Структура і функцыі палітычных сістэм
Немагчыма існаванне палітычнай сістэмы без наступных кампанентаў: палітычнай супольнасці, пасадавых асоб, прававых норм і норм палітычнай этыкі, тэрыторыі.
Палітычная супольнасць – гэта сукупнасць людзей, якія стаяць па розных прыступках палітычнай іерархіі, але злучаныя разам пэўнай палітычнай культурай, ведамі аб палітыцы, гісторыяй краіны, традыцыямі і каштоўнасцямі, а таксама пачуццямі ў адносінах да палітычнай сістэмы і мэтаў кіравання.
Пасадавыя асобы – аснова палітычнай улады, яны кіруюць і дзейнічаюць ад імя і на карысць сістэмы. Падзяляюцца на дзве групы. Першая: прэзыдэнт, глава ўраду, міністры, глава адміністрацыі прэзыдэнта і г.д. Другая: выканаўцы, чыноўнікі, якія павінны кіраваць, дакладна і дабрасумленна выконваючы загады і распараджэнні; умацоўваць дзяржаўную дысцыпліну і служыць дзяржаўнаму інтарэсу ў адпаведнасці з законам.
Прававыя нормы і нормы палітычнай этыкі – метады і спосабы рэалізацыі палітычнай улады.
Тэрыторыя як кампанент палітычнай сістэмы не абавязкова атаясамліваецца з дзяржавай. Горад, гарадскі ці вясковы раён з палітычнай супольнасцю, органамі мясцовага кіравання тэрыторый – гэта таксама палітычная сістэма.
Як адзначае палітолаг Л.Старавойтава, палітычная сістэма мае пэўную структуру – устойлівыя элементы і ўстойлівыя сувязі паміж гэтымі элементамі. ПС маюць складаную або простую структуру. Сучасныя палітычныя сістэмы адрозніваюцца складанай дыферэнцыяй. Яны маюць шырокую базу структур, якія прынімаюць рашэнні ці ўплываюць на прыняцце рашэнняў: разгалінаваны дзяржаўны аппарат, групы інтарэсу, палітычныя партыі, асацыяцыі, СМІ і г.д.
Палітычныя структуры складаюцца з розных арганізацый, як уласна палітычных – дзяржава, палітычныя партыі, так і непалітычнага характару, якія імкнуцца вырашаць сур'ёзныя палітычныя інтарэсы, напрыклад, прафсаюзы, аб'яднанні прадпрымальнікаў, царква і іншыя.
Палітычныя структуры – гэта не толькі арганізацыі, але і ўстойлівыя адносіны, узаемадзеянні розных удзельнікаў палітыкі – палітычных гульцоў (актораў), якія выконваюць пэўныя ролі. Дэпутаты парламенту, суддзі, выбаршчыкі, партыйныя функцыянеры – гэта ўсё ролі, шчыльна ўзаемазвязаныя паміж сабою ў палітыцы і з якіх складаецца структура палітычнай сістэмы.
Палітычным структурам уласціва ўстойлівасць. У адрозненні ад хуткіх змен – працэсаў ці функцый, структурныя змены адбываюцца марудна (за выключэннем перыяду рэвалюцый).
У ПС сацыяльныя групы імкнуцца рэалізаваць свае інтарэсы з дапамогай механізма ўлады. Улада дае магчымасць канкурыруючым групам размеркаваць каштоўнасці, дабро ў адпаведнасці з вагаю іх уплыву.
На функцыяніраванне палітычнай сістэмы вялікі ўплыў аказвае палітычная культура. З'яўляючыся носьбітам фундаментальных палітычных ведаў і каштоўнасцей, палітычная культура выступае ў якасьці асновы ўсяго грамадска-палітычнага ладу. Палітычная культура можа звесці на нуль усе спробы рэформ, калі яны не адпавядаюць яе сутнасці, кантэксту.
ПС аўтаномна, мае свае межы з асяроддзем.. Межы сістэмы маюць назвы "уваход" і "выхад".
"Уваход" – гэта любая падзея, якая ў адносінах да ПС з'яўляецца знешняй, уплывае на яе і здольная яе змяніць.
"Выхад" – рэакцыя ў адказ на ўзаемадзеянне, у выглядзе законаў, рашэнняў, пастаноў і г.д.
На "ўваход" у палітычную сістэму падаюцца імпульсы: патрабаванні і падтрымка.
Як падкрэслівае Л.Старавойтава, патрабаванні – гэта выражэнне думак аб правамернасці ці неправамернасці, справядлівасці ці несправядлівасці рашэнняў улады, якія злучаны з размеркаваннем грамадскіх даброт і выкарыстоўваннем грамадскіх рэсурсаў. Патрабаванні накіроўваюцца ў адрас уладаў і з'яўляюцца напамінам аб наяўнасці ў грамадстве пэўных запатрабаванняў.
Падтрымка – гэта выражэнне лаяльнасці грамадства ў адносінах да сістэмы, давер палітычным інстытутам. Падтрымка можа быць адкрытай і прыхаванай. Адкрытая заўважна ў дзеяннях. Гэта назіраемыя паводзіны: удзел у выбарах, падтрымка пэўных партый і лідараў, выказваемае ўхваленне прынімаемых рашэнняў. Прыхаваная падтрымка знаходзіць сваё адлюстраванне ва ўнутраных устаноўках і арыентацыі асобы, у схільнасцях да пэўных палітычных ідэалаў, нормаў, мадэляў паводзін.
Варта адзначыць, што падтрымка бывае эмацыянальнай і інструментальнай. Эмацыянальная падтрымка з'яўляецца адносна трывалай і стабільнай, інструментальная як вынік дзейнасці ўраду. Апошняя фарміруецца шляхам увядзення "заахвочванняў" за лаяльныя паводзіны і будуецца на чаканні такіх заахвочванняў. Інструментальная падтрымка ўмоўная, менш трывалая і падвяргаецца эрозіі.
На "выхадзе" з палітычнай сістэмы ў асяроддзе бачны вынікі яе работы – абавязковыя для ўсіх рашэнні і дзеянні па іх рэалізацыі. Рашэнні бываюць у выглядзе законаў, пастаноў выканаўчай улады, рашэнняў судоў. ПС перапрацоўвае вялікую колькасць сацыяльнай інфармацыі і пераўтварае яе ў канкрэтныя аўтарытарна-ўладныя рашэнні. Працэс перапрацоўкі патрабаванняў у палітычныя рашэнні завецца ўнутрысістэмнай канверсіяй. У сваю чаргу, рашэнні і дзеянні аказваюць уплыў на асяроддзе, у выніку ўзнікаюць новыя патрабаванні. "Уваход" і "выхад" сістэмы ўвесь час уплываюць адзін на аднаго. Адбываецца зваротная сувязь, якая неабходна для адзнакі правільнасці прынятых рашэнняў, іх карэкцыі, узнікнення памылак, арганізацыі падтрымкі і па-неабходнасці адыхода ад аднаго накірунка да іншага, выбару новых мэтаў і шляхоў іх дасягнення.
Працэс паступлення і рэгістрацыі патрабаванняў на "ўваходзе", пераўтварэнне (канверсія) іх сістэмай у рашэнні і перадача на выхад з наступным кантролем за выкананнем – гэта і ёсць палітычны працэс. Палітычны працэс паказвае, як узнікаюць сацыяльныя патрабаванні, як яны пераўтвараюцца ў агульназначныя праблемы, а затым у прадмет дзеянняў палітычных інстытутаў, накіраваных на фарміраванне грамадскай палітыкі, на жадаемае вырашэнне праблем. Сістэмны падыход, на думку Л.Старавойтавай, дапамагае зразумець механізм фарміравання новых палітычных стратэгій, роль і ўзаемадзеянне розных элементаў сістэмы ў палітычным працэсе.
Палітолагі лічаць, што фундаментальнай функцыяй палітычнай сферы з'яўляецца мэтадасягненне. Працэс мэтадасягнення заключаецца ў фарміраванні і зацвярджэнні прыярытэтаў сярод шматлікіх мэтаў, а таксама ў забеспячэнні эфектыўных дзеянняў для дасягнення агульных мэтаў.
Палітолагі падзяляюць функцыі ПС, згодна таго, якія яна выконвае на "уваходзе" і "выхадзе".
Функцыі "увахода" рэалізуюць: групы па інтарэсах, палітычныя партыі, СМІ. "Выхадныя" – дзяржаўныя структуры.
Функцыі палітычнай сістэмы:
1) "на уваходзе":
- палітычная сацыялізацыя і рэкруціраванне. Сацыялізацыя – гэта працэс засваення асобай палітыкі як сферы жыццядзейнасці. У выніку асоба засвойвае пэўныя палітычныя веды, нормы, каштоўнасці, мадэлі паводзін. Фарміруецца тып чалавека палітычнага. Рэкруціраванне – функцыя выканання роляў у палітычнай сістэме: выбаршчыка, грамадзяніна, прэзыдэнта, дэпутата, міністра, мэра, суддзі, партыйнага функцыянера і г.д.;
- артыкуляцыя інтарэсаў – працэс, шляхам якога выказваюцца патрабаванні. Непасрэдна рэалізуюць гэтую функцыю групы інтарэсаў. Інтарэсы фарміруюцца і дасягаюцца шляхам дзейнасці груп і асацыяцый. Групы ўзнікаюць на аснове ідэнтыфікацыі чалавека з прафесіяй, нацыяй, рэлігіяй, узростам і г.д. Асацыяцыі: палітычныя партыі, прафсаюзы, арганізацыі прадпрыймальнікаў, аб'яднанні жанчын, моладзі і г.д.;
- агрэгіраванне інтарэсаў – функцыя пераўтварэння патрабаванняў у альтэрнатывы дзяржаўнай палітыкі. Агрэгіраванне інтарэсаў знаходзіць сваё адлюстраванне ў палітычных заявах, праграмах, заканадаўчых прапановах, перадвыбарчых платформах;
- палітычная камунікацыя забяспечвае сувязь паміж элементамі палітычнай сістэмы, а таксама паміж палітычнай сістэмай і асяроддзем. Інфармацыя дае магчымасць уладным інстытутам забяспечыць правільнае прыняцце рашэнняў і падтрымку сістэмы яе членамі.
2) "на выхадзе":
- норматворчасць – уключае ў сябе распрацоўкі законаў, якія вызначаюць прававыя нормы паводзін людзей і груп у грамадстве, а таксама дзейнасць сацыяльных інстытутаў. Сюды ж уваходзіць і прыняцце рашэнняў выканаўчымі органамі;
- прымяненне правіл і норм – гэта функцыя прадугледжвае прывядзенне іх у дзеянне, у сацыяльную практыку. Канчатковы лёс палітычнага рашэння залежыць ад яго рэалізацыі: прымяненне правіл і норм стымуліруе дзеянні адміністрацыі, заканадаўчых органаў, прававых структур, няўрадавых структур, груп і асацыяцый;
- кантроль за выкананнем правіл і норм уключае інтэрпрэтацыю законаў, вызначэнне фактаў іх парушэння, прымяненне адпаведных санкцый за гэта. Кантрольная функцыя знаходзіцца, пераважна, у кампетэнцыі судовай улады.
Выкананне функцый палітычнай сістэмы шчыльна злучана з выкананнем задач, якія паўстаюць перад данай сістэмай у канкрэтных эканамічных, сацыяльна-палітычных, сацыякультурных умовах яе развіцця.
Акадэмік Я. Бабосаў вылучае наступныя асноўныя задачы палітычнай сістэмы:
а) Вызначэнне і фармуліроўка галоўных мэтаў дзяржавы і грамадства, распрацоўка стратэгіі і тактыкі на бліжэйшы час і перспектыву з улікам інтарэсаў ўсяго грамадства.
б) Мабілізацыя ўсіх рэсурсаў (прыродных, матэрыяльных, сацыяльных, духоўных і інтэлектуальных) для дасягнення пастаўленых мэтаў.
в) Размеркаванне матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей у адпаведнасці з інтарэсамі і запатрабаваннямі членаў грамадства.
г) Інтэграцыя людзей, якія жывуць у пэўнай супольнасці, аб'яднанне іх дзейнасці для выканання задач рэфарміравання розных сфер жыццядзейнасці людзей.
д) Заканадаўчая, выканаўчая і кантралюючая дзейнасць у межах данага грамадства і на міжнароднай арэне.
е) Узгадненне шматвобразных інтарэсаў дзяржавы і сацыяльных супольнасцей.
ж) Забеспячэнне ўнутранай і знешняй бяспекі і стабільнасці палітычнага ладу.
з) Фарміраванне палітычнай свядомасці, далучэнне членаў грамадства да ўдзелу ў палітычнай дзейнасці.
і) Кантроль за выкананнем законаў і правіл, забарона дзеянняў, якія парушаюць палітычныя нормы.