Віды пераноснага значэння слова
Тэма 2 ЛЕКСІЧНАЯ СІСТЭМА БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРНАЙ МОВЫ
Лексiка (грэч. lexikos – слоўнiкавы, lexis – слова) – гэта сукупнасць слоў пэўнай мовы, яе слоўнікавы састаў. У лексіцы адлюстраваны вынікі пазнавальнай дзейнасці і культуры людзей на працягу многіх тысячагоддзяў.
Лексікалогія (грэч. lexis – слова, logos – вывучэнне) – раздзел мовазнаўства, які вывучае лексіку. Аб’ект вывучэння лексікалогіі – слова.
Характэрнымі прыметамі слова з’яўляецца цэльнасць і ўзнаўляльнасць у маўленні. Слова суадносіцца з асноўнай катэгорыяй мыслення – паняццем. Паняцце – абагульненае адлюстраванне ў свядомасці людзей асноўных уласцівасцяў рэальнага свету. За пэўным паняццем замацоўваецца слова. Абазначаючы прадмет, выражаючы паняцце аб ім, слова выконвае намінатыўную функцыю. Слова – цэнтральная адзінка мовы, якая служыць сродкам называння прадметаў і з’яў навакольнай рэчаіснасці, а таксама з’яўляецца будаўнічым матэрыялам для словазлучэнняў і сказаў. Словы маюць лексічнае значэнне.
Лексічнае значэнне – унутраны, рэальны змест слова, суадноснасць яго гукавой абалонкі з адпаведнымі прадметамі ці з’явамі аб’ектыўнай рэчаіснасці. Лексічнае значэнне слова выражаецца асновай слова. Але не ўсе словы ў нашай мове называюць паняцці і маюць лексічнае значэнне. На аснове сваіх семантычных і граматычных прыкмет словы адносяцца да пэўных часцін мовы, з якіх адны словы маюць пэўнае лексічнае значэнне, адказываюць на пытанне і ў сказе з’яўляюцца членамі сказа – самастойныя часціны мовы, а другія гэтымі ўласцівасцямі не валодаюць – службовыя часціны мовы. Самую вялікую колькасць слоў складаюць самастойныя часціны мовы, ці паўназначныя.
Слова можа мець адно ці некалькі лексічных значэнняў. У залежнасці ад гэтага яны падзяляюцца на адназначныя і мнагазначныя. Адназначныя словы маюць толькі адно лексічнае значэнне. Да іх адносяць тэрміны, уласныя назвы. Такіх слоў няшмат: сінус, нейрон, флексія, Сатурн, Купала і інш. Большасць слоў у беларускай мове мнагазначныя. Мнагазначнасць ці полісемія (гр. – palysemos – мнагазначны) – гэта уласцівасць слова мець некалькі лексічных значэнняў. Яна ўзнікае ў мове ў выніку пераносу назваў з аднаго прадмета на другі на аснове падабенства іх па форме, якасці, уласцівасці, функцыі і сувязі паміж імі. Асноўнае, першапачатковае, зыходнае значэнне слова называецца прамым. Вытворнае, другаснае значэнне, што набываецца словам з часам і існуе ў ім побач з прамым, называецца пераносным.
Пераноснае значэнне мае наступныя віды: метафара, метанімія і сінекдаха.
Метафара(грэч. metaphora – перанясенне) — гэта перанос назвы з аднаго прадмета на другі на аснове падабенства іх прымет. Гэта найбольш прадуктыўная разнавіднасць полісеміі.
Перанос узнікае на аснове падабенства:
- па форме: іголка кравецкая – іголка хвоі;
- па колеру: свінцовая куля – свінцовая хмара;
- па функцыі: нос чалавека – нос лодкі;
- па месцы знаходжання: хвост птушкі – хвост калоны;
- на аснове уражання, адчування, ацэнкі: дыхае чалавек – зямля дыхае.
Перанос назвы можа адбывацца і на аснове 2 і больш прымет: крыло птушкі – крыло самалёта (па форме і па функцыі).
Паводле распаўсюджанасці метафары падзяляюцца на:
- прывычныя (сцёртыя, агульнамоўныя) метафары – яны перасталі ўжывацца як вобразныя пераносныя значэнні слоў: корань дрэва – корань слова, нос чалавека – нос лодкі;
- паэтычныя (вобразныя) метафары – гэта пераносныя назвы прадметаў, з’яў, дзеянняў, прымет: зялёны сад – зялёны хлопец, глухі чалавек – глухі кут;
- аўтарскія (індывідуальна-стылістычныя) метафары належаць якому-небудзь пісьменніку і існуюць толькі ў пэўным творы, у кантэксце, не фіксуююцца ў слоўніках: бурай неба рагатала (Куп.), дзень пачынаецца, а за краю нябёс вочы ўскінуў дождж (К-с).
Метанімія (грэч. metonymia – перайменаванне) – гэта замена адной назвы прадмета, з’явы другой назвай на аснове сумежнасці. Можа пераносіцца:
- назва формы на змест: адрамантаваны клас – клас дрэнна сябе паводзіў;
- назва дзеяння на вынік: пераклад тэксту – вучням раздалі пераклады;
- назва матэрыялу на выраб з яго: пярсцёнак з серабра – выстава старажытнага серабра, есці са срэбра;
- прозвішча (псеўданім) аўтара на яго творы: творы Купалы – чытаць Купалу;
- назва дзеяння на месца, дзе адбываецца гэта дзеянне: пераход вуліцы – падземны пераход.
Сінекдаха (грэч. synekdoche – суаднесенасць) (разнавіднасць метаніміі) – гэта ўжыванне слова:
- як назвы цэлага і часткі гэтага цэлага: гуляла, шалела інтэрвенцыя: француз, англічанін путы ўскласці меціліся – множны лік абазначаецца адзіночным лікам і наадварот;
- назва частак цела чалавека або жывых істот ўжываецца са значэннем чалавека і жывёлы: у сям’і 5 ртоў, статак у 20 галоў;
- назва адзення ўжываецца замест назвы чалавека: шэрыя курткі рагаталі, заячая шапка схавалася за соснамі.
Мнагазначныя словы – яркі стылёвы сродак, яны выкарыстоўваюцца ў мове мастацкай літаратуры для стварэння вобразаў, перадачы эмацыянальнага, душэўнага настрою герояў, малюнкаў прыроды і г.д.
Кожнае значэнне мнагазначнага слова замацавалася ў мове і адлюстроўваецца тлумачальнымі слоўнікамі. Але дакладна зразумець значэнні мнагазначных слоў можна толькі ў кантэксце.