Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі
Эканамічная палітыка Часовага ўрада
Урадавая праграмма развіцця краіны мела наступны выгляд:
1) працяг вайны; 2) скліканне Устаноўчага сходу для вырашэння далейшага лёсу Расійскай дзяржавы і вырашэння аграрнага пытання; 3) вызначэнне палітыкі ў адносінах да рабочых, сялян і салдат.
Часоваму ўраду дасталася цяжкая эканамічная спадчына. Чыгуначны транспарт быў паралізаваны. Ваенныя выдаткі дасягнулі 30,5 млрд. руб. у год, што перавышала ў 10 разоў даваенны сярэднегадавы даход дзяржавы. Адначасова рабочыя патрабавалі ўвядзення 8-гадзіннага рабочага дня, павышэння заработнай платы, устанаўлення свабоды прафесійных саюзаў і забастовак, дзяржаўнага сацыяльнага страхавання.
Мерапрыемствы Часовага ўрада мелі палавінчаты характар, былі непаслядоўныя і праблем не вырашылі. Прадстаўнікамі Часовага Ўраду праводзілася далейшая мабілізацыя прамысловасці на патрэбы абароны. Аднак мерапрыемствы поспеху не мелі і з лета 1917 г. пачаўся стыхійны працэс канверсіі фабрык і заводаў. Прамысловая буржуазія выступіла супраць умяшання дзяржавы ў сферу вытворчасці і размеркавання эканамічных рэсурсаў.
Праводзілася палітыка рэгулявання цэн, барацьбы з дарагавізнай, спекуляцыяй і інфляцыяй. Аднак мерапрыемствы не мелі поспеху. 25 сакавіка 1917 г. была ўведзена дзяржаўная манаполія на хлебны гандаль пры адначасовым павышэнні цвёрдых цэн на ўсе віды хлебных вырабаў на 60-70%. З-за дрэннай каардынацыі і дысцыпліны хлебная манаполія правалілася, што прывяло да адмены спажывецкага рэгулявання і наступлення голаду.
Адначасова Часовы ўрад адклаў вырашэнне аграрнага пытання да склікання Ўстаноўчага сходу. Адначасова сяляне прыцягваліся да крымінальнай адказнасці за недазволенае карыстанне памешчыцкімі зямлямі і беспарадкі. Падаўлялі сялянскія выступленні армейскія часці.
Мерапрыемствы Часовага ўраду не здолелі палепшыць сацыяльна-эканамічнага становішча ў краіне, больш таго, прывялі да рэвалюцыйнага выбуху восенню 1917 г.
У ноч з 25 на 26 кастрычніка 1917 года ў Петраградзе бальшавікі здзейснілі сваю мару – правялі паспяховае ўзброеннае паўстанне супраць Часовага ўрада. Члены апошняга былі арыштаваны, а ўлада перададзена II Усерасійскаму з’езду Саветаў, аднак яго паседжанне пакінулі меньшавікі і правыя эсэры, нязгодныя з арыштам міністраў. Амаль адразу інфармацыя аб пераходзе ўлады ў сталіцы да Саветаў распаўсюдзілася па былой імперыі. Мінскі Савет, дзе большасць мелі ўжо бальшавікі, выдаў загад за першым нумарам пад агульнай наз-
вай – “Уся ўлада саветам!”. 26 кастрычніка пры Мінскім Савеце быў створаны Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Паўночна-Заходняга фронту, які павінен быў садзейнічаць умацаванню савецкай улады і быў паўнамоцным органам улады да фарміравання пастаянных устаноў улады. Аднак прыхільнікі Часовага ўрада так сама актывізаваліся. Імі 27 кастрычніка быў створаны Камітэт выратавання рэвалюцыі(маецца на ўвазе Лютаўская), у склад якога ўвайшлі ўсе буржуазныя партыі, эсэры, Бунд, меньшавікі, прадстаўнікі Гарадской думы, Вялікай беларускай рады, прафсаюзаў Мінска. У Мінск была ўведзена Каўказская дывізія. Рэальна ацэньваючы свае сілы, Мінскі Савет перадаў уладу (часова) Камітэту і нават дэлегаваў у яго склад сваіх прадстаўнікоў І.Алібегава і Я.Пярно.
1 лістапада 1917 года ў Мінск увайшоў браняпоезд і армейскія часткі, якія падтрымлівалі бальшавікоў. Камітэт выратавання рэвалюцыі быў разагнаны. Вельмі хутка, на працягу кастрычніка-лістапада 1917 года савецкая ўлада была ўстаноўлена на ўсёй неакупаванай тэрыторыі Беларусі. У буйных гарадах ствараліся Ваенна-рэвалюцыйныя камітэты, якія праводзілі мерапрыемствы па ўмацаванню савецкай улады. Толькі ў Магілёве, дзе знаходзілася Стаўка галоўнакамандуючага М.М.Духоніна і большасць Савета была меньшавісцка-эсэраўска-бундаўская патрабавалася ўмяшальніцтва значных вайсковых сіл. СНК Расіі прызначыла галоўнакамандуючым арміі М.В.Крыленка і накіравала войскі на ліквідацыю Стаўкі ў Магілёве. 18 лістапада Магілёўскі Савет прызнаў савецкую ўладу і ўтварый ВРК, які ўстанавіў кантроль над Стаўкай і арыштаваў некаторых генералаў. Да 18 лістапада савецкая ўлада была ўстаноўлена і на фронце.
Для ўмацавання новай улады важнае значэнне мелі з’езды Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў губерняў і фронту, якія адбыліся ў лістападзе-снежні. Яны легалізавалі новую ўладу – зацвердзілі структуру яе органаў, вызначылі сістэму кіравання, абралі выканкамы, адобрылі першыя Дэкрэты савецкай ўлады – аб зямлі і міры і інш. У лістападзе ў Мінску адбылося амаль адначасова тры з’езды сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў новастворанай Заходняй вобласці і фронту. Іх выканаўчыя камітэты аб’ядналіся ў Выканаўчы камітэт Заходняй вобласці і Заходняга фронту (Аблвыкамзах), падаўляючую большасць месцаў там мелі прадстаўнікі салдат фронту, далёкія ад праблем непасрэдна беларускага рэгіёна. Узначаліў выканаўчы камітэт Н.Рагазінскі, старшынёй СНК стаў К.Ландар.
У Віцебскай і Магілёўскай губернях, якія хаця і ўвайшлі ў склад Заходняй вобласці, былі створаны свае органы ўлады, якія дзейнічалі асобна ад Аблвыкамзаха і падпарадкоўваліся ўраду Савецкай Расіі.
Пытанне аб уладзе, тым не менш, канчаткова вырашана не было. У Саветах было пашырана меркаванне аб стварэнні кааліцыйных урадаў з левымі сацыялістычнымі партыямі, у прыватнасці з левымі эсэрамі. У.Леніну і Л.Троцкаму прыйшлося прылажыць шмат намаганняў, каб пераадоліць гэтыя памкненні. У лістападзе адбыліся выбары ва Устаноўчы сход Расіі, але бальшавікі ўжо вырашылі для сябе пытанне аб будучым краіны, таму хутка Устаноўчы сход быў разагнаны, тым больш, што большасць бальшавікі там не атрымалі – толькі 24% галасоў (але на Беларусі яны перамаглі – 30 дэлегатаў
з 54).
Кіраўнікі савецкіх органаў улады займалі рэзка негатыўную пазіцыю па пытанню нацыянальнага самавызначэння Беларусі. Яны не былі беларусамі па паходжанню, на Беларусі апынуліся дзякуючы ваенным абставінам, мясцовай нацыянальнай спецыфікі не ведалі, а дзейнічалі зыходзячы з пазіцый вядомай нам тэорыі “заходнерусізма”. Аднак беларускія нацыянальныя партыі, у там ліку сацыялістычныя, прытрымліваліся іншага пункту гледжання на будучыню Беларусі. Яны пачалі рыхтаваць Усебеларускі кангрэс, які павінен быў вырашыць далейшы лёс беларускіх губерній. Адначасова ўрад Савецкай Расіі даручыў Беларускаму абласному камітэту, утворанаму з дэлегатаў Устаноўчага сходу, так сама правесці Усебеларускі з’езд з аналагічнай мэтай, на гэта мерапрыемства былі выдаткаваны грашовыя сродкі. З дзейнасці гэтага з’езда пачынаецца перыяд станаўлення беларускай дзяржаўнасці.