XIX ст. – новы перыяд у гісторыі Беларусі. Ягоныя асноўныя прыкметы. Перыядызацыя.
Яго пачатак супадае з эпохай, калі ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772; 1793; 1795) Беларусь была ўключана ў склад Расійскай імперыі. Яго завяршэнне прыпадае на канец XIX ст. Новы “расійскі” перыяд азначаў карэнныя змены не толькі ў палітычнам жыцці Беларусі, але і ў сацыяльна-эканамічным, культурным і канфесіянальным. XIX ст. у той жа час з’яўляецца перыядам зацвярджэння капіталізму на Беларусі, які прывёў да ўсталявання капіталістычнай эканомікі і нацыянальнага руху. Асноўныя працэсы, якія характэрызуюць развіццё беларускага грамадства гэтага часу (сацыяльна-эканамічныя, палітычныя, культурныя, релігійныя), дазваляюць яго падзяліць на два перыяды:
1) канец XVIII – 50-я гг. XIX ст. (выспяванне капіталізму);
2) 60-90-я гг. XIX ст. (усталяванне капіталізму і фарміраванне буржуазнага грамадства).
Але ж вывучэнне гiсторыi Беларусi канца XVIII-XIX ст. магчыма i з другога пункту гледжання -- культуралагiчнага. Канец XVIII-- першая чвэрць XIX ст. характэрызуецца распаўсюджаннем на тэрыторыi Беларусi iдэалогii i культуры эпохi Асветнiцтва, якая ўпершыню ў гiсторыi чалавецтва паставiла праблемы натуральных правоўчалавека, волi асобы, дзяржаўнага ладу, рэвалюцыйнай перабудовы грамадства. Вынiкам абмеркавання i вырашэння гэтых iдэй стала правядзенне буржуазных рэформ i дэмакратызацыя грамадства.
Другая чвэрць XIX ст. -- атрымала назву эпохi Рамантызму. Характэрнай прыкметай гэтага часу з’яўляецца iнтарэс да рэвалюцыйнага пераўтварэння грамадства. Развiццём гэтага настрою на Беларусi стала дзейнасць тайных рэвалюцыйных арганiзацый у Вiленскiм унiверсiтэце, польскае нацыянальна - вызваленчае паўстанне 1830 гг. Светапогляд рамантызму знайшоў выяўленне ў захапленнi студэнцкай моладзi гiстарычным мiнулым сваёй Радзiмы, што, у сваю чаргу, садзейнiчала нараджэнню беларускай нацыянальнай идэi.
Другая палова XIX ст. — час развiцця Рэалiзму ўмастацтве. Для Беларусi яно адзначылася развiццем нацыянальнай культуры i нацiянальнага руху.
2. Крыніцы па гісторыі Беларусі XIX ст. Іх асноўныя публікацыі.
Свядомае асэнсаванне і грунтоўнае вывучэнне гісторыі Беларусі першай паловы XIX ст. пачынаецца ўжо ў яго другой палове. Спрэчкі аб гістарычным месцы i нацыянальным лёсе Беларусі дасягнулі крайняга абвастрэння асаблiва пасля паўстання 1863 г., падзеi якога высветлiлi вельмі хвалюючыя пытаннi для беларускага народа: што ж такое Беларусь? У чым яе роля ў жыццi суседніх краін – Расіі i Польшчы?
Гісторыкі М.Каяловіч, П.Бацюшкаў, П.Карнілаў і інш. звязвалі гістарычнае развіццё Беларусі з Расіяй. Прыхільнікі іншага накірунку (Т.Грабоўскі, К Скірмунт, С.Радзішэўскі і інш.) у падзеях канца ХVIII - першай паловы XIX ст. бачылі толькі разбурэнне польскай дзяржаўнасці.
Першыя гістарычныя працы, у аснову якіх была пакладзена "беларуская ідэя", з'яўляюцца ў пачатку XX ст. Яны былі звязаны з даследаваннямі М.Доўнар-Запольскага і В.Ластоўскага. Аднак, гісторыі Беларусі першай паловы XIX ст. у іх работах не было нададзена спецыяльнай ўвагі.
Сістэматычнае вывучэнне гісторыі Беларусі першай паловы XIX ст. пачынаецца толькі пасля 1917 г., калі былі адкрыты архівасховішчы і ў рукі гісторыкаў трапілі дакументы, якія да гэтага часу не вывучаліся. Гэта была эпоха 1920—30-х гг. - перыяд станаўлення марксісцкай метадалогіі ў гісторыі, і многія беларускія гісторыкі шчыра спрабавалі ёю авалодаць. Таму першыя даследаванні па гісторыі Беларусі канца XVІІІ - пачатку XIX ст. былі звязаны з сацыяльна-эканамічнымі і рэвалюцыйнымі праблемамі, з марксісцкім разуменнем гістарычнага працэсу.
Сярод работ, якія былі напісаны ў гэты час, трэба адзначыць даследаванні У.Ігнатоўскага "Кароткі нарыс гісторыі Беларусі", "Гісторыя Беларусі ў XIX і ў пачатку XX стагоддзя"1, М.Доўнар-Запольскага "Гісторыя Беларусі"2, А.Цвікевіча "Западно-русизм". Нарысы з гісторыі грамадскай мыслі на Беларусі ў XIX і пачатку XX в."3. Наогул, 1920-я гады былі асабліва плённымі ў распрацоўцы гісторыі Беларусі. Акрамя названых аўтараў у гэты час публікаваліся даследаванні Ф.Турука, А.Смоліча, У.Пічеты, з'явiлiся ў друку публіцыстычныя матэрыялы А.Луцкевіча, Я.Лёсіка, М.Гарэцкага і інш. Аднак гэты перыяд працягваўся нядоўга. Ужо ў канцы 1920-х гг. інтэнсіўнае і глыбокае вывучэнне гісторыі Беларусі ператвараецца ў вузкапартыйнае, больш спрошчанае тлумачэнне гістарычных фактаў, падзей i працэсаў. Гэта было абумоўлена новым палітычным курсам, які ўвайшоў у гісторыю як перыяд сталінізму. 3 сярэдзіны 30-х гг. марксізм набывае дагматычны характар і становіцца адзінай метадалагічнай асновай развiцця навукі. Гісторыкі, якія не жадалі ці не iмкулiся авалодаць гэтай метадалогіяй, падвяргаліся ганенням i рэпрэсіям.
Аднак і ў гэты цяжкі час у беларускай гістарыяграфіі з'яўляюцца працы, напісаныя на высокім прафесійным ўзроўнi. Сярод іх — і манаграфія К.Кернажыцкага "Гаспадарка прыгоннікаў на Беларусі ў канцы ХVIII - першай палове XIX ст."4.
Новы перыяд гістарычнай навукі пачаўся ў другой палове 50-х і працягваўся да канца 80-х гг. У гэты час беларускія гісторыкі галоўную ўвагу звярталі на вывучэнне пытанняў сацыяльна-эканамічнага жыцця, фарміравання буржуазнага грамадства, развіцця грамадска-палітычнага і рэвалюцыйнага руху. Былі надрукаваны кнігі М.Улашчыка "Предпосылки крестьянской реформы 1861 г. в Литве и Западной Белоруссии"5, В. Чапко "Сельское хозяйство Белоруссии в первой половине XIX в." і "Города Белоруссии в первой половине XIX века"6, М. Болбаса "Развитие промышленности Белоруссии (1795—1861 гг.)7, А. Лютага "Социально-экономическое развитие городов в Белоруссии в конце XVIII - первой половине XIX в."8, Е. Карнейчыка "Белорусский народ в Отечественной войне 1812 г."9, С. Букчына "К мечам рванулись наши руки"10 і інш. У канцы 1960-х—70-х гг. былі выдадзены сур'ёзныя публікацыі па гісторыі грамадска-палітычнай думкі і культуры Беларусі. Сярод іх трэба назваць работы Э. Дарашэвіча "Философия эпохи Просвещения в Белоруссии"11, Н. Махнач "Идейная борьба в Белоруссии в 1930—40 гг. XIX в.", "От Просвещения к революционному демократизму" і "Общественно-политическая и этическая мысль Белоруссии начала XIX в."12, А. Мальдзіса "Падарожжа ў XIX ст."13, Л. Дробава "Живопись Белоруссии XIX - начала XX в."14. Этапнымі ў распрацоўцы праблем першай паловы XIX стагоддзя сталі абагульняючыя працы па гісторыі Беларусі. Найбольш значнымі сярод іх з'яўляюцца першы том шматтомнай "Гісторыі Беларускай ССР" і аднатомная "История Белорусской ССР"15.
Нават пры метадалагічнай абмежаванасці, уласцівай працам 1950—80-х гг., выкліканай перш за ўсё эпохай, у якую яны ствараліся, вартасцю гэтых даследаванняў з'яўляецца вялікі фактычны матэрыял, які не згубіў сваёй каштоўнасці да сённяшняга часу.
Новы перыяд ў асэнсаванні гістарычнага мінулага Беларусі пачаўся ў 1990-я гг. Ён звязаны з пошукам новых падыходаў да вывучэння айчыннай гісторыі. Першай спробай стварэння такіх навуковых прац з'явіліся "Нарысы гісторыі Беларусі"16, першая частка якіх змяшчае матэрыялы і па першай палове XIX стагоддзя. Прадметам даследавання сучасных гісторыкаў становяцца праблемы да гэтага часу амаль што не закранутыя - канфесіі, культура, грамадска-палітычная думка, урадавая палітыка.
Крыніцы па гісторыі Беларусі 60-х гг.XIX - пачаткуXX стст. шматлікія. У значнай ступені яны апрацаваны і апублікаваны, асабліва статыстыка і заканадаўчыя акты. Але большасць дакументаў знаходзіцца ў архівасховішчах і рукапісных аддзелах бібліятэк Мінска, Гродна, Вільнюса, Масквы, Санкт-Пецярбурга, Варшавы, Кракава і інш. Узнікае праблема іх выяўлення і выкарыстання. Як архіўныя, так і апублікаваныя крыніцы адрозніваюцца па свайму паходжанню і ступені сваёй рэпрэзентатыўнасці. Часта гістарычныя кры-ніцы не супаставімыя паміж сабой з-за адрозненняў па свайму паходжанню, тэхніцы і праграме збору звестак. Па прычыне існуючага разрыву паміж задачамі, якія стаялі перад складальнікам дакумента, і навуковымі мэтамі даследчыкаў, нярэдка паўстае праблема выяўлення падтэкставай, скрытай інфармацыі.
Аснову для характарыстыкі сацыяльна-эканамічных, дэмаграфічных і культурных працэсаў складаюць масавыя статыстычныя дадзеныя. Цікавыя звесткі па гісторыі Беларусі даносяць апублікаваныя матэрыялы пазямельных абследаванняў 1877, 1887, 1905 гг., ваенна-конскіх перапісаў, статыстыкі землеўладання, дадзеныя паказальнікаў і спісаў фабрык і заводаў, штогадовых справаздач губернатараў і дадаткаў да іх, аглядаў навучальных устаноў, "Адресов-календарей ..." і г. д. Каштоўнымі з'яўляюцца апублікаваныя вынікі Усеагульнага перапісу насельніцтва 1897 г. Яны дазваляюць адцосна аб'ектыўна характарызаваць сацыяльна-дэмаграфічную, прафесійную і саслоўную структуры насельніцтва, дапамагаюць прааналізаваць вынікі на цыянальнай палітыкі царызму, эвалюцыю сацыяльна-эканамічных працэсаў на Беларусі ў канцы XIX ст.
Значную частку дакументаў складаюць заканадаўчыя акты, распараджэнні ўрадавых органаў, а таксама матэрыялы справаводства міністэрстваў, Сінода, губернатарскіх канцылярый, павятовых органаў. Яны дазваляюць характарызаваць палітыку царызму на Беларусі, тагачаснае грамадскае і культурнае жыццё, некаторыя працэсы ў развіцці эканомікі.
У другой палове XIX - пачаткуXX стст. узрастае роля перыядычнага друку. Перыядычныя выданні істотна адрозніваліся паміж сабой па ідэйна-мастацкаму накірунку. У Мінску, Гродне, Віцебску, Магілёве, Вільні выдаваліся "Губернские ведомости" з афіцыйнай інфармацыяй губерняў, "Памятные книжки...", "Епархиальные ведомости" і г. д. Вялікі ўплыў на грамадскую думку аказвала газета "Минскнй листок", якая хутка адклікалася на розныя праявы жыцця. У пачаткуXX ст. павялічылася колькасць дзяржаўных і пры-ватных перыядычных выданняў, у тым ліку з'явіўся беларускамоўны легальны друк, матэрыялы якога дазваляюць узнавіць многія старонкі гісторыі нацыянальна-вызваленчага руху, жыцця рабочых і сялян.
Да нядаўняга часу мала выкарыстоўвалася даследчыкамі беларуская мемуарыстыка. Багатыя звесткі ўспамінаў, а таксама эпісталярная спадчына дазваляюць раскрыць падтэкст гістарычных з'яў і працэсаў. Частка мемуараў апублікавана. Гэта ўспаміны віленскага генерал-губернатара М. Мураўёва, нацыяльна-культурных дзеячаў А. Луцкевіча, Я. Дылы, А. Багдановіча і інш.
Звесткі аб палітычных працэсах і падзеях, сацыяльных канфліктах, вызваленчым руху на тэрыторыі Беларусі ўтрымліваюць дакументы палітычных партый, нелегальных арганізацый. Гэтыя матэрыялы ў большасці яшчэ не апрацаваныя і захоўваюцца ў архівах. Наогул гістарычныя крыніцы па беларускай гісторыі другой паловы XIX ст. разнапланавыя і багатыя, што дазваляе гісторыкам праводзіць маштабныя даследаванні.