Рэкамендаваная літаратура

1. Азарка, В. У. і інш. Беларуская мова: спецыяльная лексіка. – Мінск, 2005.

2. Гіруцкая, Л.А. Беларуская мова (прафесійная лексіка). – Мінск, 2005.

3. Каўрус, А.А. Слова наша роднае. – Мінск, 1986.

4. Лыч, Л. М. Беларуская нацыя і мова. – Мінск, 1994.

5. Мікуліч, Т.М. Мова і этнічная самасвядомасць. – Мінск, 1996.

6. Падлужны, А.І. Мова і грамадства. – Мінск, 1997.

7. Сямешка, Л.І. Беларуская мова. – Мінск, 1999.

 

1. Сутнасць і прырода мовы

Уявіць сённяшняе жыццё без мовы немагчыма. Усе тыя сувязі, якія існуюць паміж людзьмі, цалкам грунтуюцца на мове. Дзякуючы мове мы можам карыстацца ўсімі назапашанымі чалавецтвам ведамі, разам з тым яна з’яўляецца галоўным сродкам зносін людзей, моваю ахоплены ўсе сферы духоўнага і матэрыяльнага жыцця грамадства. Як жа вызначаецца навукай сутнасць, існасць мовы?

Адказы на гэтае пытанне існавалі розныя. Адны вучоныя разглядалі мову як з'яву біялагічную, такую, як здольнасць есці, піць, хадзіць. Лічылася, што мова закладзена ў самой біялагічнай сутнасці чалавека і перадаецца ў спадчыну. Другія даследчыкі лічылі мову з'явай псіхічнай, адносілі яе да сферы падсвядомай псіхафізіялагічнай дзейнасці. Падобныя сцвярджэнні маюць аднабаковы характар. На самой справе, мова – з'ява біялагічная і псіхічная, але ў тым сэнсе, што ў чалавеку генетычна закладзена здольнасць авалодаць мовай, г.зн. ён валодае псіхафізіялагчным механізмам, які забяспечвае магчымасць маўлення. Але рэалізаваць гэтую здольнасць чалавек можа толькі ў стасунках з іншымі людзьмі – носьбітамі пэўнай мовы (вы ведаеце выпадкі, калі маленькія дзеці, пазбаўленыя чалавечых кантактаў, раслі ў іншым асяроддзі і набывалі звычкі гэтага асяроддзя). Мова не перадаецца, як іншыя біялагічныя прыкметы, у спадчыну кожнаму канкрэтнаму чалавеку. Чалавек вучыцца мове ад іншых людзей, сама па сабе яна не сфарміруецца нават у генія. Дзіця, незалежна ад нацыянальнасці і генаў бацькоў, пачне размаўляць на той мове, якую чуе з першых дзён жыцця.

Кожны чалавек валодае не мовай увогуле, а канкрэтнай мовай (ці мовамі), што належыць пэўнаму народу. У гэтым праяўляецца дваісты характар мовы: з аднаго боку, яна з'ява індывідуальная, бо ўласціва чалавеку. Яна дапамагае кожнаму індывідууму заявіць аб сабе як пра арыгінальную асобу, са сваім духоўным светам, інтэлектуальным патэнцыялам. З другога боку, – з'ява грамадская (ці сацыяльная), бо належыць канкрэтнай грамадскай супольнасці. Сацыяльная прырода мовы заключаецца найперш у тым, што яна аснова і форма грамадскай свядомасці і разам з тым унікальны і універсальны сродак зносін людзей, феномен духоўнай культуры чалавецтва [7].

Такім чынам, мова – з’ява грамадская, якая ўзнікла на пэўным этапе развіцця чалавецтва і з’яўляецца вынікам прынцыпова новага якаснага ўзроўню развіцця чалавека і сацыяльнай арганізацыі грамадства.

Мова забяспечвае бесперапыннасць этнічнага і культурнага развіцця любой грамадскай супольнасці на працягу яе гісторыі, з'яўляецца спосабам захавання адзінства народа ў прасторы і часе, формай трансляцыі ад пакалення да пакалення сацыяльнага вопыту і духоўнай культуры народа.