Захоп у ступу
Хлопцы, сабраўшыся гуртам, бяруць ступу, у якой звычайна таўкуць куццю, абвязваюць яе нiжнюю частку вяроўкай i цягаюць па вулiцы. Параўняўшыся з домам, дзе ёсць паўналетняя дзяўчына-нявеста, заходзяць туды, ставяць пасярод хаты ступу i там сярод жартаў i смеху намагаюцца захапiць якую-небудзь рэч, што належыць дзяўчыне: хустку, чаравiк i г.д. Зрабiўшы такi захоп ("грабеж"), кладуць яго на ступу i працягваюць свой драпежны набег на iншыя хаты, дзе жывуць нявесты. Ступа служыць дакорам векавусе--нявесце, якая не выйшла замуж леташнiм Мясаедам. Сабраўшы дастаткова розных "дзявоцкiх" рэчаў-"грабяжоў", хлопцы нясуць iх у карчму, а туды прыходзяць дзяўчаты выкупляць свае рэчы. Грошы, якiя хлопцы выручалi за "грабяжы", iдуць на агульны пачастунак.
(Зап. у 1897 г.святар С.М.Дзем'яновiч у в.Гатава Слонiмскага павета.)
А мы сеялi, сеялi лянок
У карагодзе ўдзельнiчае неабмежаваная колькасць дзяўчат. Усе становяцца ў круг тварам супраць ходу гадзiннiкавай стрэлкi. Левымi рукамi трымаюць злучаныя нiжнiя вуглы фартушкоў. Правыя -- у вольным становiшчы. Выканаўцы "простым крокам" (рух 1) рухаюцца ўперад i спяваюць:
А мы сеялi, мы сеялi лянок.
На гэтыя словы дзяўчаты правай рукой "чэрпаюць" у фартушку "зерне". Потым адводзяць яе ўбок i, акцэнтуючы узмахам, выцягваюць уперад, iмiтуючы пасеў зерня.
Працягваючы спяваць:
Мы сеялi, прыгаварвалi,
Мы сеялi, прыгаварвалi,
дзяўчаты "простым крокам" праходзяць у тым жа напрамку i паўтараюць 2 разы рухi, якiя былi выкананы на словы першага радка.
На словы:
Чабатамi прыкалачывалi (1 раз)
дзяўчаты "крокам з коўзкiм ударам пяткай аб падлогу" (рух 2) рухаюцца ўперад у тым жа напрамку.
На словы:
Чабатамi прыкалачывалi (2 раз)
дзяўчаты "трайным крокам з коўзкiм ударам пяткай аб падлогу" (рух 3) рухаюцца кожная па сваiм кружочку, блiжэй да цэнтра. (Мал.14). Пад канец фразы дзяўчаты скрыжоўваюць перад сабой сагнутыя ў локцях рукi. На словы:
З боку на бок паварачывалi
"крокам з коўзкiм ударам пяткай аб падлогу" паварочваюцца ўлева на месцы на 180о.
Працягваючы спяваць:
Ох, удайся, удайся, лянок,
Ты удайся, лянок беленькi,
Ох, удайся, лянок беленькi,
Палюбi мяне, мой мiленькi,
дзяўчаты, злучыўшы ўнiзе памiж сабой рукi, "трайным крокам з коўзкiм ударам пяткай аб падлогу" рухаюцца па крузе супраць ходу гадзiннiкавай стрэлкi, адначасова расшыраючы яго .