Лексічны склад навуковага стылю

У аснове любога навуковага твора знаходзіцца агульнаўжывальная лексіка. Усе словы ўжываюцца ў іх прамым прадметным сэнсе, вялікая колькасць службовых слоў (прыназоўнікаў і злучнікаў) забяспечвае лагічныя сувязі паміж асобнымі сказамі і часткамі тэксту. Між тым у лексічным складзе навуковага стылю трэба вызначыць і істотныя асаблівасці.

У лінгвістыцы прынята наступная класіфікацыя навуковай лексікі:

– нетэрміналагічная, якая аб’ядноўвае словы з адцягненымі, абагульняльнымі значэннямі;

– агульнанавуковая, якая ўжываецца ў розных сферах навукі;

– уласна тэрміналагічная – сукупнасць спецыяльных назваў з розных галін навукі і тэхнікі;

– сродкі лагічнай сувязі ў тэксце ці сувязуючыя сродкі, якія прадстаўлены рознымі тыпамі злучнікаў і злучальнымі словамі.

Агульнанавуковая лексіка стварае лексічнае акружэнне тэрмінаў і прадстаўлена словамі і словазлучэннямі, большая частка якіх можа быць і мнагазначнай у агульнай мове: напрыклад, у матэматыцы “дадаць” мае значэнне “плюс”, а ў агульнай мове “дадаць” – “дапоўніць”, “прыбавіць” або “заўважыць”, “лічыць”, “дапусціць”. Належыць звярнуць увагу і на такія словы, як існаваць, функ-цыянаваць, ствараць абумоўліваць, вызначаць, прадстаўляць і г.д.

Найбольшую адметнасць навуковага стылю складае сістэма моўных сродкаў, якая адлюстроўвае спецыфіку навукова-даследчай працы. Гэта перш за ўсё выкарыстанне тэрмінаў, характэрных розным галінам ведаў. Вялікую ролю ў тэрміналагічнай лексіцы займае міжнародная тэрміналогія, інтэрнацыянальныя тэрміны, што сведчыць аб адасобленасці сродкаў навуковага стылю ад агульнаўжывальнага лексічнага складу мовы.

Тэрміналагічная лексіка займае вялікае месца ў навуковых тэкстах, што абумоўлена яе функцыянальным прызначэннем: тэрміны ўтрымліваюць інфармацыю значна большую, чым іншыя лексічныя адзінкі.

Тэрмін (ад лац. Terminus –‘канец, мяжа’) – гэта спецыяльнае слова ці спалучэнне слоў, створанае для дакладнага выражэння спецыяльных паняццяў і абазначэння спецыяльных прадметаў, напрыклад: дэпазіт – грошы або каштоўныя паперы, якія ўносяцца ў крэдытную ўстанову для перадачы іх крэдытору або іншай асобе.

Як адзначаюць мовазнаўцы, у тэрмінах заключаецца максімальна дакладнае, канцэнтраванае эканамічнае выражэнне тых агульных і прыватных паняццяў, з якімі спалучаецца навуковая і тэхнічная дзейнасць чалавека.

Слова тэрміналогія мае два асноўныя значэнні: 1) сістэма тэрмінаў адной галіны навукі, тэхнікі, мастацтва; 2) сукупнасць усіх тэрмінаў пэўнай галіны навукі, тэхнікі, мастацтва. Так, можна гаварыць аб біялагічнай, матэматычнай, лінгвістычнай, медыцынскай, сельска­гаспадарчай, эканамічнай і іншых тэрміналогіях.

Тэрміналагічныя сістэмы розных галін навукі і тэхнікі, нягледзячы на іх адрозненні, маюць агульныя рысы, паколькі складаюцца з лексічнага матэрыялу той мовы, на якой гавораць вучоныя, і з выкарыстаннем некаторых лагічных заканамернасцей.

У адрозненне ад агульнаўжывальных слоў, тэрміны належаць навуковаму стылю, у той час як агульнаўжывальныя словы маюць міжстылёвы характар.

Адзначым, што ў слоўніках навуковыя тэрміны пазначаюцца спецыяльнымі паметамі паводле пэўнай навукі: батаніка (бат.), хімія (хім.), медыцына (мед.) і інш.

Тэрміны адрозніваюцца ад агульналітаратурных слоў наяўнасцю спецыфічных рысаў.

1. Словы агульнай лексікі засвойваюцца людзьмі па меры іх авалодвання мовай. Тэрміны патрабуюць спецыяльных ведаў і падрыхтоўкі ў пэўнай галіне навукі, тэхнікі, культуры. Напрыклад, тэрміны біягенез, безнасенныя, водарасці эўгленавыя, страбіляцыя павінны быць вядомы тым, хто вывучае біялогію.

2. Адназначнасць тэрміна (у межах свайго тэрміналагічнага поля). Кожны тэрмін павінен абазначаць толькі адно паняцце ў навуцы ці тэхніцы.

3. Сістэмнасць – кожны тэрмін з’яўляецца адзінкай пэўнай тэрміналагічнай сістэмы, якая абмежавана адной галіной навукі; толькі ў межах гэтай сістэмы тэрмін выяўляе сваю сутнасць.

4. Адсутнасць канатацый – лексічнае значэнне тэрміна не павінна ўтрымліваць эмацыянальнасць, ацэначнасць, экспрэсію.

Тэрміналогія пэўнай навукі – гэта штучна створаны лексічны пласт, кожная адзінка якога мае пэўныя абмежаванні для свайго ўжывання і аптымальныя ўмовы для свайго існавання і развіцця. Сярод тэрмінаў выдзяляюць два віды – агульнанавуковыя тэрміны і вузкаспе-цыяльныя. Спецыяльныя тэрміны, як правіла, адназначныя як у спецыяльным тэксце, так і ў агульнай мове (атам, сінус, малекула, валентнасць, каэфіцыент).

У межах пэўнай тэрмінасістэмы тэрміны могуць уступаць у сінанімічныя і антанімічныя адносіны. Напрыклад: намінальная цана – намінал, дэфіцыт – недахоп; пасіў – актыў, баланс – дысбаланс.

Словы-тэрміны падзяляюцца ў залежнасці ад часціны мовы на назоўнікі, прыметнікі, дзеясловы, прыслоўі. Сярод словазлучэнняў-тэрмінаў выдзяляюць свабодныя (сельскагаспадарчая вытворчасць, рынак збыту) і несвабодныя (рухавік унутранага згарання, кантрольны пакет акцый).

Паводле паходжання тэрміналагічная лексіка неаднародная: яна складаецца з розных пластоў уласных і іншамоўных слоў. Пры ўсёй разнастайнасці крыніц фарміравання беларускай тэрміналогіі ў розныя гістарычныя перыяды развіцця беларускай мовы галоўнай крыніцай стварэння новых тэрмінаў і папаўнення галіновых тэрміналагічных сістэм з’яўляецца лексічная і словаўтваральная сістэма агульналіта-ратурнай беларускай мовы. Выкарыстанне лексічных сродкаў нацыянальнай мовы пры стварэнні тэрмінаў адбываецца перш за ўсё шляхам ужывання агульналітаратурных слоў у тэрміналагічным значэнні: венчык, вільгаць, гук, сцябло, пялёстак, ціск, цыбуліна і г.д. Агульналітаратурныя словы беларускай мовы вызначаюцца шырокімі словаўтваральнымі магчымасцямі, што спрыяе павелічэнню ўдзельнай вагі лексікі нацыянальнай мовы ў складзе тэрміналогіі: вільготнасць, вільгацеўстойлівасць; гукаправоднасць, інфрагук; святло, святлачулы. У складзе навуковай беларускай тэрміналогіі прысутнічаюць таксама тэрміны cтарабеларускай мовы: дзяржава, збожжа, скарга, скарбнік, мытня і інш.

Паколькі на працягу ўсёй гісторыі фарміраванне беларускай тэрміналогіі адбывалася ва ўмовах кантактавання з іншымі мовамі, то вялікая частка тэрмінаў у розных галінах навукі з’яўляецца запазычанай. У складзе розных тэрмінасістэм беларускай мовы выкарыстоўваюцца запазычанні з лацінскай мовы – аўдытар, аўкцыён, актава, інфляцыя, камерцыя і інш.; з грэчаскай мовы – аналогія, гіпатэнуза, дыялог, стратэгія; з нямецкай – біржа, валюта, бухгалтар, гільза, дызель; з французскай – акцыя, баланс, бюджэт, фінансы; з польскай – кошт, каштарыс, рэнта і г.д. Апошнім часам вялікая колькасць запазычанняў адбываецца з англійскай мовы – афшор, дэмпінг, супермаркет, менеджмент, маркетынг, рыэлтар, чартар і г.д.

Вялікая частка запазычаных слоў з’яўляецца інтэрнацыяналізмамі, якія прыйшлі ў еўрапейскія мовы з лацінскай ці грэчаскай моў і не пе-ракладаюцца на рускую, беларускую і іншыя мовы. Гэта словы з суфіксамі: -тар, -тор, -ёр-, -ент, -ант-, -он, -ён, -аж, -іст, -ізм, -лог, -дыя і інш. (бухгалтар, камп’ютар, транспарцёр, рацыён, кампанент, дыпламант, вітраж, сацыяліст, спецыяліст, рацыя, дэлегацыя, прадукцыя, сацыялізм і г. д.). Словы, якія пачынаюцца на: ды-, дэ-, ты-, тэ-, бі-, дыя- (дыплом, дынама, дэкрэт, дынастыя, бінокль, тыраж, тып, тэорыя, тэма). Словы, у якіх прысутнічае літара ф, неўласцівая беларускай мове (форма, фестываль, фабрыка, фота і г.д.), спалучэнне галосных іё, ія, ыя (біёлаг, сацыяльны, ініцыятыва, піянер і г.д.). Словы, якія маюць прыстаўкі: віцэ-, экст-, суб-, унтэр-, супер-, архі- і г.д. У якасці састаўных частак выкарыстоўваюцца і іншамоўныя элементы тыпу –лог-, -логія-, мікра-, геа-, -фон- і інш.

У колькасных адносінах у тэкстах навуковага стылю тэрміны пераважаюць над іншымі відамі спецыяльнай лексікі.

 

Спосабы словаўтварэння тэрмінаў

Асноўнымі спосабамі словаўтварэння тэрмінаў з’яўляюцца:

1)лексіка-семантычны – тэрміналагізацыя значэнняў агульна-літаратурных слоў: плячо (частка тулава) і плячо (фінансавага рычага); шапка (галаўны ўбор) і шапка (дакумента);

2) сінтаксічны – спалучэнне слоў: бонусныя скідкі, дысперсія хвалі, зязюльчыны слёзкі, сегмент рынку;

3) марфемны:

прэфіксальны – утварэнне новых слоў шляхам далучэння да ўтваральнай асновы прэфікса (найбольш частотныя прэфіксы – анты-, без-, гіпер-, дэ-, дыс-, -звыш-, контр-, экстра- і інш. – антымана-польны, звышпрыбытак, дэвальвацыя, контрмеры);

прэфіксальна-суфіксальны– адначасовае далучэнне да ўтваральнай асновы прэфікса і суфікса (землеўладанне, падаходны, супрацоўнік, намеснік);

суфіксальны – утварэне новых слоў шляхам далучэння да ўтваральнай асновы суфікса. Найбольш часта выкарыстоўваюцца суфіксы -аж-, -енн-, -к-, -ік-, -асць-, -ізм-, -іст-, -цыя і інш. (дрэнаж, кіраванне, праверка, фінансіст, гнуткасць, радыяцыя);

нульсуфіксальны – утварэнне новых слоў шляхам адсячэння суфікса (абмераць – абмер; абмалаціць – абмалот, надрэзаць – надрэз);

4) аснова- і словаскладанне: землекарыстанне, тавараабарот, Інтэрнэт;

5) складанасуфіксальны – асноваскладанне з адначасовым далучэннем суфікса: ільнаводства, таваразнаўства, выдаткаёміс-тасць, траварэзка;

6) абрэвіяцыя – утварэнне складанаскарочаных слоў: перфакарта, ДАСТ (дзяржаўны агульны стандарт), УВП (унутраны валавы прадукт).

У склад лексічных сродкаў навуковага стылю ўваходзяць таксама прафесіяналізмы – гэта словы і выразы, уласцівыя мове прадстаўнікоў якой-небудзь прафесіі або сферы дзейнасці (дворнікі – у аўтамабілі; цэйтнот – недахоп часу на абдумванне чарговага ходу ў шахматах, шашках; збытавікі – гандлёвы персанал і інш.). Дзякуючы сваёй эмацыянальнай выразнасці прафесіяналізмы праз гутарковую мову пранікаюць у літаратурны ўжытак. У слоўніках прафесіяналізмы маюць памету спец. (спецыяльнае).

Лексічная група, на якой таксама трэба засяродзіць пільную ўвагу, – гэта словы-арганізатары, або сувязуючыя сродкі. Фармальна яны прадстаўлены злучнікамі і злучальнымі словамі, прыслоўямі, пабоч-нымі словамі і словазлучэннямі, няпэўна-асабовымі і безасабовымі сказамі. У адпаведнасці з іх функцыямі яны падзяляюцца на дзве катэгорыі.:

1) словы, якія ўводзяць у лагічны кантэкст;

2) словы, якія характарызуюць ступень аб’ектыўнасці інфармацыі.

Першая катэгорыя ажыццяўляе наступныя лагічныя аперацыі: сцвярджае прыведзеныя вышэй думкі (таму, гэта значыць, такім чынам, тым самым, у выніку гэтага, выходзіць, значыць і інш.); адмаўляе (аднак, але, тым не менш, з аднаго боку, у процілегласць гэтаму і інш); пашырае і ўводзіць новую інфармацыю (акрамя таго, у сваю чаргу, побач з гэтым, поруч, разам з тым, дарэчы, у гэтым выпадку); паказвае паслядоўнасць аргументацыі (па-першае, па-другое, вышэй, ніжэй, перш за ўсё, затым, далей, пасля таго, нарэшце, у рэшце рэшт).

Другая катэгорыя слоў канстатуе ступень аб’ектыўнасці інфарма-цыі. Напрыклад, нельга аб’ектыўна перадаць інфармацыю навуковага артыкула, ужываючы толькі дзеяслоў “гаварыць” (у гэтым артыкуле аўтар гаворыць пра...), бо гэты дзеяслоў называе адзін з відаў чалавечай дзейнасці. А каб дакладна і аб’ектыўна перадаць інфарма-цыю, трэба вызначыць усе адценні дзеяслова “гаварыць” (думаць, лічыць, сцвярджаць, абвяргаць, меркаваць, аналізаваць, вызначаць характарызаваць і г.д.).

У гэтую катэгорыю ўключаны і пабочныя словы, якія паказваюць:

1) ступень верагоднасці той ці іншай з’явы, факта, падзеі (напэўна, магчыма, верагодна, хутчэй за ўсё);

2) суб’ектыўнасць выкладзенай інфармацыі (на думку, на мой погляд, з майго пункту гледжання, мы лічым і г.д.);

3) спасылку на крыніцу інфармацыі (паводле слоў каго, паводле каго, услед за кім, згодна з кім (чым) і г.д.).

Функцыянальная роля слоў-арганізатараў надзвычайна важная, бо адсутнасць іх у маўленні ператварае адноснае выказванне ў абсалютнае, што прыводзіць да непаразумення і скажэння інфармацыі, пазбаўлення права іншых апанентаў або слухачоў мець свой пункт гледжання. Напрыклад, чалавек, які пры выказванні (вусным ці пісьмовым) не спасылаецца на крыніцу інфармацыі, а чужыя думкі ці ідэі выдае за свае, можа быць абвінавачаны ў плагіяцтве – прысваенні чужой працы. Чым больш спасылак на вядомыя аўтарытэты і крыніцы (часопісы, газеты, статыстычныя даныя і інш.) у навуковай працы, тым большая яе каштоўнасць і аўтарытэтнасць.

У гэтую ж катэгорыю ўваходзяць і так званыя словы-дамінанты – словы ці словазлучэнні, якія нясуць найбольшую сэнсавую нагрузку. Такая семантычная значнасць гэтых слоў (словазлучэнняў) робіць іх адначасова і словамі-арганізатарамі, бо семантычна яны служаць сродкам лагічнай сувязі паміж часткамі выказвання, абзацамі і тэкстам. (У Рэспубліцы Беларусь заканадаўча зацверджаны формы ўласнасці на зямлю. Дамінанта – “форма ўласнасці”).

Спецыфічнай уласцівасцю мовы навукі з’яўляецца наяўнасць штучных (дапаможных) моў: графікаў, малюнкаў, матэматычных, фізічных сімвалаў, назваў хімічных элементаў, матэматычных знакаў. Мова сімвалаў – адна з найбольш інфарматыўных моў навукі. Тэкст з аднаго боку, формулы, сімвалы, графічныя ілюстрацыі, фотаздымкі – з другога боку знаходзяцца ў пэўных узаемаадносінах і робяць тэкст больш інфарматыўным і дакладным.