Архітэктура і выяўленчае мастацтва

Пачатак Адраджэння на Беларусі. Узнікненне кнігадрукавання. Ф. Скарына і М. Гусоўскі

Беларускую культуру не абмінула такая з’ява як Адраджэнне, або Рэнесанс – эпоха станаўлення і росквіту ранняй буржуазнай культуры. Адраджэнне было абумоўлена якаснымі зменамі ў эканамічным і палітычным жыцці краін: зараджэннем капіталістычных адносін, фарміраваннем нацыянальных дзяржаў і абсалютных манархій, узмацненнем антыфеадальнай і рэлігійнай барацьбы. Вялікія геаграфічныя адкрыцці, з’яўленне кнігадрукавання, развіццё навукі і тэхнікі прывялі да ўзнікнення новай, пераважна свецкай культуры. На гэтай аснове сфарміраваўся новы, гуманістычны светапогляд. Гуманізм – філасофска-светапоглядная пазіцыя, якая сцвярджае высокую годнасць чалавека – творцу зямнога шчасця, прызнае права на свабоднае развіццё яго здольнасцей, абараняе ідэалы справядлівасці, чалавекалюбства, свабоды і дасканаласці асобы.

У канцы XV – пачатку XVI ст. складаліся перадумовы Рэнесанса на Беларусі: рост гарадоў, фарміраванне беларускай народнасці, ажыўленне грамадска-палітычнай дзейнасці і нацыянальна-класавай барацьбы.

Прадстаўніком рэнесансавай культуры на Беларусі быў першадрукар, гуманіст і асветнік Францыск Скарына (каля 1490 г. – каля 1551 г.).

У Празе Ф. Скарына пры дапамозе заможных віленскіх і полацкіх мяшчан заснаваў друкарню. 6 жніўня 1517 г. выйшла з друку першая кніга “Псалтыр”. Першадрукар выдаў пераважную частку Старого Запавету Бібліі, прычым выбраў найбольш важныя кнігі.

У 1520 г. Скарына пераехаў у Вільню, дзе ў 1522 г. выйшла ў свет “Малая падарожная кніжка” – зборнік рэлігійных і свецкіх твораў. Як і апошняе выданне Ф. Скарыны “Апостал”, “Малая падарожная кніжка” была больш таннай, а значыць больш даступнай шырокаму колу насельніцтва.

Ф. Скарына выступіў у якасці стваральніка новага літаратурнага жанру – прадмоў. Яны змяшчалі ў сабе кароткі змест твора. Ф. Скарына ўнёс уклад у распрацоўку беларускай літаратурнай мовы.

Выдатным дзеячам беларускай культуры быў паэт-гуманіст, прадстаўнік новалацінскай літаратурнай школы М. Гусоўскі. Нарадзіўся будучы паэт у сям’і вялікакняскага лоўчага і атрымаў адукацыю ў Вільні, Польшчы, Італіі.

У 1518 г. М. Гусоўскі трапіў у Рым у складзе польскай дыпламатычнай місіі. Па заказу папы рымскага Льва Х у 1522 г. М. Гусоўскі стварыў свой лепшы твор “Песня пра постаць, дзікасць зубра і паляванне на яго”. Напісаная на класічнай латыні, паэма не засталася толькі расказам пра паляванне на зубра, яна аказалася творам, дзе адлюстраваны жыццё народа і лёс краіны ў пераломны момант гісторыі. Праз усе часткі паэмы праходзіць тэма радзімы, а зубр выступае як алегарычны вобраз роднага краю. Адну з галоўных прычын няшчасцяў і пакут радзімы М. Гусоўскі бачыў у войнах. У паэме аўтар вялікую ўвагу надаў адлюстраванню жыцця простых людзей, іх побыту, звычаяў, заняткаў.

На працэс станаўлення і развіцця беларускай архітэктуры і выяўленчага мастацтва значна паўплывалі старажытнарускія традыцыі, а таксама лепшыя дасягненні архітэктуры і мастацтва заходнееўрапейскіх краін. Шырокае распаўсюджанне на Беларусі набыла готыка – мастацкі стыль, запазычаны ў Заходняй Еўропе. Найбольш тыпавыя гатычныя пабудовы вылучаліся вялікай вышынёй, стронкім сілуэтам і вертыкальнымі лініямі, вузкімі стральчатымі парталамі і вокнамі з каляровымі ветражамі, высокімі вежамі.

Готыка на Беларусі была прадстаўлена шматлікімі абарончымі збудаваннямі – замкамі, якія адначасова з’яўляліся адмістрацыйнымі, палітычнымі, эканамічнымі і культурнымі цэнтрамі. Мураваныя замкі пачалі будавацца ў першай палове XVI ст.

Абарончая сістэма складалася з замкаў розных тыпаў. Адны з іх будаваліся на ўзвышшах, другія змяшчаліся ў нізіннай балоцістай мясцовасці на штучным насыпу. Гэта быў новы тып замкаў – кастэлі.

Да тыпу кастэляў належалі: Лідскі замак, пабудаваны ў 30-я гг. XVI ст., замак у Крэве, які спалучаў рысы абарончага збудавання і вялікакняскай рэзідэнцыі.

Акрамя будаўніцтва кастэляў, перабудоўваліся і старыя драўляныя замкі.

Навагародскі замак існаваў у X–XVII стст. Ён пэўны час з’яўляўся рэзідэнцыяй вялікіх князёў літоўскіх. Шмат разоў перабудоўваўся. У пачатку XVI ст. з’явіўся Мірскі замак.

У сувязі з пашырэннем каталіцызму на ўсёй тэрыторыі Беларусі пачалося будаўніцтва касцёлаў. Быў пабудаваны Троіцкі касцёл у вёсцы Ішкалдзь (Баранавіцкі раён), захаваўшыяся да нашых дзён касцёлы ў вёсцы Усулюб (Навагрудскі раён) і ў Іўі.

У культавай архітэктуры канца XV – першай паловы XVI ст. з’яўляецца новы тып пабудоў – інкастэляваныя храмы, прыстасаваныя да абароны.

У выяўленчым мастацтве Беларусі другой паловы XIII – першай паловы XVI ст. вылучаюцца іконапіс, фрэскі, кніжная мініяцюра, гравюра, арнамент, драўляная разьбяная скульптура.

З распаўсюджаннем ідэй Адраджэння звязана і развіццё свецкага жывапісу, пераважна партрэтнага жанру. Захаваліся выявы партрэта Ягайлы ў касцёле ў Сандаміры. У Трокскім замку знаходзіцца шэраг фрэсак, прысвечаных Вітаўту.

У рамках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на Беларусі ў другой палове XIII – першай палове XVI ст. развівалася размалёўка па дрэву, чаканка па металу, выраб керамікі. Беларускія майстры добра ведалі тэхналогію металаапрацоўкі, выраблялі металічныя ўпрыгожванні і посуд. Развівалася касцярэзная вытворчасць. Беларускія рамеснікі таксама стваралі розныя рэчы з каменю.

Разнавіднасцю дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з’яўлялася кафлярства.

Такім чынам, другая палова XIII – першая палова XVI ст. – яркі і самабытны перыяд у развіцці беларускай культуры, перыяд росту палітычнай і патрыятычнай свядомасці беларусаў, сінтэзу рэнесансава-гуманістычных павеваў і сярэдневяковых рэлігійных традыцый ў духоўным жыцці, пашырэння культурных сувязей паміж беларускім і іншымі народамі.