Беларуская мова на сучасным этапе

(з 1990 да нашых дзён)

 

Распад Савецкага Саюза і атрыманне суверэнітэту рэспублікай змянілі адносіны людзей да сваёй гісторыі, культуры і мовы. У 1989 г. было створана Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. 26 сту-дзеня 1990 г. быў прыняты “Закон аб мовах у Беларускай ССР”, які пацвердзіў дзяржаўны статус беларускай мовы. Была прынята праграма беларусізацыі, разлічаная на 10 гадоў. У гарадах пачалі адкрывацца дашкольныя дзіцячыя ўстановы і школы з беларускай мовай навучання. Беларуская мова прыйшла ў тэхнікумы і вышэйшыя навучальныя ўстановы. Пераводзілася на беларускую мову справаводства, распрацоўвалася беларуская навуковая тэрміналогія, выдаваліся слоўнікі і падручнікі на беларускай мове.

Працэс гэты актыўна ішоў да 1996 года. У 1995 годзе адбыўся рэферэндум, па выніках якога другой дзяржаўнай мовай стала руская мова. У 1996 годзе былі ўнесены папраўкі ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь аб дзяржаўным двухмоўі. У выніку спыніўся працэс беларусізацыі, многія беларускія школы перайшлі на рускую мову навучання.

Аднак працэс развіцця беларускай мовы працягваецца.

Развіццё і ўдасканаленне мовы, якое выяўляецца ў зменах фанетычнага, марфалагічнага і сінтаксічнага характару, абнаўленні лексічнага складу мовы, выклікае неабходнасць удакладняць правапіс, прыводзіць яго ў адпаведнасць з сучаснай моўнай практыкай. Беларускі правапіс, які ў значнай ступені пабудаваны на фанетычным прынцыпе, асабліва адчувальны да гэтых змен у мове, і таму ён таксама павінен перыядычна ўдасканальвацца.

Асабліва актуальным гэта стала ў канцы ХХ стагоддзя, калі ў сістэме беларускай мовы і моўнай практыцы адбыліся пэўныя змены. Істотна абнавіўся слоўнікавы склад беларускай мовы, лексіка папоўнілася шматлікімі запазычаннямі, на старонках беларуска-моўнага друку атрымалі пашырэнне ненарматыўныя арфаграфічныя варыянты. У сувязі з гэтым стала надзённым неадкладнае ўпарадка-ванне правапісу, каб пазбегнуць разнабою ў пісьмовай беларускай мове, забяспечыць адзінства яе правапісных нормаў і аблегчыць навучанне беларускай мове ў школе. Узнікла неабходнасць удакладнення “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” (Выдаве-цтва Акадэміі навук БССР, Мінск, 1959), якія былі распрацаваны ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў БССР ад 11 мая 1957 года “Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу” і дзейнічалі да 1 верасня 2001 года.

Частковыя змены правапісу, прынятыя ў 1957 годзе, не з’яўляліся чарговай рэформай, а ўдакладнялі і развівалі “Правапіс беларускай мовы”, выдадзены ў 1934 годзе. “Правілы” 1959 года з’явіліся першай спробай стварэння поўнага зводу беларускага правапісу. Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 жніўня 1993 года № 556 “Аб удакладненні правапісу беларускай літаратурнай мовы” была створана Дзяржаўная камісія па ўдакладненні правапісу беларускай літаратурнай мовы . Яна разгледзела агульныя праблемы сучаснага беларускага правапісу, тэарэтычна абгрунтавала характар і мэтазгоднасць унясення прапанаваных удакладненняў. Дзяржаўная камісія прызнала, што існуючыя правілы беларускага правапісу ў цэлым забяспечваюць функцыянаванне пісьмовай мовы ва ўсіх сферах выкарыстання, не патрабуюць кардынальных змен, і рэкамендавала Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Міністэрству адукацыі Рэспублікі Беларусь падрыхтаваць да выдання новую рэдакцыю “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, дзе былі б улічаны прапановы Дзяржаўнай камісіі, а таксама патрэбы сучаснай моўнай практыкі.

Навуковы калектыў, кіруючыся рэкамендацыямі Дзяржаўнай камісіі, на працягу 1997 – 1998 гадоў падрыхтаваў праект новай рэдакуцыі “Правіл”.

На завяршальным этапе падрыхтоўкі новай рэдакцыі “Правіл” і распрацоўкі праекта Закона Рэспублікі Беларусь “Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” 18 студзеня 2006 года Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь была створана рабочая група, якая канчаткова дапрацавала “Правілы” з улікам заўваг і пажаданняў, што былі зроблены ў час іх неаднаразовага абмеркавання.

Увядзенне ў дзеянне Закона Рэспублікі Беларусь “Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, прынятага Палатай прадстаў-нікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 24 чэрвеня 2008 года, адобранага Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 28 чэрвеня 2008 года і падпісанага Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 23 ліпеня 2008 года, садзейнічае стабілізацыі правапісных нормаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы, забяспечвае захаванне адзінага моўнага рэжыму ў школьным навучанні і адзінства друкаваных беларускамоўных выданняў, што павышае прэстыж беларускай мовы ў грамадстве як дзяржаўнай мовы Рэспублікі Беларусь. Новыя “Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” пачынаюць дзейнічаць з 1 верасня 2010 года.

 

ІІІ. БЕЛАРУСКАЯ МОВА СЯРОД ІНШЫХ МОЎ СВЕТУ

План

1. Сем’і моў.

2. Індаеўрапейская сям’я моў.

3. Індаеўрапеізмы ў беларускай мове.

4. Моўныя групы індаеўрапейскай сям’і.

5. Групы сучасных славянскіх моў.

 

1. Сем’і моў

 

Паводле звестак вучоных, у нашы дні вядома каля 5000 розных моў (жывых і мёртвых). Па іншых звестках, на Зямлі налічваецца ад 2,5 да 5 тыс. моў), з якіх на 180 мовах размаўляюць амаль тры з паловай мільярды жыхароў Зямлі, а 4000 моў абслугоўваюць нязначную частку насельніцтва нашай планеты. Часам мовай карыстаюцца толькі сотні і нават дзясяткі людзей.

У залежнасці ад паходжання і наяўнасці ці адсутнасці агульных рыс усе мовы свету падзяляюцца на роднасныя і няроднасныя. Роднасныя мовы аб’ядноўваюцца ў сем’і.

Мовазнаўства выдзяляе індаеўрапейскую, іберыйска-каўказскую, фіна-ўгорскую, цюркскую, мангольскую, тунгуса-манчжурскую, кітайска-тыбецкую, аўстраазіяцкую, дравідыйскую, семіта-хаміцкую, кайсанскую і іншыя групы моў, кожная з якіх складаецца або з некалькіх груп (напрыклад. фіна-ўгорская сям’я падзяляецца на дзве групы – фінскую і ўгорскую, якія, у сваю чаргу, складаюцца з некалькіх моў), або з некалькіх моў (напрыклад, дравідыйская сям’я ўключае наступныя мовы: тэлугу, тамільскую, малаялам, каннара і інш., якія пашыраны на поўдні Індыі, часткова на Цэйлоне, у асобных раёнах Пакістана і Афганістана).

Некаторыя мовы з’яўляюцца ізаляванымі, яны не ўваходзяць у склад сем’яў або груп: японская мова, на якой гаворыць звыш 110 млн. чалавек, карэйская і інш.

 

2. Індаеўрапейская сям’я моў

Беларуская мова ўваходзіць у адну з самых вялікіх сем’яў Еўразіі – індаеўрапейскую. У нас час кожны другі чалавек на планеце гаворыць на мовах гэтай групы.

Індаеўрапейскія мовы гучаць на велізарных прасторах Еўразіі, на працягу апошніх пяці стагоддзяў яны пашырыліся таксама ў Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы, Аўстраліі і часткова Афрыцы.

У складзе індаеўрапейскіх моў ёсць і так званыя “мёртвыя мовы”, якімі ўжо ніхто не карыстаецца. Адны з іх збераглі толькі сваю назву ды невялікую колькасць уласных імёнаў. Такімі з’яўляюцца, напрыклад, старажытныя мовы Малой Азіі: хецкая, лувійская, палайская і пазнейшыя лідзійская і лікійская. Ад іншых засталіся пісьмовыя помнікі. Напрыклад, на ведыйскай мове ад II тыс. да н.э. захаваўся зборнік свяшчэнных тэкстаў “Веды”; на санскрыце (у класічным яго варыянце) – эпічныя паэмы “Махабхарата” і “Рамаяна”; на авестыйскай мове – зборнік свяшчэнных тэкстаў сярэдзіны I тыс. да н.э. “Авеста”. Некаторыя “мёртвыя” мовы выкарыстоўваюцца для богаслужэння: царкоўнаславянская (змененая стараславянская – першая пісьмовая мова славян) – у праваслаўнай царкве, лацінская – у каталіцкай царкве.

return false">ссылка скрыта

Зараз індаеўрапейскія мовы вельмі адрозніваюцца паміж сабой, але быў перыяд іх блізкасці, калі існавала адзіная індаеўрапейская мова, якая толькі падзялялася на дыялекты. Ад тых часоў ва ўсіх індаеўрапейскіх мовах застаўся даволі вялікі пласт слоў, якімі карысталіся тысячы гадоў таму старажытныя індаеўрапейцы (арыі) і ў якіх замацоўвалі яны свае веды пра навакольны свет і пра сябе.

 

3. Індаеўрапеізмы ў беларускай мове

 

У беларускай мове індаеўрапейскімі паводле паходжання з’яўляюцца тэматычныя групы слоў, што абазначаюць паняцці духоўнага і культурнага жыцця: бог, вера, дух, дзіва, бяда і інш.; часавыя паняцці: век, месяц, дзень, ноч, вечарі інш.; назвы з’яў прыроды: агонь, вада, вецер, дым, неба, снег, холад і інш.; тэрміны роднасці, сваяцтва і іншых адносін паміж людзьмі: маці, брат, сястра, зяць, госць, друг і інш.; назвы частак цела чалавека: вока, вуха, зуб, кроў, мозг, нос і інш.; найменні жывых істот, раслін: звер, алень, воўк, вуж, каза, журавель, дуб, бяроза, вярба, лён, зерне, семя і інш.; назвы прымет якасці: новы, стары, жывы, злы, сухі і інш.; назвы дзеянняў, стану: быць, браць, будзіць, верыць, гарэць, драмаць і інш.

Індаеўрапеізмамі з’яўляюцца таксама некаторыя лічэбнікі (два, тры, дзесяць, сто і інш.), займеннікі (ты, вы, сам), службовыя словы (без, да, а, ды, не і інш.). Падабенства гэтых слоў выяўляецца ва ўсіх індаеўрапейскіх мовах або ў асобных іх групах, што сведчыць, з аднаго боку, пра роднасць гэтых моў, з другога – пра сам факт іх паходжання. Параўн.: бел. дзень, рус. день, польск. dzіеń, балг. ден, літ. dіепа, ст.-інд. dinam, лац. dіеs, ст.-ірланд. dепus і г. д. Беларуская мова атрымала ў спадчыну індаеўрапейскую лексіку з мовы старажытных славянскіх плямёнаў, што вылучыліся з агульнаіндаеў-рапейскага этнічнага адзінства недзе на мяжы III і II тыс. да н. э.

Індаеўрапейская сям’я падзяляецца на 16 моўных груп: раманская (французская, італьянская, іспанская, партугальская, румынская, малдаўская, рэтараманская, правансальская, сардзінская, каталанская і мёртвая лацінская мова і іншыя гаворкі, якія захаваліся ў пісьмовых помніках), германская (нямецкая, англійская, шведская, дацкая, нарвежская, ісландская, фарэрская, галандская, фламандская, фрызская, ідыш і мёртвыя гоцкая, бургундская і вандальская мовы), кельцкая (шатландская, ірландская, гальская, брэтонская, уэльская, або валійская, і мёртвая карнуэльская), балтыйская (літоўская, латышская і мёртвыя мовы – пруская і яцвяжская), іранская (персідская, таджыкская, курдская, пушту, белуджская, ваханская, асецінская, талышская і інш., а таксама мёртвыя старажытнапер-сідская, мідыйская, скіфская, харэзмійская, парфянская і інш.), індыйская (хіндзі, урду, пенджабі, біхары, маратхі, орыя, бенгалі і інш., новаіндыйскія мовы, цыганская, а таксама мёртвыя мовы санскрыт, ведыйская, пракрыты і палі) і інш. У індаеўрапейскую сям’ю ўваходзяць і асобныя мовы – грэчаская, албанская, армянская і мёртвыя старажытнагрэчаская і сярэднягрэчаская, або візантый-ская.

 

4. Моўныя групы індаеўрапейскай сям’і

 

Беларуская мова належыць да славянскай групы моў.

Славянскія мовы з’яўляюцца роднымі больш чым для 200 мільёнаў чалавек, прадстаўнікоў розных славянскіх народаў. Гучаць славянскія мовы на значнай частцы тэрыторыі Еўропы.

Навука аб сям’і славянскіх моў – параўнальна-гістарычнае славянскае мовазнаўства – імкнецца заглянуць яшчэ далей, у таямнічыя глыбіні сівых вякоў, у перадгісторыю славян, высветліць, як склаўся гэты народ і яго мова, дзе і кім ён быў народжаны і выпеставаны. Адносна паходжання славян вучоныя мяркуюць па-рознаму. Адны гавораць, што пачатак славянству паклала нейкае адно племя старажытных насельнікаў Еўропы – напаўміфічнага еўрапейскага народа, блізкага па мове да старажытных продкаў сучасных жыхароў Індыі. Іншыя лічаць славянства “сплавам” розных па мове і культуры плямён. Аднак што б там ні было ў перадгісторыі, гісторыя славян і іх моў пачыналася з адзінства: быў адзін славянскі народ і ў яго была адна мова.

Сучасныя славянскія мовы падзяляюцца на тры групы:

усходнеславянскую: беларуская, руская, украінская мовы. Гэта група самая малая па колькасці моў, але самая вялікая па колькасці славян, што гавораць на мовах гэтай групы (звыш 180 млн. чалавек). Беларускую мову лічаць роднай каля 80 % карэннага насельніцтва нашай рэспублікі. Акрамя таго, ёй карыстаюцца больш за 1 млн. беларусаў, якія жывуць у розных краінах свету;

заходнеславянскую: польская, кашубская, чэшская, славацкая, сербалужыцкая (верхня- і ніжнялужыцкая) і мёртвая палабская мова. Носьбіты гэтых моў, якіх больш за 50 млн. чалавек, жывуць цяпер на тэрыторыі Польшчы, Чэхіі, Славакіі і часткова Германіі. Найбуйнейшая ў гэтай групе – польская мова. На ёй гавораць каля 30 мільёнаў палякаў. Чэшская (каля 10 мільёнаў чалавек) і славацкая (больш за 4,5 мільёна чалавек) мовы – гэта роднасныя мовы народаў Чэхіі і Славакіі. Абедзве яны маюць багатую сучасную літаратуру. Алфавіт, як і ў іншых заходнеславянскіх мовах, створаны на аснове лацінкі;

паўднёваславянскую: балгарская, македонская, сербская, харвацкая, славенская мовы. Носьбіты гэтых моў, якіх больш за 30 млн. чалавек, жывуць у асноўным на Балканскім паўвостраве – у Балгарыі, Македоніі, Сербіі, Харватыі, Славеніі, Босніі і Герцагавіне, а таксама ў сумежных з імі краінах (Грэцыі, Аўстрыі, Венгрыі і інш.). На балгарскай мове гавораць больш за 7 мільёнаў чалавек (Балгарыя). Македонская (больш за 1 мільён чалавек) пашырана ў Югаславіі, а таксама ў Балгарыі і Грэцыі.

На аснове групы гаворак старажытнабалгарскай мовы ў ІХ ст. склалася яшчэ адна мова, якая хоць і не была моваю асобнага славянскага народа, але існавала і развівалася на працягу ўсяго сярэдневяковага перыяду гісторыі славян. Гэта названая вышэй стараславянская (ці старажытнацаркоўнаславянская) мова. Цяпер яна лічыцца мёртвай. У мінулым жа стараславянская мова была літаратурнай пісьмовай мовай у розных славян. У Х ст. яна пачала ўжывацца і ў Старажытнай Русі ў сувязі з прыняццем хрысціянскай рэлігіі. Карысталіся ёй у богаслужэнні. Яе ўплыў адзначаецца ў сучасных літаратурных мовах некаторых славянскіх народаў (шмат царкоўнаславянізмаў, у прыватнасці, у рускай мове).

Славянскія моўныя групы выдзяляюцца на аснове агульных асаблівасцей, уласцівых мовам, што ўтвараюць пэўную групу.

Усе славяне карыстаюцца двума тыпамі пісьма – кірылічным і лацінскім. Найбольш распаўсюджана кірыліца (Беларусь, Расія, Украіна, Сербія і Чарнагорыя, Македонія, Балгарыя, часткова Боснія і Герцагавіна). У Польшчы, Чэхіі, Харватыі, Славеніі выкарыстоўваюць лацінскі алфавіт.

На працягу апошняга тысячагоддзя славянскія мовы развіваліся ў розных умовах. Тым не менш і сёння здзіўляе незвычайная блізкасць гэтых моў у лексічным складзе і структуры слова, у агульнасці каранёў, граматычных форм, сінтаксічных канструкцый.

Адзін славянін без цяжкасці або з пэўнаю цяжкасцю разумее другога (беларус – паляка, чэх – рускага і г. д.) нават без спецыяльнай адукацыі. Ва ўсіх славянскіх мовах ёсць вялікі пласт лексікі, якую называюць агульнаславянскай. Гэта галоўным чынам словы, што былі яшчэ ў далёкі дапісьмовы час у так званай агульнаславянскай мове-аснове. Ва ўсіх славянскіх мовах амаль аднолькава гучаць старажытныя словы, звязаныя з сямейнымі і вытворчымі адносінамі, з раслінным і жывёльным светам, назвы пор года, частак чалавечага цела і інш. Усё гэта – водгалас старажытных сувязяў продкаў славян. Разам з тым блізкасць славянскіх моў часткова тлумачыцца і агульнасцю гістарычнага лёсу асобных груп славян.

 

ЛІТАРАТУРА

 

1. Беларуская мова: Энцыклапедыя. – Минск, 1994.

2 Германовіч, І.К. Беларускія мовазнаўцы. Нарысы жыцця і навуковай дзейнасці / І.К. Германовіч. – Мінск, 1985.

3. Ляшчынская, В.А. Студэнту аб мове: прафесійная лексіка / В.А. Ляшчынская – Мінск, 2003.

4. Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. – Мінск, 1995.

5. Плотнікаў, Б.А. Беларуская мова. Лінгвістычны кампендыум / Б.А.Плотнікаў, Л.А. Антанюк.– Мінск: Інтэрпрэссэрвіс, Кніжны дом, 2003.

6. Сямешка, Л.І. Курс беларускай мовы / Л.І. Сямешка, І.Р. Шкраба, З.І Бадзевіч.– Мінск.,1996.

7. Шакун, Л.М. Карані нашай мовы / Л.М. Шакун // Роднае слова. – 1996. – № 9. – С. 108–119.

8. Шакун, Л.М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы / Л.М. Шакун. – Мінск, 1984.

9. Беларусазнаўства: навучальны дапаможнік / Под рэд. П. Брыгадзіна. – Мінск: За-вігар, 1998. – С. 123 – 151.