Узнікненне, сутнасць і дынаміка глабальных праблем сучаснасці.

Лекцыя 17. Сусветная палітыка і глабальныя праблемы сучаснасці. Геапалітыка

1. Узнікненне, сутнасць і дынаміка глабальных праблем сучаснасці.

2. Шляхі рашэння глабальных праблем сучаснасці.

3. Сутнасць, асноўныя элементы і фактары геапалітыкі.

4. Геапалітычныя наступствы распаду СССР. Беларусь на геапалітычным скрыжаванні.

 

Тэрмін "глабальныя праблемы" ў навуковай літаратуры ўжываецца з канца 1960-х гадоў. Але глабальныя праблемы ўзніклі значна раней. Грамадства добра ведае пра існаванне глабальных праблем. Палітыкі вельмі часта гавораць аб іх. У той жа час любы чалавек адразу можа сфармуліраваць дзве – тры, не болей. У першую чаргу – гэта глабальная экалагічная праблема і пагроза ракетна-ядзернай зброі ў вырашэнні існуючых міжнародных канфліктаў. Таму існуе пільная патрэба сфармуліраваць рысы глабальных праблем, прычыны абвастрэння іх на сучасным этапе развіцця чалавечай супольнасці, вызначыць тыпы і магчымыя шляхі вырашэння. Галоўнымі крытэрыямі глабальнасці праблем з'яўляюцца: прасторавае і планамернае вымярэнне, а таксама змест, які ўтрымлівае пытанні захавання цывілізацыі. Зыходзячы з гэтага можна сфармуліраваць абагульненае паняцце глабальных праблем.

Глабальныя праблемы сучаснасці – гэта праблемы, якія стрымліваюць грамадскі прагрэс чалавецтва, а пры пэўных умовах ставяць пад сумленне існаванне нашай цывілізацыі.

На падставе гэтага паняцця палітолаг Г. Круглова сфармуліравала найбольш характэрныя рысы глабальных праблем:

а) маюць агульначалавечы характар, бо яны закранаюць інтарэсы ўсіх краін і народаў, а ў перспектыве – будучае ўсяго чалавецтва;

б) спадарожнічаюць чалавечаму грамадству на працягу ўсёй гісторыі, нягледзячы на тое, што да пэўнага этапа свайго развіцця яны не выяўляюць сваёй вастрыні, нават іх развіццё не заўжды прыкметнае;

в) у сучасных умовах набываюць сусветны характар, бо сферай іх дзеянняў стала ўся планета;

г) маюць комплексны, сістэмны характар, каб іх вырашыць, неабходны сумесныя намаганні ўсіх краін і народаў;

д) развіваюцца ў часе і прасторы, у выніку з'яўляюцца новыя, а пэўныя знікаюць;

е) супярэчлівыя з пункту гледжання свайго рашэння, так як цалкам глабальныя запатрабаванні будуць задаволены ў далёкай гістарычнай перспектыве, а ў сучасных умовах яны атрымліваюць частковае, прамежкавае рашэнне, пры ўмовах актыўнага міжнароднага супрацоўніцтва;

ж) маюць змешаную сацыяпрыродную сутнасць і па прычынах узнікнення і па характару праяў.

Глабальныя праблемы ўяўляюць з сябе сукупнасць сацыяпрыродных праблем, ад рашэння якіх залежыць сацыяльны прагрэс чалавецтва і захаванне цывілізацыі. Гэта праблемы, якія характарызуюцца дынамізмам, узнікаюць як аб'ектыўны фактар развіцця грамадства і для свайго рашэння патрабуюць аб'яднаных намаганняў усяго чалавецтва.

Глабальныя праблемы сучаснасці не з'яўляюцца чымсьці новым для чалавецтва, хутчэй за ўсё, яны ўяўляюць з сябе нячутнае абвастрэнне і паглыбленне ў сучасных умовах існаваўшых раней супярэчнасцей у сістэме "чалавек – грамадства – прырода".

Прычынамі, якія садзейнічалі іх актуалізацыі, з'яўляюцца:

а) удасканаленне і развіццё вытворчых сіл і вытворчых адносін, вынік развіцця матэрыяльнай культуры грамадства;

б) вынікі сацыяльнага прагрэса;

в) паглыбленне супярэчнасцей, якія вызначаюцца драпежніцкімі адносінамі да чалавека і прыроды – бескантрольнае і інтэнсіўнае выкарыстоўванне прыродных рэсурсаў (карысных выкапняў), узмацненне неспрыяльных наступстваў чалавечай дзейнасці;

г) паскоранае развіццё НТР;

д) супадзенне навукова-тэхнічнай рэвалюцыі з буйнымі сацыяльнымі пераменамі ў свеце (напрыклад, рэвалюцыя ў вайсковай справе і стварэнне зброі масавага знішчэння прывялі да ўзнікнення праблемы захавання і выжывання чалавецтва).

Такім чынам, можна падсумаваць, што асноўнымі прычынамі абвастрэння глабальных праблем у сучасных умовах з'яўляюцца развіццё грамадства, яго вытворчых сіл, нячутнае развіццё НТР і сацыяльны прагрэс.

Усе глабальныя праблемы знаходзяцца ў непарыўнай і ўзаемаабумоўліваючай сувязі паміж сабою. Кожная глабальная праблема не існуе "сама па сабе", а як "элемент" структуры ўсёй сістэмы глабальных праблем. Таму неабходна вызначыць тыпалогію глабальных праблем, зыходзячы з пэўнага крытэрыя. Найбольш поўная тыпалогія прадугледжвае, што праблемы маюць карані ў адносінах паміж асноўнымі сацыяльнымі супольнасцямі, у адносінах паміж чалавекам і прыродай, паміж чалавекам і грамадствам.

Л.Самойлава і Г.Круглова вылучаюць наступныя тыпы глабальных праблем сучаснасці.

1 клас – суперглабальныя (агульнасусветныя):

- папярэджанне сусветнай ракетна-ядзернай вайны;

- усталяванне новага міжнароднага парадку на прынцыпах раўнапраўя і супрацоўніцтва;

- развіццё эканамічнай інтэграцыі.

Яны звязаны з перабудовай міжнародных адносін у адпаведнасці з патрабаваннямі далейшага прагрэсу чалавецтва.

2 клас – агульнапланетарныя (рэсурсныя):

- экалагічная;

- дэмаграфічная;

- энэргетычная;

- харчовая;

- праблема выкарыстоўвання космаса і інш.

Яны звязаны з праблемамі аптымізацыі, гарманізацыі і гуманізацыі адносін грамадства да прыроды.

3 клас – агульначалавечыя (субглабальныя):

- ліквідацыя эксплуатацыі і жабрацтва;

- праблема аховы здароўя і адукацыі;

- гарантыя праў чалавека;

- праблема планіравання і рэгуліравання роста ўзроўню і якасці жыцця і інш.

Гэта праблемы сацыякультурнага, гуманітарнага шэрагу, якія звязаны з дэмакратызацыяй адносін грамадства і асобы.

 

Неабходна мець на ўвазе, што неад'емнай рысай сучасных глабальных праблем з'яўляецца іх дынамізм. Гэта абумоўлівае магчымасць павелічэння або памяншэння глабальных праблем, а таксама зніжэння або павялічэння вастрыні той ці іншай праблемы. Сістэма праблем не застаецца нязменнай у часе. Яна развіваецца. Таму, натуральна, у пачатку трэцяга тысячагоддзя магчыма перад чалавецтвам паўстане неабходнасць шукаць рашэнне зусім іншай па складу і характару сістэмы глабальных праблем, чым той, з якой чалавецтва сутыкнулася напрыканцы ХХ стагоддзя.