Культура эпохі Адраджэння: агульная характарыстыка

Эпоха Адраджэння (Рэнесансу) – пераходная ад Сярэднявечча да Новага часу. У той жа час яна вызначальная ў плане фармавання капіталістычных адносін. У храналагічным плане Адраджэнне – ХІV-ХVІ стст., але гэта справядліва толькі для Італіі, а ў іншых еўрапейскіх дзяржавах тыя ж тэндэнцыі выяўляюцца з затрымкай на 100-150 гадоў. Адраджэнцкі рух пачаўся менавіта ў Італіі ў ХIV ст. Яму папярэднічала развіццё ў ХІІ-ХІІІ стст. вольных гарадоў, духоўнае жыццё якіх было адзначана дзёрзкімі крытычнымі і ерэтычнымі тэндэнцыямі.

 

Для эпохі Рэнесансу характэрна:

1. Адкрыццё Антычнасці. Уласна, таму і эпоха называецца “Адраджэннем”: адрадзіліся многія ідэалы і эстэтычныя каноны Антычнасці.

2. У плане эканамічным: пераход ад рамяства да мануфактуры – не асобныя цэхі, дзе пераважала ручная праца, а пэўныя прылады, станкі.

3. Вялікія геаграфічныя адкрыцці: плаванне Васка дэ Гамы вакол Афрыкі, адкрыццё Калумбам Амерыкі, падарожжа Магелана вакол свету. У той жа час у эзатэрычных дакументах, што засталіся ад Александрыйскай бібліятэкі і захоўваліся ў патаемных ордэнах, даўно было вядома пра Амерыку, Аўстралію, Антарктыду і інш. Сакрэтная карта, што дасталася яму ад родзіча-тампліера, была, аказваецца, і ў Калумба. Аднак факт застаецца фактам: геаграфічныя адкрыцці нашмат пашырылі далягляды рэнесанснага чалавека.

4. Перамога каралеўскай улады ў асобных краінах Еўропы: гэтыя краіны якраз і пачынаюць найбольш дынамічна развівацца, пра што афіцыёзная навука не вельмі любіць, як і ў выпадку Калумба, гаварыць.

5. Пачатак кнігадрукавання (прыкладна 1459–1462 гг. – Ёган Гутэнберг). Гэты культурны пераварот можна параўнаць з адкрыццём пісьменнасці, а ў наш час – з Інтэрнетам. Кнігадрукаванне фенаменальна пашырае культурную, адукацыйную прастору. Пры гэтым сама тэхналогія выкрадзена з Кітая (відаць, прывёз Марка Пола), а ў Кітаі кнігадрукаванне існавала яшчэ ў пачатку нашай эры (Зноў-такі ў падручніках пра гэта абсалютна не пішуць).

6. У рэлігійным плане – эпоха Рэфармацыі: узнікненне пратэстантызму і страта каталіцкай царквою манаполіі ў духоўным жыцці. Менавіта пратэстантызм садзейнічаў выспяванню капіталістычных адносін: ён абвясціў, што толькі багаты чалавек заслужыў Царства Нябеснага, інакш кажучы, дабро – у багацці. У гэтым плане Рэфармацыя – перыяд фенаменальнай маральнай дэградацыі ў гісторыі чалавецтва, рэзкага адступлення назад.

7. Пачатак распаўсюджання свецкай культуры.

8. Сацыяльныя ўзрушэнні: сялянская вайна ў Германіі, нацыянальныя рухі ў Чэхіі, буржуазная рэвалюцыя ў Нідэрландах і інш.

9. Шматлікія навуковыя адкрыцці, найперш у астраноміі і матэматыцы (зноў-такі, сяму-таму сталі вядомыя сакрэтныя дакументы з Александрыйскай бібліятэкі). Вучоныя гэтага часу: Мікола Капернік, Ёган Кеплер, Галілеа Галілей.

10. Росквіт філасофіі. Асноўныя лініі ў філасофіі: неаплатанічная (Францыск Асізкі, Эразм Ратэрдамскі, Джон Дзі, Роберт Флад), натурфіласофская (Леанадра да Вінчы, Джардана Бруна), гуманістычная (Францыск Скарына, Томас Мор, Тамаза Кампанэла, Мішэль Мантэнь, Фрэнсіс Бэкан, Томас Мюнцэр, Ян Гус).

11. Нараджэнне сацыяльнай утопіі (Томас Мор, Тамаза Кампанэла, Фрэнсіс Бэкан) і незалежнай ад Царквы палітычнай думкі (Мікола Макіявелі), глыбока цынічнай, якая і сёння вызначае палітыку ў свеце.

12. Інтэнсіўнае станаўленне нацыянальных культур, росквіт філалагічных навук, эстэтыкі.

13. Узрастанне значэння прафесійнай адукацыі, неабходнасць ведання матэматыкі, анатоміі чалавека.

14. Мастацкая творчасць пачала ўсведамляцца як асобны, самастойны від дзейнасці (да гэтага лічылася рамяством). Найбольш пэўна ідэі Адраджэння былі ўвасоблены ў архітэктуры, выяўленчым мастацтве, літаратуры. У гэтую эпоху працавалі найвялікшыя геніі мастацтва: Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Мікельанджала, Бацічэлі, Тыціян, Дзюрэр, Ван Эйк, Босх і інш.

15. У літаратуры Рэнесансу адбыўся арганічны сінтэз кніжнай і фальклорнай традыцый.

Літаратура Рэнесансу заснавана на народнай карнавальнай культуры, якая ўключае абрадавыя формы і слоўна-смехавыя парадыйныя формы.

Еўрапейскі Карнавал, або славянская Маслянка, заўсёды святкаваўся вясною. Карнавал паходзіць ад народных свят каляндарнага цыклу антычнай Грэцыі і Рыма, але, бясспрэчна, што абраднасць такога кшталту была ва ўсіх народаў Еўразіі. Непасрэдна еўрапейскі Карнавал выводзяць ад рымскіх сатурналій, якія прадстаўляліся як вяртанне (але часовае) сатурнавага “залатога веку”. Сатурн у рымлян – тое ж, што Крон (Хронас) у грэкаў. Сэнс абраду – сусветнае абнаўленне.

У час карнавалу можна жыць толькі паводле яго законаў, гэта значыць, паводле законаў карнавальнай свабоды. Карнавал – асаблівы стан свету, яго адраджэнне і абнаўленне. Такім чынам, карнавал – яшчэ не тэатральнае відовішча, не на сцэне (хоць паходжанне тэатра – з тых жа абрадаў), а як бы рэальная, але часовая форма самога жыцця. Гэта – жыццё, але аформленае як гульня. Ці інакш: карнавал – іншае жыццё народа, арганізаванае як гульня, на пачатках смеху, – народнае святочнае быццё.

Свята – не проста перадышка ад працы. Свята звязана з вышэйшымі мэтамі чалавечага існавання, яно – са сферы Ідэалаў. Акрамя таго, свята неадрыўнае ад ідэі часу – часу касмічнага, міфалагічнага і гістарычнага. Прытым свята заўсёды – гэта крызіс, мяжа часоў, момант смерці і адраджэння (Вялікдзень).

Карнавал у многім – гэта і пародыя на звычайнае жыццё, свет наадварот. Але карнавальная пародыя прынцыпова адрозніваецца ад пазнейшай адмоўнай, фармальнай пародыі. Карнавальная пародыя, адмаўляючы, адначасова адраджае, абнаўляе. Суцэльнае адмаўленне ўвогуле абсалютна не характэрна для народнай культуры.

Вышэйшы ўзлёт смехавой культуры, выяўленай ў літаратуры, - кнігі Франсуа Рабле “Гарганцюа і Пантагруэль”, “Пахвала глупству” Эразма Ратэрдамскага і “Карабельдурняў” С. Бранта. У жывапісе – творчасць Іераніма Босха і Пітэра Брэйгеля-бацькі.

Ад эпохі Рэнесансу ідзе тэрмін – гратэсковы рэалізм. Гратэск народжаны міфапаэтычным мысленнем, бо ён набліжае далёкае, злучае супрацьлеглае. Гратэск у мастацтве аналагічны парадоксу ў логіцы. На першы погляд, гратэск толькі дасціпны і забаўны, але ён тоіць вялікія магчымасці. Пазнейшыя эпохі развіцця літаратуры літаральна напоўнены рэшткамі, аскепкамі гратэсковага рэалізму – гэта камедыя “дэль артэ”, камічны раман і буфанада, камедыі Мальера, філасофскія аповесці Вальтэра, Дзідро, Свіфта, затым рамантычны гратэск, беларускія травесційныя паэмы, гратэск рэаліста М. Салтыкова-Шчадрына, матыў маскі ў сімвалізму, творчасць У. Маякоўскага, М. Булгакава. Пародыя, бурлеск, гіпербала звязаны з гратэскам. Гратэск – камічнае ў форме цудоўнага, міфалагічная коміка. Цікавасць да гратэску ўзрасла ў літаратуры постмадэрнізму. У нас у пэўны час захапляліся карнавальнай эстэтыкай, шмат пісалі і навуковых прац (напрыклад, У. Конан). Але сёння – не да таго: у бяздушным, рацыянальным, тэхнізаваным грамадстве (у сусветным маштабе) – не да смехавой культуры. Таму і святы робяцца ўсё больш нецікавыя. Нават пачатак Трэцяга тысячагоддзя як след не адзначылі. Гэта вельмі небяспечная тэндэнцыя.

Але тут ёсць і іншы бок праблемы. Касмічнае, сацыяльнае і цялеснае ў карнавальнай эстэтыцы зліваюцца ў адзінстве. Праз усе вобразы праходзіць ідэя плоднасці, нараджэння, росту, жыцця праз край, эрасу. Антыподы мяняюцца месцамі і перамешваюцца, напрыклад, зямля – гэта тое, што паглынае (магіла), і тое, што нараджае (чэрава маці). Таму ўсе вобразы амбівалентныя. Іх нельга разглядаць ні ў станоўчым, ні ў адмоўным сэнсе. Захапленне карнавальнай, постмадэрнісцкай эстэтыкай урэшце заканамерна прывяло нас да нераздзялення дабра і зла, неразумення, што можна, а што нельга. А гэта – яшчэ больш небяспечная тэндэнцыя, якая вядзе да поўнай маральнай катастрофы. Інакш кажучы, настаў час збіраць камяні – збіраць тое, што нарадзіла эпоха Адраджэння. І гэта далёка не ва ўсім – дабро.

У перыяд росквіту рэнесанснага мастацтва ў ім пераважала светлая, аптымістычная вера ў магчымасці поўнага і ўсебаковага выяўлення чалавекам яго прыроды. Усе перашкоды, здавалася, можна пераадолець. Аднак у далейшым мастакі Адраджэння сутыкнуліся з такімі варожымі чалавеку сіламі, змагацца з якімі аказалася немагчыма. Так аптымістычны раблезіянскі пафас натуральнай свабоды замяніўся шэкспіраўскім пафасам трагічнага лёсу чалавека. А ў “Дон -Кіхоце” Сервантэса гучыць ўжо і горкая іронія над няспраўджанымі ідэаламі Адраджэння...