I. АРГАНІЗАЦЫЯ І ЗМЕСТ ПРАКТЫКІ

У адрозненне ад папярэдніх палявых практык пры правядзенні гэтай практыкі прыярытэт аддаецца вывучэнню сацыяльных і гаспадарчых з'яў па схеме «ад гаспадаркі да прыроды». Увага акцэнтуецца на ацэнцы выкарыстання прыродных умоў і рэсурсаў, асваенні тэрыторыі для рассялення і розных аспектаў чалавечай дзейнасці, а таксама на пытаннях экалагічнага становішча і аховы навакольнага асяроддзя. Грунтоўна вывучаюцца працэсы галіновага і тэрытарыяльнага падзелаў працы, праводзіцца аналіз таго, як і ў якіх формах яны рэалізуюцца. Вялікая ўвага надаецца даследаванню геаграфічных аспектаў міжнародных інтэграцыйных працэсаў у гаспадарцы, сацыяльнай сферы раёна, выяўляюцца асноўныя кірункі міждзяржаўных сувязей на розных арганізацыйных узроўнях.

Пры комплексным вывучэнні раёна практыкі студэнты атрымліваюць дадатковыя веды па эканоміцы і тэхналогіі шэрага вытворчасцей прамысловасці і сельскай гаспадаркі, транспарту, знаёмяцца з асаблівасцямі рассялення насельніцтва, арганізацыі сацыяльнай сферы і прыкладамі вырашэння канкрэтных сацыяльна-эканамічных праблем.

Мэты, задачы і змест практыкі вызначаюць формыяе правядзення: вучэбныя і вучэбна-вытворчыя экскурсіі, маршрутныя назіранні, збор інфармацыі з матэрыялаў мясцовага друку, камеральная апрацоўка сабранай інфармацыі і матэрыялаў назірання ў адпаведнасці з патрабаваннямі праграмы практыкі, складанне і афармленне справаздачных матэрыялаў.

У час правядзення практыкі неабходна выкарыстоўваць розныя метады і прыёмызбору і апрацоўкі інфармацыі: палявыя комплексныя назіранні геаграфічных аб'ектаў, збор і аналіз статыстычных матэрыялаў, сацыялагічныя даследаванні і апытанні, параўнальна-геаграфічны метад, карціраванне, складанне комплексных геаграфічных профіляў і характарыстык. Сістэма геаграфічных метадаў павінна быць накіравана на спалучэнне навуковых даследаванняў з пашырэннем агульнага геаграфічнага кругагляду студэнтаў.

Паводле асаблівасцей арганізацыі і правядзення, практыка складаецца з трох узаемазвязаных перыядаў: падрыхтоўчага, палявога, заключнага.

Падрыхтоўчы перыядскладаецца з трох этапаў: вучэбна-метадычнай, арганізацыйнай і тэхнічнай падрыхтоўкі і працягваецца да 2 дзён. На этапе вучэбна-метадычнай падрыхтоўкі студэнты знаёмяцца з мэтамі і задачамі практыкі, метадамі і прыёмамі работы на практыцы, методыкай вядзення палявых дзённікаў; вывучаюць праграму практыкі, справаздачныя дакументы прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў і шляхі іх выкарыстання, а таксама маршрут і раён практыкі па літаратурных і картаграфічных матэрыялах; рыхтуюць паведамленні па асобных пытаннях фізічнай і сацыяльна-эканамічнай геаграфіі і аб вузлавых аб'ектах раёна практыкі; складаюць прагнозную геаграфічную характарыстыку раёна практыкі па літаратурных крыніцах і комплексны геаграфічны профіль па маршруце практыкі.

У тым выпадку, калі раёнам практыкі абіраецца тэрыторыя замежнай краіны, на дадзеным этапе неабходна правесці заняткі па азнаямленні студэнтаў з асаблівасцямі яе дзяржаўнага ладу, знешняй і ўнутранай палітыкі, культурай, нацыянальнымі традыцыямі і інш.

Арганізацыйная падрыхтоўка ўключае: гутарку кіраўніка са студэнтамі аб правілах і нормах паводзін на практыцы, правах і абавязках кіраўніка і студэнтаў; правядзенне медагляду студэнтаў і знаёмства іх з інструкцыяй па тэхніцы бяспекі; фарміраванне брыгад і размеркаванне абавязкаў паміж студэнтамі; вырашэнне шэрага іншых арганізацыйных пытанняў (падрыхтоўка і афармленне дакументацыі практыкі ў выглядзе спісаў груп, хадайніцтваў; атрыманне фінансавых сродкаў, вырашэнне транспартных пытанняў і г. д.).

Тэхнічная падрыхтоўка ўключае падбор вучэбных дапаможнікаў, картаграфічных матэрыялаў, абсталявання і іншых тэхнічных сродкаў, а таксама навучанне асноўным правілам карыстання гэтымі сродкамі.

Палявы перыядпачынаецца з моманту выезду групы на практыку і працягваецца 10-12 дзён. Ён уключае шлях да раёна практыкі і розныя пераезды. У палявы перыяд заданні выконваюцца як кожным студэнтам асобна, так і студэнцкімі брыгадамі.

Дзейнасць кожнага студэнта ўключае: вядзенне індывідуальнага дзённіка назіранняў; удзел у вядзенні групавога дзённіка; збор і падрыхтоўку матэрыялаў па індывідуальных (брыгадных) заданнях, якія павінны ўяўляць характарыстыку аднаго з ключавых геаграфічных аб'ектаў па спецыяльным плане ці праграме (дадат. 1, 3-6).

Пры абмежаванні тэрмінаў практыкі, у залежнасці ад магчымасцей і ўмоў працы на месцы, адпаведныя праграмы могуць быць выкананы цалкам ці часткова. Розныя аб'екты (прадпрыемства, горад і інш.) вывучаюцца з рознай ступенню дэталёвасці. Пры гэтым студэнты збіраюць на прадпрыемствах і ва ўстановах першасны матэрыял, аналізуюць яго, удзельнічаюць у вытворчых экскурсіях, вывучаюць матэрыялы музейных экспазіцый.

У працэсе вывучэння асобных геаграфічных аб'ектаў асноўныя задачы практыкі вырашаюцца ўзаемазвязана. Напрыклад, горад вывучаецца як арганізацыйны, адміністрацыйны, эканамічны цэнтр канкрэтнай тэрыторыі і, у той жа час, як адзін з важнейшых геаграфічных аб'ектаў наогул (дадат. 3). Пасля прыезду ў горад, дзе размяшчаецца стацыянар, праводзіцца аглядная экскурсія, у час якой студэнты даведваюцца пра гісторыю ўзнікнення і развіцця горада, атрымліваюць звесткі аб асаблівасцях яго сучаснай планіроўкі, насельніцтве, прамысловым, сацыяльна-культурным, навуковым патэнцыяле і перспектывах развіцця. Пасля вырашаюцца пытанні наведвання найбольш цікавых вытворчых, сацыяльна-культурных, навуковых, прыродных і прыродаахоўных аб'ектаў. Для прыкладу, на Гродзенскім стацыянары план работы можа быць наступным: а) аглядная экскурсія па горадзе; б) азнаямленчая экскурсія ў краязнаўчы музей; в) вытворчыя экскурсіі на прадпрыемствы машынабудавання (заводы карданных валоў або аўтаагрэгатаў), лёгкай (абутковая фабрыка або тонкасуконны камбінат) і хімічнай (вытворчыя аб'яднанні «Азот» і «Хімвалакно») прамысловасці; г) знаёмства з экалагічным становішчам у горадзе (экскурсія на адзін з прыродаахоўных аб'ектаў); д) экскурсія ў Гродзенскі заапарк; е) вывучэнне даліны р. Нёман у межах горада.

Работа на стацыянарным пункце павінна ўключаць знаёмства са статыстычнымі матэрыяламі аб гаспадарцы, насельніцтве, экалагічным становішчы раёна практыкі і асобных яго частак, з перспектывамі іх развіцця. Адпаведныя матэрыялы могуць быць атрыманы ў мясцовых упраўленнях статыстыкі, вытворчых упраўленнях сельскай гаспадаркі, планавых аддзелах прадпрыемстваў, упраўленнях або аддзелах культуры, адукацыі і аховы здароўя, ва ўпраўленнях архітэктуры і горадабудаўніцтва мясцовых органаў улады і кіравання. Выкарыстанне такіх матэрыялаў дазволіць больш глыбока і поўна ахарактарызаваць вывучаемыя аб'екты, з'явы і працэсы. У час працы ў раёне практыкі з мэтай паглыбленага вывучэння асобных гаспадарчых і іншых мясцовых праблем могуць быць арганізаваны сустрэчы са спецыялістамі рознага профілю.

У межах раёна практыкі вызначаецца некалькі (ад трох да шасці) вузлавых ці базавых пунктаў, дзе група знаходзіцца на працягу 4-6 дзён (у залежнасці ад аб'ёму і характару работы). Адсюль арганізуюцца паходы або кароткачасовыя радыяльныя паездкі да іншых аб'ектаў практыкі. У час пераездаў да раёна практыкі, з аднаго базавага пункта ў другі, а таксама радыяльных паездак студэнты павінны весці маршрутныя назіранні і фіксаваць іх у дзённіках. Праграма маршрутных назіранняў прыведзена ў дадатку 2.

Заключны перыяд.Пасля заканчэння палявога перыяду практыкі кожная група (брыгада) прадстаўляе калектыўную справаздачу, якая ўключае: комплексны геаграфічны профіль па маршруце з удакладненнямі і дапаўненнямі па асабістых назіраннях, зробленых у час практыкі, справаздачы (індывідуальныя і брыгадныя), складзеныя на аснове вывучэння тэрытарыяльных комплексаў рознага рангу (справаздачы будуюцца па плане, прыведзеным у дадат. 1 і афармляюцца ў адпаведнасці з патрабаваннямі (дадат. 9). Справаздача павінна змяшчаць адпаведныя графічныя матэрыялы, статыстычныя табліцы, фотадакументы. Да яе могуць дадавацца калекцыі мінералаў, гербарыі раслін, узоры прадукцыі прадпрыемстваў, мясцовых перыядычных выданняў – матэрыялы, якія адлюстроўваюць геаграфічную спецыфіку раёна практыкі. Кожны студэнт прадстаўляе дзённік, у якім адлюстравана яго штодзённая праца ў перыяд практыкі, паслядоўна апісаны маршрут і назіранні, зробленыя ў час пераездаў, наведвання і вывучэння прыродных і гаспадарчых аб'ектаў, экскурсій, размоў са спецыялістамі і г. д. У заключны перыяд афармляюцца справаздачныя дакументы і матэрыялы, вядзецца падрыхтоўка да выніковай канферэнцыі і выставы матэрыялаў палявой практыкі (справаздач, калекцый, кінафільмаў, насценных газет, тэматычных стэндаў), ацэньваецца праца кожнага студэнта і групы цалкам. Заключны перыяд доўжыцца 1-2 дні.