Гістарыяграфія гісторыі Беларусі XIX ст. Асноўныя накірункі і публікацыі.

Гісторыя Беларусі першай паловы XIX ст. вывучаецца на падставе даных з разнастайных гістарычных крыніц, якія падзяляюцца на некалькі груп: заканадаўчыя акты, матэрыялы афіцыйнага справаводства, эканоміка-геаграфічныя і гаспадарчыя апісанні, статыстычныя матэрыялы, мемуары, літаратурныя і публіцыстычныя творы, перыядычны друк.

Першую групу складаюць матэрыялы заканадаўства. Гэта — законы, маніфесты, палажэнні, указы ўрада, якія дазваляюць прасачыць палітыку ўрада на тэрыторыі Беларусі. Асноўнай публікацыяй крыніц заканадаўчага характару з'яўляецца І-й і ІІ-й збор законаў Расійскай імперыі (ПЗЗ), якое ўключае заканадаўчыя акты, надрукаваныя ў першай палове XIX ст. Другой крыніцай, якая мае такі ж універсальны характар, з'яўляецца звод законаў Расійскай імперыі (ЗД). У адрозненне ад ПЗЗ, звод законаў уключае ў сябе толькі дзеючыя законы, якія змешчаны не ў храналагічным, а ў сістэматычным парадку.

Побач з агульнаімперскімі зводамі, на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі і зводы мясцовых узаконенняў: "Статут Великого Княжества Литовского"17, "Положение о дворянах западных губерний, которые по достижении 18 лет поступают в военную службу на основании высочайшего указа 21 апреля 1852 г."18, "Правила для составления, предъявления и утверждения люстрационных актов по казенным селениям и местечкам в губерниях: Виленской, Витебской..., Гродненской..., Минской, Могилёвской..."19 і інш. Матэрыялы заканадаўства па Беларусі апублікаваны С.Ф. Рубінштэйнам у "Хронологическом указателе указов и правительственных распоряжений по губерниям Западной России, Белоруссии и Малороссии за 240 лет с 1652 по 1892 г."20.

Вялікай і вельмі важнай групай гiстарычных крыніц з'яўляюцца афіцыяльна-дакументальныя матэрыялы дзяржаўных устаноў, без прыцягнення якіх немагчыма вывучэнне ніводнага пытання гісторыі Беларусі першай паловы XIX ст. Гэтыя матэрыялы разнастайныя як па сваей форме, так і па зместу. Сярод крыніц гэтай групы найвялікшае значэнне маюць матэрыялы Камітэта па справах Заходніх губерняў, справаздачы грамадзянскіх губернатараў і генерал-губернатараў беларускіх губерняў, многааблiчная дакументацыя дзяржаўных устаноў і т. п. Некаторыя з крыніц гэтага тыпу апублікаваны21, але большая частка захоўваецца ў архівах — Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь у Мінску, Беларускім дзяржаўным гістарычным архіве ў Гродне, Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы ў Вільні.

Вялікая колькасць звестак аб сацыяльна-эканамічнай гісторыі Беларусі змяшчаецца ў эканоміка-геаграфічных і статыстычных апісаннях. Па характару і структуры гэта даволі стракатая група крыніц, аб'яднаная агульнасцю паходжання і тэматыкі. Сярод іх — эканоміка-геаграфічныя і гаспадарчыя апісанні (інвентары памешчыцкіх маёнткаў, ваенна-тапаграфічныя апісанні). 3 публікацый такіх крыніц можна назваць, напрыклад, "Записки путешествия по западным провинциям Российского государства, или минералогические, хозяйственные и другие примечания, учинённые во время проезда через оные в 1802 году академиком Василием Севергиным"22, "Военно-статистическое обозрение Российской империи. Гродненская губерния" Калмберга 23 і інш.

Пры вывучэнні гісторыі Беларусі новага часу вялікае значэнне набываюць статыстычныя крыніцы. Да іх адносяцца спісы фабрык і заводаў, табліцы па гаспадарчаму і грамадскаму ўладкаванню гарадоў, адрас - календары 24 і інш.

Асобную групу крыніц — асабістага паходжання — прадстаўляюць мемуары і дзённікі. Мемуарная літаратура XIX ст. адрозніваецца многааблічнасцю і адлюстроўвае шырокі спектр сацыяльна-эканамічнага, грамадска-палітычнага, рэлігійнага, культурнага жыцця Беларусі. Часта яны з'яўляюцца адзіным сведчаннем, якое дае ўяўленне аб той ці іншай падзеі або факце.

Урадавую палітыку на тэррыторыі Беларусі адлюстроўваюць, напрыклад, успаміны кн. А. Чартарыйскага25, запіскі віленскага генерал-губернатара Ф.Я. Мірковіча26, чыноўніка Г. Дабрыніна27, селяніна Я. Чабодзька28, мітрапаліта Іосіфа Семашкі29. Для вывучэння гісторыі грамадска-палітычнага руху сур'ёзнай падмогай з'яўляюцца запіскі ўдзельнікаў руху дэкабрыстаў, польскага нацыянальнага паўстання, тайных студэнцкіх арганізацый, якія існавалі пры Віленскім універсітэце. Значная колькасць мемуарнай літаратуры прысвечана вайне 1812 года30. Да гэтай жа групы крыніц далучаюцца эпісталярныя лісты, якія істотна дапаўняюць звесткi па самых разнастайных баках грамадска-палітычнага і культурнага жыцця Беларусі. Вялікую цікавасць сярод іх прадстаўляе карэспандэнцыя філарэтаў і філаматаў, перапіска дзекабрыстаў.

Шматлікую групу гістарычных крыніц утвараюць літаратурныя і публіцыстычныя творы. Развіваючыся ў цеснай сувязі з грамадскім жыццём, адчуваючы на сабе ўплыў часу, яны з'яўляюцца спецыфічнай формай выяўлення духоўнага жыцця грамадства. Літаратура першай паловы XIX ст. прадстаўлена творчасцю А. Міцкевіча, Я. Чачота, А. Вярыгі-Дарэўскага, У. Сыракомлі, В. Дуніна-Марцінкевіча, публіцыстыкай П. Шпілеўскага і інш.

У перыяд новага часу беларускай гісторыі важнае значэнне набывае перыядычны друк, які становіцца моцным сродкам інфармацыі і арганізацыі грамадскага ўсведамлення. Першая палова XIX ст. была прадстаўлена "Виленским вестником", губернскімі і епархіяльнымі "Ведомостями", якія насілі афіцыйны характар. Аднак перыядычныя выданні часта выходзілі за рамкі афіцыёза, калі яны публікавалі разнастайны матэрыял па этнаграфіі, краязнаўству, археалогіі Беларусі.

Своеасаблівай групай крыніц па гісторыі культуры Беларусі з'яўляюцца творы мастацтва першай паловы XIX ст. Створаныя мастакамі, дойлідамі, скульптарамі яны сведчаць не толькі аб узроўнi майстэрства іх аўтараў, але і аб духоўным жыцці беларускага грамадства таго часу. Першыя, найбольш поўныя зборы мастацкіх твораў Беларусі, былі зроблены Л. Дробавым і В. Чантурыяй31. У цяперашні час гэта праца працягваецца i аўтары публікуюць разнастайныя альбомы — каталогi мастацтва Беларусі32.

Навуковыя і вучэбныя выданні дакументаў па гісторыі Беларусі з'явiліся ў першай палове XIX стагоддзя. Гэтай працай займаліся Віленская і Пецярбургская археаграфічныя камісіі і іншыя ўстановы. У савецкі час зроблена публікацыя некалькіх цікавых зборнікаў дакументаў. Сярод іх трэба вылучыць "Матэрыялы па гісторыі мануфактуры Беларусі ў часы распаду феадалізму"33, "Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі (1772—1903 гг.)"34, "Беларусь у эпоху феадалізму"35. Перыяд 60-90-х гг.XIX ст. у гісторыі Беларусі аб'ядноўвае шэраг самастойных у гістарыяграфічным плане пытанняў: адмена прыгоннага права і шляхі капіталістычнай эвалюцыі сельскай гаспадаркі; рост гарадоў, развіццё прамысловасці і гандлю; сацыяльны рух; фарміраванне беларускай нацыі і развіццё культуры; палітыка царызму і г.д. Першыя публікацыі, прысвечаныя аналізу гэтых пытанняў, з'явіліся яшчэ да 1917 г. Спецыфічнай рысай тагачасных публікацый было тое, што іх аўтары часта з'яўляліся сведкамі гістарычных падзей і працэсаў, якія яны апісвалі. Іх работы вызначаліся эмпірызмам, багаццем цікавых назіранняў, статыстычных звестак. Сярод іх, у залежнасці ад манеры структурызацыі і характару змешчаных матэрыялаў, сустракаюцца гістарычныя нарысы з элементамі мемуарыстыкі, падра-бязныя статыстыка-эканамічныя даследаванні, падмацаваныя вялізнымі дадаткамі ў выглядзе табліц, этнаграфічныя і фальклорныя агляды і г. д. Тагачасная гістарыяграфія развівалася ў трох аспектах: афіцыйна-ахоўніцкім, ліберальна-дэмакратычным і народніцкім.

3 пункту гледжання афіцыйных колаў былі адлюстраваны гістарычныя падзеі 1863 г. на Беларусі, а таксама грамадска-палітычнае жыццё пасля разгрому паўстання пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага ў публікацыях П. Бранцава, М. Каткова, Г. Карнілава, М. Каяловіча, В. Ратча і інш. Імклівыя з'явы аб'ектыўнай рэальнасці, класавыя супярэчнасці канца XIX -пачаткуXX стст. знайшлі свой адбітак з адпаведных пазіцый у публікацыях чарнасоценца Л. Саланевіча, ліберала А. Сапунова, прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай думкі Антона і Івана Луцкевічаў, К. Каганца, С. Палуяна і іншых.

Бурны рост прамысловасці, саматужных промыслаў, пашырэнне гандлю, становішча рабочых, эвалюцыя аграрнага пытання і сельскагаспадарчай вытворчасці ў Беларусі 60-90-х гг. XIX ст. адлюстраваны ў багатых звесткамі выданнях, даследаваннях I. Вульферта, А. Дэмбавецкага, П. Баброўскага, В. Сямёнава і іншых.

У 20-я гг.XX ст. з'явіліся грунтоўныя працы М. Доўнар-Запольскага "Народное хозяйство Белоруссии 1861-1914 гг." (1926), А. Цвікевіча "Западно-руссизм": Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў XIX і пачатку XX в." (1929). Грамадска-палітычны рух і яго вынікі не маглі заставацца па-за ўвагай даследчыкаў таго часу. Былі надрукаваныя ў гэты час манаграфіі і артыкулы С. Агурскага, У. Пічэты, А. Смоліча, Ф. Турука і іншых.

Гістарыяграфія 30-50-х гг.XX ст. вызначылася празмернай ідэалагізацыяй рабочага і сялянскага руху, грамадска-культурнага жыцця. Не без ідэалагічных шаблонаў таго часу, але ўсё ж змястоўны матэрыял аб сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі ўтрымліваюць даследаванні Д. Дудкова, I. Саладкова, М. Фрыдман і іншых.

У 60-80-х гг.ХХ ст. з'явіўся шэраг прац па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі (даследаванні М.В. Біча, М.Ф. Болбаса, К.І. Шабуні, В.П. Панюціча, Л.П. Ліпінскага, Х.Ю. Бейлькіна і іншых), станаўлення грамадска-палітычнай і навуковай думкі (Г.В. Кісялёў, У.А. Васілевіч, У.М. Конан, В.Ф. Шалькевіч, Г.А. Каханоўскі, А.С. Майхровіч,С.Х. Александровіч і інш.), эвалюцыі і формаў рабочага, сялянскага, рэвалюцыйнага і нацыянальна-вызвален-чага рухаў, палітыкі царызму на Беларусі (С.М. Самбук, М.В. Біч і іншыя), гісторыі культуры Беларусі (Л.М. Дробаў, А. А. Лойка, А.І. Мальдзіс і іншыя). Каштоўным здабыткам для вывучэння гісторыі Беларусі стала выданне калектыўных абагульняючых прац: "История рабочего класса Белорусской ССР" (Мн., 1984. Т. 1), "Гісторыя Беларускай ССР" ( Мн., 1972. Т. 2), "Гісторыя беларускага мастацтва" (Мн., 1989. Т. 3) і г. д.

Па-за ўвагай даследчыкаў у гэты час засталіся пытанні гісторыі дваранства, буржуазіі, інтэлігенцыі, комплекснага асэнсавання развіцця беларускага нацыянальнага руху і яго ідэалогіі, фарміравання беларускай нацыі, палітыка царызму у Беларусі ў сацыяльна-культурнайі нацыянальнай сферах,грамадска-палітычнага становішча і г. д.

90-я гады мінулага стагоддзя вызначаліся цікавасцю даследчыкаў да пытанняў перш за ўсё палітычнай і этнакультурнай гісторыі Беларусі. З'явіліся ў друку цікавыя працы М.В. Біча, В.П. Панюціча, Г.В. Кісялёва, П.І. Брыгадзіна, З.В. Шыбекі і інш. Выдадзены "Нарысы гісторыі Беларусі" (Мн., 1994. Ч. 1; Мн., 1995. Ч. 2).