Рэкамендаваная літаратура

1. Беларуская мова: Энцыклапедыя. – Мінск: БелЭн, 1994.

2. Всеволодова, М.В. Теория функционально-коммуникативного синтаксиса. Фрагмент прикладной (педагогической) модели языка. – М.: МГУ, 2000.

3. Гальперин, И.Р. Текст как объект лингвистического анализа / И.Р.Гальперин. – М.: Наука, 1981.

4. Ильенко С.Г. Синтаксические единицы в тексте. – Л., 1989.

5. Кананенка, Т.М., Малажай, Г.М., Пашкевіч, М.І. Праца з тэкстам на ўроках беларускай мовы: вучэб. – метад. дапам. / Пад рэд. Г.М.Малажай. – Брэст: Пірс, 1993.

6. Кожина М.Н. О речевой системности научного стиля сравнительно с некоторыми другими. – Пермь, 1972.

7. Лаўрэль, Я.М. Вывучэнне сінтаксісу тэксту // Выкладанне беларускай мовы і літаратуры: кн. для настаўніка / пад рэд. М.А.Лазарук. – Мінск, 1983.

8. Лепешаў, І.Я. Лінгвістычны аналіз літаратурнага твора: У 2 ч. / І.Я.Лепешаў. – Гродна, 2000. – Ч. 2.

9. Лепешаў, І.Я. Сучасная беларуская літаратурная мова: спрэчныя пытанні: Дапаможнік / І.Я.Лепешаў. – Гродна, 2002.

10. Ляшчынская, В.А. Методыка выкладання беларускай мовы: вучэбн. дапаможнік / В.А.Ляшчынская, З.У.Шведава. – Мінск, 2007. – 252 с.

11. Нечаева, О.А. Функционально-смысловые типы речи (описание, повествование, рассуждение). – Улан-Удэ: Бурятское книжн. изд-во, 1974.

12. Рамза, Т.Р. Сінтаксіс: тэарэтычны курс: вучэбны дапам. / Т.Р.Рамза. – Мінск, 2006.

13. Супрун, А.Я. Исследования по лингвистике текста: Сб. ст. / А.Я.Супрун. – Мінск, 2001.

14. Тураева, З.Я. Лингвистика текста: (Текст, структура и семантика) / З.Я.Тураева. – М. 1986.

15. Цікоцкі, М.Я. Стылістыка тэксту: вучэб. дапам. / М.Я.Цікоцкі. – Мінск, 2002.

16. Чумак Л.Н. К проблеме типологии текстов в практике обучения зарубежных филологов-русистов // Текст: функции и семантика его компонентов (функциональный подход в теоретическом и прикладном языкознании): тезисы докл. конф. (Минск, 1992, 3–5 февраля). Том 5. Часть IX. – Минск, 1993.

 

1. Тэкст як асноўная камунікатыўная адзінка

«Тэкст (лац. textus ‘тканіна, спалучэнне, спляценне’) – гэта маўленчае камунікацыйнае ўтварэнне, функцыянальна скіраванае на рэалізацыю пазамоўных задач» [2, с. 337].

Тэрмін тэкст у мовазнаўчай літаратуры тлумачыцца неадназначна: яго ўспрымаюць як сінонім да тэрмінаў выказванне, звязная мова, звязваюць з паняццем складанае сінтаксічнае цэлае, лічаць тэкстам любое па форме выказванне (вуснае і пісьмовае) і г.д. Тым не менш, большасць даследчыкаў надае тэксту статус асноўнай камунікацыйнай адзінкі, якой уласціва звязнасць і цэласнасць. Паняцце звязнасці арыентуецца на структурную арганізацыю тэксту, а паняцце цэласнасці – на яго зместавую арганізацыю (фактуальную, канцэптуальную, падтэкставую).

Звязнасць тэксту выяўляецца праз знешнія структурныя паказальнікі (сказы, празаічныя строфы), выкарыстанне пабочных канструкцый, займеннікаў, лексічных паўтораў і інш. Напрыклад: Горы ды каменне, вузкія палоскі: гэта наша поле, поле нашай вёскі. Курныя аконцы – каб святла хоць трошкі: гэта нашы хаты, хаты нашайвёскі (Куп.).

Цэласнасць тэксту дасягаецца тэматычным і мадальным адзінствам. Тэматычнае адзінства выяўляецца ў паўторнай намінацыі ключавых слоў, якія могуць ствараць вакол сябе сэнсавы кантэкст, куды ўваходзяць іншыя словы, звязаныя з ключавымі пэўнымі сітуацыйнымі сувязямі. Напрыклад: Як брыльянты, рассявае ночка летняя расіцу, туманамі спавівае луг зялёны над крыніцай. А як раніца настане, бліскі сонцазагуляюць, – роспрыходзіць адцвітанне, туманыу рэчцы таюць(Куп.).

Мадальнасць тэксту ствараецца шляхам выбару аўтарам пэўных маўленчых сродкаў, неабходных для рэалізацыі сваёй канцэпцыі, асабістага пункту гледжання. Напрыклад, у паэтычнай спадчыне С.Грахоўскага значнае месца займаюць кантэкставыя антонімы, якія паказваюць на жаданне аўтара перайсці да новага жыцця, зрабіць у сваім жыцці нейкія перамены: Жыццё без узлётаў, пралікаў і спадаў, без спрэчак калючых, нібыта асцё, без спёкі, без хмар і густых снегападаў – расклад ці інструкцыя, а не жыццё.

Па форме рэалізацыі тэксты бываюць вусныя і пісьмовыя, спантанныя і падрыхтаваныя; па колькасці моўцаў – маналог (маўленне, звернутае да самога сябе ці да іншых і не разлічанае на слоўную рэакцыю другіх асоб); дыялог (маўленне, у час якога адбываецца непасрэдны абмен выказваннямі паміж дзвюма асобамі); палілог (абмен выказваннямі паміж больш чым дзвюма асобамі).

 

2. Функцыянальна-сэнсавыя тэпы тэксту, мінімальныя адзінкі тэксту, віды сувязі ў тэксце

Да функцыянальна-сэнсавых тыпаў маналагічнага маўлення адносяцца апісанне, апавяданне і разважанне.

Апісанне – гэта дэталёвая характарыстыка прадмета маўлення з боку яго формы, складу, структуры, якасці, уласцівасцей, прызначэння і г.д. у залежнасці ад задач выказвання, ад задумы таго, хто гаворыць ці піша. Апісанню ўласціва статычнасць, перадача пастаянных ці часовых уласцівасцей.

Выдзяляюцца наступныя разнавіднасці апісання: пейзаж, ці агульны выгляд якой-небудзь мясцовасці; партрэт чалавека або апісанне знешняга выгляду нейкага прадмета, жывёліны, расліны, пабудовы, прадмета быту і інш.; інтэр’ер ці апісанне ўнутранай часткі якога-небудзь памяшкання; характарыстыка як пералік істотных асаблівасцей, прымет каго-небудзь, напрыклад, назвы рысаў характару, схільнасцей, роду заняткаў і пад. Апісанне можа быць справавое (шукаецца чалавек па прыметах), навуковае, мастацкае (вобразнае). Напрыклад: Адзвінелі, адгаманілі, збягаючы з пагоркаў, шпаркія ручаі, заліліся звонкім срэбрам жаўрукі ў паднябессі, прыгрэла сонца, у нізінах мякка закучаравілася трава, пракінуліся залатыя вочкі кураслепу, зазвінела жоўтымі галоўкамі маці-мачыха. Вербалоз над канавамі і стаўкамі аздобіўся пушыстымі коцікамі, пацямнелі рослыя бярозы каля гасцінца, павіслі на іх голлі жаўтлявыя завушнічкі (Хадк.) – пейзаж; Вось як жывога дзядзьку бачу, я тут партрэт яго зазначу. Ён невысок, не надта ёмак, ды карчавіты і няўломак, а волас мае цёмна-русы, і зухаўскія яго вусы умеру доўгі, густаваты, угору чуць канцы падняты; а вочы шэры, невялічкі, глядзяць прыветна, як сунічкі (К-с) – мастацкае, вобразнае апісанне партрэта чалавека; Выгляд яе [хаты] для кожнай мясцовасці быў розны. Але найбольш тыповы быў такі. Ля ўвахода, справа, месца для мыцця посуду і іншых кухонных рэчаў. Пасля – печ. За печчу, па правай сцяне, – нары. Пад імі складалі розныя рэчы. Часам замест нараў стаялі шырокія ложкі. Уздоўж астатніх дзвюх сцен ішлі шырокія лавы, пакрытыя тканымі налаўнікамі. На іх сядзелі. Ноччу на лавах маглі спаць, асабліва калі бывалі госці. Перад лавамі – стол. Заўсёды дужа белы, бо яго часта скрэблі нажом. Стол і лавы часцей за ўсё былі з тоўстых дубовых дошак. Ля той сценкі, дзе дзверы, стаялі куфры і гаспадыніны кросны. Упрыгожвалі хату тканыя посцілкі. І, вядома ж, рушнікі (Каратк.) – інтэр’ер.

Апавяданне – гэта перадача падзей, якія адбываліся з носьбітам маўлення або вядомыя яму ад іншых ці прыдуманыя, створаныя яго фантазіяй.

Апавяданню ўласцівы дынамізм, паслядоўнасць дзеяння, руху. Апавяданне часта будуецца па моўнай схеме: пачатак – працяг – заканчэнне дзеяння. Напрыклад: Аднойчы паслалі мяне ў камандзіроўку. Зімой гэта было. За горадам, у лесе, пайшоў снег. Падалося, нехта дарогу пераходзіць. Націснуў я на тормаз – машына спынілася, матор заглух. Паспрабаваў завесці старцёрам – не выходзіць. Узяў ручку завадную і выскачыў з кабіны. Раз крутнуў, другі – машына завялася, а я ў кабіну пабег. Пакуль сеў на сядзенне, матор заглух, і я зноў узяўся за ручку. Але зноў паўтарылася тое ж самае. Ажно спацеў ад беганіны. Потым сеў у кабіну і сяджу.

Раптам бачу: нехта ідзе – вялізны, у калматым футры. Прыгледзеўся – мядзведзь! Ну, думаю, машыну раздзярэ і да мяне дабярэцца...

Мядзведзь падышоў бліжэй, узяўся за ручку завадную. Крутануў – машына завялася. Што рабіць? Ці крычаць, ці падзякаваць выйсці? Тым часам мядзведзь наблізіўся і сунуў мне лапу ў кабіну. Зноў не ведаю, што рабіць. Падаць руку страшна. Але ж ён памог завесці машыну! І я працягнуў мядзведзю руку. Ціскануў ён яе так, што я ажно крыкнуў і... прачнуўся (А.П.).

Разважанне характарызуецца спецыфічнай моўнай структурай: тэзіс – аргументацыя – выснова (дэдуктыўнае разважанне), факты – іх аналіз і сінтэз – вывад (індуктыўнае разважанне). Напрыклад: Якая, вы думаеце, самая цікавая кніга на свеце? Адразу не адкажаце, не здагадаецеся. Гэта кніга – зямля, на якой мы жывём і якая з першых год нашага жыцця штодня вучыць нас гісторыі, мове, штодня і штораз адкрывае нам усё новыя і новыя словы, значэнне і сэнс якіх мы вучымся спазнаваць і разумець.

Жывое асяроддзе акружае нас: жывёлы, птушкі, самыя малыя істоты, а таксама расліны, кветкі, дрэвы. І ўсе яны маюць свае імёны. Тысячы і мільёны назваў існуе на зямлі. Кожная яе мясціна мае сваю назву.

Добра было б, каб адзін са сваіх сшыткаў вы назвалі «Мая бацькаўшчына», або «Мой родны кут». У ім запісвалі ўсё самае цікавае, пра што дазнаецеся ад старэйшых людзей (В.).

У якасці мінімальнай структурна-семантычнай адзінкі тэксту выступае звышфразавае адзінства (ЗФА) (у якасці сіноніма выкарыстоўваецца паняцце ССЦ – складанае сінтаксічнае цэлае).

Звышфразавае адзінства – гэта «такая тэкставая адзінка, якая складаецца больш чым з аднаго самастойнага сказа і валодае сэнсавай цэласнасцю ў кантэксце звязнага маўлення, выступае як частка завершанай камунікацыі» [12, с. 175].

Звышфразавае адзінства ўласцівае і вуснаму, і пісьмоваму маўленню, яно характарызуецца лагічнасцю (з’яўляецца вынікам аб’ектыўнага члянення), сэнсавай завершанасцю.

Мінімальнай кампазіцыйна-стылістычнай адзінкай тэксту з’яўляецца абзац (ням. der Absatz – уступ). Абзац існуе толькі ў пісьмовым тэксце. Памер абзаца, як правіла, залежыць ад індывідуальнай манеры аўтара выкладаць думкі, ад задумы аўтара (у гэтым выяўляецца прагматычнасць абзаца). Маючы суб’ектыўную скіраванасць, абзац можа выступаць у якасці эмацыянальна-выяўленчага сродку тэксту.

Абзац і ЗФА а) супадаюць: Ах, якія мы часам няўважлівыя да другіх, калі ў саміх усё гладка і роўна! (Дам.);

б) у адно ЗФА могуць уваходзіць два і больш абзацаў:

А дзед быў прыгожы.

Без шапкі, у шэрай, як ралля, расхрыстанай на сухіх, загарэлых грудзях кашулі. Упёршыся худымі і пругкімі, як смаляныя галіны, нагамі ў рабрыну вялікай лодкі, «кароль вугроў» паволі і няспынна разгойдваўся ўперад-назад, рытмічна ўзмахваючы цяжкімі вёсламі. З вельмі дакладнай і неабходнай для справы скупасцю заграбаў ён ціхую празрыстую ваду. Так лёгка і хораша, спраўна і спорна ідуць у пракосе сапраўдныя касцы. Белы маршчыністы лоб над загарэлымі скуламі шчодра акроплены потам. Сівыя валасы, хоць і прычасаныя перад ад’ездам у людзі, як толькі ён зняў кепку, зноў растрэсліся, прынялі свой звычайны, сціпла кучаравы беспарадак.

Прыгожая была гэтая шэрая, вельмі жыццёвая, натуральная прастата, гэтая яшчэ ўсё не растрачаная сіла, якую і не высушылі, і не прыглушылі дзевяць дзесяткаў больш катаржных, чым радасных гадоў. Прыгожы быў позірк светла-блакітных вачэй пад густымі, сівымі брывамі, вачэй адкрытых і чыстых, як само бясхмарнае неба, паўторанае ў крынічным люстры бяскрайняга возера. Прыгожы быў, урэшце, увесь гэты звычайны, будзённы малюнак: вялікая чорная лодка на вадзяной пустыні, у лодцы – шэры дзед і светленькая ўнучка, а за кармой, на буксіры, – доўгае сасновае бервяно і яшчэ даўжэйшы трохкутнік растрывожанай вады (Б.);

в) абзац можа змяшчаць некалькі рознатэматычных ЗФА: Крынічка б’е з-пад зямлі, і вада ў ёй не замярзае. А летам такая халодная, што аж зубы сцінае. Яна наталяе смагу, надае сілы і нават гоіць раны. // Вы паглядзіце, колькі розных слядоў наўкола! Сюды, да крынічкі, прыходзяць ласі і ваўкі, лісы і зайцы, дзікі і алені, рысі і дзікія козы, прылятаюць курапаткі і ястрабы, цецерукі і каршуны, глушцы і ўсялякае дробнае птаства. // Ніхто нікога не чапае. Тут нібы дзейнічае закон дружбы ў імя захавання жыцця (Д.С.).

У тэксце даследчыкамі вылучаюцца два віды сувязі: кантактная (спалучае суседнія выказванні) і дыстантная (спалучае аддаленыя выказванні). «Дыстантнай сувяззю звязваюцца, як правіла, інфармацыйна самыя значныя кавалкі тэксту, а таму найбольш выразна яна і праяўляецца якраз паміж абзацамі, фарміруючы «стрыжань» усяго тэксту і забяспечваючы яго цэласнасць» [12, с. 187].

Паводле характару сродкаў і спосабаў іх дзеяння адрозніваюць ланцужковую (паслядоўную) сувязь (калі выказванні чапляюцца адно за адно на ўзор звёнаў ланцужка), паралельную сувязь (будова сказаў тоесная) і далучальную сувязь (змест наступнага выказвання дапаўняе, дадае інфармацыю да асноўнага).

Асноўнымі сродкамі паслядоўнай сувязі з’яўляюцца займеннікі, лексічныя паўторы, кантэкставыя сінонімы, антонімы і інш.. Напрыклад: Прыляцела ластаўка з далёкага выраю. Села янана страху старога гумна і зашчабятала. Вясёленькая песенька яе так і пасыпалася па ўсім двары мілым шчэбетам (К-с). Асноўнымі сродкамі паралельнай сувязі выступаюць аднолькавы парадак слоў, аднолькавыя формы часу і трывання дзеясловаў-выказнікаў, паўтор адной і той жа лексемы і інш. Напрыклад: І такуюць, такуюць раніцай глушцы. Да штучнага возера цягнуцца цяжкія сляды япрукоў. І клічуць-клічуць белыя лебедзі, б’юць на рэках пудовыя шчупакі, шумяць сонечныя дубы і грабы. І чырванеюць падасінавікі. І дымок ад ранішняга вогнішча змешваецца з туманам (Каратк.). На далучальную сувязь паказваюць злучнікі і, ды, ды і, і таму, і тады і г.д., а таксама прыём парцэляцыі. Напрыклад: Бяссоннай ноччу думаецца многа. І светла і не надта. Як калі (Т.Д.).

Калі пры спалучэнні выказванняў назіраюцца прыкметы розных відаў сувязі, – гэта змешаная сувязь. Напрыклад, прыкметы ўсіх трох відаў сувязі знаходзім у наступнай мініяцюры: Адна рэч – чалавекам нарадзіцца. І зусім іншая – чалавекам памерці... Нарадзіцца – якім Бог даў. Памерці – якім Бог прыме (Гал-ч).