СIМЯОН ПОЛАЦКI
(1629 – 1680)
Сімяон Полацкі нарадзіўся ў Полацку ў сям’і купца. Доўгі час ён вучыўся ў Кіеве, а потым у Віленскай акадэміі. Яго лічылі адным з самых адукаваных людзей таго часу. Сімяон Полацкі пастрыгся ў манахі і доўгі час працаваў у брацкай школе ў Полацку. Яго ведалі як славутага настаўніка, выкладчыка. Калі пачалася чарговая так званая руска-польская вайна, войскі расійскага цара Аляксея Міхайлавіча захапілі Полацк. Сімяон быў праваслаўны, і ён вітаў гэта. Манах, паэт і настаўнік сустрэўся з царом. Цар запрасіў яго ў Маскву, бо спадзя-ваўся, што вучоны дапаможа наладзіць адукацыю ў Расіі.
Апынуўшыся ў 1664 годзе ў Маскве, Сімяон Полацкі па загадзе цара ўзначаліў школу, у якой вучыліся будучыя дыпламаты.
У царкоўных справах Сімяон падтрымаў патрыярха Нікана. Калі ў Маскве склікалі вялікі сабор, на якім вырашаліся галоўныя пытанні веры, ён быў там перакладчыкам, бо добра ведаў і грэчаскую, і лацінскую мовы. Неўзабаве цар даручыў Сімяону Полацкаму выха-ванне сваіх дзяцей. З 1667 года – настаўнік царскіх дзяцей, у тым ліку і будучага расійскага імператара Пятра І. Дзякуючы адукацыі і шырокаму кругагляду наследнікі цара заклалі асновы тых перабудоў і перамен, якія завяршыў Пётр І. Так просты полацкі манах паўплываў на лёс вялікай дзяржавы.
Але Сімяон Полацкі вядомы ў гісторыі не толькі як выхавальнік царскіх дзяцей. У 1679 годзе Сімяон надрукаваў “Буквар языка славен-скага”, а праз год – “Псалтыр рыфмаваная”. Пасля сябе Полацкі пакі-нуў вялікую літаратурную спадчыну. У канцы 70-х гадоў ХVІІ ст. ён арганізаваў і ўзначаліў Верхнюю друкарню ў Маскоўскім Крамлі, што была перавезена сюды з Куцейна. Сімяон быў таксама ініцыятарам стварэння і складання статута першай у Маскве вышэйшай адукацыйнай установы – Славяна-грэка-лацінскай акадэміі. Сімяон Полацкі быў вялікім патрыётам Беларусі, якую праслаўляў у сваіх творах. Зборнік яго вершаў “Рыфмалагіён, або Вершаслоў” і “Вертаград многакаляровы” паклалі пачатак новай пасля старажытнага перыяду рускай літаратуры.