Метад як першааснова творчай дзейнасці

Прафесійныя набыткі даследчыка медыясферы базуюцца на тэорыі масавай камунікацыі, масавай інфармацыі, на метадалагічных прынцыпах навуковага аналізу СМІ, на глыбокім асэнсаванні аб’екта даследвання, прадмета і тэмы – сегмента прадмета даследавання. Першаасновай навуковай творчасці, як і любога віду дзейнасці, з’яўляецца метад(ст.-грэч. – спосаб даследавання). “Ён вызначае асноўныя прынцыпы дасягнення мэты ў пэўнай грамадскай сферы, найболей эфектыўныя спосабы вырашэння канкрэтнай задачы, аб’ядноўвае комплекс прыёмаў практычнага ці тэарэтычнага асэнсавання (спазнання) і ўдасканалення навакольнага свету” – такія функцыянальныя асаблівасці метаду адзначае прафесар Б.В. Стральцоў [_____, с. 50]. Метад – гэта сукупнасць пэўных правілаў, прыёмаў, спосабаў, нормаў пазнання і дзеяння; гэта сістэма прадпісанняў, прынцыпаў, патрабаванняў, якія павінны арыентваць даследчыка ў вырашэнні канкрэтнай задачы, у дасягненні пэўнага выніку ў той ці іншай сферы дзейнасці.

У даследчай метадалогіі мае месца класіфікацыя метадаў, аб’яднанне іх у пэўныя групы на падставе характару даследавання, яго мэты. вылучаюць, да прыкладу, агульнанавуковыя метады (дэдукцыі, індукцыі, сінтэзу; аналітычныя метады (эксперыментальны, супастаўляльны, апісальны, дапаўняльны, кантэнт-аналітычны метады); метады даследавання прыватных (“частных”) навук (напрыклад, у даследаванні тэорыі камунікацыі і інфармацыі гэта метады інтэрактыўнасці; інтэв’юравання, фокус-груп і інш.).

“Метад дысцыплінуе пошук ісціны, дапамагае набліжацца да мэты найкарацейшым шляхам”, – зазначае даследчык В.П. Каханоўскі ў сваёй кнізе “Философия и методология науки” [цыт. па: _______, с. 123].

 

Кантэнт-аналіз як аб’ектыўны метад навуковага даследавання

Менавіта ў “сістэме прадпісанняў” апошнім часам вучоным (расійскім, украінскім) бачаць папулярны метад навуковага даследавання сучасных СМІ – метад кантэнт-аналізу, інакш – кантэнт-аналітычны аналіз СМІ, які ў нашай даследчай рэчаіснасці, як ужо намі адзначалася, узгадваецца часта, але па сутнасці сваёй далёкі ад тых шматлікіх методык, якія дазваляюць рэалізаваць даследчы патэнцыял метаду кантэнт-аналізу. Прывяду некалькі пунктаў гледжання вучоных на гэты метад. На сучасным этапе развіцця грамадства, разважае вядомы ўкраінскі вучоны, доктар філалагічных навук, прафесар В.Ф. Іваноў, журналістам крайне неабходныя веды пра аб’ектыўныя метады даследавання, каб вынікі вывучэння прадмета не арыентаваліся на пэўныя погляды даследчыка, а ўяўлялі сабой незалежны, аб’ектыўны аналіз. (Пад агульнай рэдакцыяй прафесара В.Ф. Іванова ў 1999 г. выйшаў падручнік для студэнтаў інстытутаў і факультэтаў журналістыкі пад назвай “Современная журналистика” – 687 с.) “Именно поэтому – лічыць В.Ф. Иваноў, – следует обратиться к такому методу как контент-анализ. К сожалению, этот широко распространенный за границей метод был недостаточно развит в Украине. Определяющей чертой и главной ценностью контент-анализа и является его научная объективность и строгость. То есть, при исследовании одного и того же предмета с использованием одних и тех же категорий анализа все исследователи, не зависимо от своих научных и политических взглядов, получают одинаковые результаты. Это даёт возможность делать действительно объективные исследования и служит определённой гарантией того, что нам не придётся каждые 20-30 лет переделывать исторические, социологические исследования и учебники под влиянием новых политических ориентаций” [____, с. 88]. (У ЗША толькі за 1900–1958 гг. было апублікавана амаль 1700 навуковых прац па кантэнт-аналізе, прычым 500 з іх – дысертацыйныя даследаванні.) Існуючыя навуковыя распрацоўкі ўжо не задавальняюць, бо новыя рэаліі патрабуюць новых падыходаў. Перагляд існуючых тэорый, іх мадэрнізацыя ў сувязі з абнаўленнем навуковых ведаў заканамерныя, разважае прафесар В. Іваноў [Тамсама, с. 90].

Што датычыць папулярнага метаду кантэнт-аналізу, дык ў нашай даследчай практыцы ён не знаходзіць рэалізацыі сваіх магчымасцяў. І гэта яскрава пацвярджаюць сёння расійскія вучоныя. Доктар філалагічных навук прафесар А.Р. Самарцаў адзначае ў сваім свежым выданні (2009 год) фрагментнасць у выкарыстанні заходніх методык, паняццяў стогадовай даўніны [гл. : , с. ___].

Дастаткова сказаць, што ў даследчую практыку ЗША ў сувязі з патрэбамі журналістыкі яшчэ ў 80-х гадах ХІХ стагоддзя быў уведзены кантэнт-аналіз і з таго часу ён стаў, адзначае даследчык М.М. Назараў, «неотъемлемым элементом совершенствования редакционной политики. Причем по мере распространения контент-анализа всё больше внимания уделялось методике исследования, прежде всего вопросам совершенствования критериев классификации текстов» [____, с. 122].

Для нас кантэнт-аналіз, нягледзячы на частае ўзгадванне яго ў нашых навуковых тэкстах, дагэтуль “метадалагічная загадка, якую кожны разгадвае па-свойваму”.

Таму лічу мэтазгодным даслаць вас, шаноўныя чытачы, да выданняў “Современная журналистика” [_____, ______]; “ Массовая коммуникация в современном мире: методология анализа и практика исследований” [_____, ______], каб унікнуць ў сутнасць кантэнт-аналітычнага аналізу і, асэнсаваўшы яго методыкі, пайсці далей, улічваючы час і эпоху. Менавіта такой даследчай пазіцыяй ў галіне журналістыкі я магу патлумачыць сваю, можа і залішнюю, “трансляцыю” поглядаў вучоных на метад кантэнт-аналізу, як аб’ектыўны метад, што пацвярджаюць даследаванні ў сістэме амерыканскіх СМІ.