Новая беларуская гістарыяграфія

Значнай з'явай ў беларускай гістарыяграфіі праблемы паходжання ВКЛ сталі канцэпцыі што пазначыліся ў апублікаваных у канцы 1980-х працах беларускага публіцыста Міколы Ермаловіча. Гэтая канцэпцыя, заснаваная на тапанімічных і некаторых летапісных сведчаннях, сцвярджае, што першапачаткова Літва знаходзілася на землях Беларусі — паміж гарадамі Мінск, Маладзечна, Слонім, Ваўкавыск.[2] Канцэпцыя не з'яўляецца новай, а толькі абагульняе некаторыя працы часу беларускага адраджэння (1910-1920-я) і эміграцыі. Між тым, гэтая канцэпцыя не ўлічвае ўсёй сукупнасці крыніц і навуковых звестак літоўскай, польскай і расійскай гістарыяграфіі, не прызнаецца навукоўцамі-гісторыкамі за навуковую, а больш за рамантычную, хоць яны раз-пораз і спасылаюцца на яе ў сваіх працах.

Умовы утварэння Вялікага княства літоўскага

Вялікае княства літоўскае ўтваралася ў 30-я - 40-я гады XIII стагодззя, а па думцы Насевіча В. В. непасрэдна пасля мангола-татарскай навалы[3], у вельмі складаных палітычных умовах. На ўсходзе мангола-татары рабуюць рускія княствы, пашыраючы сваю імперыю, на захадзе Тэўтонскі ордзен у саюзе з Польскім каралеўствам, на падставе распаўсюджвання каталіцкага хрысціянства паступова захопліваюць землі балтскіх плямёнаў, прусаў, ятвягаў, куршаў і жамойтаў.

Прычыны ўтварэння ВКЛ

  • Знешнепалітычныя прычыны былі звязаны з неабходнасцю арганізацыі абароны супраць рыцараў-крыжакоў і ардынцаў.
  • Унутрыпалітычныя прычыны вынікалі з неабходнасці пераадолець феадальную раздробленасць.
  • Эканамічныя прычыны звязаны з аддзяленнем рамяства ад сельскай гаспадаркі і развіццём гандлёвых адносін паміж рознымі тэрыторыямі, што садзейнічала іх аб'яднанню.