Палітычная думка эпохі антычнасці і сярэднявечча
Лекцыя 2. Этапы станаўлення і развіцця палітычнай навукі
1. Палітычная думка эпохі антычнасці і сярэдневечча.
2. Палітычная думка эпохі Адраджэння і Новага часу.
3. Еўрапейская палітычная думка ХІХ ст. – пачатку ХХ ст.
4. Станаўленне і развіццё палітычнай думкі ў Беларусі і Расіі.
5. Асноўныя тэндэнцыі развіцця сучаснай паліталогіі.
Мэта лекцыі – прааналізаваць погляды старажытнагрэчаскіх палітычных мысліцеляў аб палітыцы, праве, уладзе; хрысціянска-тэалагічную канцэпцыю палітыкі масліцеляў сярэдневечча. Таксама прадметам аналізу стане фарміраванне грамадзянскай канцэпцыі палітыкі і распрацоўка ідэалогіі цэнтралізаванай дзяржавы мысліцеляў эпохі Адраджэння; меркаванні мысліцеляў Новага часу аб сутнасці дзяржавы, палітыкі права; асаблівасці развіцця палітычнай думкі ў Расіі і Беларусі. Пазнаёмімся з асноўнымі тэндэнцыямі развіцця сучаснай палітычнай навукі.
У палітычнай навуцы адным з галоўных з'яўляецца пытанне – як павінна быць налажана грамадскае жыццё, у чым сутнасць дзяржавы, як абгрунтоўваецца тагачасная сістэма грамадства і рэалізацыя яго інтарэсаў. Каб адказаць на гэтае пытанне належным чынам неабходна даведацца аб асноўных этапах развіцця палітычнай думкі. У сувязі з тым, што Беларусь з'яўляецца часткай Еўропы, знаходзіцца ў яе геапалітычнай прасторы, размова пойдзе, у першую чаргу, аб палітычнай думке Заходняй Еўропы.
Вывучэнне гісторыі сусветнай палітычнай думкі неабходна не толькі для лепшага разумення сённяшняга палітычнага жыцця, але і для прагназіравання будучага. Веданне мінулага дае магчымасць пазбегнуць памылак, ці ва ўсялякім выпадку не рабіць памылак і пралікаў зробленых папярэдаднікамі.
Палітычная думка стала развівацца з моманту з'яўлення першых дзяржаў. Самыя старажытныя вучэнні ўзніклі ў краінах Старажытнага Усходу: Егіпце, Індыі, Кітае, Вавілоне, Палесціне і інш. Найвышэйшага развіцця палітычная думка ў старажытны час дасягнула ў антычных дзяржавах, асабліва ў Старажытнай Грэцыі. У якасці прыкладу варта разгледзіць працы старажытнагрэчаскіх мысліцеляў Платона і Арыстоцеля. Менавіта яны з супрацьлеглых поглядаў разглядалі адно з галоўных пытанняў, якое хвалюе грамадства па сённяшні дзень – чалавек дзеля дзяржавы, ці дзяржава дзеля чалавека?
Платон, як гэта вядома з курса філасофіі, свае палітычныя погляды выказаў у дыялогах "Дзяржава" і "Законы". Платон падзяляў людзей на тры саслоўя. Кожнае з іх адпавядала вылучаным ім тром пачаткам, якія пераважалі ў душы чалавека: разумоваму, афектыўнаму (эмацыянальнаму) і прагнучаму (пачуццёваму, прагнаму да багацця). Вышэйшай дабрачыннасцю, якая павінна быць уласціва ўсім саслоўям, ён лічыў памяркоўнасць, меру. Разумовы пачатак уласцівы філософам – мудрацам; афектыўны – воінам; прагнучы – земляробам і рамеснікам. Адпаведна якасцям душы кіраваць дзяржаваю павінны філосафы – мудрацы. Воіны, якім уласцівы эмоцыі, лютасць, павінны клапаціцца аб бяспецы дзяржавы, абараняць яе. Прагнучыя рамеснікі і земляробы абавязаны працаваць, забяспечваць дабрабыт грамадства.
Зыходзячы з этыкі Платона, якая была арыентавана не на асобу (індывіда), а на грамадства (супольнасць), робіцца выснова, што не дзяржава служыць чалавеку, а чалавек – грамадству.
Палітыка па вызначэнню Платона – мастацтва кіраўнікоў, якое патрабуе ведаў па кіраванню людзьмі. Ідэальнай формай дзяржаўнага кіравання ў сваіх ранніх працах Платон лічыў праўленне арыстакратыі (мудрых) і манархію; найгоршымі – дэмакратыю і тыранію, таму што першая прыводзіць да свавольства і безуладдзя, а другая трымаецца на вераломстве і гвалту. Пазней ён аддаваў перавагу дзяржаўнаму ладу, у якім спалучаліся пачаткі дэмакратыі і манархіі.
Арыстоцель быў вучнем Платона. Яго палітычныя погляды выкладзены ў трактатах "Палітыка" і "Нікамахава этыка". Арыстоцель крытыкаваў ідэю Платона аб агульнасці жонак і дзяцей (у саслоўях філосафаў і воінаў) і абараняў неабходнасць прыватнай уласнасці, манагамнай сям'і. Палітыка, згодна разважанняў Арыстоцеля, – кіраванне грамадствам праз дзяржаву (асаблівы аппарат), а таксама кіраванне самой дзяржаваю. Дзяржаву ён вызначаў як адносіны падобных адзін адному людзей дзеля дасягнення найлепшага жыцця.
Арыстоцель, у выніку аналізу 156 грэчаскіх і "варварскіх" дзяржаўных ладаў, вылучыў тры правільныя і тры неправільныя дзяржаўныя формы. Да правільных, якія імкнуцца да грамадскага дабрабыту, ён адносіў манархію (палітычную ўладу аднаго), арыстакратыю (праўленне нямногіх), палітыю (праўленне многіх); да няправільных, якія імкнуцца да задавальнення прыватных інтарэсаў, – тыранію (дэспатычную ўладу аднаго), алігархію (уладу багацеяў) і дэмакратыю (уладу большасці). Правільныя формы, сцвярджаў Арыстоцель, заснаваны на ўладзе закона, няправільныя пагарджаюць законамі. Арыстоцель адзначаў, што тыранія і дэмакратыя аднолькава дэспатычна адносіцца да грамадзян (асоб). Найбольш правільнай формай дзяржаўнага праўлення ён лічыў палітыю (спалучэнне алігархіі і дэмакратыі), якая па сутнасці з'яўляецца абмежаванай дэмакратыяй. Арыстоцель на першае месца ставіў чалавека, а не дзяржаву.
Працы Арыстоцеля з'яўляліся прывабнымі для многіх палітычных мысліцеляў наступных гістарычных эпох. Арыстоцель вельмі шанаваўся ў Беларусі. Вялікую ўвагу яго сацыяльна-палітычнаму і этычнаму вучэнню надавалі Ф.Скарына, С.Будны, С.Полацкі. У вучэбных установах Беларусі філасофія Арыстоцеля ў інтеэрпрэтацыі Ф.Аквінскага вывучалася да канца XVIII ст.
Наступны перыяд у развіцці еўрапейскай палітычнай думкі – Сярэдневечча (к. V – сяр. XVIII ст.), якое характарызуецца нараджэннем, уладарствам і разлажэннем феадалізму; вялікім уплывам на духоўнае жыццё рэлігіі і царквы. Царква ў гэты перыяд імкнулася ўплываць і на дзяржаўнае кіраванне.
Удзел царквы ў дзяржаўным праўленні абгрунтоўвалі Іоан Златавуст і Аўрэлій Аўгусцін (Блажэнны), якія абапіраліся на пастулат з святога Пісання аб тым, што "усялякая ўлада ад Бога". Аўгусцін лічыў, што ў свеце існуе дзве супольнасці: "град Божы" (царква) і "град зямны" (дзяржава). Адсюль ішлі высновы аб грамадскім і дзяржаўным ладзе, тлумачэнні існуючых адносін.
"Град Божы" заснаваны на любві да Бога і таму імкнецца да агульнай карысці і справядлівасці, другі – на любві да сябе, гвалце, прымусу і г.д. Для таго каб лепей жылося грамадству, каб дзяржава апраўдвала сваё грахоўнае існаванне, неабходна падпарадкавацца царкве, дапамагаць сцвярджаць яе ідэалы на зямлі.
Вядомым філосафам і ідэолагам сярэдневечча быў Фама Аквінскі. Ён запазычыў у Арыстоцеля некаторыя ідэі і прыстасаваў іх да патрэб свайго часу. Аквінскі лічыў, што існуючыя адносіны ўстаноўлены Богам. Ад яго ён выводзіў узнікненне і існаванне манархіі, прыхільнікам якой з'яўляўся сам. Свецкай уладзе, пераканаўча даводзіў Аквінскі, належаць толькі целы людзей, іх матэрыяльны свет, а іх душы (погляды, разум і г.д.) – Богу, адпаведна царкве і Папе рымскаму, якому павінны ўсе падпарадкоўвацца. Аквінскі быў перакананым прыхільнікам кантролю царквы над дзяржаваю, навукаю, мастацтвам, паходжання права ад Божых запаветаў.
Погляды І.Златавуста, А.Аўгусціна і Ф.Аквінскага складаюць асновы хрысціянска-тэалагічных канцэпцый палітыкі мысліцеляў сярэдневечча.
2. Палітычная думка эпохі Адраджэння і Новага часу
Перыяд Адраджэння (ХІV – ХVІ стст.) характарызуецца распадам феадалізму і станаўленнем капіталізму ў Еўропе, які спрыяў буйнаму развіццю тэхнікі, свецкіх (гуманітарных) навук, гарадоў, гандлю, мастацтва. У супрацьвагу ідэалогіі сярэдневечнага аскетызму ідэолагі новай эпохі адстойвалі гуманістычныя (чалавечыя) каштоўнасці: імкненне да зямнога дабрабыту, правы чалавека на свабоднае развіццё і праяўленне творычых здольнасцей. Гуманізм адрадзіў зацікаўленасць антычнай старажытнасцю.
Радзімай Адраджэння або Рэнесанса была Італія. Там побач з развіццём свецкай літаратуры і мастацтва фарміравалася палітычная думка, якая адстойвала інтарэсы буржуазіі і новы грамадскі лад.
Найбольш цікавай асобай, якая займалася распрацоўкай новай палітычнай навукі таго часу, быў Мікола Макіявелі. У сваім творы "Гасудар" ён супрацьпастаўляў тэхнічнай (рэлігійнай) канцэпцыі дзяржавы тэорыю свецкай (не рэлігійнай) дзяржавы; выступаў з мэтай стварэння моцнай цэнтралізаванай дзяржавы.
Макіявелі сцвярджаў, што адной з галоўных функцый дзяржавы з'яўляецца абарона прыватнай уласнасці. Уладар павінен не квапіцца на маёмасць падданых, інакш гэта непазбежна выкліча іх нянавісць. Макіявелі ўпершыню звяртае ўвагу на палітычную суб'ектыўнасць народа – на яго здольнасць уплываць на ўладу, у пэўных выпадках лічыць яго больш сумленным і разважлівым, чым уладар.
Найлепшай формай дзяржаўнага кіравання Макіявелі лічыў рэспубліку. Менавіта ў ёй могуць быць забяспечаны парадак і свабода, спалучэнне агульных і прыватных інтарэсаў. У той жа час ён лічыў, што калі народ не падрыхтаваны да такой формы кіравання, дык выхаваць у людзей рэспубліканскія погляды павінна дзяржава з моцным, цжнтралізваным кіраваннем. Прычым для дасягнення гэтай мэты Макіявелі лічыў вартымі ўсялякія спосабы, у тым ліку: гвалт, падман, забойства, хабар і г.д. Уладар заўжды будзе апраўданы, калі вынікі яго палітыкі будуць добрымі і станоўчымі.
Адначасова з палітычнымі вучэннямі, якія ставілі мэту абароны прыватнай уласнасці і дзяржавы, якая захоўвае інтарэсы правячых колаў, у Заходняй Еўропе сталі з'яўляцца публікацыі, якія асуджалі гэтую ўласнасць, якая стварыла сістэму эксплуатацыі чалавека чалавекам. Гэта добра бачна ў творы англічаніна Томаса Мора "Утопія". Ён зрабіў спробу вызначыць сувязь дзяржавы з інтарэсамі эксплуататарскіх класаў. Мор сфарміраваў вобраз дзяржаўнага ладу, які меў дэмакратычны характар, прадугледжваў выбарнасць пасадавых асоб. Асноўныя функцыі дзяржавы: кіраўніцтва народнай гаспадаркай і адукацыяй, арганізацыя вытворчасці і размеркавання. Т.Мор разам з Т.Кампанэлай, Ж.Мелье, Г.Мадлі прапаноўвалі замяніць прыватную ўласнасць на грамадскую і сфарміраваць грамадства з грубай ураўняльнасцю, аскетызмам, рэгламентацыяй грамадскага і нават сямейнага жыцця.
Перыяд Новага часу (ХVІІ – ХVІІІ стст.) характарызуецца ўмацаваннем капіталізму, барацьбой буржуазіі за ўладу, буржуазнымі рэвалюцыямі ў Англіі, Галандыі, Францыі.
Адной з галоўных праблем палітычнай навукі таго часу была праблема ўзаемаадносін асобы і дзяржавы. Узаемадзеянню гэтых суб'ектаў палітыкі была прысвечана тэорыя "натуральных правоў". Яна абгрунтоўвала роўнасць людзей, якая была дадзена ім прыродай. Прыхільнікі гэтай тэорыі выступалі за заканадаўчае замацаванне свабоды перакананняў і дзеянняў людзей, правы валодання і распараджэння ўласнасцю, гарантыяў ад самавольства і г.д.
Тэорыя "натуральных правоў" чалавека дапаўнялася тэорыяй "грамадскай дамовы", згодна якой дзяржава ўзнікла не па боскай волі, а ў выніку дамовы паміж людзьмі, каб устараняць (знішчаць) канфлікты. Дзяржава павінна забяспечыць ахову іх правоў, свобод, якія не гарантаваны ў натуральным стане. Гэтыя тэорыі ў розных варыянтах інтэрпрэціравалі і развівалі Г.Гароцы, Б.Спіноза, Т.Гобс, Дж.Лок, І.Кант, Р.Джэферсон, Д.Дыдро, Ж.-Ж.Русо і інш.
Томас Гобс лічыў, што дзяржава здольная устрымаць цёмныя інстынкты людзей, даць шлях законам разума і ўсталяваць у грамадстве грамадзянскі стан. Дзяржава павінна не толькі выконваць функцыю панавання, але і займацца выхаваўча-асветніцкай дзейнасцю, заахвочваць розныя гаспадарчыя заняткі, прымушаць да працы здаровых людзей.
Гобс прыхільнік моцнай улады. Тым не менш ён лічыў, што падданыя маюць магчымасць, згодна свайго выбару, рабіць тое, што не забаронена законам. Яны павінны мець на ўзроўне прыватна-прававых адносін шырокую ініцыятыву, сістэму правоў і свабод.
Вялікі ўклад ў палітычную навуку ўнеслі англічанін Джон Лок і француз Шарль Мантэскьё, якія распрацавалі канцэпцыю падзелу ўладаў.
Лок прапанаваў падзяляць уладу на заканадаўчую, выканаўчую і федэратыўную, якая ахоплівае міжнародныя адносіны. Выступаў за абавязковасць усімі ў грамадзянскай супольнасці выконваць законы. Адстойваў ідэю неадчужальнасці ад асабовай свабоды права на жыццё і ўласнасць, пазней гэта было прызнана пачаткам ідэалогіі буржуазнага лібералізму.
Мантэскьё дапоўніў тэорыю падзелаў улады тым, што побач з заканадаўчай і выканаўчай вылучыў і судовую ўладу. Да таго ж спалучыў ліберальнае разуменне свабоды з ідэяй канстытуцыйнага замацавання механізма падзелу ўладаў.
Т.Гобс, Дж.Лок, Ш.Мантэскьё – адны з першых прадстаўнікоў ідэйна-палітычнага руху, які атрымаў назву "асветніцтва". Яны верылі ў вялізныя магчымасці чалавечага розуму і навукі ў справе перабудовы грамадства на разумовых пачатках. Яны шмат зрабілі для вызвалення навукі ад улады рэлігіі і выкарыстоўвання навуковых дасягненняў у практыцы.
Таксама варта адзначыць погляды Вальтэра (Мары Франсуа Аруэ), які цалка адстойваў прынцыпы роўнасці, свабоды і прыватнай уласнасці. Прычым роўнасць прызнаваў толькі ў прыватным праве і выступаў супраць роўнасці ў палітычных правах (бедныя не павінны былі іх мець).
Сярод асветнікаў вылучаюцца погляды Ж.-Ж.Русо, які быў прыхільнікам прамой дэмакратыі. Адстойваў правы грамадзян на ўдзел у прыняцці законаў, выступаў за палітычную роўнасць, за роўнасць маёмаснага стану грамадзян, таксама лічыў неабходным захаваць дробную прыватную ўласнасць, якая была б заснавана на індывідуальнай працы.
Пэўны ўнёсак у палітычную навуку зрабіў Імануіл Кант – абгрунтаваў ідэю прававой дзяржавы, у якой уладаруюць юрыдычныя законы. Ён звязаў усталяванне прававой дзяржавы з маральнасцю і фарміраваннем грамадзянскай супольнасці.
Георг Вільгельм Фрыдрых Гегель тлумачыў грамадзянскую супольнасць як сістэму палітычных інстытутаў і аўтаномнасць арганізацый, якія дзейнічаюць у абарону інтарэсаў асобы і груп. Асноўным прынцыпам грамадзянскай супольнасці з'яўляецца, згодна Гегеля, індывідуалізм. Дзяржава, на яго думку, прадстаўляе з сябе сістэму ўсеагульнага інтарэсу, грамадзянская супольнасць – сістэму прыватнага інтарэсу.
3. Еўрапейская палітычная думка ХІХ ст. – пачатку ХХ ст.
Гэта перыяд развіцця буржуазнай дэмакратыі, стварэння "сучасных форм" дзяржаў.
Вядучым палітыка-ідэалагічным рухам гэтага часу быў лібералізм. Адстойваліся тыя правы і свабоды, якія ў першую чаргу рэалізоўвалі "асабовую свабоду", свабоду прыватнай уласнасці і канкурэнцыі, выступалі за падзел уладаў, супраць умяшальніцтва дзяржавы ў эканоміку.
Сярод іншых варта адзначыць, у якасці прыкладу, погляды найбольш цікавых прадстаўникоў гэтай эпохі.
Іерамія Бентам тлумачыў грамадскія інтарэсы, грамадскую карысць як суму прыватных інтарэсаў і дабрабыту. Рэалізацыю прынцыпаў карысці ён злучаў з гарантыямі правоў і вольнасцей, якія абавязаны забяспечыць дэмакратычная дзяржава.
У той час навукоўцы былі заклапочаны тым, што развіццё дэмакратыі прывядзе да змяншэння правоў меншасці. Гэта асабліва падкрэслена ў проглядах Алексіса Токвіля і Джона Мілля. Адзначаючы станоўчыя бакі дэмакратыі – паляпшэнне дабрабыту большасці грамадзян і іх шырокі палітычны ўдзел, звярталі ўвагу на магчымыя адмоўныя наступствы – верагоднасць тыраніі большасці над меншасцю, узмацненне цэнтралізацыі і бюракратызму дзяржаўнага кіравання, сацыяльнага падпарадкавання.
Мілль выступаў супраць тыраніі большасці над асобаю, прапанаваў, каб адукаваныя людзі мелі права галасаваць на выбарах адразу ў некалькіх выбарчых акругах, у той час як астатнія толькі ў адной. Гэта, на яго думку, дазволіць захаваць ва ўладзе інтэлектуальную і маральную эліту. Мілль таксама прапанаваў зрабіць заканадаўчую ўладу выбарнай, а выканаўчую – прызначаемай (у прынцыпе, гэта рэалізуецца ў Рэспубліке Беларусь пасля рэферендуму 1996 года). Для павышэння эфектыўнасці кіравання неабходна ўводзіць конкурсныя іспыты пры заняцці кіруючых пасад.
На працягу паўтара стагоддзя ў сусветнай палітычнай навуцы значнае месца належала вучэнню Карла Маркса і Фрыдрыха Энгельса. Яно складала тэарэтычную аснову палітычнай дзейнасці большасці камуністычных партый.
Марксісцкі аналіз палітыкі грунтаваўся на вучэнні аб класавай барацьбе. З'яўленне прыватнай ўласнасці прывяло да сацыяльнай няроўнасці, узнікнення класаў, якія адрозніваюцца адносінамі да сродкаў вытворчасці (валоданне ці невалоданне). З мэтай рэалізацыі інтарэсаў класаў паміж імі вядзецца барацьба за ўладу – палітычная барацьба. Маркс і Энгельс вызначалі палітыку як арганізаваны гвалт аднаго класа над другім. Яны выступалі за змену "старых" грамадскіх адносін новымі шляхам сацыялістычнай рэвалюцыі, якую здзейсніць працоўны клас (рабочыя) пад кіраўніцтвам камуністычнай партыі. У выніку сацыялістычнай рэвалюцыі будзе ўсталявана дыктатура пралетарыяту, якая і пабудуе сацыялістычнае грамадства. Маркс і Энгельс тлумачылі паходжанне дзяржавы як прадукт класавых адносін і неабходнасці рэгуліравання адносін паміж класамі. Маркс лічыў асноўным прынцыпам грамадзянскай супольнасці калектывізм.
У канцы ХІХ ст. некаторыя прыхільнікі сацыялізму, у адрозненне ад марксісцкага рэвалюцыйнага падыходу, прапаноўвалі эвалюцыйны, рэфармісцкі шлях да сацыялістычнага ладу. У прыватнасці, Эдуард Бернштэйн. На яго думку, у працэсе развіцця буржуазнай дэмакратыі класавая барацьба будзе набываць мірныя формы, рэвалюцыйныя спосабы барацьбы саступяць месца парламенцкім, барацьбе за рэфармаванне грамадства.
У палітычнай навуцы ХІХ ст. знайшлі адлюстраванне і іншыя палітычныя ідэі. Напрыклад, "тэорыя заваёў", распрацаваная Людовікам Гумпловічам. Згодна якой галоўная рухаючая сіла гісторыі – барацьба рас за выжыванне, у выніку перамагаюць мацнейшыя расы. Расамі ён называў нацыі і класы. Уладарства рас павінна была забяспечыць дзяржава.
Падобныя ідэі распрацоўваліся і Фрыдрыхам Ніцшэ. Рухаючай сілай грамадскага развіцця ён лічыў памкненне да ўлады. Уся гісторыя развіцця грамадства – гэта барацьба дзвюх рас: "моцнай расы" (арыстакратычных уладароў) і "слабай расы" (прыгнечаных, паднявольных, масы, таўпы). Ніцшэ лічыў, што кіраваць дзяржаваю павінен "звышчалавек" (не абцяжараны маральнымі і прававымі нормамі); адна з функцый дзяржаў – вядзенне войнаў, якія з'яўляюцца жыццёвай неабходнасці.
Неабходна адзначыць, што ў ХІХ ст. былі закладзены тэарэтычныя асновы палітычных рухаў, якія вызначылі развіццё чалавецтва ў ХХ стагоддзі. Да другой паловы ХІХ ст. адносіцца і пачатак станаўлення паліталогіі як навукі.
4. Станаўленне і развіццё палітычнай думкі ў Беларусі і Расіі
Палітычная думка Беларусі развівалася згодна агульнаеўрапейскіх радыцый. Можна адзначыць яе асаблівы ўнёсак у развіццё і разуменне самакіравання. Адчуваючы пэўны ўплыў еўрапейскіх і рускіх мысліцеляў, яна ўсё ж мела на працягу ўсёй гісторыі Беларусі ўласцівы толькі ёй характар.
Аб гэтым сведчыць эвалюцыя палітычнай думкі ў Беларусі. Пачатак яе быў закладзены хрысціянскай канцэпцыяй Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага. Наступным этапам стала распрацоўка і прыняцце Статутаў Вялікага княства Літоўскага (1529, 1566, 1588 гг.) – кодэксаў дзяржаўных законаў беларуска-літоўскай дзяржавы. У Статутах, якія былі падрыхтаваны Л.Сапегаю, абмяжоўвалася ўлада манарха прадстаўнічымі заканадаўчымі органамі; дэкларуецца свабода веравызнання; свабода слова; злачынствы супраць прыватных асоб разглядаюцца як антыдзяржаўныя, антыграмадскія; зафіксавана роўнасць людзей перад законамі. Асаблівасць дзяржаўна-палітычнага жыцця Беларусі вызначаецца існаваннем ў гарадах Магдэбургскага права – права на самакіраванне, калі усе бакі жыцця гараджан рэгуляваліся ўласнай юрыдычнай сістэмай, якая падкрэслівала іх самастойнасць і свабоду. У гарадах дзейнічалі выбарныя органы – магістраты. У гарадскім асяроддзі Беларусі назапашаны вялікі вопыт самакіравання, пэўнай дэмакратыі ва ўмовах сярэдневечча.
Як у Заходняй Еўропе, так і ў Беларусі ў XV-XVI стст., у асяродку гарадскіх жыхароў узнікае ідэйна-палітычны рух, які быў звязаны з агульнаеўрапейскім гуманізмам, Рэфармацыяй і Адраджэннем. У той жа час, як адзначае даследчык той эпохі С.Падокшын, у адрозненне ад заходнееўрапейскіх, асабліва італьянскіх гуманістаў, якія прапагандавалі ідэю індывідуальнай свабоды, беларускія гуманісты гэту ідэю абмяжоўвалі інтарэсамі агульнага дабра. Арыентацыя асобы на карысць агульнага дабра ў Беларусі канкрэтызавалася ў нацыянальна-патрыятычных формах: служэнні Айчыне, свайму народу, абароне інтарэсаў простых людзей. Асаблівасцю беларускага гуманізма з'ўляецца ўмацаванне ў масавай свядомасці, нацыянальным характары і паводзінах насельніцтва такой рысы, як талерантнасць – цярпімасць, стрыманасць ў узаемаадносінах з іншымі народамі, у адносінах да іншых думак і перакананняў.
У вытокаў гуманітстычнага руху ў Беларусі знаходзіўся Францыск Скарына. У прадмовах, пасляслоўях, каментарах да надрукаваных ім на беларускай мове кніг ён сфармуліраваў свае погляды, імкнучыся давесці, што чалавек ёсць найвышэйшая каштоўнасць; пабуджае ў народзе імкнене да ведаў, дабра, свабоды і патрыятычнай дзейнасці.
Палітычны светапогляд Скарыны быў накіраваны на сцвярджэнне ў людзей правасвядомасці, а ў дзяржаве – правасуддзя і справядлівасці. Закон, згодна думак Скарыны, павінен быць асновай, на якой існуе грамадства. Палітычны ідэал – гуманная і моцная ўлада. Ачольваць дзяржаву павінен адукаваны, мудры, міласэрны, веруючы і справядлівы манарх, які ўважліва сочыць за выкананнем законаў і сам кіруецца імі ў сваёй дзейнасці.
У XVI-XVII стст. у Беларусі было шмат гуманістаў. Большасць з іх прытрымлівалася памяркоўных сацыяльна-палітычных поглядаў, выступалі за ўдасканаленне, рэфармаванне існуючага ладу. Да прыхільнікаў эвалюцыйнага накірунку, акрамя Ф.Скарыны, адносіліся Мікола Гусоўскі, Сымон Будны, Міхаіл Літвін, Андрэй Волан, Леў Сапега і інш.
У сваіх творах "Катэхізіс" і "Аб свецкай уладзе" С.Будны паказаў сябе адным з першых беларускіх мысліцеляў, якія адстойвалі інтарэсы гарадскіх рамеснікаў і гандляроў, працу і заняткі якіх ён лічыў неабходнымі для грамадства. Будны сфармуліраваў асноўныя фактары, якія абумоўліваюць неабходнасць улады – усталяванне парадку ў дзяржаве, ахову інтарэсаў асобы і дзяржавы. Ён паспрабаваў вызначыць абавязкі кіруючых і кіруемых. Будны раней чым Гобс у Заходняй Еўропе узняў пытанне аб прымусу да грамадска-карыснай працы дэкласіраваных элементаў і гультаёў. Як і Скарына, Будны патрабаваў роўнасці ўсіх перад законам, выступаючы супраць войнаў, лічыў магчымым весці толькі справядлівыя, абарончыя войны.
Абаронцам звычайных людзей (сялян, гараджан, дробнай шляхты) быў Міхаіл Літвін (М.Тышкевіч). Ён прыхільнік калектыўнага кіраваня. Звяртаў сур'ёзную ўвагу на ўвядзенне справаздачы пасадавых асоб па выніках сваёй дзейнасці.
Мікола Гусоўскі ў сваіх меркаваннях аб палітыцы значнае месца адводзіў рысам ідэальнага кіраўніка дзяржавы, якія шукаў у рэальным жыцці, аналізуючы дзейнасць канкрэтных палітычных дзеячоў, напрыклад вялікага князя Вітаўта.
Галоўнае дасягненне ў развіцці палітычнай думкі Беларусі Андрэя Волана – грунтоўная распрацоўка канцэпцыі прававога грамадства і прававой дзяржавы. У сваім трактаце "Аб палітычнай, ці грамадзянскай, свабодзе" А.Волан трактаваў свабоду як фактар, які забяспечвае мір і магутнасць дзяржавы, бяспеку існавання грамадзян, гарантыю недатыкальнасці іх уласнасці і багацця; як галоўную ўмову развіцця інтэлектуальных і фізічных якасцей асобы, яе грамадскай актыўнасці. Волан выступаў за юрыдычную роўнасць усіх саслоўяў. У поглядах на праблему паходжання дзяржавы прытрымліваўся тэорыі натуральнага права і грамадскай дамовы.
Леў Сапега выступаў за адзіную, цэнтралізаваную, незалежную і прававую дзяржаву, законы ў якой абараняюць не толькі кіраўнікоў, але і кіруемых; за рэлігіёзную таленрантнасць і прэзумпцыю нявіннасці.
У ХІХ ст. у поглядах палітычных дзеячоў Беларусі сцвярджаліся дэмакратычныя ідэі. Іх носьбітамі, напрыклад, былі члены тайнага "Дэмакратычнага таварыства" (1836-1839 гг.), якія звязвалі нацыянальна-вызваленчую барацьбу з сацыяльным вызваленнем. Адзін з яго кіраўнікоў Франц Савіч, будучы перакананым рэспубліканцам, выступаў за знішчэнне прыгонніцтва шляхам узброенага паўстання, за вызваленне народаў ад дэспатызму, за сяброўства паміж народамі.
Прадстаўніком рэвалюцыйна-дэмакратычнага руху ў Беларусі быў Кастусь Каліноўскі, які бачыў у якасці мэты паўстання – усталяванне новага, дэмакратычнага ладу, дзе не будзе маёмаснай і саслоўнай няроўнасці, дзяржаўныя справы будзе вырашаць сам народ. Па палітычных поглядах ён патрыёт – беларус, дэмакрат, рэспубліканец.
К.Каліноўскі паклаў пачатак народніцкаму руху ў Беларусі. У 1870-80-я гг. ідэі народніцтва падтрымлівалі і прапагандавалі С.Кавалік, М.Судзілоўскі, І.Грынявіцкі, Ф.Багушэвіч, С.Лучына, А.Багдановіч і інш. Яны выступалі супраць прыгонніцтва і самаўладдзя, адстойвалі інтарэсы сялян, частка з іх тэарэтычна абгрунтоўвала існаванне беларускай нацыі і яе права на аўтаномную самастойнасць.
У пачатку ХХ ст. у Беларусі меў месца шырокі спектр ідэалагічных дактрын і палітычных рухаў: ліберальна-буржуазны, сацыял-дэмакратычны, бальшавіцкі (камуністычны) і інш., якія былі злучаны з грамадска-палітычнымі падзеямі, якія адбываліся ў Расійскай імперыі і Еўропе.
Наогул, варта падкрэсліць, што з канца XVIII ст. палітычная думка Беларусі развівалася ў агульнарасійскім рэчышчы. З гэтага часу, дарэчы, і пачынаецца станаўленне палітычнай думкі Расіі, у якой назіраецца і па сёняшні дзень барацьба двух накірункаў: еўрапейскага і свайго самабытнага шляху.
Так прыхільнікам тэорыі "натуральнага права" быў расійскі гісторык і дзяржаўны дзеяч В.Тацішчаў, адначасова ён быў прыхільнікам самаўладдзя і лічыў, што гэта форма дзяржаўнага кіраўніцтва неабходна для такой краіны, як Расія. Прычым выступаў за пэўнае абмежаванне ўлады цара прадстаўнічымі шляхецкімі ўстановамі.
А.Радзішчаў сцвярджаў, што адзіным сродкам знішчэння прыгону можа быць народная рэвалюцыя, якая прывядзе да распаду імперыі на часткі. Пазней яны аб'яднаюцца ў дабраахвотны саюз рэспублік, дзе ўлада будзе рэалізоўвацца народнымі выбраннікамі.
М.Сперанскі вялікую ўвагу надаваў падзелу ўладаў: заканадаўчы орган – Дзяржаўная дума, выканаўчая ўлада – імператар і трэцяя ўлада – вышэйшы судовы орган.
У канстытуцыйных праектах дзекабрыстаў М.Мураўёва і П.Песцеля ўтрымлівалася неабходнасць забеспячэння адказнасці ўрада перад народам, увядзенне ў Расіі дэмакратычных правоў і свабод.
У ХІХ ст. шляхі і характар развіцця дзяржаўнага і эканамічнага ладу Расіі вызначаліся ў спрэчках "заходнікаў" і "славянафілаў".
Заходнікі (П.Аненкаў, Т.Граноўскі, К.Кавелін, П.Чаадаеў, Б.Чычэрын) выступалі за заходнееўрапейскія каштоўнасці, у прыватнасці за парламентарызм і канстытуцыйныя парадкі Англіі і Францыі. Славянафілы (К.Аксакаў, І.Кірэяўскі, А.Хамякоў і інш.) абгрунтоўвалі асаблівасць Расіі на базе духоўнасці, маралі, калектывізму, праваслаўя і г.д., што прывядзе да стварэння сусветнай цывілізацыі, ядром якой будзе Расія.
Рэвалюцыйныя дэмакраты А.Герцан, М.Агароў, В.Бялінскі, М.Чарнышэўскі бачылі галоўную сілу гістарычнага развіцця ў народзе і таму патрабавалі народаўладдзя. А.Герцан замесц буржуазна-дэмакратычных форм кіравання прапаноўваў утварэнне "сацыяльнай рэспублікі", дзяржаўная ўлада ў якой павінна быць дэцэнтралізавана і ўвасабляцца ў асноўным у межах абшчын. Выступаў за рэвалюцыю і рэвалюцыйную дыктатуру, але ў шчыльнай сувязі з эканамічнымі пераўтварэннямі і маральным выхаваннем асобы.
А.Герцан і М.Чарнышэўскі паклалі пачатак "народніцтву". Ідэолагі гэтага руху М.Бакунін, П.Лаўроў, П.Ткачоў былі прыхільнікамі сялянскай рэвалюцыі і абшчыннага сацыялізму. М.Бакунін таксама адмаўляў дзяржаву ў любых яе формах і на яе месцы бачыў "свабодную федэрацыю" земляробчых і фабрычна-рамесніцкіх асацыяцый.
Напрыканцы ХІХ – пачатку ХХ стст. пачынае сваю дзейнасць У.Ленін, які быў палкім прыхільнікам пралетарскай рэвалюцыі, у выніку якой будзе ўсталявана дыктатура пралетарыяту і пабудавана сацыялістычнае, а затым камуністычнае грамадства. Вялікую ўвагу надаваў ролі рэвалюцыйнай партыі ў мабілізацыі рабочага класа на рэвалюцыйную барацьбу. Ленін разглядаў палітыку з пазіцыі ўзаемаадносін нацый і адносін паміж класамі. Класы – гэта аснова палітыкі і вызначаюць яе змест. Ленін развіў тэорыю Маркса аб сацыялістычнай рэвалюцыі, вылучыў тэорыю аб магчымасці перамогі сацыялістычнай рэвалюцыі ў адной асобнай краіне.
5. Асноўныя тэндэнцыі развіцця сучаснай паліталогіі
Як самастойная галіна даследаванняў і асобная навука паліталогія сфарміравалася на рубяжы ХІХ – ХХ стст. Менавта ў гэты час з агульнай масы даследчыкаў вылучаецца шэраг мысліцеляў, якія ў цэнтр увагі ставяць вывучэнне палітычных адносін і спрабуюць разглядаць рашэнне іншых грамадскіх праблем праз палітычную ўладу. Асноўныя праблемы паліталогіі як самастойнай навукі, удакладненне яе катэгарыйнага апарату сфармуляваны ў канцэпцыях Г.Моска, В.Парэта, М.Вэбера, Р.Міхельса, А.Бэнтлі, М.Астрагорскага, М.Кавалеўскага і інш. Яны разглядалі ў сваіх працах такія актуальныя праблемы, як структура палітычнай улады, механізм і ўмовы яе функцыяніравання, паказалі ролю палітычных партый, лідараў, дзяржавы; удакладнілі паняційны апарат; распрацавалі метадалогію і г.д.
Па сёняшні дзень папулярна "тэорыя эліт". Першую спробу выкласці тэорыю эліт зрабіў італьянец Гаэтано Моска ў працы "Элементы палітычнай навукі". На думку Моска, улада ў грамадстве заўжды знаходзілася і павінна быць у руках невялічкай групы людзей – меншасці. Правячую меншасць ён называў пануючым класам або элітай. Сваё кіраванне эліта ўвасабляе шляхам распаўсюджвання ў грамадстве пэўнай ідэалогіі. Далейшае развіццё тэорыя эліт трымала ў працах Вільфрэда Парэта, які вылучыў канцэпцыю цыркуляцыі (змены) эліт.
Дзейнасць палітычных партый, іх месца і ролю ў функцыяніраванні заходняй дэмакратыі аналізаваў адным з першых М.Астрагорскі. Ён прыйшоў да высновы, што іх утварэнне з'явілася наступствам рэалізацыі дэмакратычных тэндэнцый у грамадстве.
Вялікі ўплыў на фарміраванне і развіццё паліталогіі аказалі погляды нямецкага сацыёлага і эканаміста М.Вэбера, асабліва кніга "Эканоміка і грамадства". Цэнтральным паняццем у яго з'яўляецца "панаванне", якое ён адрознівае ад улады, заснаванай на эканамічнай моцы. Не адмаўляючы ролю гвалту як асновы дзяржавы, Вэбер лічыць неабходным існаванне наяўнасці пэўных каштоўнасцей, на якіх грунтуецца падпарадкаванне. Вэбер вылучыў тры тыпа панавання: традыцыйнае (вера падданых у тое, што ўлада законна, г.зн. існавала заўжды), харызматычнае (вера ў асаблівыя якасці асоб), рацыянальнае (панаванне права). Шмат увагі надаваў Вэбер і праблеме палітычнага лідарства.
Пачатак аналізу палітычных паводзін асобных груп і асоб з дапамогаю эмпірічных метадаў заклаў Артур Бэнтлі. У кнізе "Працэс кіравання" ён сцвярджае, што дзейнасць людзей прадвызначана іх інтарэсамі і накіравана на забеспячэнне гэтых інтарэсаў. Прычым дзейнасць людзей увасабляецца не асобна, а пры дапамозе груп, у якіх яны аб'яднаны на грунце агульных інтарэсаў. Бэнтлі разглядае працэс кіравання як барацьбу паміж інтарэсамі розных груп, а дзяржаву як рэгулятар у гэтай барацьбе.
Асноўнымі праблемамі, якія разглядае сучасная заходняя паліталогія, з'яўляюцца:
а) механізм фарміравання палітычнай улады і яе ўплыў на працэс прыняцця палітычных рашэнняў;
б) паводзіны сацыяльных груп і асобных грамадзян пад час выбарчых кампаній;
в) працэс фарміравання палітычных мэтаў і грамадскай думкі;
г) механізм фарміравання і функцыяніравання палітычных партый і грамадска-палітычных арганізацый;
д) дзейнасць дзяржавы і праблема бюракратыі;
е) сутнасць функцыі і фарміраванне палітычнай культуры і іншыя.
У ХХ ст. паліталогія як навука атрымлівае значнае развіццё ў ЗША. Асаблівую ўвагу амерыканскія палітолагі надаюць уплыву псіхалагічных матываў паводзін асобных людзей і сацыяльных груп на палітычныя працэсы ў грамадстве. У выніку быў сфарміраваны біхевіярысцкі накірунак ў паліталогіі (заснавальнікі – група вучоных з Чыкагскага ўніверсітета на чале з Ч.Мерыамам). Мэта біхевіярызма ў палітычнай навуцы – імкненне вывесці структуру ўладных адносін з прыроды чалавека, якую магчыма даследаваць навуковымі метадамі. Задача палітычнай тэорыі – патлумачыць з'явы палітычнага жыцця з натуральных уласцівасцей чалавека, вывесці палітычныя феномены з заканамернасцей натуральных жыццёвых паводзін людзей.
У пачатку 1960-х гг., у ЗША, была сфармуліравана канцэпцыя "палітычнай культуры". Яе стваральнікі Г.Алмонд і С.Верба. Яны вылучылі тры чыстыя тыпы культуры: патрыярхальная, падданіцкая, актывісцкая, а з іх спалучэння яшчэ тры змешаныя тыпы. У кожнай грамадска-палітычнай сістэме і кожнай краіне існуе асаблівая палітычная культура, якая вызначае палітычныя паводзіны, якім надае той ці іншы змест і накірунак.
Амерыканскі палітолаг Г. Ласуэл сфармуліраваў тэорыю палітычнага псіхааналізу – адносіны індывіда да палітыкі тлумачацца псіхалагічным механізмам яго асобы. Ласуэл распрацаваў тыпалогію палітычных асоб, вылучыў тры тыпы палітыкаў: адміністратар, агітатар і тэарэтык.
Канцэпцыя "нацыянальных інтерэсаў" знайшла сваё адлюстраванне ў даследаванні "Палітыка ў ХХ ст." амерыканскага палітолага Ганса Маргентау, які пераасэнсаваў уяўленні аб міжнародных адносінах і прыродзе ўлады. Вышэйшым крытэрыем нацыянальных інтарэсаў буйнай дзяржавы з'яўляецца дасягненне рэгіянальнай або сусветнай гегемоніі. Такая палітыка павінна быць падмацавана сілаю, якая з'яўляецца, на думку Маргентау, вызначальнай рысай дзяржавы, унутранне ўласціва ёй.
Асаблівасцю французскай паліталогіі з'яўляецца развіццё тэорыі інстытутаў. Згодна гэтай тэорыі палітыка ўяўляе з сябе вынік дзейнасці розных палітычных інстытутаў (дзяржавы, палітычных партый, прафсаюзаў і інш. арганізацый). Такім чынам, паліталогія займаецца вывучэннем шматлікіх інстытутаў, якія дзейнічаюць у даным грамадстве.
Палітычныя партыі – адна з галоўных праблем італьянскай паліталогіі. Асаблівае значэнне маюць працы Дж.Сарторы. Ён, зыходзячы з таго, што партыя – галоўны пасрэднік паміж грамадствам і ўрадам, даследаваў партыйныя сістэмы. Стварыў тыпалогію партыйных сістэм (двух і шматпартыйныя з дэтальнай іх класіфікацыяй), ахарактарызаваў шматпартыйную сістэму крайняга плюралізму (да фарміравання ўраду магчымы доступ толькі для партый цэнтру).
Нямецкі палітолаг Ральф Дарэндорф з'яўляецца адным з асноўных прадстаўнікоў тэорыі сацыяльнага канфлікту. На яго думку кожная група людзей любога грамадства выступае як носьбіт пэўных пазіцый. Прычым кожная пазіцыя злучана з выкананнем пэўнай сацыяльнай ролі. Сацыяльная роля – гэта сукупнасць спосабаў паводзін людзей, якія дадзены носьбіту пазіцыі ў пэўным грамадстве. Ці інакш – гэта прымушэнне, з дапамогаю сістэмы сацыяльных санкцый, кожнага канкрэтнага чалавека паводзіць сябе пэўным чынам. Прымусовы характар паводзін з'яўляецца важнай прыкметай сацыяльных груп. Згодна норм чалавек мае магчымасці да пасоўвання на больш высокія пазіцыі, адсюль узнікненне панавання, а наяўнасць панавання і падпарадкавання вядзе да канфлікту. Зыходзячы з прыроды і сутнасці канфлікта Дарэндорф вызначае канфліктуючыя сацыяльныя групы, асноўная прыкмета якіх – удзел у панаванні ці выключэнне з яго.
Такім чынам, сучасная заходняя паліталогія не ўяўляе з сябе адзінай тэорыі. Пераважная большасць заходніх паліталагічных тэорый аформлена ў выглядзе пэўных школ, накірункаў і канцэпцый. Прычым гэтыя накірункі і канцэпцыі не замкнутыя межамі адной краіны, а развіваюцца палітолагамі розных краін. Паліталогія знаходзіцца на сённяшні дзень у залежнасці ад запатрабаванняў палітыкі, якая праводзіцца у той ці іншай дзяржаве.