Беларуская літаратура перыяду 1966—1985 гг.

Пашырэнне сферы мастацкага даследавання рэчаіснасці. Жанра­выя і тэматычныя пошукі літаратуры, паглыбленне яе чалавеказнаўчага і гуманістычнага зместу. Узмацненне аналітызму ў даследаванні мінула­га і сучаснасці.

Іван Шамякін. Жыццёвы і творчы шлях пісьменніка. Аповесць «Непаўторная вясна» або аповесць «Гандлярка і паэт» (на выбар абітурыента); раман «Сэрца на далоні».

Адлюстраванне даваеннага жыцця моладзі ў аповесці «Непаўтор­ная вясна». Духоўны свет Пятра і Сашы, іх узаемаадносіны. Паэзія

 

кахання і прыгожых чалавечых пачуццяў. Эмацыянальна-псіхалагічная змястоўнасць твора.

Тэма трагічнага лёсу жанчыны на вайне ў аповесці «Гандлярка і паэт». Вобраз Вольгі Ляновіч, каханне ў лёсе гераіні. Вобраз Алеся Шпака, яго роля ў духоўным узвышэнні Вольгі Ляновіч. Праблема маральнага выбару ў творы. Майстэрства пісьменніка ў стварэнні сюжэ­та, псіхалагічнай абмалёўцы характараў.

Праблематыка рамана «Сэрца на далоні». Вастрыня канфлікту. Маральна-этычная сутнасць аўтарскай пазіцыі. Рэтраспектыўны зварот да падзей вайны. Роля кар’ерыста Гукана, які хавае праўду пра актыў­ную падпольную дзейнасць доктара Савіча. Прынцыповасць і рашу­часць Кірылы Шыковіча ў выкрыцці Гукана. Партызанскае мінулае Яраша. Вобраз Зосі Савіч, яе жыццёвы лёс. Маладое пакаленне ў рама­не. Сімволіка назвы твора.

Васіль Быкаў. Жыццёвы і творчы шлях пісьменніка. Прабле­матыка аповесці «Сотнікаў». Вобразы Сотнікава і Рыбака ў творы, іх глыбокі псіхалагізм. Персанажы другога плана ў аповесці (стараста, Дзёмчыха, Бася), іх мужнасць. Выкрыццё паліцаяў — прыслужнікаў немцаў — у творы (Партноў, Стась Гаманюк, Будзіла). Мастацкая дасканаласць твора.

Актуальнасць маральна-філасофскай праблематыкі аповесці «Знак бяды». Маштабнасць характараў галоўных герояў — Петрака і Сцепаніды. Зварот аўтара да эпізодаў даваеннага жыцця з мэтай больш глыбокага раскрыцця характараў. Выкрыццё жорсткасці, бесчалавеч­насці фашызму. Паказ прыслужнікаў акупацыйнага рэжыму. Мастацкая сімволіка твора.

Значэнне творчасці В. Быкава для развіцця беларускай літаратуры.

Міхась Стральцоў. Эцюды-ўспаміны пра маладосць, каханне, жыццёвыя праблемы і клопаты ў апавяданні «Сена на асфальце». Вобраз аўтара-апавядальніка. Адметнасць кампазіцыі.

Гора і нястачы, прынесеныя ў сялянскую сям’ю вайной, якую кожны з сямейнікаў перажывае па-свойму, у апавяданні «На чацвёртым годзе вайны». Вобразы старой маці, нявесткі Марусі і яе маленькага сына. Заўчаснае сталенне хлопчыка, яго рашучае жаданне дапамагчы маці і бабулі, узяць на сябе адказнасць за лёс сям’і. Глыбокі псіхалагізм у паказе характараў.

Ніл Гілевіч. Вершы «Ах, якая над Гайнай купальская ноч!..», «Святочны, старажытны дух калядны...», «Паклон табе, мой беларускі краю!..» (2—3 вершы на выбар); раман у вершах «Родныя дзеці» (ва ўрыўках).

Шырокі тэматычны змест паэзіі. Любоў да Бацькаўшчыны, клопат пра яе лёс, шанаванне роднай мовы, захаванне культурнай спадчыны. Глыбокі лірызм, песеннасць вершаў, фальклорныя матывы ў творчасці паэта. «Родныя дзеці» як узор рамана ў вершах.

Іван Чыгрынаў. Памяць мінулай вайны і лёс старога лесніка Дземідзёнка ў апавяданні «Дзівак з Ганчарнай вуліцы». Зварот да традыцыйных каштоўнасцей, гармонія чалавека з прыродай, людзьмі, самім сабой. Вобраз аўтара-апавядальніка.

Новыя падыходы да асэнсавання тэмы вайны ў апавяданні «У ці­хім тумане». Узаемаадносіны былых ахвяр і здраднікаў Радзімы. Пра­блема віны і даравання. Вобразы Рэйдзіхі і Ганны. Гуманістычны пафас апавядання.

Іван Навуменка. Паказ лёсу моладзі ў гады вайны з фашызмам у апавяданні «Сямнаццатай вясной». Раскрыццё ў творы характараў Цімоха, Стасі і іншых герояў. Сімвалічнасць вобраза бэзу.

Жорсткая праўда жыцця ў апавяданні «Хлопцы самай вялікай вай­ны». Унутраная самаацэнка юнакоў; жаночы, мацярынскі погляд на рэальнасці вайны. Шматгранны партрэт пакалення. Роля мастацкай дэ­талі ў творы.

Рыгор Барадулін. Вершы «Неруш», «Яна адна, зямля вякоў…», «Заспаная раніца мжыстая…», «Пакуль жывеш, развітвайся з жыц­цём...», «Божа, паспагадай усім...», «Трэба дома бываць часцей» (2—3 вершы на выбар). Народнасць і самабытнасць паэзіі Р. Барадуліна. Сувязь яго творчасці з традыцыямі фальклору, міфалогіі, класічнай літаратуры. Свет Радзімы-Беларусі ў яго паэзіі, выяўленне пачуцця любові да зямлі бацькоў. Услаўленне роднага слова як духоўнай святыні. Асаблівасці паэтычнага майстэрства Р. Барадуліна.

Яўгенія Янішчыц. Вершы «Чаму ніколі не баюся я…», «Не воблака, а проста аблачынка…», «Помню, помню праз гады…», «Любоў мая…» (2—3 вершы на выбар). Малая радзіма, казачная палеская пры­рода, вясковы і гарадскі побыт, пададзеныя ў светлых колерах у лірыцы. Спроба паяднаць традыцыйны верш і рытмізаваную прозу ў творах. Тэматычная палітра паэзіі Я. Янішчыц.

Аляксей Дудараў. П’еса «Князь Вітаўт».

Наватарскі падыход драматурга да ўвасаблення далёкага мінулага ў п’есе «Князь Вітаўт». Жанравая адметнасць твора, асаблівасці яго кампазіцыі. Вітаўт і Ягайла як вобразы-тыпы. Ахвярнасць, вернасць (пакаёўка Алёна) і здрада, халодны разлік, угодлівасць (стражнік Люцень). Праблема асабістага шчасця ў п’есе. Сцвярджэнне ў творы галоўных каштоўнасцей на зямлі: любові, еднасці, згоды і міру.