кпоченые"); 2) чарніла з сока чарнільных арэшкаў і камедзі (клейкія рэчыва розных раслін). У разглядаемы час пісалі пераважна чарнілам другога тыпу, але мела месца і чарніла першага тыпу.

Для прасушкі чарніла выкарыстоўваўся дробны кварцавы пясок.

Для пісьма, а таксама для арнаментацыі рукапісаў і стварэння мініяцюр выкарыстоўваліся і фарбы. Найбольш папулярнай з іх была чырвоная. Ад наяўнасці ў рукапісах чырвоных загалоўкаў і ініцыялаў паходзіць тэрмін "чырвоны радок". Чырвоная фарба мела розныя адценні і паходжанне: "сурык" (чырвоная фарба з жаўтаватым адценнем, якая рыхтавалася шляхам пракалівання свінцовых бяліл), "кінавар" (чырвона-аранжавая фарба мінеральнага паходжання), лілавата-чырвоная фарба расліннага ці жывёльнага паходжання, якая была змешана з бяліламі (магчыма так званая "дравец бакан" ці "чэрлень").

Апрача чырвонай фарбы існавалі вохра (светлая, жоўтая жалезістая фарба), яр-мядзянка (зялёная медзяная па складзе), празелень (складалася з сіняга і сіне-зялёнага з жоўтым), зелень (зялёная фарба з малахіта), круцік (сіняя раслінная фарба), чорная вуглеродзістая фарба і інш. Фарбы раствараліся на яечным бялку ці камедзі.

Золата выкарыстоўвалася пры стварэнні найбольш раскошных рукапісаў, напрыклад, Астраміравага евангелля 1056-1057 гг. ці Мсціслава евангелля пачатку XII ст. Золатам напісаны тэкст укладной граматы кіеўскага князя Мсціслава Уладзіміравіча наўгародскаму Юрыеваму манастыру каля 1130 г. Існавалі два гатункі золата: ліставое, якое накладвалася на знакі, якія былі папярэдне выпісаны клейкім рэчавам; і тваронае - у выглядзе фарбы.

Пасля таго, як сшыткі былі запоўнены тэкстам, арнаментаваны і забяспечаны мініяцюрамі, яны брашураваліся і перпляталіся, утвараючы кнігу ў сучасным разуменні гэтага слова.

Пераплёт - гэта элементы канструкцыі, якія служаць для злучэння аркушаў (сшыткаў) і аховы іх ад забруджвання і пашкоджання. Галоўнымі элементамі пераплёту з’яўляюцца: верхняя (пярэдняя) і ніжняя (задняя) крышкі, форзац, карашковы матэрыял (папера, каптал і інш.), ніцяное мацаванне.

Пералічам асноўныя інструменты для перапляцення кніг. 1) Станок для шыцця - "устаўка", складовымі элементамі якой былі падножжа, два стаякі па баках асноўнай дошкі і верхняя планка. Паміж планкай і падножжа працягваліся ці вузкія рамні (у ранні перыяд) (2-5 у залежнасці ад памера кнігі) ці шнуры (у позні перыяд), да якіх падшываліся аркушы кнігі. 2) Дарожнік для ціснення прамых ліній. 3) Філетка для ціснення крывых ліній. 4) Накатка ці роль для ціснення непарыўных арнаментальных палос. Накатка ўяўляла сабой колца, якое насажвалася на вось. Па вобаду кольца рабіўся арнаментальны вузор. 5) Басмы ці дробныя металічныя штэмпелі, якія падзяляліся на дзве групы: а) бардзюрныя - прамавугольныя штампы, з дапамогай якіх стваралася непарыйная арнаментальная лініі шляхам паслядоўнага ціснення адным і тым жа штампам ўпрытык; б) басмы напаўнення - розныя па форме і малюнку дробныя штампы, якія прадназначаліся для запаўнення свабодных месцаў. 6) Чаканы, якія служылі для выбівання вузора на абрэзах кнігі.

Крышкі кнігі пакрываліся скурай і дарагой тканінай. Да верхняй крышкі мацаваліся: па вуглах – навугольнікі, па сярэдзіне – срэднік; на ніжняй крышкі – ножкі, якія называліся "жукамі" ці "пуклямі". Яшчэ адзін элемент пераплёту – зашпількі. Крышкі маглі пакрывацца металічным абкладам. Па сведчанню Іпацьеўскага летапісу пад 1288 г. князь Уладзімір Васількавіч, заснаваўшы Каменец уклаў у царкву Дабравешчання Евангелле Апракас, якое было акавана срэбрам.

Да канца XV ст. перплёт кніг меў наступныя асаблівасці. Крышкі былі драўляныя. Блок кнігі (змацаваныя сшыткі) адпавядаў памерам крышак. Зашпількі складаліся са шпенькаў, якія ўбіваліся ў тарцы верхняй крышкі вяршыняй унутр. Вялікія тарцы мелі дзве шпенькі, кароткія - адну. У ніжнюю крышку ўразаліся вузкія раменьчыкі з метальчнымі калечкам на канцы, якія накідвалася на шпенькі.

 

 

Тып пісьма вызначаюць наступныя прыкметы:

1) Тып руху пяра. Пісьмо выконваецца двума тыпамі рухаў: рухам пальцаў, якія ўзнаўляюць літары, і перасоўваннем рукі, што забяспечвае сувязь літар паміж сабой. Першы тып руху можна назваць "узнаўленчым", другі - "звязным". Ва ўзнаўленчым руху актыўны актыўна ўдзельнічаюць тры пальцы (вялікі, указальны, сярэдні), а ў звязным - два апошніх (безыменны, мезенец), край далоні і рух рукі па гарызанталі. Кожны тып руху вызначаецца складаным механізам руху мышцаў і сухажылляў, якімі кіруе нервовая сістэма.

2) Тып трымання пяра. Існуюць тры асноўныя і чацьвёрты камбінаваны тыпы трымання пяра. Першы тып - "салідарны", калі пяро прыціснута да прамых фалангаў указальнага пальца паміж вялікім і ўказальным. Пры такім тыпе трымання пяро прыводзіцца ў дзеянне рухамі фалангаў пальцаў, а пісьмо зводзіцца да ўзнаўлення прамалінейных і падоўжаных рысаў. Другі тып - "ламаны". Назва паходзіць ад змененага профіля указальнага пальца. Асноўныя графічныя прыкметы гэтага тыпа выражаюцца ў прама пастаўленым пісьме. Пры такім узнаўленні часцей за ўсё мае месца графічнае спрашчэнне некаторых форм літар. Трэці тып - "фіксіраваны", для якога характэрна нерухомасць апошняй фалангі указальнага пальца, пры гэтым пяро і другая фаланга ўказальнага пальца ўтвараюць вугал. Вялікі палец знаходзіцца насупраць апошняй фалангі указальнага. Пісьмо пры гэтым тыпе трымання нахілена ўправа. Чацьвёрты тып можа быць класіфікаваны як нармальны і мае назву "камбінаваны". Фалангі ўказальнага пальца ўтвараюць над пяром плаўную дугу, а канец апошняй фалангі спакойна ляжыць на пяры. Гэты тып трымання з'яўляецца найбольш пашыраным у цяперашні час. Ён можа вар'іраваць і набліжацца да адного з адзначаных тыпаў. Напэўна, пры кожным тыпе пісьма выкарыстоўваўся свой спосаб трымання пяра.

3) Форма завастрэнне пяра. Для кожнага тыпу пісьма характэрна розная форма завастрэння пяра. Напрыклад, для пісьма ўставам зрэз пяра рабіўся шырокім. Пісьмо з такім пяром характарызуецца тлустымі вертыкалямі і тонкімі злучальнымі лініямі і вярхушкамі пяцель. У той жа час размашыстыя рухі края далоні павялічваюць памеры пяцель, а энергічны націск на пяро ствараюць шырокія тлустыя складовыя элементы літар.

4) "Вага" пісьма. Гэты тэрмін увёў ... Малона для характарыстыкі "цяжкога", г. зн. "тлустага" пісьма, якое выканана мягкай падатлівай прыладай пісьма, і "лёгкага", якое выканана жорсткай, непадатлівай прыладай. Аднак, "цяжкое" ці "лёгкае" пісьмо можа быць зроблена і пяром. Пяро з шырокім зрэзам дае "цяжкое" пісьмо, пяро з завостраным канцом - "лёгкае".

5) Размеркаванне націскаў пяра.

6) Колькасць руху пяра.

7) Свабода ўзмахаў пяра.

8) Форма руху пяра. Па форме руху пяра элементы літар падзяляюцца на прамалінейныя, дугавыя, колавыя петлявыя, вуглаватыя, звілітыя і г. д.

9) Колькасць элементаў літары.

10) Плошча літары. Плошча літары залежыць ад характара руху пяра. Плошчу ўключаюць замкнёныя элементы літар.

11) Характар злучэння элементаў і літар і саміх літар. Існуюць наступныя тры тыпы злучэння элементаў і літар: А) злітныя: а) усе элементы літары пішуцца звязна безадрыўным рухам пяра; б) літары злучаюцца таксама безадрыўным рухам пяра; Б) інтэрвальныя: калі літара складаецца больш чым з двух элементаў, то адны элементы напісаны разам, іншыя - з прамежкамі; 3) прымыкаючыя: кожны элемент літары і кожная літара напісана самастойным нязвязным рухам пяра.

12) Памер элементаў літар.

13) Модуль. Памеры літары: шырыня і вышыня.

14) Прапорцыі літары.

15) Варыянтнасць літар.

16) Адлегласць паміж літарамі і словамі.

17) Колькасць скарачэнняў (абрэвіатур) і вынасных літар.

Істотныя змены ва ўсіх гэтых прыкметах даюць магчымасць гаварыць аб змене тыпу пісьма.

Для ўстава характэрныя наступныя прыкметы: 1) узнаўленчы тып руху пяра; 2) пераважна салідарны і ламаны тыпы трымання пяра; 3) шырокае завастрэнне пяра; 4) цяжкая вага; 5) роўны (аднолькавы) націск пяра; 6) для большасці літар значная колькасць руху пяра; 7) вельмі абмежаваная свабода ўзмахаў пяра; 8) для большасці літар вуглаватая форма руху пяра; 9) для большасці літар значная колькасць складовых элементаў; 10) вялікая плошча літар; 11) прымыкаючы тып злучэння літар; 12) значны памер элементаў літар; 13) значны модуль; 14) нязначныя прапорцыі літар; 15) невялікая варыянтнасць напісання адных і тых жа літар; 16) літары і словы пісаліся на аднолькавай адлегласці; 17) невялікая колькасць скарачэнняў і вынасных літар.

Існавалі наступныя тыпы скарачэнняў: 1) кантракцыя ("per contractionem") ці сцяжэнне і 2) суспенсія ("per suspensionem") ці ўсячэнне. Пры кантракцыі выкідаліся літары ўнутры слова, пры суспенсіі - адна ці шэраг літараў, якія стаялі далей за папярэднюю. Разнавіднасцю кантракцыі з'яўляецца такі прыём, як вынас літар над радком ("per litteras suprascriptas").

З дапамогай вынасных літар (якія пры публікацыі адзначаюцца курсівам) скарачаліся словы: быс (бысть), мсць (месяц), памят, пат (память), нѣс (несть), реч (рече) і інш. Кола слоў, якія скарачаліся шляхам уласна кантракцыі ("per contractionem") быў дастаткова шырокі. Абавязкому скарачэнню падлягалі словы, якія выражалі рэлігійныя паняцці ("nomina sacra"): "прчта" ("пречиста"), "трце" ("троице"), "стрпьць" ("страстотерпьць"), "бцю" ("богородицю") і інш.

У адной, праўда, пазнейшай расійскай крыніцы адзначалася, што менавіта павінна было скарачацца і пісацца "прикровенно", г. зн. скарочана пад цітлай. Так, згодна з гэтай крыніцай скарочана неабходна было пісаць, напрыклад, імя Ісуса Хрыста і "солнце праведное", а сонца як фізічны аб’ект, а таксама імёны паганскіх багоў і "благ земных" належыла "не покрывать", а пісаць "складом", г. зн. цалкам, без скарачэнняў.

Паходжанне кантракцыі ўпершыню даследавалася ... палеографам Л. Траубэ. На яго думку, гэты тып скарачэння прыйшоў з яўрэйскай пісьменнасці, у якой імя Бога перадавалася пры дапамозе чатырох літар, паколькі поўнае імя Бога маглі ведаць толькі свяшчэннікі. Пры перакладзе Бібліі на грэчаскую мову напісанне з чатырох літар спачатку захоўвалася; яно сустракаецца ў грэчаскіх рукапісах яшчэ ў канцы IV - пачатку V ст. Аднак найбольш папулярным стала перадача гэтага імя пры дапамозе кантракцыі "ѲС"...- "Бог") і "КС" ("ΚΥРΙОС" - "гасподзь"), па ўзору якіх былі створаны кантракцыі "ІНС" і "ХРС" і інш.

У XI-XII стст. існавалі дзве галоўных разнавіднасці устава: каліграфічны і звычайны (некаліграфічны, дзелавы). Каліграфічны ўстаў у сваю чаргу падзяляецца на наступныя варыянты: прамы і нахілены, шырокі і вузкі. Вытокі прамога і, відавочна, шырокага ўстава ўзыходзяць да царскай баўгарскай школы прэслаўскага (г. Прэслаў - былая сталіца Башгарыі) перыяду (так званага "залатога веку" баўгарскай літаратуры X ст.). Ва ўсходніх славян гэты варыянт каліграфічнага ўстава прысутнічае ў рукапісах, якія, верагодней за ўсё, уяўляюць сабой копіі баўгарскіх арыгіналаў (Астрамірава евангелле 1056-1057 гг. і Ізборнік Святаслава 1073 г.).

Для каліграфічнага ўства ўсходніх славян XI - пачатку XII ст. характэрны ў асноўным прамы і шырокі варыянты. Аднак некаторыя рукапісы - Тураўскага евангелле XI ст. - напісана вузкім уставам. У арнаменце і мініяцюрах выкарыстоўвалася геаметрычна стылізаванае пісьмо і элементы круглага ўстава, якія былі запазычаны з грэчаскіх рукапісаў IX - X стст. і звычайна выконваліся золатам. Можна сказаць, што XI ст. у кніжным пісьме - гэта перыяд панавання стараславянскага канона не толькі ў этымалагічна-правільным выкарыстанні "юсаў" і "ераў", арфаграфіі і правапісе, але і графіцы.

 

 

Адрозніваюцца ранні ўстаў XI - XII стст. і позні, які характэрны для XIII – XIV стст. Для ўстава XI – XII стст. уласціва большая шырыня літар, меньшая іх вышыня і большая адлегласць паміж асобнымі літарамі. Для ўстава XI і XII стст. характэрна напісанне літары И, якая падобная да сучаснай друкаванай Н; сіметрычных Ж і Ч з акруглай ці вуглаватай чаркай; Н у выглядзе сучаснага лацінскага N, г. зн. з перакладзінай, якая ідзе ад самага верху правай мачты да самага нізу левай мачты. Праўда, ужо ў XI ст. сустракаюцца Н з перакладзінай, якая ідзе ад самага верха левай мачты і не даходзіць да самага нізу правай мачты, але спускаецца ніжэй сярэдзіны; калі перакладзіна ідзе з пункта ніжэй верха левай мачты да самага нізу правай мачты; калі перакладзіна ідзе з пункта ніжэй верха левай мачты, але не даходзіць да самага нізу правай мачты, але пры гэтым спускаецца ніжэй сярэдзіны.

У XI – першай палове XII стст. выкарыстоўваўся Юс вялікі і ётаваныя вялікі і малы юсы, кручкі ў літарах Л і Н, якія абазначалі змягчэнне. Праўда, гэтыя прыкметы не з’яўляюцца абсалютнымі.

 

 

Са знакаў прыпынку ў рукапісах XI-пачатку XII ст. сустракаюцца кропка і коска. Кропка выкарыстоўвалася не толькі ў выглядзе адзіночнага знака, але і ў розных спалучэннях (камбінацыях некалькі кропак, па-рознаму згрупаваных).