Паліталогія як навука. Функцыі і метады паліталогіі
Вымярэнні палітыкі
Палітыка ажыццяўляецца ў вызначаных рамках, якімі звычайна з'яўляюцца рамкі дзяржавы. Яна адрасуецца да супольнасці, утворанай жыхарамі пэўнай краіны. Такім чынам, палітыка абумоўлена пэўным шэрагам элементаў або фактараў. Натуральна, гэтыя фактары шматлікія і складаныя, яны ўздзейнічаюць у рознай ступені і залежаць ад канкрэтнай ступені.
Ш.Дэбаш і Ж.-М.Пант'е адзначаюць наступныя вымярэнні палітыкі:
- прасторавае вымярэнне (на канкрэтнай тэрыторыі);
- гістарычнае вымярэнне;
- гульнявое вымярэнне (сімвалы, тэатр і палітыка і г.д.);
- рэлігійнае вымярэнне (рэлігія і палітыка).
Палітыку можна разглядаць як навуку і мастацтва. Галоўная задача палітыкі як навукі – вызначэнне мэтаў і задач палітычнага развіцця, распрацоўка, мадэліраванне і прагназіраванне розных аспектаў палітычнай дзейнасці. Палітыка як мастацтва – гэта мастацтва кіравання дзяржаваю, мастацтва заваёвы і ўтрымання ўлады, пераўтварэння ў жыццё розных грамадскіх мэтаў і інтарэсаў. Як кажуць, палітыка – гэта мастацтва магчымага, дасягненне мэты з найменшымі выдаткамі і стратамі.
Паліталогія як слова ўтварылася з двух грэчаскіх слоў: polityka (дзяржаўныя справы) і logos (вучэнне).
У шырокім сэнсе слова паліталогія разумеецца як агульная, інтэгратыўная навука аб палітыцы ва ўсіх яе праявах, якая ўключае ў якасці складовых частак палітычную сацыялогію, палітычную філасофію, палітычную геаграфію, палітычную псіхалогію і іншыя палітычныя дысцыпліны. Таму яшчэ кажуць, што паліталогія гэта навука аб тым, як кіраваць грамадствам і дзяржаваю.
Паліталогія – гэта навука аб заканамернасцях развіцця палітычнага працэсу, палітычнай сістэмы і ўлады; аб сутнасці, формах і метадах дзейнасці ўсіх суб'ектаў палітыкі.
Структура паліталогіі. Складаецца з раздзелаў:
а) тэорыя і метадалогія палітыкі – раскрывае асновы палітыкі і палітычных адносін, сутнасць і змест палітыкі і ўлады, іх прыкметы, функцыі і заканамернасці развіцця;
б) тэорыя палітычных сістэм – даследуе сутнасць, структуру і функцыі палітычных сістэм, дае іх параўнальны аналіз, характарыстыку палітычных інстытутаў (дзяржавы, партый, аб'яднанняў, рухаў і г.д.);
в) тэорыя кіравання сацыяльна-палітычнымі працэсамі – вызначае мэты, задачы і формы палітычнага кіраўніцтва грамадствам, механізмы прыняцця і рэалізацыі рашэння;
г) гісторыя палітычных вучэнняў і палітычная ідэалогія – раскрываюць змест дактрын сучаснасці, ролю і функцыі палітычнай ідэалогіі і свядомасці;
д) тэорыя міжнародных адносін – разглядае праблемы знешняй і сусветнай палітыкі, глабальныя праблемы.
Сацыяльная роля і значнасць паліталогіі вызначаецца тымі функцыямі, якія яна выконвае адносна запатрабаванняў грамадства.
Функцыі паліталогіі:
- метадалагічная – заключаецца ў распрацоўцы тэорыі і метадалогіі даследаванняў палітычных з'яў і працэсаў; пазнанні правіл і нормаў пабудовы палітычных тэорый, узораў арганізацыі практычнай палітычнай дзейнасці;
- пазнавальная – гэта назапашванне, апісанне, вывучэнне фактаў палітычнай рэчаіснасці, аналіз канкрэтных палітычных з'яў, выяўленне праблем і супярэчнасцей;
- інструментальная (рэгуляціўная) – звязана з пытаннямі практычнай палітыкі; гэта выпрацоўка практычных рэкамендацый для ўладаў, папярэдняя экспертыза рашэнняў, сродкаў уплыву на палітычную рэчаіснасць;
- прагнастычная – прадугледжвае выпрацоўку бліжэйшых і далейшых перспектыў палітычнага развіцця грамадства, выпрацоўку прагнозаў, мадэліраванне палітычнага працэсу;
- ідэйна-выхаваўчая – выпрацоўка, абгрунтаванне пэўных палітычных ідэалаў і каштоўнасцей, якія садзейнічаюць устойлівасці палітычнай сістэмы.
Метадалогія разумеецца як сістэма норм і звязаных з імі метадаў навуковага разумення, як пастаноўка праблем і стратэгія навуковага пошуку. Навуковы метад – гэта сістэма прынцыпаў і прыёмаў, з дапамогай якіх дасягаецца аб'ектыўнае пазнанне рэчаіснасці. У палітычнай навуцы выкарыстоўваюцца як агульналагічныя метады (аналіз і сінтэз, індукцыя і дэдукцыя, абстрагіраванне і абагульненне, метад пабудовы эмпірычнага і тэарэтычнага пазнання), так і ўласна паліталагічныя метады і метады іншых навук, якія выкарыстоўвае паліталогія.
Метадамі паліталогіі з'яўляюцца:
- гістарычны, які выкарыстоўваецца для вывучэння палітычных з'яў у працэсе іх станаўлення, у сувязі з мінулым, іх развіцця;
- сітуатыўны – сутнасць яго ва ўліку ўсіх умоў і абставін, якія ствараюць канкрэтны працэс, сітуацыю і г.д.;
- інстытуцыянальны – для назірання, апісання, аналізу палітычных структур, з'яў і іх узаемасувязей, прадугледжвае адзнаку на падставе нацыянальнага і сусветнага вопыту;
- дзейнасны – паказвае палітыку ў развіцці, дынаміцы;
- сацыялагічны – для вывучэння паводзін сацыяльных груп;
- эканамічныя – прадугледжваюць шчыльную сувязь паміж палітыкай і эканомікай, з'яўляюцца спробай перанесці рынак на палітычнае жыццё (рынак улады: попыт-прапановы);
- псіхалогіі – выкарыстоўваецца для вывучэння матываў чалавечых паводзінаў, электарату, лідараў, канфліктаў.