Жывапіс. Графіка. Скульптура. Архітэктура Беларусі першай паловы XIX ст.

 

Архітэктура. У канцы XVIII ст. стыль барока змяніўся класіцызмам. Для яго развіцця на Беларусі характэрна аб'яднанне як заходнееўрапейскага, так і рускага накірункаў з мясцовымі мастацкімі традыцыямі. Значную ролю ў фарміраванні архітэктурнага выгляду беларускіх гарадоў адыграла Віленская архітэктурная школа (М. Шульц, К. Падчашынскі, Л. Стуока-Гуцявічус), творчасць вядомых рускіх архітэктараў: М. Львова, В. Стасава, А. Мельнікава, а таксама англічаніна Дж. Кларка. Гэта быў час рэгулярнай тыпавой забудовы гарадоў і мястэчак Беларусі. У адрозненні ад сярэдневяковай хаатычнай забудовы, горад разглядаўся як цэласная, строга спланаваная сістэма, заснаваная на прынцыпах рацыяналізма і класічных ідэалаў. Як правіла, гарадам надавалася форма прамававугольнікаў або шматвугольнікаў. У старых гарадах Беларусі — Мінску, Віцебску, Полацку і інш. вялося ўпарадкаванне вулічнай сеткі, узбуйняліся кварталы, ствараліся новыя плошчы. У гэтых гарадах праекцыйны цэнтр звычайна сумяшчаўся з гістарычна склаўшымся ансамблем горада. Архітэктура цэнтра вызначалася як новай забудовай, так і манументальнай архітэктурай XVII—XVIII стст., галоўным чынам манастырамі, касцёламі, калегіўмамі. Гэта прыдавала цэнтрам беларускіх гарадоў некаторую сваеасаблівасць.

Асаблівасцю горадабудаўніцтва гэтага часу было развіццё ансамблевай забудовы, узвядзенне будынкаў спецыяльнага дзяржаўнага і грамадскага прызначэння (адміністрацыйныя, навучальныя, бальніцы). У кожным губернскім горадзе на цэнтральнай плошчы акрамя сабораў узводзіліся дзяржаўныя ўстановы і тарговыя рады, якія сталі прадметам новага грамадска-палітычнага і эканамічнага жыцця. Тут узнікалі школы, музеі, бібліятэкі. Прынцыпы прамавугольнай планіроўкі найбольш паслядоўна здзейснены ў Клімавічах, Суражы, Мсціслаўі, Чавусах.

У дварцова — сядзібным будаўніцтве Беларусі класіцызм абумовіў геаметрычнасць планіроўкі тэрыторыі. З'явіўся новы тып палаца — цэнтрычная кампактная забудова з купалам (Грудзінская сядзіба ў Быхаўскім раёне), у кампазіцыі якой часта пабудаваны галерэі-каланады, размешчаныя паўкругам або франтальна. Галоўны кампазіцыйны акцэнт прысядзібнага дома быў манументальны порцік. Сярод выдатных помнікаў гэтага тыпу патрэбна назваць палац графа М. Румянцава з 30-х гадоў ён перайшоў да фельдмаршала I. Паскевіча) у Гомелі, Крычаўскі і Жыліцкі (Кіраўскі раён), палацавы комплекс у Снове (Несвіжскі раён), палацы генерал-губернатара ў Віцебску і віцэ-губернатара ў Гродна.

Да выдатных помнікаў гэтага архітэктурнага накірунку адносяцца культавыя забудовы: Петрапаўлаўскі сабор у Гомелі, Прэабражэнская царква ў Чачэрску, Пакроўская царква ў Стрэшневе, касцёлы ў Лідзе і Шчучыне.

Аднак класіцызм быў не адзіным архітэктурным накірункам Беларусі першай паловы XIX ст. Побач з ім развіваецца неаготыка — архітэктурны аналаг эпохі сентыменталізму і рамантызму, які ахапіў усе сферы культуры Заходняй Еўропы і Расіі яшчэ ў канцы XVIII ст.

Захапленне сярэдневяковым гатычным стылем на Беларусі пачынаецца на рубяжы стагоддзяў. Аднак неаготыка да 30—40 гг. суіснавала побач з класіцызмам, саступая яму ў гарадах. Элементы неаготыкі часцей за ўсё выкарыстоўваліся ў дэкаратыўных рашэннях пабудоўкі фасадаў гарадскога будаўніцтва. Значна большае прымяненне неаготыка знайшла ў культавых збудаваннях і "англійскім" пейзажна-паркавым мастацтве, загарадных прысядзібных комплексах.

Сярод стылёвай разнастайнасці помнікаў архітэктуры, пабудаваных на тэрыторыі Беларусі ў першай палове XIX ст., выдзяляецца шматлікая група збудаванняў, у мастацка-вобразнай трактоўцы якіх праглядаецца адчувальны уплыў старажытнарускай архітэктурнай культуры. Пачаткам развіцця "руска-візантыйскага стылю" з'яўляюцца 30-я гады. На Беларусі асноўнай вобласцю яго прымянення было царкоўнае будаўніцтва. Развіццё гэтага стылю адбывалася ў дзвух накірунках: перабудова існуючых каталіцкіх і ўніяцкіх храмаў (Заслаўскі фарны касцёл, Ізабэлінская Міхайлаўская царква) і ўзвядзенне цэркваў па санкцыяваным Сінодам праектам, а таксама прыватньм праектам. Аднак большага росквіту стыль дасягніў у другой палове XIX — пачатку XX ст.

Жывапіс.Развіццё класіызму і рэалізму ў выяўленчым мастацтве першай паловы XIX ст. азначала сур'ёзныя змены ў жывапісу Беларусі. У 30—40-я гг. ідэйныя каноны акадэмізма, заснаваныя на іерархічных каштоўнасцях жанраў, усё больш старэлі. Захоўваўся прыярытэт гістарычнага жывапісу; бытавы жанр як паўнапраўны яшчэ не прызнаваўся. Ідэйна-мастацкія ўстаноўкі акадэмізма ўступала ў супярэчнасць з патрабаваннямі жыцця і грамадскімі задачамі мастацтва. Важную ролю ў развіцці жывапісу ў гэты перыяд адыграла Віленская школа жывапісу — аддзяленне выяўленчага мастацтва факультэта літаратуры і мастацтва Віленскага ўніверсітэта. Яе выкладчыкамі былі прафесар Ф. Смуглевіч — заснавальнік школы, які ўвайшоў у гісторыю жывапісу як майстар вялікіх шматфігурных кампазіцый на гістарычныя і рэлігійныя тэмы, пейзажыст і бытапісец. Яго вучні -- теленавіты майстар жанравага партрэта Я. Рустэм і скульптар К. Ельскі. За чвэрць стагоддзя свайго існавання школа падрыхтавала больш 250 мастакоў, гравёраў, скульптараў і выкладчыкаў малявання длянавучальных устаноў Беларусі. Аднак школа не магла поўнасцю вырашыць праблему прафесійнага навучання, бо давала толькі сярэднюю адукацыю. Для ўдасканналення ведаў і атрымання вышэйшай адукацыі найбольш адораныя студэнты накіроўваліся ў Пецярбургскую Акадэмію мастацтваў або ў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (Строганаўскае вучылішча). Значнае месца ў падрыхтоўцы прафесійных мастакоў Беларусі належала Полацкай езуіцкай акадэміі.

Найбольш распаўсюджанымі жанрамі жывапісу былі гістарычны жанр і партрэт. У 30—40 гг. распаўсюджванне атрымлівае пейзаж і бытавы жанры. Як і ва ўсім выяўленчым мастацтве ў жывапісе можна адзначыць два накірунка развіцця. Першы звязаны з Віленскай школай жывапісу (Ф. Смуглевіч) і Пецярбургскай школай жывапісу, у якой былі традыцыі класіцызму. Другая лінія была звязана з імёнамі В. Баравікоўскага і Кіпрэнскага, якія былі схільны да рамантызму і сентыменталізму.

Буйным майстрам партрэтнага жанра на Беларусі быў член Імператарскай акадэміі мастацтваў I. Аляшкевіч (1777—1830). Пэндзлю мастака належаць партрэты вядомых палітыкаў і дзеячаў Беларусі: А. Чартарыйскага, Л. Сапегі, М. Радзівіла, А. Міцкевіча і інш. У апошнія гады жыцця I. Аляшкевіч пісаў шмат рэлігійных кампазіцый, якія адрозніваліся добрымі каларыстычнымі дадзенымі (напрыклад, "Мадона з дзіцяцям"). Не менш цікавым партрэтыстам быў Ю. Пешка (1767—1831). Ён шмат пісаў партрэтаў прадстаўнікоў віленскай шляхты і духавенства. Сярод іх найбольш вядомыя партрэты віленскага саветніка Вейса, партрэт С. Солтана, які ўзначальваў урад Вялікага княства Літоўскага ў перыяд напалеонаўскага нашэсця, і партрэт вядомай апякунні мастацтваў Тэафілы Радзівіл.

Аднак найбольш яркім прадстаўніком адзначанай плеяды быў В. Ваньковіч (1799— 1842). Сярод вялікай і разнастайнай спадчыны мастака ёсць шмат партрэтаў дзеячаў літаратуры і мастацтва, навукі. Безумоўна лепшым сярод іх з'яўляюцца кампазіцыйны партрэт "Міцкевіч на скале Аю-Даг", партрэты містыка А. Тавянькоўскага і яго жонкі Караліны, піяністкі М. Шыманоўскай, паэта А. Гарэцкага. Радавы маёнтак В. Ваньковіча ў Сляпянкі пад Мінскам становіцца цэнтрам, які групаваў вакол сябе лепшыя мастацкія сілы Белаусі першай паловы XIX ст. Тут бывалі Я. Дамель, М. Кулеша і іншыя мастакі, скульптары, кампазітары Беларусі.

Развіццё гістарычнага жанра ў жывапісе Беларусі шмат чым вызначалася захаваннем сярод мастакоў палітычных поглядаў, якія былі звязаны з аднаўленнем Рэчы Паспалітай. Не выпадкова многія бралі для сваіх гістарычных кампазіцый сюжэты з польскай гісторыі. Аднак мясцовыя мастакі намагаліся адлюстроўваць тыя моманты, якія былі непасрэдна звязаны з гісторыяй роднага краю — Беларуссю. Вядомым гістарычным жывапісцам гэтага часу быў Я. Дамель (1789—1840). На сваіх палотнах ён адлюстроўваў найбольш драматычныя моманты гістарычнага развіцця. Гэта карціны "Смерць князя Панятоўскага", "Гібель прадвадзіцеля крыжаносцаў Ульрыха ў Грунвальдскай бітве", "Павел I вызваляе Касцюшка з няволі" і інш. Большую вядомасць атрымала карціна "Пераход Напалеона праз Беразіну". Акрамя гістарычных палотнаў для творчасці Я. Дамеля характэрны шматлікія рэлігійныя кампазіцыі, а таксама партрэты, якія адрозніваюцца глыбокім псіхалагізмам.

Мастаком, у творчасці якога ўдала спалучаліся якасьці гістарычнага жывапісца і мастака-этнографа, быў М. Кулеша (1800—1863). Пра майстэрства мастака можна меркаваць па такім яго гістарычным кампазіцыям як "Гусары", "Гетман". Прыхільнікам гістарычнай тэматыкі М. Кулеша заставаўся і ў сваіх эпічных пейзажах і шматлікіх літаграфіях. Значнае месца гістарычны жанр займаў у работах мастакоў Я. Траяноўскага і Я. Сухадольскага.

Значнае месца ў выяўленчым мастацтве Беларусі належыць пейзажу. У гэтым жанры выступалі не толькі мастакі-пейзажысты, але і майстры іншых жанраў жывапісу. Вялікі ўклад у беларускі пейзажны жывапіс унеслі мастакі В. Садоўнікаў, I. Герасімовіч, В. Дмахоўскі. Крыху ў баку ад агульнага развіцця пейзажнага жывапісу Беларусі стаіць творчасць мастака-этнографа і гісторыка Напалеона Орды (1807—1883). Усё сваё жыццё мастак прысвяціў адлюстраванню цікавых месцаў Беларусі, Літвы і Украіны, якія звязаны з вялікімі гістарычнымі падзеямі і выдатнымі асобамі, якія тут нарадзіліся. Н. Орда ў асноўным працаваў як акварэліст. Яго эмацыянальна насычаныя і паэтычныя акварэлі ("Разваліны замка ў Лідзе", "Крэва", "Мір", "Нясвіж", "Белая вежа" і інш.) надзвычайна дакладна перадаюць прыгажосць пейзажу і гістарычных помнікаў Беларусі.

Яркім прадстаўніком беларускага жывапісу быў І.Т. Хруцкі (1810— 1885). Гэты мастак увайшоў у сусветны жывапіс як заснавальнік класічнага нацюрморта. У 1839 г. за нацюрморт "Кветкі і плады" ён атрымаў званне акадэміка. Аднак не менш яскрава мастак праявіў сябе ў жанры партрэта і пейзажа.

У творчасці жывапісцаў Беларусі першай паловы XIX ст. даволі інтэнсіўна развіваўся бытавы жанр. Мастакі стварылі шмат яркіх жывапісных палотнаў, дзе паказана багацце матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народа. Першымі ў гэтым жанры на Беларусі сталі выхавальнікі Віленскай школы жывапісу К. Кукевіч, Ю. Карчэўскі, К. Русецкі і інш. Нягледзячы на ўплыў класіцызму ў творчасці прадстаўнікоў бытавога жанру ўсё больш зацвярджаецца рэалістычны элемент.

Гаворачы пра жывапіс Беларусі нельга не згадаць пра мастакоў — уражэнцаў Беларусі, якія ўвайшлі ў гісторыю рускага рэалістычнага жывапісу. Сярод іх асаблівае месца займаюць вядомыя партрэтысты XIX ст. С. Заранка (1818 —1871) і К. Карсалін (1809—1871). Гэтыя мастакі амаль усё сваё свядомае жыццё правялі за межамі Беларусі, але ніколі не парывалі сувязі са сваей радзімай.

Развіццё паліграфіі і выкліканае гэтым з'яўленні масавых тыражоў друкаваных выданняў, прадвызначылі развіццё беларускай графікі. Сярод майстроў гэтага віда мастацтва найбольш вядомым з'яўляюцца М. Падалінскі, Ю. Главацкі, Ю. Азямблоўскі, Б. Клямбоўскі. Творчасці беларускіх графікаў уласціва ярка выражаная сацыяльная накіраванасць. Так літаграфія ўражэнца Мінска Ю. Азямблоўскага "Славянскі нявольнік" ("Беларускі раб") сваім сюжэтам прыцягнула ўвагу А. Міцкевіча і дэманстравалася ім падчас чытанняў лекцый па славянскім літаратуратурам у Парыжы. Публіцыстычнасць сюжэту літаграфіі прыцягнула ўвагу А. Герцэна, які даў высокую адзнаку рабоце беларускага графіка.

Жывапіс Беларусі першай паловы XIX ст. багаты і разнастайны. Яго станаўленне і развіццё адбывалася ў агульным накірунку развіцця рускага, польскага, літоўскага і ўкраінскага жывапісу. Эвалюцыя яго ад класіцызма да рэалізму складала не толькі сутнасць развіцця беларускага жывапісу, але і шляхі яго далейшага ўдасканалення.

Адной з форм выяўленчага мастацтва Беларусі першай паловы XIX ст. была скульптура. Сярод скульптараў таго часу найбольшую вядомасць набылі Ельскія (бацька — Караль і два яго сыны — Ян і Казімір), Я. Астароўскі, Р. Слізень і інш. Іх творчасць была разнастайна па жанру. Гэта былі партрэты-бюсты, медальёны і барэльефы гістарычных дзеячаў Беларусі, Літвы і Польшчы, родных, знаёмых. Асаблівае месца ў іх творчасці займала касцёльная скульптура, якая захавалася на Беларусі і па сённяшні дзень.

К сярэдзіне XIX ст. завяршыўся адзін з вялікіх этапаў у гісторыі беларускай культуры. У цяжкіх умовах, калі ўплывала польская культура і пачаўся працэс русіфікацыі, ішоў працэс фарміравання і развіцця нацыянальнай культуры. Перш за ўсё ён вызначыўся ў станаўленні сучаснай беларускай мовы, новай беларускай літаратуры, асэнсаванні гістарычнага шляху, які прайшоў народ.

Разам з тым к канцу прыгоннай эпохі ў грамадска-культурным жыцці народа Беларусі выразна праявілася неадпаведнасць паміж дасягнутым узроўнем духоўнай культуры і авалоданнем культурнымі каштоўнасцямі. У грамадстве былі вельмі абмежаваны магчымасці шырокага распаўсюджвання асветы, народнай адукацыі. У гэтым праявіўся крызіс у духоўным жыцці. Феадальны строй уступаў у супярэчнасць не толькі з сацыяльна-эканамічным, але і з грамадска-културным прагрэсам.