Класіфікацыя судоў.
Судовая ўлада.
Дзяржаўна-прававы механізм складаецца з трох галін улады: заканадаўчыя органы выдаюць законы, абавязковыя для ўсіх; выканаўчыя органы рэалізуюць іх у жыццё, выконваюць гэтыя законы; суд карае за парушэнне законаў ці невыкананне іх.
Суд –орган, які прымяняе дзяржаўныя санкцыі і разглядае канфлікты. Адсюль дзве функцыі: а) пакаранне за парушэнне дзяржаўных законаў; б) разгляд спрэчак і канфліктаў паміж дзяржаваю і грамадзянінам.
Дзейнасць судоў па разгляду канфліктаў, спрэчак, па прымяненню законаў у адносінах да вінаватых асоб завецца правасуддзем. Неабходна ведаць, што судовыя паўнамоцтвы, судовая ўлада рэалізоўваецца не якім-небудзь адным судом, а ўсёй сістэмай судоў у сукупнасці.
Судовая ўлада ўвасабляецца шляхам рэалізацыі правасуддзя, якое бывае крымінальным, грамадзянскім, адміністратыўным, канстытуцыйным. Судовая ўлада паняцце складанае, шматзначнае, у ім шмат элементаў. Але аснова, стрыжань яе складае факт аб тым, што правасуддзе вяршыцца толькі судом. Рашэнне суда – гэта закон.
У якасці суддзяў выступаюць асобы, якія прайшлі спецыяльную працэдуру прызначэння і выбрання, маюць спецыяльную адукацыю, вопыт, адпаведныя маральныя якасці.
Шэраг краін замацоўваюць прынцыпы правасуддзя і прынцыпы судовага ладу і судаводства ў канстытуцыях ці спецыяльных законах. Судовая ўлада Рэсублікі Беларусь адлюстравана ў Арт. 109-116 Канстытуцыі.
Асноўныя прынцыпы дзейнасці судоў: незалежнасць, калегіяльнасць, прафесіяналізм, права на скаргу, галоснасць. Акрамя таго, вядомы наступныя прынцыпы: роўнасць бакоў у працэсе і спаборнасць пры разглядзе спраў. Спаборнасць – гэта дадатак да прынцыпа роўнасці бакоў.
Акрамя судоў першай інстанцыі, другой, вышэйшых і вярхоўнага, маюцца спецыяльныя суды (адміністратыўныя, па працоўных спрэчках, фінансавыя, патэнтныя, ваенныя, мытныя, дысцыплінарныя) і недзяржаўныя (трэцейскія, рэлігійныя, міравыя).
Незалежна ад спецыялізацыі суда, любыя суды маюць пэўную структуру (пабудову), дакладней, іерархічную ці вертыкальную структуру ўладкавання судовых органаў. Гэта зроблена для таго, каб у бакоў або ў падсуднага была магчымасць абскардзіць вынесенае рашэнне ці прысуд; для таго, каб была інстанцыя, якая праверыць рашэнне ніжэйшага суда.
Існуе два варыянты абскарджвання судовых рашэнняў: касацыя і апеляцыя.
Касацыйны парадак абскарджвання – гэта калі суд другой інстанцыі разглядае матэрыялы справы і правярае іх з фармальнага пункту гледжання. Калі будуць знойдзены нейкія недахопы , дык рашэнне будзе адменена і адпраўлена на паўторны разгляд. Пры апеляцыйнай форме вышэйстаячы суд зноўку разглядае ўсю справу пры ўдзеле бакоў, з выклікам сведкаў. Судовае пасяджэнне адбываецца другі раз, але суддзямі больш высокай кваліфікацыі. У выніку прымаецца новае рашэнне, новы прысуд. Апеляцыйны суд не накіроўвае справы на перагляд, ён сам гэта робіць.
Неабходна ведаць, што любы суд абавязаны дзейнічаць і дзейнічае згодна пэўных правіл і трымаецца пэўных працэдур. Судовыя справы разглядаюцца адкрыта, галосна, публічна. Напрыканцы разгляду справы выносіцца рашэнне, якое афармляецца ў пісьмовым выглядзе. Адбітак (копія) гэтага рашэння даецца баку, які быў асуджаны, альбо, калі была спрэчка, – двум бакам. Любы суд – гэта пэўная працэдура, гэта прымяненне закона, гэта пэўнае месца ў сістэме ўлады, пэўны аўтарытэт і традыцыя.
Самы значны прынцып дзейнасці любога суда – незалежнасць суда. Большасць канстытуцый краін свету фіксіруе прынцып незалежнасці суда. У дыктатарскіх і таталітарных рэжымах судовая ўлада залежыць ці падпарадкавана выканаўчай уладзе.
Належнае жыццё грамадства магчыма толькі пры ўмовах законнасці, незалежнасці судоў і разуменні таго, што судовае рашэнне павінна выконвацца абавязкова і ўсімі.