Паняцце палітыкі. Шматвобразнасць падыходаў да вызначэння палітыкі
Лекцыя 1. Палітыка як прадмет паліталогіі. Функцыі і метады паліталогіі
1. Паняцце палітыкі. Шматвобразнасць падыходаў да вызначэння палітыкі.
2. Паліталогія як навука. Функцыі і метады паліталогіі.
3. Узаемасувязь паліталогіі з іншымі грамадскімі навукамі. Станаўленне паліталогіі ў Рэспубліке Беларусь.
Палітычнае жыццё з'яўляецца характарыстыкай кожнага чалавечага грамадства. У першабытны час яно не заўсёды праяўлялася непасрэдна, часцей за ўсё вялікую ролю адыгрывала рэлігія. Але за першабытнымі рытуаламі заўсёды стаіць феномен улады. А гэта ўжо з'ява палітычнага парадку. Усе сучасныя грамадствы сутыкаюцца з праблемаю ўлады, але перадусім трэба высветліць: што ахоплівае сабою тэрмін "палітыка", які ягоны аб'ём, якія мы маем аналітычныя сродкі і да якіх межаў распасціраецца палітыка.
Як адзначаюць французскія палітолагі Шарль Дэбаш і Жан-Мары Пант'е "пошукі акрэсленага абазначэння паняцця "палітыка" ўскладняюцца ў выніку недакладнасці, характэрнай для гэтага тэрміна: можна без сумневу сцвярджаць, што палітыка ёсць паўсюль і адначасова нідзе. Слова "палітыка" можа мець некалькі значэнняў, і ўсё залежыць ад таго, які сэнс укладваюць у іх пры канкрэтным ужыванні. Гэта адзін з найбольш шматзначных тэрмінаў, таму вельмі часта дыялогі ў гэтай сферы нагадваюць дыялогі паміж глухімі, дзе кожны надае аднаму і таму слову розныя сэнсы".
Тэрмін "палітыка" паходзіць ад грэчаскага слова, якое абазначала "месца", у сэнсе "горад". У старажытнагрэчаскім грамадстве кожны горад уяўляў з сябе самастойную дзяржаву, таму можна казаць, што першапачатковы змест паняцця polityka (ад грэч. слова polis) з аднаго боку – элітарны від дзейнасці, які злучаны з ўпраўленнем дзяржаўнымі справамі, а з другога – вучэнне аб дзяржаўных справах. Сваё паняцце палітыкі давалі Платон, Арыстоцель, Макіявелі, М.Ільін, А.Мельвіль, Ю.Фёдараў, Н.Беляковіч і інш.
Платон адзначаў, што палітыка – "мастацтва кіравання людзьмі". Арыстоцель пад гэтым паняццем разумеў "дзейнасць, накіраваную на блага ўсіх, дасягненне шчаслівага жыцця людзей у межах дзяржавы". Славуты М.Макіявелі разумеў палітыку "як працэс барацьбы за захоп і ўтрыманне ўлады", адзначаючы, што "чалавекам рушыць прага ўлады". Безумоўна сучаснае разуменне палітыкі больш складанае. М.Ільін, А.Мельвіль, Ю.Фёдараў вызначылі палітыку, як "від дзейнасці сацыяльных суб'ектаў, які злучаны з барацьбой за ўладу, размеркаваннем каштоўнасцей і кіраваннем дзяржаўнымі і грамадскімі справамі". Палітолаг Н.Беляковіч сцвярджае: "Палітыка – гэта спецыфічная дзейнасць суб'ектаў палітычнага жыцця, якая звязана з кіраваннем дзяржаўнымі і грамадскімі справамі".
Даследчык Т.Салавей адзначае некалькі найбольш распаўсюджаных падыходаў да разумення сутнасці палітыкі і яе паняцця: камунікацыйны – разуменне палітыкі як сферы ўзаемадзеяння розных сацыяльных груп і супольнасцей, палітыка – гэта сфера ўладных адносін; функцыянальны – палітыка разглядаецца як арганізацыйная і рэгулятыўна-кантрольная сфера грамадства, што абумоўлена такімі яе ўласцівасцямі, як універсальнасць, усеахопліваючы характар, далучанасць ва ўсе сферы, здольнасць уздзейнічаць практычна на ўсе бакі жыцця.
Аднак галоўным, абагульняючым, з'яўляецца тое, што ў цэнтры ўвагі палітыкі знаходзяцца не прыватныя, а карэнныя інтарэсы ўсіх сацыяльных груп і грамадскіх аб'яднанняў – класаў, нацый, палітычных партый, грамадскіх рухаў.
Улічваючы папярэднія фармуліроўкі і падыходы да разумення сутнасці, можна зрабіць наступныя высновы.
Палітыка – гэта сфера дзейнасці, якая звязана з адносінамі паміж класамі, нацыямі, іншымі сацыяльнымі групамі, якая мае мэту захопу, арганізацыі і выкарыстоўвання дзяржаўнай улады; кіравання сацыяльнымі працэсамі.
Змест палітыкі складаюць: адносіны паміж сацыяльнымі суб'ектамі наконт улады, інтарэсы; тэарэтычныя, ідэалагічныя і духоўныя каштоўнасці (найбольш важныя: свабода, дэмакратыя, правы чалавека, сацыяльная справядлівасць, салідарнасць і г.д.).
Існуюць розныя тыпалогіі структуры палітыкі. Згодна адной з іх, самастойнымі элементамі палітыкі з'яўляюцца:
– палітычная свядомасць, якая адлюстроўвае з'явы, працэсы, законы, тэндэнцыі развіцця палітычнай рэчаіснасці. Палітычная дзейнасць дзяржавы гэта працэс пераўтварэння ў жыццё палітычных ідэй і тэорый;
– палітычныя інстытуты – гэта арганізацыі і ўстановы (дзяржава і яе органы, палітычныя партыі, грамадскія арганізацыі і рухі і г.д.);
– палітычныя адносіны – сувязі паміж грамадзянамі і ўладаю, паміж невялікімі і значнымі сацыяльнымі групамі, паміж дзяржаваю і грамадзянскай супольнасцю.
Згодна другой тыпалогіі вылучаюць:
- эканамічную палітыку (прамысловая, сельска-гаспадарчая, фінансавая, у галіне транспарту і сувязі і інш.);
- сацыяльную палітыку (аховы здароўя, бытавога абслугоўвання);
- культурную палітыку (адукацыя, навука, мастацтва).
Наступная падзяляе палітыку на:
- унутраную – рэгуляванне эканамічных, сацыяльных, палітычных адносін паміж людзьмі ў пэўным грамадстве;
- знешнюю – накіраваную на бяспеку дзяржавы, рэалізацыю ўнутраных мэтаў;
- сусветную або міжнародную, з мэтай вырашэння задач, якія стаяць перад сусветнай супольнасцю.
Чацвёртая тыпалогія падзяляе палітыку на: спецыялізаваную, прыватную, несамастойную (да яе адносяцца: гаспадарчая, сямейная, культурная, падатковая, навуковая і г.д.), "чыстую палітыку" (вытвараецца ўрадам, заканадаўчымі органамі).
Функцыі палітыкі:
а) кіравання – вызначаюцца накірункі эканамічнага, сацыяльнага і палітычнага развіцця грамадства;
б) прагнастычная – распрацоўваюцца перспектывы развіцця;
в) інтэграцыйная – для аб'яднання груп грамадства на падставе ідэй;
г) мабілізацыйна-арганізатарская – з мэтай вырашэння задач;
д) ідэалагічная – распрацоўка грамадскага ідэала;
е) выхаваўчая – уключэнне чалавека ў палітычнае жыццё;
ж) інавацыйная – творчае ўразуменне палітычнай рэчаіснасці, спосабаў і метадаў яе змянення.