Пытанне 20. Казацка-сялянская вайна 1648-1651 гг.

Распачатае ў 1648 г. на Украіне казацкае паўстанне на чале з гетманам Б.Хмяльніцкім хутка вылілася ў вялікую вызваленчую вайну. Ва ўкраінскага гетмана і казацкай старшыны падчас гэтай барацьбы з'явіўся план стварэння сваёй дзяржавы (Рускай, незалежнай ад РП), у межы якой яны хацелі ўключыць і землі паўднёва-ўсходняй Беларусі, прынамсі Падняпроўе і Палессе. Яшчэ ў маі 1648 г. Б. Хмяльніцкі пачаў засылаць у гэтыя раёны сваіх агітатараў, а затым і казацкія загоны, якія распачыналі ваенныя дзеянні. Універсалы, якія ўкраінскі гетман высылаў аж да Барысава, Быхава і Магілёва, заклікалі сялян узбройвацца ды пачынаць вайну супраць паноў. Сацыяльная глеба для паўстання ў Беларусі была вельмі прыдатная, таму казацкі рух хутка перакінуўся і сюды. Народныя нізы на поўдні і ўсходзе Беларусі актыўна ўключыліся ў барацьбу, якая мела ярка выражаны сацыяльны і ў пэўнай ступені рэлігійны характар.

Да восені 1648 жыхары Гомеля, Лоева, Рэчыцы і Турава "ўсе паказачыліся". Казакі авалодалі таксама Чачэрскам, Бабруйскам, Пінскам і інш. гарадамі.

3 боку дзяржавы доўгі час не праводзілася ніякіх ваенных акцый супраць паўстанцаў. Ян Кішка, вялікі гетман, разгубіўся і нават не сабраў войска. Да восені 1648 г. у руках паўстанцаў апынуліся амаль усе галоўныя гарады паўд.-ўсх. Беларусі. Толькі ўвосень 1648 г. на барацьбу з паўстанцамі ўрад накіраваў некалькі фарміраванняў шляхты і наёмных жаўнераў. Хоць у сутычках каля Рэчыцы і Рагачова казакі і сяляне разбілі іх, прымусіўшы адступіць, у кастр. таго ж года значныя сілы шляхецкага войска, якімі кіраваў стражнік Мірскі, пасля ўпартай барацьбы авалодалі Пінскам. Затым шляхецкае войска авалодала Чэрыкавам, а ў студз. 1649 г., калі на поўдні Беларусі з 10-тыс. войскам з'явіўся гетман Я.Радзівіл, пачалася буйная кампанія па ўдушэнні паўстання.

Гетман рушыў уздоўж Беларускага Палесся, ад Бярэсця на Тураў, Мазыр і далей. Хутка захапіўшы Тураў, Мазыр, Бабруйск.

Вясной 1649 г., пасля таго як ад гетмана Хмяльніцкага прыйшоў 3-тысячны казацкі загон палкоўніка Галоты, вызваленчы рух на поўдні Беларусі ўзнавіўся. Дзякуючы далучэнню мясцовага сялянства сілы Галоты неўзабаве павялічыліся да 30 тыс. чалавек. Хмяльніцкі прыслаў на Беларусь яшчэ 6 тыс. казакоў на чале з Гаркушам і Пабадайлам, да якіх пазней быў накіраваны і загон палкоўніка Міхаіла Крычэўскага. Разам з мясцовым сялянствам, якое прыстала да казакоў, сілы палкоўніка М.Крычэўскага дасягалі прыкладна 30 тыс. Каб не даць ім злучыцца з фарміраваннямі Пабадайлы, што стаялі ўмацаваным лагерам каля Лоева, паміж Дняпром і Сожам, Я. Радзівіл атакаваў непрыяцеля і ў бітве 21 чэрв. 1649 г. разграміў моцнае злучэнне Крычэўскага.

Апошнім значным подыхам казацка-сялянскай вайны стала ажыўленне хваляванняў у тым жа рэгіёне ў 1650 і летам 1651 гг, але яно зноў было хутка падаўлена Я. Радзівілам. Летам 1651 г. Хмяльніцкі накіраваў пад Гомель полк Забелы, а да Крычава - полк Шохава, што ажывіла выступленні мясцовай беднаты. Аднак ні Гомель, ні Крычаў казакі не захапілі. У ліпені 1651 г. гетман рушыў на Украіну.

Паражэнне Б.Хмяльніцкага ад польскай арміі пад Берасцечкам карэнным чынам змяніла сітуацыю. Паводле Белацаркоўскага мірнага дагавора ад 18 верасня 1651 г. казацкія загоны больш не маглі знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі і адводзіліся на Украіну.Так былі канчаткова ліквідаваны народныя хваляванні ў беларускім краі.

У выніку ваенных дзеянняў вялізныя абшары паўднёва-ўсходняй Беларусі былі спустошаны і выпалены. Асабліва пацярпелі Мазырскі, Пінскі, Рэчыцкі паветы, a таксама Берасцейшчына. Антыфеадальная па сваёй сутнасці казацка-сялянская вайна 1648 - 1651 гт. у Беларусі з'яўлялася складовай часткай вялікай вызваленчай вайны на Украіне.