Творчая дыпломная работа

Творчая дыпломная работагрунтуецца на тэарэтычным падмурку праблематыкі, заяўленай у тэме дыпломнага даследавання, – з аднаго боку і на публікацыях аўтара-выпускніка, тэматычна звязаных з абазначанай у тэме праблематыкай, – з другога. Публікацыі аўтара дыпломнай работы, інакш – яе творчая частка, не ёсць усяго толькі матэрыяльны дадатак да тэарэтычнай часткі. Аўтарскія публікацыі – гэта матэрыял, на падставе якога вызначаюцца ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі будучага спецыяліста, яго здольнасці сваёй творчасцю ўплываць на вырашэнне актуальных праблем, якія стаяць перад дзяржавай і грамадствам, а таксама яго ўменне выклікаць чытацкі інтарэс і наладзіць належную сувязь з масавай аўдыторыяй. Усё сказанае вымагае ад аўтара забяспечыць дастатковы аб’ём творчай часткі ў яе працэнтных суадносінах з тэарэтычнай часткай і ў колькасным выражэнні, дастатковым для вырашэння даследчых задач, для доказнасці тых палажэнняў, якія выносяцца на абарону. Дыпломная работа (творчая) – той жа навуковы жанр, што і даследчая дыпломная работа.