ЗАКЛЮЧЭННЕ

“АиФ в Белоруссии” – спецыфічнае грамадска-палітычнае выданне, вялікая частка матэрыялаў у якім адведзена пад сацыяльна-эканамічную праблематыку. Перад журналістамі “АиФа” стаіць задача не проста перадаваць інфармацыю, не толькі аналізаваць яе і шукаць каментары кампетэнтных асоб, але і даваць канкрэтныя парады чытачу, адказваючы на ягонае прыватнае пытанне, якое можа тычыцца і шырокага кола людзей. Як і трыццаць гадоў таму, газета вучыць чытача, а чытач – газету, скіроўваючы рэдакцыю на асвятленне не толькі надзённых, але і глабальных праблем.

Найбольш папулярныя тэмы штотыднёвіка палягаюць у сацыяльнай сферы: вырашэнне жыллёвай праблемы, жыллёва-камунальная гаспадарка, памер пенсіі, адмененыя льготы, здароўе, правы замежнікаў у Беларусі, зямельныя пытанні, савецкія ўклады, крэдытаванне і інш.. Меркаваць пра гэта можна зыходзячы з лістоў і тэлефонных званкоў чытачоў, якія потым знаходзяць адлюстраванне на старонках газеты. У прыватнасці ў маіх, аўтарскіх, матэрыялах больш за ўсё – тэмы ЖКГ (14,2 % ад разгледжаных у працы матэрыялаў) і жыллёвага будаўніцтва (7,14 %), якія адносяцца як да сацыяльнай, так і да эканамічнай сферы. Часцей за ўсё жанр такіх матэрыялаў – спецыфічны для “АиФа” “пытанне-адказ”. Нават артыкулы і карэспандэнцыі, прадстаўленыя ў штотыднёвіку, арыентаваныя на зразумелае для чытачоў тлумачэнне праблемы. Галоўнае, каб чытач мог вынесці карысную для сябе інфармацыю. Аб’ём “пытання-адказу” пераважна невялікі: адзін нумар “АиФа” можа змяшчаць да 20 матэрыялаў гэтага жанру. Норма, якую ставіць рэдакцыя для аднаго журналіста, – 3-5 адказаў на чытацкія пытанні ў нумар. Гэта можа быць афіцыйны адказ з дзяржаўнай установы ці каментар эксперта. Галоўнае, каб на старонках газеты быў надрукаваны такі адказ, які б не выклікаў чарговых пытанняў.

Аўтарскія матэрыялы, якія складаюць творчую частку маёй дыпломнай працы, тэматычна і зместава адпавядаюць дзяржаўнай палітыцы ў галіне эканомікі, маюць сацыяльную арыентацыю. Многія аўтарскія матэрыялы выклікалі станоўчую рэакцыю з боку ўладных структур, тым самым паўплываўшы на практычнае вырашэнне праблем.

Некаторыя матэрыялы даюць адказ на пэўнае пытанне, некаторыя –уздымаюць праблему, пра якую не згадваюць іншыя СМІ і якая выпала з-пад увагі дзяржаўных органаў. Так, тэма абменнага курса беларускага рубля за мяжой раней у СМІ не ўзгадвалася. Але пасля пытання выдання ўдалося прыцягнуць увагу Нацыянальнага банка да праблемы, прэс-сакратар якога ў інтэрв’ю “АиФ” выказаў заклапочанасць гэтым пытаннем.

Самай вострай сацыяльнай тэмай у маіх матэрыялах з’яўляецца тэма жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якая тычыцца кожнага грамадзяніна Беларусі. Запыты, скаргі чытачоў, інтэрв’ю, пытанні на прэс-канферэнцыях, аўтарскія публікацыі ў газеце – так актуалізуецца тэма рэфармавання сістэмы ЖКГ, пераўтварэння яе ў празрыстую структуру. Пасля ўдзелу “АиФа” ў семінары па развіцці сістэмы ЖКГ узнікла ідэя арганізаваць “круглы стол” у прэс-цэнтры выдання, дзе прадстаўнікі дзяржаўных органаў і грамадскасці маглі б абмеркаваць праблемы галіны. Гэта стала магчымым дзякуючы пастаяннай увазе газеты да дзейнасці галіны. Дзякуючы адказам праз газету многія чытачы змаглі напрамую вырашыць свае праблемы, пра што сведчаць званкі з удзячнасцю рэдакцыі. Уласны вопыт працы ў “АиФ” на працягу двух гадоў мне дазволіў выбраць тэму, звязаную з такім аўтарытэтным для Беларусі выданнем, і паглядзець на сваю творчасць скрозь прызму сацыяльна-эканамічнай тэорыі. Сацыяльна-эканамічны стан Беларусі, палітыка, адлюстраваныя на старонках маёй дыпломнай работы, – гэта тэарэтычны бэкграунд (фон), які падсвечвае маю творчую дзейнасць.

У Беларусі яшчэ шмат нявырашаных праблем і недасканаласцей як у эканоміцы, так і ў сацыяльнай сферы. А таму пытанні ад чытачоў на адрас рэдакцыі яшчэ будуць.

У той жа час з-за вялікай увагі беларускай рэдакцыі да “пытанняў-адказаў” вострыя аналітычныя матэрыялы, падобныя тым, што змешчаны ў расійскай частцы, адсоўваюцца на другі план. Таму мая наступная творчая прыступка – гэта аналітыка: балазе, што жураналісцкая школа аналітыкі ёсць на старонках расійскай часткі нашага выдання.

 

Водгук

на дыпломную работу “Сацыяльна-эканамічная праблематыка
ў штотыднёвіку “Аргументы и факты в Белоруссии” (творчая работа)
студэнта 5-га курса (дзённае аддзяленне)
Трафімовіча Антона Анатольевіча

Аўтар дыпломнага даследавання сваё навучанне на факультэце журналістыкі сумяшчае з працай у беларускай рэдакцыі расійскага выдання “Аргументы и факты в Белоруссии” – шматтыражнага, аўтарытэтнага, папулярнага. Малады журналіст адразу зарыентаваўся ў творчым накірунку выдання, “сакрэтнай зброяй” якога, зазначае галоўны рэдактар М. Зяцькоў, з’яўляецца “активное, искреннее и творческое участие наших читателей в формировании каждого номера”. Дамінуючымі ў чытацкіх інтарэсах з’яўляюцца пытанні сацыяльнай тэматыкі і эканамічнай, падкрэсліў галоўны рэдактар.

Менавіта сацыяльна-эканамічная дамінанта працінае ўсю творчую частку журналіста-дыпломніка, якая і ў колькасным, і ў зместавым выражэнні цалком адпявядае патрабаванням да творчай дыпломнай работы. Аўтару ўдалося стварыць дастатковую тэарэтычную базу, якая паслужыла падставай для абгрунтавання актуальнасці тэматыкі аўтарскіх матэрыялаў, іх сэнсавай вартасці і для вызначэння іх ролі ў рэалізацыі ўрадавых сацыяльна-эканамічных праграм Беларусі. У аўтарскіх матэрыялах адлюстраваныя, адпаведна іх жанрам, шматлікія нашыя жыццёвыя праблемы і клопаты (жыллёвае будаўніцтва; беспрацоўе; энергарэсурсы; нафта; газ; інвестыцыі; здароўе; адукацыя і інш.). Да ўдзелу ў камунікацыі з чытачамі запрашаюцца аўтарытэтныя асобы, высокапрафесійныя эксперты – і ўсё гэта працуе на імідж выдання і на забеспячэнне дабрабыту беларусаў.

Варта адзначыць творчую якасць аўтарскіх тэкстаў, адзінства зместу з літаратурнай формай ( належныя загалоўкі, граматныя ліды, пераканаўчая інфарматыўнасць). У рабоце дастатковы і навуковы апарат.

Аўтар дыпломнай работы добра валодае абедзвюма дзяржаўнымі мовамі. Работа пісьменная. Аформлена паводле Дзяржстандарту. Менавіта такога ўзроўню дыпломныя работы могуць намінавацца творчымі. Дыпломная работа (творчая) Антона Трафімовіча і ў яе творчай частцы, і ў тэарэтычнай заслугоўвае адзнакі “10” (дзесяць).

 

Навуковы кіраўнік –

канд. філал. навук дацэнт М. П. Карповіч

4. 06. 2010 г.

 

Фрагменты уключэння ў асноўны тэкст аўтарскіх матэрыялаў у дыпломнай рабоце Ирыны Грыгаран на тэму “Сэнсаўтваральная структура інфармацыйных праграм “Радыёфакт” і “Пастфактум” (творчая работа)” – 2010 г.

 

 

Глава 3 Аўтарскія матэрыялы ў сэнсаўтваральнай структуры праграм “Радыёфакт”, “Пастфактум”

Пракуратура для жыхароў нашай краіны застаецца той інстанцыяй, якая здольна кампетэнтна і аб’ектыўна разабрацца ў сітуацыі, хутка прыняць неабходныя меры па абароне парушаных правоў. Генеральная пракуратура Беларусі адзначае павелічэнне колькасці зваротаў грамадзян. За мінулы год паступіла каля 75 тысяч зваротаў. Матэрыялы пракурорскага нагляду сведчаць пра парушэнні заканадаўства ў дзейнасці мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў улады. Калегіі Генеральнай пракуратуры Беларусі, на якіх абмяркоўваюцца пытанні абароны правоў грамадзян, асвятляюцца ў праграме “Пастфактум”.

 

Вядучы (студыя): Генеральная пракуратура Беларусі падрыхтавала прпановы па паляпшэнні жыллёвых умоў дзяцей з ліку сірот. Існуе шэраг праблем у рэалізацыі правоў гэтай катэгорыі грамадзян. Недастатковае прававое рэгуляванне на месцах, хібы ў арганізацыі работы па забеспячэнні паўналетніх з ліку сірот жыллём.