Узнікненне, сутнасць дзяржавы. Прыкметы, структура і функцыі дзяржавы
Лекцыя 6. Дзяржава ў палітычнай сістэме
1. Узнікненне, сутнасць дзяржавы. Прыкметы, структура і функцыі дзяржавы.
2. Тыпы і формы дзяржавы.
2.1 Дзяржавы згодна формы кіравання.
2.2 Дзяржавы згодна форм дзяржаўнага ладу.
3. Прававая дзяржава і грамадзянская супольнасць.
Спосабам арганізацыі людзей паводле пэўнага сістэмнага падзелу ўлады з'яўляецца дзяржава. Гэтая форма чалавечай арганізацыі надзвычай дасканалая. Паміж дзяржаваю і ўладай існуе падвойная сувязь. Аднак дзяржава не адзіная форма арганізацыі ўлады. Напрыклад, уладатрымальнікамі былі і ёсць рэлігійныя структуры. Але дзяржава найбольш успрымаецца як крыніца ўлады, бо яе разглядаюць як сілу здольную змяніць лёсы людзей.
Дзяржава гэта асноўны інстытут палітычнай сістэмы, які арганізуе, накіроўвае і кантралюе сумесную дзейнасць і адносіны людзей, грамадскіх груп, класаў і асацыяцый. Дзяржава ўяўляе з сябе цэнтральны інтстытут улады ў грамадстве і зканцэнтраванае ўвасабленне палітыкі гэтай уладаю.
Дзяржава ўзнікла як заканамерны, аб'ектыўны вынік натуральнага развіцця грамадства на пэўнай ступені яго саспеласці.
Вылучаюць шэраг прычын і фактараў узнікнення дзяржавы:
а) паглыбленае грамадскае падзяленне працы, вылучэнне кіравання ў мэтах павышэння яго эфектыўнасці ў спецыяльную галіну грамадскай дзейнасці;
б) узнікненне падчас развіцця грамадскай вытворчасці прыватнай уласнасці, класаў і эксплуатацыі;
в) дэмаграфічныя фактары – узрастанне колькасці і шчыльнасці насельніцтва, пераход да аседлага вобраза жыцця, забарона крывазмяшчальніцтва і ўладкаванне шлюбных адносінаў, гэта выклікала запатрабаванні грамадства ў рэгуліраванні ўзаемасувязей паміж людзьмі на пэўнай тэрыторыі;
г) антрапалагічныя фактары – дзяржаўная форма арганізацыі ўкаранена ў самой грамадскай прыродзе чалавека; дзяржава, як і сям'я, паселішча, ёсць натуральная, арганічна ўласцівая чалавецтву на пэўнай ступені развіцця найвышэйшая форма супольнасці;
д) псіхалагічныя, рацыянальныя і эмацыянальныя фактары, у гэтым выпадку дзяржава разглядаецца як плод чалавечага разума, які саспеў пад уплывам пэўных запатрабаванняў і эмоцый чалавека;
е) заваёвы адных народаў іншымі – дзяржава ўзнікае ў выніку знешніх заваёў і палітычнага гвалту, што паглыбляе сацыяльную няроўнасць, прыводзіць да ўтварэння класаў і эксплуатацый.
Вылучаюцца і некаторыя іншыя фактары, якія ўплываюць на ўтварэнне дзяржавы: геаграфічныя, этнічныя і г.д. Такім чынам, узнікненне дзяржаўнасці абумоўлена шматлікімі прычынамі, сярод якіх цяжка вылучыць адну ў якасці галоўнай. Дзяржава ўзнікае, існуе і развіваецца як вынік ускладнення эканамічнага і сацыяльнага жыцця, як форма задавальнення запатрабаванняў у ўладкаванні, рэгуліраванні і кіраванні грамадскімі справамі.
Разуменне прыроды і сутнасці дзяржавы ўяўляе з сябе цяжкую задачу палітычнай навукі ў сувязі са шматбаковасцю і складанасцю данага сацыяльнага ўтварэння.
Тым больш, што ўвесь час адбываецца эвалюцыя ролі дзяржавы. Французскія палітолагі вылучаюць тры разуменні ролі і сутнасці дзяржавы:
а) паліцэйская дзяржава – яна выконвае абмежаваныя функцыі, якія зводзяцца галоўным чынам да падтрымання парадку, абароны, уладкавання фінансаў, – гэта традыцыйныя функцыі;
б) дзяржава ахоўніца – акрамя выконвання традыцыйных функцый дзяржава ўмешваецца ва ўсё большую і большую колькасць сфераў жыцця, бярэ адказнасць за ўсё большую частку дзейнасці людзей;
в) дзяржава салідарнасці – яна прадугледжвае замену хібаў сацыялізацыі, дэцэнтралізацыі і аўтанамізацыі адзінай логікай дзяржаўнасці (узмацненне салідарнасці на розных ўзроўнях).
Палітолаг Т. Салавей вылучае тры розных падыхода да даследавання дзяржавы:
а) палітыка-філасофскі, калі дзяржава разглядаецца як універсальная арганізацыя, якая павінна забяспечыць адзінства, цэласнасць грамадства, рашэнне "агульных спраў", рэгуліраванне ўзаемаадносін улады і народа;
б) класавы, згодна якому дзяржава народжана падзелам грамадства на класы і яна зброя класавай барацьбы;
в) прававы і арганізацыйна-структурны падыход, які даследуе "юрыдычную дзяржаву" як крыніцу права і закона, арганізуючую жыццё грамадства і дзейнасць самой дзяржавы і яе струтктур у сістэме палітычных адносін.
Гэтыя падыходы не выключаюць адзін аднаго і ў сваёй сукупнасці дапамагаюць раскрыць сутнасць і спецыфіку дзяржавы як палітычнага інстытута.
У сучаснай палітычнай навуцы найбольш шырока распаўсюджаны два значэнні паняцця дзяржава.
Дзяржава – гэта супольнасць людзей, якія жывуць на пэўнай тэрыторыі і арганізаваны органамі дзяржаўнай улады.
Дзяржава – гэта сістэма арганізацый, устаноў і інстытутаў, якія валодаюць вярхоўнай уладаю на дадзенай тэрыторыі.
Дзяржавы ўсіх часоў і тыпаў характарызуюцца шэрагам устойлівых агульнагістарычных прыкмет:
а) наяўнасць сістэмы суверэннай палітычнай улады: заканадаўчай, выканаўчай, судовай (суверэнная ўлада – самастойна распараджацца натуральным багаццем і рэсурсамі, рэалізацыя міжнародных сувязей, суб'ект міжнароднага права);
б) тэрыторыя (права на абарону) – прастора, на якую распаўсюджана юрысдыкцыя пэўнай дзяржавы;
в) усеагульнасць (суверэнітэт) – незалежная і неабмежаваная ўлада на тэрыторыі ўсёй дзяржавы;
г) манаполія на легальнае прымяненне сілы і фізічнага прымусу;
д) уласная фінансавая сістэма (права збіраць падаткі і зборы);
е) дзяржаўная мова (унітарная дзяржава мае адну дзяржаўную мову);
ж) насельніцтва – сукупнасць людзей, якія жывуць на тэрыторыі дзяржавы;
з) манапольнае права на выданне законаў, абавязковых для ўсяго насельніцтва.
Месца і роля дзяржавы ў палітычнай сістэме грамадства шмат у чым абумоўлена яе функцыямі, якія адлюстроўваюць асноўныя накірункі дзейнасці дзяржавы.
Функцыі дзяржавы:
1) унутраныя: эканамічныя ці гаспадарчыя, сацыяльныя, падтрымка законнасці і правапарадку, культурна-выхаваўчыя;
2) знешнія: забеспячэнне бяспекі дзяржавы, развіццё адносін супрацоўніцтва, інавацыйная, міратворчая.
Для рэалізацыі функцый дзяржава фарміруе комплекс спецыяльных органаў і ўстаноў, якія складаюць у сукупнасці арганізацыйную структуру або дзяржаўны механізм.
Структура дзяржавы уключае:
- прадстаўнічыя органы дзяржаўнай улады (выбіраюцца) – падзяляюцца на вышэйшыя (парламент), якія валодаюць заканадаўчай уладаю, і мясцовыя органы ўлады і самакіравання, якія ўтвараюцца згодна адміністратыўна-тэрытарыяльнага падзелу краіны;
- выканаўча-кіруючыя, ці органы дзяржаўнага кіравання, яны прызначаны для непасрэднага кіравання дзяржаўнымі справамі (выканаўчая дзейнасць); падзяляюцца на вышэйшыя (міністэрствы і ведамствы) і мясцовыя выканаўчыя органы;
- судовыя – яны ўвасабляюць правасуддзе, вырашэнне канфліктаў і спрэчак, аднаўленне парушаных праў, пакаранне парушальнікаў закона;
- органы пракуратуры – нагляд за дакладным і адзінавобразным выкананнем законаў органамі дзяржавы, грамадскімі аб'яднаннямі, службовымі асобамі і грамадзянамі;
- органы дзяржаўнага кантроля;
- органы аховы грамадскага парадку (міліцыя, паліцыя);
- органы дзяржаўнай бяспекі;
- узброеныя сілы (войска)
Ніводная сучасная дзяржава не можа існаваць без прадстаўнічых устаноў, адміністрацый і судовай сістэмы. У той жа час – пракуратура, органы аховы грамадскага парадку, наглядна-кантраліруючыя, у пэўных выпадках уваходзяць у сістэму выканаўчай улады. Некаторыя элементы дзяржаўнага апарата наогул могуць адсутнічаць у той ці іншай канкрэтнай дзяржаўнай структуры (напрыклад, войска).