Пытанне 38. Фарміраванне беларускай нацыі (19- пач. 20 ст.)

Пасля далучэння беларускіх зямель царскія ўлады, імкнучыся інтэграваць у сваю дзяржаўную структуру новыя тэрыторыі, праводзілі адпаведную палітыку. Значны ўплыў на развіццё бел. культуры ў гэты час аказвае спачатку пераважна польская, а пазней, асабліва ў 1860-х гг. - руская культура, назіраецца цесная сувязь з культурамі ўкраінскага, літоўскага, яўрэйскага і іншых народаў. Культура беларускіх зямель сутыкаецца з жорсткім прыгнётам з боку царскай улады, якая імкнецца даказаць, што Беларусь з’яўляецца заходняй часткай Расійскай імперыі, а яе насельніцтва не мае сваёй этнічнай асаблівасці (ідэалогія “заходнерусізму”).

Тым не менш менавіта ў гэты час беларускі этнас фарміруецца як нацыя. Нацыяй называецца ўстойлівая этнасацыяльная супольнасць людзей, якая, у адрозненне ад народнасці, характарызуецца не толькі агульнымі тэрыторыяй, мовай, культурай, але таксама цеснымі эканамічнымі, сацыяльна-палітычнымі і культурнымі сувязямі паміж рэгіёнамі, больш высокім узроўнем этнічнай самасвядомасці. Нацянальная самасвядомасць – сукупнасць ідэй, уяўленняў, перакананняў, вераванняў, у якіх народ асэнсоўвае сябе як нацыянальную супольнасць і гістарычныя карані свайго паходжання.

Фарміраванне беларускай нацыі ішло ва ўмовах развіцця капіталістычных адносін і ўнутранага рынку, росту гарадоў і гарадскога насельніцтва. Паступова фарміруюцца новыя класы наёмных рабочых (шматнацыянальны) і буржуазіі (пераважна небеларускага паходжання).

Насельніцтва Беларусі па даных перапісу 1897 г. налічвала 6,7 млн. чалавек. Па нацыянальным складзе больш за 60% насельніцтва Беларусі з’яўляліся беларусамі, каля 15% - яўрэямі, 6% - рускімі, каля 5% - палякамі, каля 5% - украінцамі.

У канцы ХІХ ст. 90 % этнічных беларусаў пражывала ў сельскай мясцовасці; працэс кансалідацыі таксама стрымлівала слабасць нацыянальнай буржуазіі. Па канфесійным складзе сярод насельніцтва пераважалі праваслаўныя, якія складалі каля 2/3.

З пач. ХІХ ст. ўсе тэрыторыі з пераважнай доляй пражывання беларускага насельніцтва ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі. Тое, што беларусы не мелі сваёй дзяржаўнасці, а таксама ідэалагічная палітыка непрызнання адметнасці беларускага народа, перашкоды ва ўжыванні беларускай мовы замаруджвалі этнаўтваральныя працэсы. Канчатковае замацаванне тэрміну “Беларусь”, “беларусы” за ўсёй этнічнай тэрыторыяй Беларусі адбываецца ў др.п. ХІХ ст. ў сувязі з развіццём беларусазнаўства, якое садзейнічала ўмацаванню нацыянальнай самасвядомасці. У некаторых мясцовасцях існавалі рэгіянальныя назвы, якія адносіліся да значных тэрыторый: “палешукі” – для ўсяго Палесся, “пінчукі”, “брашчане” – для асобных яго частак. Частка насельніцтва Беларусі называла сябе тутэйшымі.

Але на пач. ХХ ст. працэс фарміравання беларускай нацыі яшчэ не быў завершаны.