Гаспадарка Заходняй Беларусі ў 1921-1939 гадах

Развіцце прамысловасці. Асаблівасці развіцця прамысловасці ў Заходняй Беларусі зыходзілі з мэтаў польскіх улад – ператварыць Заходнюю Беларусь у аграрна-сыравінны прыдатак прамысловых раёнаў этнічнай Польшчы.

Удзельная вага ў прамысловасці Заходняй Беларусі складала каля 3%, а колькасць занятых рабочых – 4,9%. У Заходняй Беларусі адсутнічала цяжкая прамысловасць. Металаапрацоўка не атрымала развіцця з-за канкурэнцыі з сіндыкатам польскіх металургічных заводаў, таму ў прамысловасці Заходняй Беларусі пераважалі дрэваапрацоўчая, харчовая і лёхкая галіны.

У 1926 г. у Віленскім, Навагрудскім і Палескім ваяводствах налічвалася 127 фабрык і заводаў з колькасцю рабочых звыш 20 чалавек, а 19 з іх мелі звыш 100 рабочых – гэта шклозавод «Нёман» у Навагрудскім павеце, запалкавая фабрыка «Прагрэс-Вулкан» у Пінску, фабрыка гумавых вырабаў «Ардаль» у Лідзе, тытунёвая фабрыка ў Гродне, фанерныя фабрыкі ў Мікашэвічах і Гарадзішчы. На гэтых 19 прадпрыемствах было занята 7.872 рабочых, але гэта ўдвая менш, чым у 1913 г. У выніку да пачатку другой сусветнай вайны агульны аб’ём прамысловасці не дасягнуў 1913 г.

Эканамічнае жыццё адзначалася цыклічным развіццём, залежнасцю ад сусветных крызісаў. У 1923-1924 гг. наглядаўся пад’ём прамысловай вытворчасці. Ён адбыўся з прычыны павышэння попыту на прамысловыя тавары і пашырэння аб’ёмаў замежнага гандлю. Урад атрымаў магчымасць ажыццявіць палітыку фінансавай стабілізацыі (з пачатку 1924 г.) і правесці грашовую рэформу. У красавіку 1924 года быў заснованы Польскі банк і ўведзена новая грашовая адзінка замест маркі – злоты, якая мела залатое напаўненне.

З канца 1924 г. па 1927 г. польская эканоміка апынулася ў крызісе з прычыны росту ваенных расходаў, знешняй запазычанасці, неўраджаю 1924 г. і мытнай вайны Германіі супраць Польшчы 1925 г. Крызіс меў цяжкія вынікі для прамысловасці беларускага рэгіёну. У Віленскім, Навагрудскім і Палескім ваяводствах у 1925 г. бяздзейнічала шостая частка прадпрыемстваў, знізілася заработная плата, узрасла інфляцыя, налічвалася 21 тыс. беспрацоўных. У
1925-1926 гг. былі закрыты ўсе прыватныя тытунёва-гільзавыя фабрыкі і 32 прыватных лікёра-гарэлачныя прадпрыемствы.

З другой паловы 1926 г. у некаторых галінах вытворчасці пачаўся прамысловы ўздым. Ён быў вызваны добрым ураджаем, павышэннем сусветных цэн на вугаль, ростам знешняга гандлю, пад’ёму некаторых галін прамысловасці, а так сама вялікімі пазыкамі ад ЗША і Англіі ў 1927 г. (62 млн. долараў і 2 млн. фунтаў стэрлінгаў). У выніку паступовага эканамічнага ўздыму колькасныя і якасныя паказчыкі па прамысловасці Заходняй Беларусі дасягнулі ўзроўню 1913-1914 гг. Аднак гэта складала толькі 2% агульнага аб’ёму прамысловай вытворчасці і 1,5% колькасці рабочых у польскай дзяржаве на 1928 г.

Перапыніў развіццё і адштурхнуў далёка назад беларускую прамысловасць сусветны эканамічны крызіс 1929-1933 гг. У выніку былі закрытыя 230 прадпрыемстваў, а колькасць рабочых да сярэдзіны 1933 г. скарацілася амаль на палову. Прадукцыя прамысловасці да пачатку 1930 г. паменшылася на 30-40% у параўнанні з 1928 г.

У другой палове 30-х гг. у прамысловасці наглядалася ажыўленне, вызванае дзяржаўнымі капіталаўкладаннямі ў ваенныя аб’екты і ваенную прамысловасць, а так сама з-за роста попыту на сусветных рынках на лесаматэрыялы. У выніку дрэваапрацоўчая вытворчасць становіцца вядучай галіной Заходняй Беларусі замест харчовай. У 1939 г. колькасць прадпрыемстваў і працуючых на іх рабочых у 2 разы перавышала ўзровень 1913 г., але адбыўся ўпадак у запалкавай вытворчасці і вінакуранні з-за ўвядзення дзяржаўнай манаполіі на вытворчасць спірту і канкурэнцыі замежных вытворцаў запалак.

Стан сельскай гаспадаркі Заходняй Беларусі (1921-1939 гг.)

У эканоміцы заходнебеларускіх земляў пераважаў аграрны сектар. Больш за 80% насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай, але пасля войнаў яна знаходзілася ў заняпадзе. Скараціліся пасяўныя плошчы, пагалоўе буйной рагатай жывёлы, коней. У Заходняй Беларусі было адноўлена памешчыцкае землеўладанне. На 1921 г. 3.402 памешчыкаў (1% сельскага насельніцтва) валодалі польшай часткай зямель. Серадняцкія сялянскія гаспадаркі займалі 12,5% зямлі, бядняцкія – 24,15%, кулацкія – 8,14%. Аднаўляліся буйныя латыфундыі, прыклад – Давыд-Гарадоцкі маярат Радзівілаў у 1925 г. дасягаў памеру 155.200 га.

Рознымі шляхамі развівалася сялянская гаспадарка. Заможныя сяляне (кулакі) валодалі ад 18 да 100 га зямлі, мелі 10-15 коней, 15-25 кароў і шырока выкарыстоўвалі наёмную працу. Гэтыя гаспадаркі былі таварнымі. Сераднякі валодалі надзелам ад 8 да 18 га, ўтрымлівалі 2-3 каровы, аднаго – двух коней. Зямлю апрацоўвалі самі. Бядняцкія гаспадаркі мелі 7-8 га зямлі. Вымушаны былі арандаваць зямлю, часта наймаліся да памешчыкаў ці кулакоў.

Сярод сельскагаспадарчых рабочых найменьш правоў мелі ардынарыі – найбольш шматлікая малааплачваемая група батракоў. Зарплату яны атрымлівалі ў выглядзе паліва, зерня, зямлі для пасеваў, правам трымаць карову, жыллём. Пасынкі – дзеці ардынарыеў, іх праца часта не аплочвалася. Сталоўнікі – сяляне-беднякі з маленькай гаспадаркай. За ўзнагароджанне ў выглядзе жылля, права пасвіць жывёлу, часам за арэнду кавалачка зямлі апрацоўвалі гаспадарку памешчыка.

Відавочна было адраджэнне рэшткаў феадальных адносін у форме дробнай арэнды зямлі за адпрацоўкі або за частку ўраджаю, адпрацоўкі за права карыстання пашай, натуральная плата за працу, наяўнасць сервітутаў, цераспалосіца. Усё гэта тармазіла развіццё вытворчых сіл у аграрным сектары, параджала сацыяльны пратэст часткі сялянства, што несла сур’ёзную небяспеку для дзяржаўнага ладу. Ад урада патрабавалася прыняцце неадкладных мер па рэфармаванню ў сельскай гаспадарцы.

Мэтай рэформы было даць магчымасць сельскай гаспадарцы развівацца па капіталістычнаму шляху, ліквідаваць феадальныя перажыткі. Прадугледжваліся такія мерапрыемствы як парцэляцыя, асадніцтва, камасацыя. У ліпені 1925 г. быў прыняты “Закон аб ажыццяўленні зямельнай рэформы”. Згодна з ім ажыццяўляўся продаж дробнымі ўчасткамі (парцэлямі) часткі памешчыцкіх зямель, праводзілася камасацыя (хутарызацыя) сялянскіх гаспадарак, ліквідаваліся сервітуты, увадзілася асадніцтва, якое было характэрна толькі для Заходняй Беларусі.

З дзяржаўнага фонду атрымлівалі земліасаднікі – польскія ваенныя каланісты, былыя афіцэры і ўнтэрафіцэры польскай арміі. Яны атрымлівалі бясплатна або па невялікім кошце зямельныя ўчасткі з дзяржаўнага фонду па 15-45 га і доўгатэрміновыя крэдыты на ільготных умовах на ўладкаванне гаспадаркі, за кошт дзяржавы будавалі жылыя памяшканні. Землі дзяржаўнага фонду (парцэлі) прадаваліся праз сельскагаспадарчы банк. Памешчыкі, маёнткі якіх падлягалі парцэляцыі, выкарыстоўвалі права выбару пакупніка і рэалізавалі зямлю спекулянтам.

Камасацыя – мерапрыемства, якое прадугледжвала ліквідацыю цераспалосіцы шляхам масавай хутарызацыі. Дзяржава абяцала павялічыць надзелы малазямельных сялян, якія згаджаліся на камасацыю. Аднак сяляне павінны былі плаціць за землеўпарадкаванне кожнага гектара ад 14 да 20 злотых, асобная плата спаганялася за складанне праектаў меліярацыі, утрыманне землеўпарадчыкаў, перанясенне дарог і г.д. Працэс камасацыі меў два этапы – да 1927 г. па дабраахвотнаму прынцыпу, з 1927 г. – прымусовы.

Сервітут – права сялян на сумеснае з памешчыкамі карыстанне зямельнымі ўгоддзямі і лясамі. У 1927 г. сервітутамі карысталася 10% сялянскіх гаспадарак. Пад час правядзення рэформы сервітуты ліквідаваліся, замест іх сяляне атрымлівалі аднаразавую грашовую кампенсацыю.

У выніку рэформы на Беларусі налічвалася 4.640 ваенных асаднікаў. Пакупку зямлі ажыццявіла частка сярэдніх, бядняцкіх гаспадарак і дробных арандатараў. Да 1935 г. (у параўнанні з 1921 г.) павялічылі свае землеўладанні: бядняцкія гаспадаркі - на 2,1 га, серадняцкія - на 2,7 га, кулацкія - на 3,9 га. Памешчыцкае землеўладанне паменшылася прыкладна на 13%. Прадажа-пакупка зямлі працягвалася да 1939 г. Да 1939 г. на хутары было выселена 43% гаспадарак (каля 50% сялянскай зямлі). Да 1939 г. былі ліквідаваны сервітуты. Большая частка сервітутнай зямлі перайшла памешчыкам, сяляне атрымалі невялікую грашовую кампенсацыю. Ад ліквідацыі сервітутаў больш за ўсіх пацярпелі бядняцкія гаспадаркі. Многія з іх ужо не мелі магчымасці трымаць нават адну карову. Узровень вытворчасці сельскай гаспадаркі 1913 года быў дасягнуты толькі да 1929 года.

Аграрная рэформа мела буржуазны характар. Яна садзейнічала ліквідацыі паўпрыгонніцкіх адносін, канцэнтрацыі сельскагаспадарчай вытворчасці. У яе выніку ўмацоўваўся стан дробнай сельскай буржуазіі. Але рэформа не знішчыла буйное памешчыцкае землеўладанне, не спыніла збяднення вёскі.

Значнай праблемай была перанаселенасць вёскі. На 1931 г. у заходнебеларускім краі налічвалася прыкладна 700 тыс. чалавек залішняй рабочай сілы. Прамысловасць не развівалася, і немагчымасць рэалізаваць сябе на радзіме вымушала да масавай эміграцыі. З 1925 па 1938 г. эмігрыравала 78,1 тыс. чалавек. Штогод дзесяткі тысяч працоўных выязджалі ў іншыя краіны на сезонныя работы.

Аграрная вытворчасць Заходняй Беларусі знаходзілася ў складаным становішчы. Ствараліся ўмовы для развіцця па капіталістычнаму шляху, але аграрныя рэформы не саправаджаліся аднаўленнем усёй эканомікі краю. Да таго, развіццё капіталістычных адносін у вёсцы ішло па вядомым “прускім шляху”, з захаваннем буйнога памешчыцкага землеўладання і шматлікіх рэшткаў феадалізму.