Лексічныя сродкі мовы
Амонімы (грэч. homos – аднолькавы і onyma – імя) – словы, якія аднолькава гучаць, але маюць розныя значэнні.
Бокс: 1. від спорту;
2. мужчынская стрыжка;
3. агароджаная частка памяшкання ў лячэбных установах для ізаляванага ўтрымання хворага.
Аўсянка: 1. аўсяная каша;
2. пеўчая птушка.
Аманімія – з’ява гукавога супадзення зусім розных па сэнсе слоў. Амонімы нельга блытаць з мнагазначнымі словамі, у якіх паміж значэннямі захоўваецца семантычнае адзінства (агульнае значэнне). Амонімы – словы з зусім рознымі значэннямі, паміж якімі няма сэнсавай сувязі.
Віды амонімаў:
Лексічныя амонімы (амалексы) – гэта словы адной часціны мовы, якія супадаюць гучаннем і напісаннем ва ўсіх (ці большасці) граматычных формах: ісці па праспекце (шырокай вуліцы ў горадзе) – шукаць у праспекце (падрабязным плане чаго-небудзь).
Марфалагічныя амонімы (амаформы) – гэта словы, як правіла, розных часцін мовы, якія супадаюць гучаннем і напісаннем толькі ў асобных граматычных формах: палю вецце – палю грады, я мыю шыю – шыю сукенку, верасень ідзе за летам – прыехаў летам.
Фанетычныя амонімы (амафоны) – гэта словы, якія аднолькава гучаць, але пішуцца па-рознаму: кот – код, грып – грыб, мох – мог, каска – казка.
Ад амонімаў трэба адрозніваць амографы – словы, якія пішуцца аднолькава, але адрозніваюцца націскам: вя'ла – вяла', ка'са – каса', ва'раны – вараны'.
Iснуюць таксама міжмоўныя беларуска-рускія амонімы – словы, што аднолькава гучаць і ў рускай, і ў беларускай мовах, але маюць абсалютна розныя значэнні (дыван - диван, нядзеля - неделя, адказ - отказ).
Сінонімы (грэч. synonimos – аднаіменны) – словы адной часціны мовы, якія па-рознаму гучаць, але маюць аднолькавае ці падобнае значэнне: яда, ежа, харч, харчаванне, страва, прадукты, ласунак, наедак, падмацунак; малы, невялікі, мізэрны, мініяцюрны, партатыўны. У сказе сінонімы могуць узаемазамяняцца.
Група слоў, якая складаецца з двух і больш сінонімаў, называецца сінанімічным радам: шлях, дарога, гасцінец, пуцявіна. У ім выдзяляецца слова (дамінанта), якое найбольш яскрава перадае агульнае значэнне рада і з’яўляецца стылістычна-нейтральным: блішчаць, ззяць, зіхацець, ірдзець, зырчэць.
Паводле спосабу ўтварэння і ўжывання сінонімы падзяляюцца:
- семантычныя – адрозніваюцца адценнем значэння, ўжываюцца ва ўсіх стылях: дом – хата, праца – работа, гаварыць – размаўляць – казаць.
- стылістычныя – маюць розную стылістычную афарбоўку, ўжываюцца ў розных стылях: гаварыць – плявузгаць, прадумаць – абмазгаваць.
- семантыка-стылістычныя – адрозніваюцца і адценнем значэння, і стылістычнай афарбоўкай: ісці – плесціся, валачыся, пісаць – крэмзаць.
- кантэкстуальныя (аўтарскія) – гэта словы, якія набываюць статус сінонімаў толькі ў пэўным кантэксце: Цёплай срэбнаю расою дождж дубам абсыпаў плечы (галлё).
- абсалютныя– не адрозніваюцца ні адценнямі значэнняў, ні стылістычнай афарбоўкай: арфаграфія – правапіс.
Сінонімы – важны лексічны сродак для больш поўнага, ўсебаковага апісання прадметаў, паняццяў, з’яў. Дазваляюць разнастаіць мову, пазбегнуць паўтору слоў, робяць мову больш выразнай, эмацыянальнай.
Антонімы (гр. anti – супраць, onima – імя) – гэта пары слоў з супрацьлеглым значэннем: купіць – прадаць, працавіты – лянівы.
Антонімы абазначаюць:
- якасць і ацэнку: вясёлы – сумны;
- дзеянні: прыязжаць – ад’язжаць;
- стан: хвароба – здароўе;
- часавыя і прасторавыя паняцці: верх – ніз, дзень – ноч;
- колькасныя паняцці: усе – ніхто, многа – мала;
- з’явы прыроды: мароз – спёка і інш.
Антомімы могуць быць аднакарэннымі і рознакарэннымі. У аднакарэнных супрацьлегласць значэння выражаецца не коранем, а прыстаўкай: зайсці – выйсці, жывы – нежывы, згода – нязгода. У рознакарэнных антонімах супрацьлегласць значэння выражаецца ўсім словам: карысць – шкода, даць – забраць.
Не маюць антонімаў словы з канкрэтным значэннем, вузкаспецыяльныя тэрміны: лакмус, аловак, афікс і г.д.
Антонімы – сродак стварэння кантрастаў, параўнанняў і супрацьпастаўленняў.
Паронімы (грэч. para – каля і onyma – імя) – словы з блізкім гучаннем, але розным лексічным значэннем. Паронімы – словы адной часціны мовы, маюць аднолькавыя граматычныя прыметы, супадаюць паводле структуры: карыслівы – карысны, абанент – абанемент, дыпламат – дыпламант, генеральны – генеральскі, эфектны – эфектыўны. Кожны паронім – самастойнае слова, можа мець свае сінонімы і антонімы, ужываецца ў пэўнай моўнай сітуацыі.