Крытэрыі ацэнкі даследчай дыпломнай работы і творчай

Пры ацэнцы выпускной навукова-даследчай кваліфікацыйнай работы (дыпломнай работы) улічваюцца: якасць навуковай інфармацыі (змест работы); адпаведнасць тэксту нормам літаратурнай мовы; афармленчая культура (стандарты даведачага апарату, тэхнічныя нормы).

У творчайдыпломнай рабоце асобна ацэньваецца і яе творчая частка

 

Адзнака Крытэрый зместавай адпаведнасці Заўвагі
“Дзесяць” Тэма адпавядае праблематыцы спецыяльнасці; адрозніваецца актуальнасцю і навізной. Правільна вызначаны аб’ект даследавання і прадмет; выразна сфармулявана праблема, прадугледжаная назвай тэмы; змест дыпломнай работы цалкам адпявадае тэме. Праблема прааналізавана шматбакова. Матэрыял, абраны для аналізу, дазваляе зрабіць правільныя высновы. Змест выкладзены паслядоўна, лагічна. Фактычных памылак няма. У працэсе даследавання атрыманы значныя вынікі, на якіх грунтуюцца пераканаўчыя высновы. У даследаванні дастатковы навуковы і паняццевы апарат (спасылкі на аўтарытэтныя навуковыя крыніцы, айчынныя і замежныя; вывераная тэрміналогія, якая забяспечвае дакладнасць зместу). Дасягнута моўна-стылёвае адзінства ў адпаведнасці з нормамі навуковага стылю: лексічнае напаўненне, сінтаксічныя канструкцы, міжфразовыя сувязі, дакладнасць тэрмінаўжывання і інш. Выкладаючы вынікі дыпломнага даследавання, яго аўтар (выпускнік) павінен адлюстраваць: – разуменне сувязі аналізуемай праблемы з фундаментальнымі светапогляднымі даследаваннямі (праблемамі); – веданне асноўных фактаў, гістарычных і сучасных, з даследчага вопыту Беларусі і замежных краін і ўменне іх выкарыстаць пры аналізе аб’екта і прадмета даследвання; – разуменне сэнсу перыядызацыі гістарычнага працэсу творчасці публіцыстаў і месца аналізуемага матэрыялу ў гэтым працэсе; веданне агульнага кантэксту навуковай літаратуры, датычнай да тэмы дыпломнай работы, і ўменне ўпісаць сваё даследаванне ў агульны навуковы кантэкст; – асэнсаванае разуменне дзейнасці СМІ, у першую чаргу нацыянальных, у рэчышчы нацыянальнай ідэалогіі беларускай дзяржаўнасці. Тэкст работы адпавядае нормам літаратурнай мовы (няма арфаграфічных, граматычных, пунктуацыйных, стылістычных памылак). Асноўны тэкст работы, даведачны апарат (у яго склад уваходзіць і бібліяграфія) аформленыя ў адпаведнасці з патрабаваннямі Дзяржстандарту. Магчымы адзінкавыя парушэнні ў афармленні. Работа вычытаная, апячатак няма. Творчая частка адпавядае кожнаму з 4-х крытэрыяў яе ацэнкі (гл.: Творчая дыпломная работа…)
“Дзевяць” Змест дыпломнай работы ў цэлым адпавядае крытэрыям адзнакі “Дзесяць”. Але могуць быць два-тры нязначныя адхіленні, якія не маюць прынцыповага, канцэптуальнага характару. Магчымыя два-тры парушэнні нормы літаратурнай мовы; адзінкавыя парушэнні патрабаванняў Дзяржстандарту ў дачыненні да даведачнага апарату дыпломнай работы. Творчая частка (гл. адзнаку “дзесяць”)
“Восем” Пераважна адпавядае крытэрыям адзнакі “дзевяць”. Работа адрозніваецца актуальнасцю і навізной; вызначаны аб’ект і прадмет даследавання; змест адпавядае тэме; выбраны для аналізу матэрыял дастатковы па аб’ёме і дазваляе зрабіць пэўныя высновы. Дапушчаныя некаторыя адхіленні ад тэмы; навуковы апарат недастаткова адлюстроўвае тэарэтычны кантэкст па тэме дыпломнага даследавання. Пералічаныя зместавыя недахопы не маюць істотнага ўплыву на канцэптуальны характар даследавання. Работа не зусім добра вычытаная (памылкі і апячаткі). Ёсць парушэнні ў афармленні навуковага апарату. Ёсць тэхнічныя недахопы. Творчая часткаадпавядае 3-м крытэрыям (1, 2, 4)
“Сем” Тэма адпавядае праблематыцы спецыяльнасці, адрозніваецца актуальнасцю і навізной. Выбраны для аналізу матэрыял дастатковы па аб'ёме; вывады часам не зусім пераканальныя. Дасягнута моўна-стылёвае адзінства тэксту. Недастаткова адлюстраваны агульны кантэкст навуковай літаратуры па тэме і ўменне ўпісацца ў навуковы кантэкст. Ёсць шэраг парушэнняў нормы літаратурнай мовы. Даведачны апарат, у прыватнасці навуковы, аформлены насуперак Дзяржстандарту. Творчая частка (гл. адзнаку “восем”)
“Шэсць” Крытэрыі набліжаныя да крытэрыяў адзнакі “сем”. Сустракаюцца недахопы канцэптуальнага характару (аўтарскія высновы ў асобных выпадках пярэчаць яго тэарэтычным пастулатам; назіраецца падмена навуковых паняццяў і інш.). Тыя ж недахопы, толькі ў большай колькасці. Творчая часткаадпавядае 2-м крытэрыям (1, 3)
“Пяць” Пры адпаведнасці шматлікім пералічаным вышэй патрабаванням у рабоце невыразна сфармуляваныя мэта і задачы даследавання; недастатковы навуковы апарат для абгрунтавання правільнасці высноў. Не стае арыентацыі ў навуковых светапоглядах на праблему. Пры наяўнасці шматлікіх моўных памылак і памылак афармленчых бал зніжаецца да “чатырох”. Творчая частка (гл. адзнаку “пяць”)
“Чатыры” Тэма дыпломнай работы адпавядае праблематыцы спецыяльнасці. Дапушчаны ў самой рабоце істотныя адхіленні ад тэмы. Аналіз матэрыялу фрагментарны. Навуковы апарат мала інфарматыўны. Аўтар толькі ў асобных выпадках паказаў сувязь праблемы, што аналізуецца, з фундаментальнымі светапогляднымі праблемамі. Слаба адлюстраваны навукова-практычны кантэкст. Тэкст часткова не адпавядае нормам літаратурнай мовы (арфаграфічныя, граматычныя, пунктуацыйныя памылкі). ШматлікІя парушэнні ў афармленні даведачнага апарату і дыпломнай работы ў цэлым. Творчая часткаадпавядае аднаму крытэрыю (1)
“Тры” Тэма даследавання не раскрыта. Матэрыял для аналізу недастатковы па аб’ёме і не дазваляе зрабіць істотныя высновы. У рабоце не адлюстраваныя факты з гісторыі беларускай і замежнай журналістыкі, значныя для даследавання. Не раскрыты навукова-практычны кантэкст па тэме работы, а значыць, і яе месца ў сучаснай журналістыцы. Частыя выпадкі парушэння нормы літаратурнай мовы; работа нявычатаная. Асноўны тэкст работы і даведачны апарат аформлены з парушэннем патрабаванняў Дзяржстандарту. Творчая часткане адпавядае пералічаным крытэрыям.

 

У аснову кожнага ацэначнага бала дыпломнай работы пакладзены крытэрыі адзнакі “дзесяць”. Па меры і ступені неадпаведнасці гэтым крытэрыям наступная адзнака адпаведна зніжаецца на адзін бал адносна адзнакі папярэдняй. На зніжэнне бала, акрамя зместавых недахопаў, істотна ўплываюць недахопы моўна-нарматыўныя і афармленчыя. Пра што паведамляецца ў графе “Заўвагі”.

На канчатковую адзнаку ўплывае ўзровень абароны дыпломнай работы (асэнсаваная фармулёўка асноўных палажэнняў даследавання, яго вынікаў, сутнасць заключэння, паўнавартасныя адказы на пытанні членаў ДЭК і інш.).