Правапіс д – дз, т – ц

Правапіс у, ў

Нескладовае ў пішацца згодна з беларускім літаратурным вымаўленнем пасля галосных:

пры чаргаванні [у] з [ў]:

- у пачатку слова (калі гэта слова не пачынае сказ і перад ім няма знакаў прыпынку): на ўвесь дзень (ад усіх), моцны ўдар (ад удару), хацела ўзяць (хацеў узяць), сонца ўзімку (месяц узімку), крыкі «ўра» (крык «ура»), для ўніята (з уніятам), ва ўніверсітэце (перад універсітэтам), на ўзвей-вецер (сцяг узвіўся), ледзьве ўчуў (раптам учуў);

- у сярэдзіне слова пасля галосных перад зычнымі: аўдыенцыя, саўна, фаўна, аўдыякасета, аўра, даўн, джоўль, каўчук, маўзер, маўр, паўза, раўнд; але: траур;

- пры чаргаванні [л] з [ў]: даў, мыў, казаў, змоўклі, воўк, шоўк, шчоўк, поўны, коўзкі, моўчкі, паўметра, боўтаць; але: палка, памылка, сеялка, Алдан, Алжыр, Албанія, Волга, Валдай, Балгарыя;

- пры чаргаванні [в] з [ў]: лаўка (лава), крыўда (крывы), зноўку (новы), аўса (авёс), бацькаў (бацькавы), кроў (крыві), любоў (любові), кароў (карова), гатоў (гатовы), аўчына, аўторак, каўбой, аўгур, Аўстрыя, Аўдоцця, Аўрора, Каўказ, Боўш, Роўда, аўгіевы стайні; але: краіна В’етнам, рака Влтава, армія В’етконга, змаганне за В’енцьян.

У канцы запазычаных слоў ненаціскное у не скарачаецца: фрау, Шоу, Ландау, Каратау, Дахау, Цеміртау, ток-шоу, ноу-хау.

Гук [у] пад націскам не чаргуецца з [ў]: да у'рны, Брэсцкая у'нія, групоўка у'льтра, норма і у'зус, насілі у'нты, чулася у'ханне, ау'л, бау'л, ау'каць,у выклічніках у (у, нягоднікі!), ух (ух ты!), уй (уй, які смешны!).

Гук [у] не чаргуецца з [ў] у запазычаных словах, якія заканчваюцца на -ум, -ус: прэзідыум, кансіліум, радыус, страус, соус і вытворных ад іх.

Гук [у] на пачатку ўласных імён і назваў заўсёды перадаецца вялікай літарай У складовае без надрадковага значка: ва Узбекістан (для ўзбекаў), на Уральскіх гарах (на ўральскіх дарогах), на Украіне (за ўкраінцаў), за Уладзіміра, каля Уладзіслава, да Усяслава.

Чаргаванне цвёрдых зычных гукаў [д], [т] з мяккімі [дз’], [ц’] (дзеканне і цеканне) адлюстроўваецца на пісьме: замест д, т перад е, ё, і, ю, я пішуцца адпаведна дз, ц: гарады – у горадзе, народы – у народзе, сады – у садзе, іду – ідзём, вяду – вядзі, вада – вадзяны, грудны – грудзі, люду – людзі, варта – на варце, хата – у хаце, чысты – чысцюткі, выток – выцякаць, карта – на карце, катлы – кацёл, тру – церці, шосты – шэсць, пяты – пяць, латынь – лацінка.

Чаргаванне [д], [т] з [дз’], [ц’] адбываецца перад мяккім [в’]: два – дзве, дзвесце, рута – руцвяны, мёртвы – мярцвяк, чатыры – чацвёрты, чэрствы – счарсцвелы.

Літара ц і афрыката дз перад мяккім [в’] пішуцца згодна з вымаў­леннем у словах: дзверы, мядзведзь, бацвінне, цвёрды, цвярозы, цвік, цвілы, цвісці, ліцвін, ліцвінка, яцвяг, Мацвей, Мацвеенка, Бацвіннік і інш. Выключэнне: твіст.

Гукі [д] у канцы прыстаўкі і [т] у складзе суфікса перад мяккім [в’] захоўваюцца нязменна і на пісьме перадаюцца адпаведна літарамі д і т: адвезці, у таварыстве, у агенцтве, у выдавецтве, аб прыродазнаўстве, у грамадстве, у братэрстве.

Гук [т] вымаўляецца нязменна і на пісьме перадаецца літарай т перад мяккім [в’] у аддзеяслоўных назоўніках і ў словах, вытворных ад іх: бітва – у бітве, брытва – брытве, брытвенны, клятва – клятве, клятвенны, пітво – у пітве, паства – у пастве. Літары д і т пішуцца таксама ў некаторых іншых словах: мардва – мардве, мардвін, Мардвінаў, Літва – у Літве.

У запазычаных словах (а таксама ў вытворных ад іх) цвёрдыя д, т, як правіла, пішуцца нязменна: рэйсфедар, дэлегат, дэманстрацыя, медыцына, апладысменты, індык, літаратура, майстар, матэрыял, універсітэт, кватэра, тэхніка, тыраж, скептык, ерэтык, пластык, тэарэтык, авантура, дыктатура.

Перад суфіксамі і спалучэннямі суфіксальнага паходжання -ін-, -ір-, -ік-, -ёр-, -еец-, -ейск- у словах іншамоўнага паходжання, а таксама ў словах, вытворных ад іх, [д] і [т] чаргуюцца з [дз’], [ц’], што і адлюстроўваецца на пісьме: сульфіды – сульфідзін, каманда – камандзір, індзеец, індзейскі (але: Індыя – індыец, індыйскі, індыйцы), гвардыя – гвардзеец, гвардзейскі, мантаж – манцёр, манціроўка, манціровачны, білет – білецёр, білецік, эпізод – эпізодзік, жакет – жакецік.

Зычныя дз, ц пішуцца ў некаторых словах, правапіс якіх вызначаецца па слоўніку: мундзір, гетэрадзін, дзюна, дзюшэс, бардзюр, арцель, арцішок, цір, цітр, эцюд, цюль, нацюрморт, уверцюра, накцюрн, цюркскі, цюльпан, каранцін.

Зычныя д, т або дз, ц пішуцца ў адпаведнасці з беларускім літаратурным вымаўленнем ва ўласных імёнах і назвах: Дадэ, Дэфо, дэ Бальзак, Дэтройт, Тэлаві, Атэла, Тэвасян, Тэкля, Тэкерэй, Тэрэза, Шаптыцкі, «Юманітэ», Дзяніс, Гарыбальдзі, Дзвіна, Дзясна, Барадзіно, Уладзівасток, Градзянка, Плоўдзіў, Хрысціна, Цютчаў, Кацюбінскі, Вучэціч, Целяханы, Цімкавічы, Ціхвін, Быцень, Церак, Цюмень, Цюрынгія, Гаіці, Палесціна, Поці, Таіці і інш. Правапіс такіх слоў вызначаецца па слоўніку.