Афіцыйна-справавы стыль і яго характэрныя асаблівасці

Выкарыстоўваецца ў сферы ўзаемаадносін паміж установамі, арганізацыямі, краінамі, асобнымі грамадзянамі ці групамі насельніцтва. Інакш кажучы, гэта стыль розных дакументаў (дамоў, нот, пастаноў, інструкцый, законаў) і дзелавых папер (актаў, заяў, пратаколаў, аб’яў, распісак, даведак і г.д.).

Афіцыйна-справавы стыль мае наступныя падстылі:

заканадаўчы (канстытуцыя, законы, кодэксы);

адміністрацыйна-канцылярскі(аб’явы, загады, заявы);

дыпламатычны (камюніке, канвенцыі, дэкларацыі).

Асноўныя рысы стылю – загадны характар, строгая дакладнасць, якая не дазваляе дваякага тлумачэння, афіцыйны тон, спецыфічная стандартнасць мовы.

Прадпісальны характар дакументаў выяўляецца ў сістэме моўных сродкаў. Шырока выкарыстоўваюцца дзеясловы ў неазначальнай форме: укараняць, павысіць, развіваць. Часта пры інфінітыве ўжываюцца словы неабходна, трэба, абавязаны, забараняецца, мець права. Прадпісальнае значэнне заканадаўчых тэкстаў часта перадаецца дзесловамі цяперашняга часу. У пераважнай большасці дакументаў прававыя нормы, прадпісанні ідуць ад асобы абагульненай, ад імя дзяржавы. Гэта значыць афіцыйна-справавому стылю ўласцівы неасабовы характар выказвання, таму дзеясловы звычайна не ўжываюцца ў форме першай асобы, за выключэннем загадаў, заяў, дакладных. Дакладнасць заканадаўчага тэксту забяспечваецца перш за ўсё ўжываннем спецыяльных тэрмінаў: заяўнік, абвінавачаны, адказчык, кватэранаймальнік, даведка, пратакол, парадак дня, пастанова, рэзалюцыя. Афіцыйна-справавы стыль адметны вялікай колькасцю стандартных сродкаў – канцылярскіх штампаў. Штампы – гэта ўстойлівыя звароты, якія паўтараюцца пры апісанні аднолькавых сітуацый, абазначэнні пашыраных паняццяў: дагаворныя бакі, прыцягнуць да адказнасці, даводжу да ведама, перадаць у адпаведныя інстанцыі, узяць на кантроль, за справаздачны перыяд і г.д. Карыстанне ўстойлівымі выразамі палягчае зносіны ў прававой і адміністрацыйнай сферы. Аднак яны не павінны дапускацца ў гутарку або мову газет, бо іх ужыванне зніжае культуру вуснага і пісьмовага маўлення. У афіцыйна-справавым стылі таксама выкарыстоўваюцца агульныя гатовыя, традыцыйна-замацаваныя формы падачы матэрыялу (усе заявы, аб’явы, аўтабіграфіі, пастановы і г.д. пішуцца па вызначанай форме).

1. Шлюб, сям’я, мацярынства, бацькоўства і дзяцінства знаходзяцца пад абаронай дзяржавы.

Жанчына і мужчына пасля дасягнення шлюбнага ўзросту маюць права на добраахвотнай аснове ўступіць у шлюб і стварыць сям’ю. Муж і жонка раўнапраўныяў сямейных адносінах.

Бацькі або асобы, якія іх замяняюць, маюць права і абавязаны выхоўваць дзяцей, клапаціцца аб іх здароўі, развіцці і навучанні. Дзіця не павінна падвяргацца жорсткаму абыходжанню або знявазе, прыцягвацца да работ, якія могуць нанесці шкоду яго фізічнаму, разумоваму або маральнаму развіццю. Дзеці абавязаны клапаціцца пра бацькоў, а таксама пра асоб, якія іх замяняюць, і аказваць ім дапамогу.

Дзеці могуць быць аддзелены ад сваёй сям’і супраць волі бацькоў і іншых асоб, якія іх замяняюць, толькі на падставе рашэння суда, калі бацькі або іншыя асобы, якія іх замяняюць, не выконваюць сваіх абавязкаў.

Жанчынам забяспечваецца прадастаўленне роўных з мужчынамі магчымасцей у атрыманні адукацыі і прафесійнай падрыхтоўцы, у працы і вылучэнні па службе (рабоце), у грамадска-палітычнай, культурнай і іншых сферах дзейнасці, а таксама стварэнне ўмоў для аховы іх працы, іх здароўя.

Моладзі гарантуецца права на яе духоўнае, маральнае і фізічнае развіццё.

Дзяржава стварае неабходныя ўмовы для свабоднага і эфектыўнага ўдзелу моладзі ў палітычным, сацыяльным, эканамічным і культурным развіцці.

 

2. Наймальнік жылога памяшкання абавязаны ўносіць плату за карыстанне жылым памяшканнем і камунальныя паслугі за кожны месяц не пазней чым пятнаццатага чысла наступнага за ім месяца.

Плата за карыстанне жылым памяшканнем бярэцца зыходзячы з агульнай плошчы займанага жылога памяшкання і з улікам стаўкі платы за карыстанне жылым памяшканнем, якая вызначаецца заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

У кватэрах, заселеных некалькімі наймальнікамі, памер агульнай плошчы, якая даводзіцца на кожнага наймальніка і членаў яго сям’і, вызначаецца як сума займанай імі жылой плошчы дапаможных памяшканняў, налічанай прапарцыянальна агульнай плошчы жылога памяшкання.

У адзінарным памеры аплочваецца карыстанне жылым памяшканнем у межах максімальнай нормы прадастаўлення агульнай плошчы жылога памяшкання сацыяльнага карыстання з улікам колькасці членаў сям’і і наймальніка, у тым ліку і тых, якія захоўваюць права карыстання жылым памяшканнем. Такім жа чынам аплочваецца і лішняя плошча, калі яе памеры не перавышаюць на ўсю сям’ю паловы максімальнай нормы прадастаўлення агульнай плошчы жылога памяшкання сацыяльнага карыстання, якая дазваляецца на аднаго чалавека. Карыстанне аднапакаёвай кватэрай незалежна ад яе памеру аплочваецца ў адзінарным памеры. Плата за карыстанне жылым памяшканнем астатняй (лішняй) плошчы бярэцца ў павышаным памеры, які вызначае Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь.

 

6. Публіцыстычны стыль і яго асноўныя асаблівасці

Публіцыстычны (публіцыстычна-прамоўніцкі) стыль выкары-стоўваецца ў грамадска-палітычнай літаратуры, перыядычным друку, палітычных выступленнях, прамовах на сходах, мітынгах, у мове радыё і тэлебачання.

Прызначэнне публіцыстыкі – паведамляць навіны штодзённага жыцця, культуры, навукі, растлумачваць грамадска-палітычныя пытанні. Для публіцыстыкі характэрным з’яўляецца адзінства дзвюх асноўных функцый – інфармацыйна-зместавай і ўздзеяння. Адсюль і сумяшчэнне ў адным тэксце кніжных і гутарковых элементаў, спалучэнне стандартных і экспрэсіўных сродкаў: з аднаго боку, выкарыстанне грамадска-палітычнай тэрміналогіі, з другога боку – моўных сродкаў для выказвання настрою, пачуццяў, у прыватнасці эмацыянальна-экспрэсіўнай лексікі. У публіцыстычным творы арганічна спалучаюцца лагічна-абстрактная, або навуковая, і эмацыянальна-вобразная, або мастацкая, формы адлюстравання рэчаіснасці.

У публіцыстыцы мастацкія сродкі выкарыстоўваюцца з мэтай звярнуць увагу на пэўную думку, праблему, сацыяльную з’яву і г.д.

Асноўныя рысы стылю – агульнадаступнасць, лагічнасць, вобразнасць, эмацыянальнасць.

У газетах мы сустракаем розныя матэрыялы (карэспандэнцыі, дзяржаўныя акты, законы, інфармацыю з розных галін навукі і тэхнікі, каментарыі падзей і г.д.). У залежнасці ад тэмы і мэты паведамлення публіцыстычны тэкст можа характарызавацца пэўнай колькасцю стылёвых і лінгвістычных прымет афіцыйнага, навуковага ці мастацкага стыляў. Напрыклад, паведамленне інфармацыйнага агенцтва пра даследаванне каметы Галея сваёй тэрміналагічнай дакладнасцю, аб’ектыўнасцю, кніжнай афарбоўкай блізкае да навуковай мовы:

Аўтаматычная станцыя “Вега-1”, палёт якой ажыццяўляецца ў рамках мнагамэтавага міжнароднага праекта “Венера – камета Галея”, паспяхова выканала праграму даследаванняў каметы Галея.

Пры праходжанні станцыі “Вега-1” паблізу ядра каметы з адноснай скорасцю каля 80 кіламетраў у секунду быў ажыццёўлены трохгадзінны сеанс навуковых вымярэнняў і здымак. У сеансах сувязі на Зямлю перададзена больш як 500 тэлевізійных здымкаў, знятых праз розныя святлафільтры, што дазволіла атрымаць каляровыя адлюстраванні каметы і яе ядра” (“Звязда”).

return false">ссылка скрыта

Гэты тэкст вызначаецца навуковай строгасцю і інфармацыйнасцю, адсутнасцю суб’ектыўнай ацэнкі, сродкаў вобразнасці і эмацыянальнасці.

Публіцыстычныя артыкулы, радыё- і тэлеперадачы на грамадска-палітычныя тэмы адрасуюцца масаваму чытачу, слухачу, а таму іх мова павінна быць даступнай, дакладнай і выразнай. Дасягнуць гэтых камунікатыўных якасцей тэксту дазваляе выкарыстанне стылістычных рэсурсаў усіх разнавіднасцей літаратурнай мовы і народных гаворак. Аднак публіцыстыка мае і свае моўныя сродкі. Гэта адметная лексіка (ажыццявіць, здзейсніць, працаўнік, першапраходца, пачын, ініцыятыва, ініцыятар, архіважна, архіскладана). Газета выпрацоўвае іпашырае сваю фразеалогію – перыфразы і іншыя ўстойлівыя выразы (дабрачынная акцыя, гуманітарная дапамога, сацыяльная абароненасць насельніцтва, далёкае замежжа, гарачыя кропкі, стварэнне прававой дзяржавы). Даміноўнай у публіцыстыцы з’яўляецца ацэначнасць, бо адна з задач публіцыстычнага твора – уздзейнічацьна масы, сфармаваць пэўныя адносіны да таго, пра што гаворыцца. Яна ўключае ў сябе эмацыянальнасць, экспрэсіўнасць і ўсе іншыя віды афарбоўкі, уласцівыя амаль для ўсіх стыляў і жанраў.

Ацэначнасць праяўляецца не толькі ў лексіцы, але і ў сінтаксісе. Значнымі экспрэсіўнымі магчымасцямі валодае інверсія, заснаваная на парушэнні нейтральнага парадку слоў у структуры сказа. Экспрэсіўна-выдзяляльную функцыю могуць мець пабочныя канструкцыі, якія суправаджаюць роздум аўтара, запрашаюць да ўзаемных разваг і тым самым ствараюць даверлівую танальнасць выказвання. Эмацыянальна-экспрэсіўны характар выказванню надаюць і паўторы, рытарычныя пытанні, пабуджальныя і клічныя сказы, расчлянёныя сказы, антытэза, далучэнне, у тым ліку парцэляцыя – сэнсавае і стылістычнае выдзяленне слова ці часткі сказа ў асобны сказ.

Сродкамі актывізацыі ўвагі чытача, слухача, сродкам стварэння вобразнасці і эмацыянальнасці маўлення выступаюць фразеалагізмы, крылатыя словы, прыказкі і прымаўкі. Гэтыя моўныя адзінкі бяруцца як назвы артыкулаў, нататкаў: Куды ні кінь – усюды клін; Спяць у шапку; Хто не сее, так і вее.

 

1. Часам можна пачуць разважанні або нават спрэчкі: як разумець слова Радзіма, што гэта такое для чалавека – Радзіма? Ці гэта ўся неабсяжная краіна, ад акіяна да акіяна, ад мяжы да мяжы, ці тая вёска, дзе рачулка між вербалозаў падбягала да тваіх ног у маленстве, ці, можа, нават хаціна з чатырох сцен, дзе маці гушкала на руках.

Дык вось, калі падумаеш глыбей, прыгледзішся больш уважліва і пільна, дык аказваецца, што Радзіма – гэта і тыя добрыя людзі, з якімі ты ступіў у жыццё, якія заўсёды гатовы прыйсці табе на дапамогу і дзеля якіх сам ты гатовы на ўсё самае слаўнае і выдатнае і на ўсё самае скрушнае і цяжкае, нават на смерць.

Радзіма – гэта і сонца ў цябе над галавою, і паветра, якім дыхаеш, гэта і вернасць твайго сябра, і мова, якую даў табе народ, і песня, што засталася ад прадзедаў, і легенда заўтрашняга твайго дня, і гераічная слава бацькоў, і тая сонечная дарога, якой сёння ты ідзеш горда ў сваю будучыню. І вось чаму кожны чалавек без сваёй Радзімы – нішто, без Радзімы няма чалавека, няма жыцця, і вось чаму так радасна б’ецца ў кожнага сэрца, калі ён чуе пра славу і поспехі свайго роднага краю, пра шчасце і новыя ўзлёты дарагіх і знаёмых людзей.

Як прыемна, дзе б ні быў, пачуць знаёмую назву, знаёмае імя, знаёмае прозвішча! Як прыемна і радасна ведаць, што дарагая твая мясціна з гадамі пахарашэла і папрыгажэла, зазвінела новымі галасамі і песнямі.