Віды маўленчай дзейнасці
Існуюць наступныя віды маўленчай дзейнасці: слуханне, гаварэнне, чытанне, пісьмо.
Слуханне і чытанне ўяўляюць сабой рэцэптыўныя віды маўленчай дзейнасці, таму што служаць для прыняцця інфармацыі.
Гаварэнне і пісьмо з’яўляюцца прадуктыўнымі відамі маўленчай дзейнасці, паколькі выкарыстоўваюцца для выражэння ў вуснай і пісьмовай формах, для паведамлення інфармацыі.
Слуханне (аўдзіраванне) – гэта асэнсаванае ўспрыманне вуснага маўлення. Слуханне – адзін з самых важных шляхоў атрымання інфармацыі. Выдзяляюцца наступныя віды ўспрымання: глабальнае, дэталёвае і крытычнае.
Глабальнае ўспрыманне патрабуе разумення агульнага сэнсу паведамлення (вызначыць тэму, асноўную думку выказвання і г.д.).
Дэталёвае ўспрыманне патрабуе поўнага і дакладнага разумення сэнсу ўсяго выказвання.
Крытычнае ўспрыманне патрабуе і глабальнага, і дэталёвага ўспрымання, а таксама крытычнага асэнсавання пачутага.
Чытанне– гэта працэс дэкадзіравання (расшыфроўкі) інфармацыі, якая змешчана ў тэксце. У працэсе чытання вырашаюцца розныя камунікатыўныя задачы. У сувязі з гэтым існуюць наступныя віды чытання: вывучальнае, азнаямляльнае і праглядальнае.
Вывучальнае чытанне прымяняецца тады, калі патрабуецца максімальна поўна і дакладна зразумець змест тэксту, адэкватна ўзнавіць прачытаную інфармацыю. Пры гэтым чытанні неабходна як мага паўней ахапіць увесь змест тэксту, удумацца ў сэнс кожнага з яго элементаў.
Азнаямляльнае чытанне выкарыстоўваецца тады, калі той, хто чытае, павінен ці толькі знайсці галоўнае ў тэксце, ці выявіць, што гаворыцца па пэўным пытанні, ці ахапіць змест кожнай часткі тэксту ў агульным выглядзе.
Праглядальнае чытанне – гэта такое чытанне, пры якім той, хто чытае, атрымлівае толькі самае агульнае ўяўленне пра змест тэксту.
Гаварэннеяк від маўленчай дзейнасці ўяўляе сабой працэс выражэння сваіх і чужых думак у гукавой форме пры дапамозе моўных сродкаў.
Гаварэнне бывае прадуктыўным (ствараецца тым, хто гаворыць) і рэпрадуктыўным (уяўляе сабой перадачу слоў, сказаў, тэкстаў без змянення), падрыхтаваным (змест і моўны матэрыял папярэдне рыхтуюцца) і непадрыхтаваным (выказванні фарміруюцца і фармулююцца як непасрэдная рэакцыя на маўленчую сітуацыю).
Пісьмо з'яўляецца не толькі адлюстраваннем гукавой формы маўленчай дзейнасці, але і другім увасабленнем інфармацыі, што існуе паралельна. Перадача інфармацыі пры дапамозе пісьма пашырае рамкі магчымасцяў маўленчых зносін: інфармацыя можа быць паслана на вялікую адлегласць; можа існаваць не проста доўга, але нават пасля таго, як перастане існаваць яго аўтар; фіксацыя паведамлення можа служыць для выразнага і бясспрэчнага ўзнаўлення; пісьмовае паведамленне можа быць разлічана на значна большую колькасць тых, хто прымае адпаведную інфармацыю.