ЛЕТНIЯ ГУЛЬНI I ЗАБАВЫ

 

Сёмуха, або Сямiк, Тройца, Клечанне, -- "паганскае" свята, у якiм праглядваецца культ продкаў i раслiннасцi, пара праводзiн вясны, прымеркаванага пазней царквою да Пяцiдзесятнiцы (50-ы дзень пасля Пасхi). Наступны тыдзень ад панядзелка называўся Русальным, або яшчэ Гранным, Праводным, Духавым. У iншых месцах Русальнiцу праводзiлi аж да Пятра.

Дзяўчаты выбiраюць сярод сваiх сябровак найпрыгажэйшую на ролю русалкi i пакiдаюць у жытнёвым полi ўпрыгожаную ў кветкi ў адной белай сукенцы. Гульнi звычайна такiя: пляценне вянкоў, ваджэнне карагодаў, гульнёвыя варожбы, русалчына лоўля, скаканне праз вогнiшча, якое лiчыцца ачышчальным ад злых духаў.

Самым значным святам у летнi перыяд з'яўляецца Купалле.

У Купаллi выдзяляецца нямала асобных гульняў i забаў. Сярод iх ёсць дзявочыя (збор зёлак, варожбы), хлапечыя (прыгатаванне вогнiшча, бясчынствы), агульныя (скаканне праз агонь i iнш.).

Па сутнасцi, пятроўскiя гульнi i забавы з'яўляюцца працягам святкавання Купалля. На Пятроў дзень дзяўчаты зноў iдуць у лес ужо развiваць вянкi, якiя яны завiвалi на Сёмуху, апошнi раз летам гушкаюцца на арэлях.

 

Д а д а т а к

Завiванне вянкоў

 

На Тройцу, якая дзе-нiдзе звалася "зялёнымi святкамi", моладзь збiралася ў бярозавых гаях, на берагах рэк i азёр. Вакол бярозкi, якая ў гэтыя днi карысталася асаблiвай павагай i ўвасаблялася часам у выглядзе дзяўчыны, упрыгожанай зеленню, вадзiлiся карагоды, спявалiся троiцкiя песнi. Дзяўчаты "завiвалi" бярозкi (спляталi галлё, злучалi два суседнiя дрэўцы), плялi вянкi з палявых кветак i вешалi iх на дрэвах, хлопцы прыходзiлi з бубнам. Пасля таго, як усе бярозкi былi завiты, удзельнiкi свята пяклi тут жа яешню, а потым скакалi вакол дрэва i, пляскаючы ў далонi, спявалi.

Закаханыя мянялiся пярсцёнкамi, сяброўкi "кумiлiся" -- цалавалiся праз вянок, заплецены на бярозе, клялiся адна адной у дружбе. Старэйшая з жанчын садзiлася на зямлю, брала пучок крапiвы, прывязаны да шаста, i прыкiдвалася дрэмлючай за пралкай, назiраючы адначасова за дзявочым карагодам. Раптам яна iмклiва ўскоквала, рабiла высокiя, смешныя скачкi i секла крапiвой па руках дзяўчат, якiя з рогатам разбягалiся.

У наступную нядзелю дзяўчаты зноў збiралiся ў тым жа гаi i распляталi вянкi, развязвалi голле бярозы пад песню:

На Тройцу мы вянкi вiлi,

На разгары развiваем... i г.д.

На Магiлёўшчыне ў "Духаў дзень" дзяўчаты накiроўвалiся ў лес i таксама вiлi вянкi. Кожная выбiрала дзве невялiкiя бярозкi i, звязаўшы iх верхавiны, праходзiла пад iмi, напяваючы:

Пойдзем, дзевачкi, у луг гуляць,

Зялёных вянкоў завiваць...

Потым зрывалi са сваiх бярозак зялёнае голле, рабiлi з яго вянкi i iшлi да ракi, кiдалi вянкi ў ваду i па iх варажылi пра будучае. Калi вянок плаваў, лiчылася добрай прыкметай, патанаў -- дрэннай. У дзень Пятра i Паўла дзяўчаты iшлi да таго ж ляска развiваць вянкi, мяркуючы, што дрэва будзе праклiнаць тую, якая не разаўе свайго вянка. Гэты паход таксама суправаджаўся песнямi, пачастункамi i карагодамi. Вось адна з мелодый, пад якую вадзiлi карагоды на Магiлёўскай вобласцi:

 

 

У карагодзе, апiсаным К.Галяйзоўскiм пад назвай "Завiванне вянкоў", акрамя вышэйапiсанага абраду ў харэаграфiчна абагульненай форме паказваўся працэс ткацтва. Асобныя фiгуры яго называлiся таксама, як этапы работы, i ўяўлялi сабой наступнае:

1) "Кругам". Дзяўчаты з песняй "Ва лузях было, ва зялёных лузях" рухалiся адна за адной па крузе, але не бралiся за рукi.

2) "Завулачкам". Дзяўчаты станавiлiся ў два рады твар ў твар. Потым першыя дзяўчаты ў кожным радзе паварочвалiся i адначасова абыходзiлi рады спачатку з вонкавага боку, а потым з унутранага -- "завулачкам", i станавiлiся на свае месцы.

 

Мал.20.

 

Тое ж самае рабiла i другая пара дзяўчат, трэцяя i гэтак да заканчэння. Адначасова спявалася песня пра злога свёкра.

3) "Навiваць". Гэтая фiгура выконвалася пасля таго, як дзяўчаты "завiлi вянкi". Спачатку яны, узяўшыся за рукi, з песняй хадзiлi па крузе. Потым круг у адным з месцаў разрываўся, i дзяўчына, якая знаходзiлася ў месцы разрыву, больш не рухалася, астатнiя ж працягвалi хадзiць i "абмотвалi" яе, як нiткi шпульку.

4) "Снаваць". Тры дзяўчыны садзiлiся па вуглах трохвугольнiка, а астатнiя, узяўшыся за рукi, ланцужком хадзiлi вакол iх, выпiсваючы васьмёркi так, што дзве з сядзячых па чарзе знаходзiлiся ў цэнтры круга, а адна -- увесь час звонку, выконваючы, такiм чынам, "крывы танок".

Уся гэтая фiгура выконвалася пад песню, дзе гаварылася аб тым, "што моладцы сталi дзяшовымi", а дзяўчаты, наадварот, падаражалi.

5) "Кiшку здымаць". Удзельнiцы станавiлiся ў два рады, працягвалi адна адной рукi, уздымалi iх угору на манер варотцаў i рабiлi ўсярэдзiне праход. Па гэтым праходзе прабягала, не размыкаючы рук i павярнуўшыся тварам адна да адной, першая пара, потым другая, трэцяя i г.д. Яны станавiлiся за ўсiмi зноў адна за адной. Калi прабягалi ўсе пары, гульня паўтаралася ў процiлеглым парадку. Гэта фiгура звалася таксама "ручайком".

6) "Надзяваць". Дзяўчаты станавiлiся ў круг, часам з паднятымi рукамi, а адна з iх прабягала па крузе, абыходзячы кожную з удзельнiц па чарзе справа цi злева.

7) "Ткаць". Дзяўчаты станавiлiся шчыльна адна да адной у два рады i, сашчапiўшы крыж-накрыж рукi, рабiлi так званую "лавачку". З абодвух бакоў гэтага здвоенага рада стаялi "ткачыхi", адна з якiх усаджвала на счэпленыя рукi першай пары каго-небудзь з дзяцей, а другая прымала дзiця з другога боку, пасля таго як гэты малы быў перакiнуты з рук на рукi кожнай парай. Дзiця, такiм чынам, малявала рух папярэдняй нiткi ў палатне.

(Чурко Ю. Вянок беларускiх танцаў.)