Значэнне культуры Антычнага Рыма ў развіцці заходняй цывілізацыі

Гісторыя Антычнага Рыма падзяляецца на тры перыяды:

1. Ад легендарнага заснавання (753 г. да н.э.) да 509-510 гг. да н.э. – царскі (цары – выключна этрускі).

2. Ад 509-510 гг да н.э. да 27 г. да н.э. – рэспубліканскі.

3. Ад 27 г. да н.э. да 476 г. – імперскі.

Значэнне культуры Антычнага Рыма ў развіцці заходняй, ды і ўсёй чалавечай цывілізацыі, каласальнае. У многім мы жывём па матрыцы, закладзенай эпохай Антычнасці, асабліва відавочна – па матрыцы Рыма.

1. Папярэдні тэзіс тычыцца найперш структуры грамадства. Усё насельніцтва Рымскай дзяржавы падзялялася на грамадзян і іншаземцаў. Грамадзяне карысталіся значнымі прывілеямі. Яны ж падзяляліся на тры саслоўі: патрыцыі (арыстакраты, паходзілі ад царскіх родаў), коннікі (паходзіла ад афіцэраў рымскай арміі) і плебеі (паходзілі ад земляробаў і дробных гандляроў). Успомнім арыйскі перыяд у гісторыі Індыі (ды і ў нашай уласнай гісторыі): арыйскае грамадства таксама падзялялася на тры варны (касты-саслоўі) – жрацы, ваяры, народ. І ў эпоху Сярэднявечча, і ў пазнейшыя часы сістэма саслоўяў працягвала існаваць – ажно да нашага часу, хоць і ў размаітай форме. Існуе і паняцце грамадзянства.

2. Усе ўладныя сістэмы і інстытуты таксама ў асноўным вядуць сваё паходжанне ад Рыма. Гэта найперш само паняцце рэспублікі, якая прадугледжвае існаванне выбарных органаў, што ўпраўляюць ад імя народа. Рымам упраўляў Сенат (тое ж, што парламент, бундэстаг, сойм, Дума, Вярхоўны Савет, Рада – назвы пазней могуць быць розныя). У рымскі Сенат напачатку ўваходзіла 100 чалавек. У І ст. да н. э. іх лік дасягнуў 600 чалавек. Звычайна званне сенатара лічылася пажыццёвым. Спачатку іх выбіралі толькі з ліку патрыцыяў. Аднак плебеі пастаянна змагаліся за свае правы, выбіраючы са свайго асяроддзя барацьбітоў за свае інтарэсы – трыбунаў. Урэшце плебеі дамагліся права выбірацца на дзяржаўныя пасады. Кожны год грамадзяне ўдзельнічалі ў выбарах, якія называліся Народным Сходам (у славян – Веча), дзе выбіралі кіруючыя органы (інакш кажучы, не заканадаўцаў, а выканаўцаў) – двух консулаў. Адзін упраўляў гаспадаркай, а другі – войскам. У надзвычайных умовах выбіралі дыктатара. Юлій Цэзар быў якраз дыктатарам падчас грамадзянскай вайны. А з яго паўнамоцтваў заканамерна ўзнікла ўлада імператара. Чаму імператара, а не цара? Таму што Рым ужо стаў імперыяй. Імперыя ўключае ў сябе розныя этнасы і краіны. Напрыклад, у І ст. да н.э. у склад Рыма ўжо ўваходзіла Грэцыя, Карфаген, Іудзея, Галія (Францыя), Іспанія, Брытанія, Швейцарыя, Германія. Сын Цэзара Аўгуст утварыў сістэму сумеснага – імператарам і Сенатам – упраўлення краінай. Яна аказалася настолькі эфектыўнай, а сам Аўгуст настолькі мудрым чалавекам, што пасля яго смерці ніхто і не ўспомніў пра рэспубліку (а Цэзара ж забілі якраз рэспубліканцы). Тэрыторыя імперыі падзялялася на рэгіёны, якія называліся правінцыямі. Упраўлялі імі былыя консулы ці суддзі.

3. Вельмі многія вайсковыя паняцці і структуры ідуць ад Рыма. Войска Рыма вызначалася выключнай арганізаванасцю. Войска ўплывала на палітычнае жыццё, многія палітыкі былі найперш выдатнымі военачальнікамі. Армія падзялялася на легіёны. У кожны ўваходзіла прыкладна 4200 чалавек. У легіёнаў былі свае сімвалы, свае традыцыі. Легіён складаўся з атрадаў – кожны ўключаў прыблізна 120 чалавек. У бой атрады ішлі баявым парадкам, які нагадваў шахматную дошку. Такі парадак аказаўся даволі эфектыўны. У асноўным ваяры былі пешыя, але існавала і невялікая конніца. Затое машыны для ўзяцця гарадоў былі настолькі разнастайныя і складаныя, што нам нават цяжка і ўявіць. Умельства будаваць такія машыны (цэлыя перасоўныя крэпасці), якія ўпраўляліся тысячамі людзей, у пазнейшыя эпохі было страчана. Рымскія ваяры ўмелі будаваць выключнай прыгажосці і трываласці дарогі, масты, гарады, прычым надзвычай хутка. Безумоўна, дарогі, акведукі, паштовыя станцыі будаваліся, зыходзячы з ваенных патрэб, але служылі яны ўсім, і служылі вякамі. Войскі праводзілі свае парады на плошчы ў Рыме, якая называлася Марсавым полем (Марс – бацька Ромула і Рэма). З таго часу ў еўрапейскіх сталіцах існуюць свае Марсавы палі, на якіх праводзяць парады. Многія рухі (фігуры) на нашых вайсковых парадах ідуць ажно ад Рыма.

4. Хрысціянства. На тэрыторыі Рымскай імперыі (у Палесціне) жыў Хрыстос, узнікла хрысціянская рэлігія. Але калі б не імперыя, рэлігія не магла б распаўсюдзіцца ў такіх маштабах. Менавіта дзякуючы імперыі, магчымасці апосталам свабодна падарожнічаць па велізарнай тэрыторыі, прычым падарожнічаць камфортна (дарогі, пошты, гасцініцы), і абумовілі хуткае і эфектыўнае распаўсюджванне хрысціянства. Дадам да гэтага і талерантнасць Рыма, у якім існавалі самыя розныя ўсходнія культы (Мітры, Ізіды). Але хрысціянства было б толькі яшчэ адным культам, калі б не зусім новае сутнаснае напаўненне гэтай рэлігіі.

5. Юрыспрудэнцыя і права. Рымляне распрацавалі надзвычай скрупулёзную сістэму законаў. Законы ўлічвалі літаральна ўсе выпадкі ў жыцці, маёмасныя, сямейныя адносіны, грамадскія паводзіны і меру пакарання за ўчынкі. Заслуга тут належыць Юлію Цэзару. Да нашага часу рымскае права – у аснове ўсіх заходніх кодэксаў, асабліва французскага. Ды і нашага, паколькі ў стасунках паміж людзьмі, нягледзячы на ўсе навацыі і тэхнічны прагрэс, мала што змянілася (бываюць і пакражы, і махлярства, і забойствы з-за рэўнасці), хоць з’явіліся і новыя злачынствы, звязанымі з інфармацыйнымі тэхналогіямі. Рымляне злачынцаў не саджалі ў турму, а пазбаўлялі грамадзянскіх правоў і адпраўлялі ў ссылку. Да гэтага часу, дарэчы, невядома, за што Аўгуст выслаў у далёкую Канстанцу (Румынія) выдатнага рымскага паэта Авідзія. Ёсць, аднак, звесткі, што Авідзій наведаў наша Палессе, менавіта тут памёр і пахаваны на Відзіж-гары ў Кажан-гарадку Лунінецкага раёна.

6. Каляндар, святы і абрады. Чалавецтва жыве паводле Юліянскага календара (Грыгарыянскі – на яго аснове), створанага Юліем Цэзарам (матэматычна распрацавалі яго вучоныя Александрыі). Святы ў Рыме называліся фэстамі. Шмат якія рытуалы запазычаны з фэстаў. Але лепш сказаць, што рытуалы былі агульныя ў праславян, этрускаў, лацінян, скажам, ушанаванне вечнага агню, культ кветак, вясельны абрад. Так, белая сукенка нявесты – ад рымскай нявесты, яе заўсёды белага хітона. У Еўропе вярнуліся да белага адзення ў эпоху Адраджэння, і паступова традыцыя прыйшла да нас. Шмат узялі еўрапейцы ў рымлян у кульце продкаў. У адрозненне ад егіпцян і сваіх папярэднікаў этрускаў рымляне перанеслі скульптуры, якія прадстаўлялі памерлых, з падземных пахавальняў на паверхню зямлі, і ад іх традыцыя ставіць помнікі на магілах распаўсюдзілася па ўсім заходнім свеце. У сувязі з гэтым надзвычай высокага ўзроўню дасягнуў скульптурны партрэт рымлян, больш індывідуалізаваны, чым у грэкаў, якія стваралі хутчэй ідэальныя, абагуленыя вобразы.

7. Навука, тэрміналогія. Лацінская мова, як і грэцкая, стала мовай навукі. Да гэтага часу з грэцкай і лацінскай моў бяруцца тэрміны для ўсіх новых паняццяў, катэгорый і з’яў. Астраномія, планеты Сонечнай сістэмы вядуць сваё паходжанне ад пантэону рымскіх багоў. У эпохі Сярэднявечча і Адраджэння не толькі навука, але і літаратура стваралася на лацінскай мове (лацінамоўная літаратура Беларусі).

8. Архітэктура. Тут рымляне, узяўшы за аснову грэцкі ордэр, унеслі шмат навацый. Так, яны (этрускі) вынайшлі арку, а на яе аснове стваралі надзвычай ўстойлівыя і даўгавечныя будынкі – акведукі, віядукі, цыркі (Калізей), трыумфальныя аркі і інш. Яны ж вынаходнікі крыжовага зводу (злучыўшы два аркавыя тунелі), купала (Пантэон), многіх архітэктурных формаў – тэрмаў, базілік, трыумфальных арак, калонаў (калона Траяна). Яны адкрылі бетон, шмат якія будаўнічыя прыёмы. У Рыме будаваліся шматпавярховыя дамы, так званыя інсулы. У імперыі ўзнік і тып катэджа, вілы (у Пампеях) з унутраным дваром, прынцып якой перанялі ўсе міжземнаморскія краіны. Проста дом называўся ў Рыме “домусам”. Надзвычай высокага ўзроўню дасягалі роспісы на сценах, а таксама мазаічныя падлогі. Гэтыя традыцыі плённа працягвала Візантыя. Рымскі стыль архітэктуры, а таксама і інтэр’еры сталі асновай шмат якіх пазнейшых стыляў, у прыватнасці раманскага стылю, рэнесансу, барока, класіцызму, ампіру, так званага сталінскага класіцызму (у прыватнасці, афармленне Маскоўскага метро).

9. Сельская гаспадарка была важнай часткай эканомікі Рыма. Рымляне зрабілі земляробства і жывёлагадоўлю выключна эфектыўнымі, распаўсюджвалі па ўсёй імперыі перадавыя метады (перанялі іх і славяне). Тут створана шмат тэарэтычных прац па сельскай гаспадарцы. Рымляне вельмі любілі жыццё на ўлонні прыроды, адсюль і практыка будаўніцтва маёнткаў, вясковых сядзібаў, віл. Сельскае жыццё – ідэалізаваная каштоўнасць, ідылія (“Георгікі” Вергілія). Адсюль важнае значэнне літаратурнага жанру пастаралі, малюнкаў жывапісу на тэмы прыроды (фрэскі ў Пампеях).

10. Ад Рыма ідзе высокае значэнне гігіены, мода на лазні. У Рыме было каля 1000 прыватных лазняў і 11 грамадскіх. Прычым лазні (тэрмы) – сапраўдныя палацы, дзе не толькі мыліся, атрымоўвалі медыцынскія і цырульныя паслугі, але і плавалі ў басейнах, трэніраваліся ў спорце, назіралі цыркачоў, спевакоў, танцораў, харчаваліся.