Лекцыя 13-14. БЕЛАРУСЬ У МІЖВАЕННЫ ПЕРЫЯД

/ 1921 – 1939 гг./

1. Узбуйненне тэрыторыі БССР. Утварэнне СССР.

 

Пасля заканчэння грамадзянскай вайны і абвяшчэння Дэкларацыі аб незалежнасці БССР ад 31 ліпеня 1920 г. у полі зроку кіраўніцтва рэспублікі знаходзіліся пытанні, звязаныя з суверэнітэтам і тэрытарыяльнай цэласнасцю БССР.Нагадаем, што ў пачатку 1921 г. тэрыторыя БССР складалася фактычна з шасці паветаў: Бабруйскага, Барысаўскага, Ігуменскага /з 1923г. Чэрвеньскага/, Мазырскага, Мінскага і Слуцкага. Агульная плошча рэспублікі складала 52,3тыс.км.кв., дзе пражывала прыкладна 1 млн.500 тысяч чалавек.

Такім чынам, дзяржаўнае, нацыянальна – культурнае развіццё БССР стрымлівалася як абмежаванымі матырыяльнымі рэсурсамі малой тэрыторыяй, так і штучным разрывам гаспадарчых і культурных сувязей паміж рэгіёнамі, што складаліся на працягу стагодзяў.

Пасля ўтварэння СССР /30.12.1922г./ VIII з’езд кампартыі Беларусі, а таксама І і ІІ сесія ЦВК БССР (сакавік 1923г.) выказаліся за ўзбуйненне БССР, за кошт далучэння Віцебскай і Гомельскай губерняў і некалькі паветаў Смаленскай губерніі. У выніку гэтага тэрыторыя БССР павялічылася да 110 тыс. км.кв., г.зн. больш чым у два разы, а насельніцтва – да 4,2 млн. чалавек.

У снежні 1926 г. Прэзідыум УЦВК выдаў пастанову аб перадачы БССР Гомельскага і Рэчыцкага паветаў. Тэрыторыя БССР павялічылася да 125,8 тыс.км.кв., а насельніцтва прыкладна да 5 млн. чалавек. З 15 студзеня 1938 г. у рэспубліцы было ўведзена абласное дзяленне: утвораны Віцебская, Гомельская, Магілёўская, Мінская і Палеская вобласці, якія ўключалі 90 раёнаў.

Саветызацыя нацыянальных раёнаў былой Расійскай імперыі, падпарадкаванне іх партыйнаму кантролю цэнтра спрыялі працэсу аб’яднання савецкіх рэспублік.

30 снежня 1922 г. адбыўся І з’езд Саветаў СССР, які зацвердзіў праект Дагавора і Дэкларацыі аб утварэнні СССР у складзе РСФСР, БССР, УССР, ЗСФСР. У выбраны з’ездам ЦВК СССР ад БССР увайшло 7 чалавек. А.Р. Чэрвякоў стаў адным з чатырох старшынь Прэзідыума ЦВК СССР. У кампетэнцыю вышэйшых органаў улады СССР адышлі знешняя палітыка, пытанні вайны і міру, права змянення знешніх граніц і пытанні іх змянення паміж рэспублікамі, узброеныя сілы, транспарт, сувязь, планаванне народнай гаспадаркі, фінансы, вырашэнне спрэчных пытанняў, якія маглі ўзнікнуць паміж рэспублікамі і інш.

Асноўныя палажэнні Дагавора зацвердзіла Канстытуцыя СССР, якая была прынята на ІІ з’ездзе Саветаў СССР 31 студзеня 1924 г. Канстытуцыя давала магчымасць РСФСР мець перавагу ў ЦВК, бо Савет Саюза складаўся з дэпутатаў прапарцыянальна колькасці насельніцтва, а ў РСФСР пражывала ў той час 75% усяго насельніцтва Саюза, і ён быў больш шматлікім, чым Савет нацыянальнасцяў.

Стварэнне СССР выклікала ў многіх народаў краіны надзею на больш справядлівае і дэмакратычнае вырашэнне нацыянальнага пытання. Але, як паказала жыццё, ён не змог вырашыць гэта пытанне ў поўным аб’ёме. Жорсткая цэнтралізацыя ўлады фактычна прывяла да сталінскай “аўтанамізацыі” Савецкіх рэспублік, што не ўмацоўвала, а, наадварот, аслабляла Савецкі Саюз і ў рэшце рэшт прывяла да яго распаду.

Асаблівасцю палітычнага жыцця Беларусі ў 1920-я гг. з’яўлялася тое, што ў рэспубліцы, як і ва ўсім СССР, замацавалася аднапартыйная сістэма – адзін з важнейшых фактараў усталявання дыктатарскага рэжыму. Тэндэнцыя падпарадкавання лініі партыі ўсіх думак і поглядаў прывяла ў 30-я гг. да ўзмацнення партыйнага ўціску ў розных сферах жыцця, да масавых рэпрэсій.

 

2. Гаспадарчае развіццё Беларусі ва ўмовах новай эканамічнай палітыкі / 1921 – 1928 гг./.

На пачатку 1920 –х гг. Савецкая дзяржава апынулася ў крызісным стане. У знешнепалітычным плане ён праявіўся ў палітычнай ізаляцыі. Урады большасці краін адносіліся да Савецкай Расіі варожа. Перспектывы сусветнай сацыялістычнай рэвалюцыі аказаліся маларэальнымі. Ва ўнутрыпалітычным становішчы Савецкай дзяржавы крызіс праявіўся ў страце правячай партыяй даверу ў масах і ўзнікненні супярэчнасцяў паміж радавымі членамі і кіруючымі вярхамі, у сістэме кіравання, бюракратызацыі, адсутнасці дэмакратыі. Кульмінацыяй незадаволенасці палітыкай “ваеннага камунізму”, якая праводзілася Савецкай уладаў у часы грамадзянскай вайны, стала паўстанне кранштадскіх маракоў у лютым – сакавіку 1921г.

Вельмі цяжкім было сацыяльна – эканамічнае становішча ў Беларусі. Яно было выклікана сямігадовымі вынікамі першай сусветнай і грамадзянскай войнаў, германскай і польскай акупацыяй. У 1920 г. агульны аб'ём валавай прадукцыі прамысловасці склаў усяго 15 – 20% даваеннага ўзроўню. У крызісным стане знаходзіўся чыгуначны і водны транспарт. Вялікая шкода была нанесена сельскай гаспадарцы: яе валавая прадукцыя ў 1921 г. складала меньш за палавіну даваеннай. Цяжкія ўмовы жыцця ў гарадах выклікалі забастоўкі рабочых, прымусовыя канфіскацыі збожжа вялі да супраціўлення сялян уладам. Пашыраўся бандытызм, нелегальныя гандлёвыя зносіны з замежжам.

Галоўнай прычынай і асаблівасцю сацыяльна – эканамічнага крызісу ў краіне з’яўлялася тое, што вытворца – селянін не мог больш мірыцца з харчраскладкай і палітыкай “ваеннага камунізму” – гвалтоўнымі метадамі кіравання эканомікай. Тэрміновы перагляд метадаў кіравання грамадствам і гаспадаркай больш чым наспеў..

Адказам на гэтыя пытанні стала новая эканамічная палітыка – НЭП. Пачатак ёй быў пакладзены на Х з’ездзе РКП(б) у сакавіку 1921 г. НЭП – гэта сістэма эканамічных, сацыяльных, палітычных і культурных мер, накіраваных на ўкараненне рыначных адносін ў народнай гаспадарцы.

У сферы прамысловасці Беларусі новая эканамічная палітыка праявілася ў наступным:

1. Скасоўвалася празмерная цэнтралізацыя кіравання. Былі створаны групавыя ўпраўленні, якія падпарадкоўвалася непасрэдна Саўнаргасу БССР. Прамысловасць рэспублікі атрымала магчымасць лепш выкарыстоўваць мясцовую сыравіну і рэсурсы.

2. Усе прамысловыя прадпрыемствы былі падзелены на чатыры групы. У першую групу ўваходзілі найбольш буйныя дзяржаўныя прадпрыемствы, якія павінны былі працаваць на аснове гаспадарчага разліку / за кошт прыбытку пакрываць страты /. Да другой адносіліся тыя прадпрыемствы, якія падлягалі часовай кансервацыі. У трэцяй групе знаходзіліся прадпрыемствы, якія не мелі дзяржаўнага значэння і аддаваліся ў арэнду кааператыўным арганізацыям і прыватным асобам. Да чацвёртай групы належалі прадпрыемствы, якія падлягалі закрыццю, іх рабочыя і служачыя пераводзіліся на функцыяніручыя фабрыкі і заводы.

3. Ліквідавалася ўраўнілаўка ў аплаце працы рабочых, формы аплаты ўлічвалі кваліфікацыю рабочага, колькасць і якасць яго працы. У першыя гады НЭПа практыкавалася натуральная і грашовая аплата працы.

У сферы сельскай гаспадаркі новая эканамічная палітыка праявілася ў наступным:

1. Замест харчраскладкі быў уведзены харчпарадак, які быў у два разы меньш.

2. Свабодны выбар формаў землекарыстання, падтрымка розных форм кааперацыі.

3. Свабоднае распараджэнне сялянамі лішкамі сваёй прадукцыі.

4. Замена натуральнага падатка грашовым / з 1.1.1924 г./.

5. Дазвол арэнды зямлі і найму рабочай сілы.

Было дазволена прадпрымальніцтва. Развіваліся ўсе формы гандлю – дзяржаўны, кааператыўны і прыватны /знешні гандаль заставаўся дзяржаўнай манаполіяй/.

У 1922 – 1924 гг. была праведзена грашовая рэформа, што прывяло да фінансавай стабілізацыі ў краіне.

НЭП дазволіў спалучаць дзяржаўныя і асабістыя інтарэсы. Дзякуючы гэтай палітыцы была паспяхова адноўлена сельская гаспадарка рэспублікі, атрымала стымул для развіцця прамысловасць, панізіўся ўзровень беспрацоўя.Безумоўна, НЭП стымуляваў сацыяльнае расслаенне грамадства, у чым кіраўніцтва бальшавіцкай партыі бачылі пагрозу ажыццяўленню сваіх праграмных мэт. У канцы 1920-х гг. НЭП згортваецца.

 

3. Эканамічнае і сацыяльнае развіццё Беларусі ў гады першых пяцігодак.

Першы пяцігадовы план развіцця народнай гаспадаркі і культуры БССР, які быў распрацаваны на аснове агульнасаюзнага плана на 1928 – 1932 гг., зацвердзіў ІХ Усебеларускі з’езд Саветаў у маі 1929 г. Галоўная задача плана фармулявалася як фарсіраваны тэмп індустрыялізацыі БССР, павышэнне ўдзельнай вагі прамысловасці ў народнай гаспадарцы і на гэтай аснове ліквідаванне эканамічнай і культурнай адсталасці рэспублікі, рэканструяванне сельскай гаспадаркі, выцясненне капіталістычных элементаў у горадзе і вёсцы.

Агульны аб’ём капіталаўкладанняў у прамысловасць рэспублікі за пяцігодку склаў 243 млн.руб. і перавысіў укладанні папярэдніх 10 гадоў больш чым у 5,3 раза. Асаблівая ўвага ўдзелялася развіццю такіх галін прамысловасці, як дрэваапрацоўчая, запалкавая, папяровая, харчовая, льняная і швейная. Адначасова выдзяляліся значныя сродкі на машынабудаванне для патрэб сельскай гаспадаркі і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў. Гэтыя напрамкі ў індустрыялізацыі Беларусі будуць вызначальнымі і ў гады другой пяцігодкі (1933 – 1937 гг.).

Ужо ў першай пяцігодцы былі пабудаваны швейная фабрыка “Стяг індустрыялізацы” і панчошна – трыкатажная фабрыка “КІМ” у Віцебску, першая чарга фабрыкі штучнага валакна і трубаліцейны завод у Магілёве, Бабруйскі, Барысаўскі і Гомельскі дрэваапрацоўчыя камбінаты, буйнейшая ў рэспубліцы ГРЭС і г.д. Толькі за першую пяцігодку аб’ём прамысловай прадукцыі павялічыўся ў 3,8 раза. Калі ў 1928 г. удзельная вага прамысловай прадукцыі ў валавай прадукцыі народнай гаспадаркі складала 41,3%, дык у 1932 г. яна дасцягнула 67%.

У гады другой пяцігодкі ў рэспубліцы былі ўведзены ў эксплуатацыю такія буйныя прадпрыемствы, як Гомельскі шклозавод, Крычаўскі цэментны завод, Аршанскі льнокамбінат, Магілёўскі аўтарамонтны завод, ацэтонны завод у Быхаве, шэраг электрастанцый. Усяго за другую пяцігодку было пабудавана 1700 прадпрыемстваў, каля 90 прадпрыемстваў карэнным чынам рэканструяваны.

Інтэнсіўна развіваўся транспарт рэспублікі. Асноўную нагрузку нёс чыгуначны транспарт. Эксплуатацыйная даўжыня чыгуначных дарог агульнага карыстання ў 1940 г. склала 5,74 тыс.км. і павялічылася ў параўненні з 1913 г. на 1,93 тыс.км. У гады першай пяцігодкі на Беларусі зарадзіўся аўтамабільны транспарт. Развіваўся і рачны транспарт, а таксама сувязь. З 1935 г. стала дзейнічаць першая ў рэспубліцы авіялінія Мінск – Масква.

Для паспяховага правядзення індустрыялізацыі ў рэспубліцы важнае значэнне мелі эканамічныя сувязі з рознымі рэспублікамі СССР. Так, метал ў Беларусь паступаў з Украіны і Урала, машыны і абсталяванне, хімічныя прадукты – з цэнтральных раёнаў РСФСР і Украіны, нафта і нафтапрадукты – з Азербайджана і г.д. Амаль 900 рабочых і спецыялістаў з РСФСР і Украіны прымалі ўдзел у будаўніцтве Беларускай ДРЭС. Праектаваннем “Гомсельмаша” займаліся ленінградскае і маскоўскае аддзяленні “Гіпраммаша” і г.д.

Напярэдні Вялікай Айчыннай вайны 80% усей прадукцыі народнай гаспадаркі БССР прыходзілася на долю прамысловасці. На долю БССР прыходзілася 33,8% усей вырабляемай у СССР фанеры, 27% - запалак, 30% - штучнай аліфы, 25% - драджэй, 11% - маргарына, звыш 10% - металарэзных станкоў і г.д.

У выніку ажыццяўлення індустрыялізацыі ў 20 – 30 – я гг. СССР, у тым ліку і БССР, ператварыліся з аграрнай дзяржавы ў індустрыяльна – аграрную.

Дзякуючы індустрыялізацыі было ліквідавана беспрацоўе, выраслі новыя гарады, была створана база для падрыхтоўкі тэхнічных кадраў.

Велізарнае значэнне ў жыцці нашага грамадства, 4/5 насельніцтва якога на мяжы 20-30гг. складала сялянства, мела радыкальнае пераўтварэнне сельскай гаспадаркі. Перанасельнасць беларускай вёскі, хранічнае малазямелле сялян патрабавалі пошукаў больш інтэнсіўнага выкарыстання зямельных угодзяў. У гады НЭПа былі апрабаваны розны формы калектыўных гаспадарак, значная работа была праведзена і па стварэнню фермерскіх гаспадарак (хутарызацыя). ХV з’езд ВКП(б) (снежань 1927г.) вызначыў курс на калектывізацыю сельскай гаспадаркі.

Калектывізацыя сельскай гаспадаркі – палітыка бальшавіцкай партыі і Савецкай дзяржавы, якая была накіравана на аб’яднаее сялянскіх гаспадарак у буйныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, выкарыстанне на вёсцы дасягненняў навукі і тэхнікі, павышэнне прадукцыйнасці працы і эфектыўнасці аграрнага сектара эканомікі, забяспячэнне насельніцтва прадуктамі харчавання, а прамысловасці – сельскагаспадарчай сыравінай.

З пачатку 1930 г. пачынаецца найбольш гвалтоўнае стварэнне калектыўных гаспадарак. Так, толькі за студзень – сакавік у Беларусі ў калгасы пазаганялі больш як 430 тыс. сялянскіх гаспадарак, і працэнт калектывізацыі падскочыў амаль у 10 разоў. Тых, хто сумняваўся ў мэтазгоднасці суцэльнай калектывізацыі (нават беднякоў і сярэднякоў), абвяшчалі класавымі ворагамі, агентамі кулацтва, падкулачнікамі: іх арыштоўвалі, пазбаўлялі права голасу і нават высылалі. Акты тэрору супраць партыйных і савецкіх работнікаў набылі масавы характар. Многія вяскоўцы, перад тым як уступіць у калгас, забівалі сваю жывёлу, знішчалі насенне, кармы і г.д.

Важным накірункам калектывізацыі стала стварэнне машынна – трактарных станцый (МТС). Першая ў Беларусі МТС была створана ў канцы 1929 г. у Койданаве (цяпер г. Дзяржынск). У канцы першай пяцігодкі ў рэспубліцы налічвалася 57 МТС, якія мелі 1469 трактароў. Яны абслугоўвалі 33,1% усіх калгасных гаспадарак. МТС рабілі калгасы поўнасцю залежнымі ад дзяржавы. З пачатку 1933 г. улада ў вёсцы фактычна перайшла да надзвычайных органаў – палітаддзелаў МТС.

У гады другой пяцігодкі калектывізацыя ў Беларусі фактычна завяршылася. У калгасы было аб’яднана 87,5% сялянскіх двароў і абагулена 96% пасяўных плошчаў. На калгасных палях працавала больш за 8 тыс. трактароў, 600 зернеўборачных камбайнаў, іншая сельскагаспадарчая тэхніка. Але вытворчыя паказчыкі пад канец 30-х гг. заставаліся на ўзроўні дакалгаснай вёскі. Ураджайнасць збожжавых культур у 1940 г. склала 7 ц.з 1 га., а надой на адну карову – 834 л. малака. Калгаснікі заставаліся самай нізкай па аплаце катэгорыяй насельніцтва. З калгаснай вёскі ішла пастаянная мабілізацыя чалавечых і матэрыяльных рэсурсаў на розныя дзяржаўныя патрэты, асабліва на патрэбы індустрыялізацыі краіны.

Калектывізацыя сельскай гаспадаркі ў стратэгічным плане адпавядала ў асноўным патрабаванням тэхнічнай рэвалюцыі і адлюстроўвала тэндэнцыі сусветнага развіцця. Аднак метады ажыццяўлення калектывізацыі не адпавядалі ні прынцыпам новага ладу жыцця, ні мэтам рэвалюцыі, якая абвяшчала сябе народнай. Яны парадзілі складаныя праблемы і хваробы, ад якіх пакутавала калектывізаваная сельская гаспадарка рэспублікі на працягу ўсіх 1930-х гг. і ў пасляваенныя гады. Многія цяперашнія праблемы беларускай вёскі нясуць адбітак палітыкі і практыкі тых часоў.

 

4. Нацыянальна-культурнае будаўніцтва. Палітычныя рэпрэсіі 1930-х гг.

Нацыянальная палітыка ва ўмовах Савецкай улады распрацоўвалася ў вышэйшых органах РКП/б/ і праводзілася з улікам асаблівасцей таго ці іншага рэгіёна. На месцах яна атрымала назвы – беларусізацыя, украінізацыя, татарызацыя і г. д. Яна фармулявалася пад уздзеяннем ідэй і практыкі нацыянальнага руху.

Палітыка нацыянальна-культурнага будаўніцтва на Беларусі мела вытокі ў беларускім нацыянальна-вызваленчым руху, у ідэях беларускага нацыянальнага адраджэння. У час рэвалюцыі і грамадзянскай вайны ў КП(б)Б улілося шмат дзеячоў нацыянальна-вызваленчага руху. Многія з іх увайшлі ў склад вышейшых партыйных і савецкіх органаў. Сярод іх А.Чарвякоў – старшыня ЦВК і СНК БССР, З.Х.Жылуновіч – рэдактар газеты “Савецкая Беларусь”, У.М.Ігнатоўскі – нарком асветы, А.Л.Бурбіс – намеснік наркома замежных спраў, А.В.Баліцкі – намеснік наркома асветы, а з 1926г. – нарком асветы БССР і г. д.

Афіцыйна аб пераходзе да беларусізацыі аб’явіла другая сесія ЦВК БССР (ліпень 1924г.), прыняўшы пастанову “Аб практычных мерапрыемствах па правядзенню нацыянальнай палітыкі”.

У шырокім сэнсе пад беларусізацыяй разумелася развіццё беларускай культуры, вылученне беларусаў на партыйую, савецкую, прафсаюзную і грамадскую працу, перавод справаводства дзяржаўнага, партыйнага,прафесійнага і каператыўнага апаратаў на беларускую мову.

Центральнае месца ў мерапрыемствах у беларусізацыі адводзілася праблеме мовы. І гэта была правільная пазіцыя ЦВК БССР, бо ў рэспубліцы, дзе карэннае насельніцтва складала 80%, яго мова выконвала вельмі мізерны аб’ем сацыяльных функцый. Пераважала, як і ў дарэвалюцыйны час, руская мова. Пры гэтым афіцыйна было заяўлена, што на тэрыторыі БССР прызнаюцца раўнапраўнымі мовы беларуская, руская, яўрэйская і польская. Але “з прычыны значнай перавагі у БССР насельніцтва беларускай нацыянальнасці, - гаварылася ў вышэй прыгаданай пастанове, - беларуская мова выбіраецца як мова пераважная для зносін паміж дзяржаўнымі, прафесійнымі і грамадскімі ўстановамі і арганізацыямі”. Мовай зносін органаў БССР з органамі СССР і саюзных рэспублік прызнавалася руская мова.

Найбольш паспяхова прыходзіла беларусізацыя навучальных устаноў. Каля 80% агульнаадукацыйных школ было пераведзена на беларускую мову навучання. Хутка павялічыўся лік асоб, якія былі ў стане весці сваю работу на беларускай мове. Так, калі ў 1925г. у рэспубліканскіх установах толькі 22% агульнай колькасці супрацоўнікаў валодала беларускай мовай, а ў акруговых і раённых – 36%, дык у 1927г. – адпаведна 80% і 70%. У адміністрацыйных органах на пачатак 1929г. доля беларусаў дасягнула 51,3%, гаспадарчых – 30,8%, судовых – 26,3%, зямельных – 59,5%. У часцях Чырвонай Арміі была сфарміравана 2-я тэрытарыяльная дывізія, створана Аб’яднаная беларуская вайсковая школа. У іншых вайсковых часцях беларускай Ваеннай Акругі вывучаліся беларуская мова, гісторыя і эканоміка рэспублікі, асаблівасці быту яе насельніцтва.У 1926-1927 навучальным годзе з 14 педагагічных тэхнікумаў на беларускай мове працавалі 10. Цалкам вялося выкладанне прадметаў на беларускай мове ў Магілёўскай саўпартшколе першай ступені і такой жа школе другой ступені ў Віцебску.

У 1927г. 11 рэспубліканскіх газет 3 выходзілі на беларускай мове, 4 – на рускай, па адной на яўрэйскай і па адной на польскай мовах; з 11 часопісаў на беларускай мове выдаваліся 4, беларускай і рускай – 2, рускай – 3, яўрэйскай – 2.

Высокую актыўнасць у правядзенні беларусізацыі, стварэнні мастацкіх твораў на беларускай і іншых мовах, распаўсюджаных на тэрыторыі Беларусі, праяўлялі члены літаратурна – вытворчых аб’яднанняў (“Маладняк”, “Узвышша”, “Полымя”). Маладые пісьменнікі У.Дубоўка, М.Чарот, П.Галавач, К.Чорны, М.Лынькоў і іншыя разам з народнымі пісьменнікамі Я.Купалам і Я.Коласам уносілі вялікі ўклад у рэалізацыю праграмы беларусізацыі, у развіццё беларускай літаратурнай мовы.

Аднак у канцы 20-х гг. у нацыянальнай палітыцы вызначаліся тэтдэнцыі да згортавання беларусізацыі. Аб гэтым сведчыла распачатая кампанія па разгрому так званага “нацыянал – дэмакратызму”. Пад ім разумелася так званая правая небяспека ў культурным будаўніцтве, тэндэнцыя ставіць нацыянальныя інтарэсы вышэй класавых. Нацыянал – дэмакратызм пачалі параўноўваць з нацыянал – фашызмам. Сацыяльнай асновай “нацдэмаўшчыны” было аб’яўлена кулацтва. Такі круты паварот у беларусізацыі ў 1930-я гг. фактычна прывёў яе амаль да поўнага згортвання.

Галоўны водападзел у кіруючых эшалонах партыйнага і дзяржаўнага кіраўніцтва Беларусі 1920-1930-я гг. праходзіў паміж нацыяльна – арыетаваным крылом і дэнацыяналізаванай часткай, якая складала асабліва ў партыйным кіраўніцтве, пераважную большасць. Апошняя з наступальных звышінтэрнацыяналісцкіх пазіцый, абвінавачвала меньшасць спачатку ў нацыянальных захапленнях, потым у нацыянал – ухілізме і наогул, што яны з’яўляюцца “ворагамі народа”. Нацыянальна арыентаваныя беларусы – камуністы, кіруючыся Дэкларацыяй і Дагаворам аб утварэнні СССР, пад якім стаіць і подпіс А.Р.Чарвякова, былі прыхільнікамі дабраахвотнага аб’яднання нацыянальных суверэнных рэспублік у СССР, метадаў будаўніцтва сацыялізму, якія б адпавядалі прынцыпам гуманнсці і чалавечай годнасці. Дэнацыяналізаваная ж частка арыентавалася на унітарны падыход да будаўніцтва СССР, дзяржаўную форму сацыялізму, камандна – сілавыя метады кіравання грамадствам. Яна імгненна вітала “крутыя павароты ва ўсёй палітыцы і практыцы”, якія прапаноўваліся правадыром І.В.Сталіным, усяляк імкнулася дэманстраваць адданасць яму, услаўляючы яго "мудрасць і прадбачлівасць" перспектыў у перабудове грамадства на сацыялістычных асновах.

Палітычныя рэпрэсіі па абвінавачванню у т.зв. нацыянал – дэмакратызме, якія пачаліся з канца 1920-х гг., выліліся ў расправу над прадстаўнікамі беларускай навукі, літаратуры, мастацтва, работнікамі шэрагу наркаматаў рэспублікі. Больш паловы свайго складу у 30-я гг. пазбавіўся ў выніку рэпрэсій Саюз пісьменнікаў Беларусі. Практычна поўнасцю ў 30-я гг. была разгромлена Акадэмія навук БССР: рэпрэсавана 26 акадэмікаў і 6 членаў – карэспандэнтаў Акадэміі.

Усяго ахвярамі палітычных рэпрэсій з 1917 да пачатку 1950-х гг. сталі каля 600 тыс. грамадзян Беларусі. Толькі у 1935-1940гг. былі растрэляны больш за 28 тыс. нашых суайчыннікаў. На пачатак 2001г. у Рэспубліцы Беларусь было рэабілітавана звыш 200 тыс. неабгрунтавана рэпрэсіраваных грамадзян. Сярод іх А.А.Галадзед, З.Х.Жылуновіч (Ц.Гартны), У.М.Ігнатоўскі, А.Р.Чарвякоў і іншыя сапраўдныя патрыёты сваёй Айчыны.