Слова да чытача

ДЫПЛОМНАЯ РАБОТА

ВЫПУСКНІКА ІНСТЫТУТА ЖУРНАЛІСТЫКІ

 

Метадычны кампендыум

 

 

Мінск

 

Рэцэнзенты:

доктар філалагічных навук, прафесар кафедры тэорыі і метадалогіі журналістыкі Н. Ц. Фральцова;

доктар гістарычных навук, прафесар кафедры гісторыі журналістыкі А. Г. Слука

 

 

Друкуецца па рашэнні вучонага савета Інстытута журналістыкі БДУ

(пратакол ______ ад ____ сакавіка 2011г.)

 

Рэдакцыйная калегія:

С. В. Дубовік (адк. рэдактар), Т. Д. Арлова, А. У. Баранава,
Г. І. Басава, Т. М. Дасаева, В. І. Іўчанкаў, В. М. Самусевіч,
І. І. Сачанка, А. Г. Слука, Н. Ц. Фральцова

 

 

Карповіч, М. П.

Дыпломная работа выпускніка Інстытута журналістыкі: метадычны кампендыум / М. П. Карповіч. – Мінск:БДУ, 2011. – _____ с.

 

У метадычным кампендыуме дыпломная работа ўпершыню падаецца як навуковы жанр – на падставе яе сэнсава-структурнай ідэнтычнасці з навуковымі творамі ў жанры манаграфіі, артыкула і інш. На гэтай жа падставе вызначаюцца і абгрунтоўваюцца патрабаванні да творчага ўзроўню дыпломнай работы, даецца шэраг рэкамендацый для яго забеспячэння. Паколькі дыпломнае даследаванне выконвае атэстацый­на-кваліфікацыйную функцыю, у кнізе сфармуляваныя крытэрыі яго ацэнкі па дзесяцібальнай сістэме.

Выданне прызначана для выпускнікоў Інстытута журналістыкі. Можа быць выкарыстана студэнтамі ВНУ іншых спецыяльнасцей.

Слова да чытача

Шаноўныя выпускнікі Інстытута журналістыкі!

Дыпломная работа – гэта ваш апошні атэстацыйны акорд, які будзе пачуты і ацэнены высокім журы – Дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіяй. Заадно і прысутнымі ў аўдыторыі выкладчыкамі, калегамі, сябрамі.

Дзеля вашага творчага поспеху і паразумення паміж намі, вашымі настаўнікамі (навуковымі кіраўнікамі, рэцэнзентамі, членамі камісіі) і вамі, маладымі даследчыкамі, настойліва раю прачытаць гэтую метадычную нататку, дакладней – метадычны нарыс, а найдакладней – метадычны кампендыум (лац. сompendium – скара­чэнне) – што азначае: “сціслы сумарны выклад асноўных палажэнняў якой-небудзь навукі, даследавання і інш.”. Менавіта ў гэтым жанры прапануецца метадычны твор па напісанні дыпломнай работы, у аснову якога пакладзеныя палажэнні, рэкамендацыі, распрацоўкі, якімі кіруюцца аўтарытэтныя навучальныя ўстановы, дзе ёсць факультэты журналістыкі і ў якіх дыпломная работа з’яўляецца абавязковай формай дзяржаўнай атэстацыі выпускніка (БДУ, МДУ, СПбДУ, МДІМА і інш.). Да прыкладу, падалося мэтазгодным распрацаваць і ўвесці ў нашу практыку крытэрыі ацэнкі дыпломнай работы (па ўзоры СПбДУ), дастасаваўшы іх да нашай дзесяцібальнай сістэмы адзнак; удасканаліць падыходы да напісання дыпломнай работы (творчай) паводле вопыту факультэта міжнароднай журналістыкі Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных адносінаў – МДІМА; удакладніць некаторыя арганізацыйныя моманты (МДУ), прывесці тэхнічныя стандарты афармлення даведачнага апарату і інш. Ігнараванне вамі выкладзеных патрабаванняў, рэкамендацый можа негатыўна адбіцца на творчай якасці дыпломнага даследавання, а значыць, і на яго ацэначным бале. Таму ўдумліва прачытайце кожную старонку тэксту метадычнага твора і ўсе яго затэкставыя матэрыялы (узоры, дадаткі), скарыстаўшы знаё­мую вам рэдактарскую методыку чытання: спачатку азнаямляльна, каб узяць правільны накірунак на самым першым этапе падрыхтоўкі дыпломнай работы, затым – паглыблена, у рэчышчы ўсіх патра­баванняў, выкладзеных на гэтых старонках. Апошняе чытанне – кантрольнае, ад першай да апошняй старонкі, скіраванае на прадмет адпаведнасці дыпломнай работы крытэрыям яе ацэнкі (с. _______).

У метадычным дапаможніку падаюцца ўзоры напісання “Уводзінаў”, “Заключэння”, афармлення даведачнага апарату – тытульнага ліста, “Зместу”, бібліяграфічнага спісу і спасылак на яго, скарачэнняў, прынятых у рабоце, і інш. (Узоры ўзятыя з дыпломных работ, выкананых вашымі нядаўнімі папярэднікамі пад навуковым кіраўніцтвам аўтара гэтае “метадычкі” і ацэненых найвышэйшым балам.) Кніжачка, якая зараз перад вамі, павінна стаць на ўвесь час працы над дыпломнай работай свайго роду “хэндбукам” – кнігай, “якая заўжды пад рукой”.

(Handbook, stylebook – гэта ўласцівыя для практыкі заходняй прэсы найменні падручнікаў, дапаможнікаў, у якіх, паводле прынцыпаў і правілаў “рэспектабельных і аўтарытэтных СМІ”, рэгламентуецца, што журналіст павінен рабіць, каб застацца ў межах прафесійнай сістэмы, і чаго рабіць не варта; паведамляецца, якія змены адбыліся ў літаратурнай норме, “бо разнобой у напісанні раздражняе чытача і вядзе да страты аўтарытэту выдання”. У падобных падручніках амаль няма тэорыі. У іх сабраныя паслядоўныя прагматычныя дзеянні, якія даводзіцца ажыццяўляць на працы кожнаму прафесійнаму журналісту.)

Напісаны ў стылі рацыянальных методык, з паслядоў­ным выкладам жанравых асаблівасцей, правілаў арганізацыі інфарма­цыйнай сістэмы – ад асноўнага тэксту да даведачнага апарату – наш метадычны кампендыум-hаndbook забяспечыць належны творчы і афармленчы ўзровень дыпломнай работы, добры настрой яе аўтару, навуковаму кіраўніку, рэцэнзенту і Дзяржаўнай камісіі.

Плённай творчасці і ўзнёслай абароны зычаць вам аўтар дапаможніка і добразычлівыя рэцэнзенты – прафесар Н.Ц. Фральцова і прафесар А.Г. Слука, якім я ўдзячна за слушныя парады.