Кірмаш і яго асаблівасці

КІРМАШ – святочна абстаўлены расшыраны гандаль, што адбываўся перыядычна ў пэўнай мясцовасці. Прымяркоўваўся да пэўнага прастольнага або храмавага свята (фэсту), ад якога часта атрымліваў назву (троіцкі, ільінскі, спасаўскі, пакроўскі і інш.).

 


Кірмашы ўзніклі ў перыяд ранняга сярэднявечча. Арганізатарамі нярэдка выступалі манастыры, апекунамі — вялікія князі ці мясцовыя магнаты. Звычайна кірмашы збіраліся ў мясцовасцях, надзейна гарантаваных ад грабяжу і сваявольства мясцовых паноў і не абцяжараных мытамі і грашовымі паборамі. Дазвол на правядзенне кірмашу быў адным з важных феадальных прывілеяў. Істотная роля кірмашоў ў грамадскім і эканамічным жыцці краю абумовіла сістэму абавязковых норм і рэгламентацый, што з цягам часу склаліся ў кірмашовае права. Кірмашы пакінулі прыкметныя сляды ў народнай мове і фальклоры. Яны ўцягвалі ў культурна-эканамічны працэс вялізную масу насельніцтва. Ha кірмашы з'язджаліся сяляне з навакольных вёсак, прывозілі на продаж сельскагаспадарчыя прадукты і саматужныя вырабы. На буйныя (рэгіянальныя) кірмашы прыязджалі гандляры і купцы з іншых беларускіх гарадоў і іншаземныя госці. Яснавяльможныя паны з'язджаліся сюды разам з прыслугай на свае саслоўныя з'езды — асамблеі, бавілі вольны час у банкетах і забавах; тут яны выбіралі прадвадзіцеляў, ці маршалкаў, заключалі розныя кантракты, наймалі адміністратараў маёнткаў, аканомаў, пісараў. Дробнапамесная і беззямельная шляхта шукала тут сваіх сеньёраў, прапаноўвала паслугі (і сваю шпагу) буйным магнатам. Так званыя падпанкі заключалі ці ўзнаўлялі дагаворы на арэнду фальваркаў, лясоў, млыноў. Ha кірмашах падпісваліся кантракты на продаж нерухомай маёмасці. Многія прыязджалі сюды, каб сустрэцца з крэдыторамі, расплаціцца з даўгамі ці атрымаць грашовую пазыку ў ліхвяроў. Іншых вабіла разнастайная культурная праграма, сустрэчы, знаёмствы. Ha кірмашах наладжваліся масавыя гульні, відовішчы, турніры, танцавальныя рауты. Вакол гандлёвай плошчы размяшчаліся корчмы, шынкі, балаганы, атракцыёны. Сваё майстэрства паказвалі камедыянты, акрабаты, дрэсіроўшчыкі з мядзведзямі, варажбіткі, сярод іх было многа цыган. Выступалі вандроўныя кірмашовыя тэатры і мясцовыя прыгонныя тэатры, у прыватнасці, тры такія тэатры — у Зэльве, Ружанах, Дзярэчыне — існавалі пры маёнтках князёў Caпегаў. Ha беларускія кірмашы прыязджалі тэатральныя трупы з Польшчы, Прусіі, Аўстра-Венгрыі, Францыі і іншых краін.

У XVII — пачатку XIX ст. найбуйнейшыя кірмашы адбываліся ў Зэльве, Свіслачы, Нясвіжы, Любавічах (былы Аршанскі павет), Гомелі, Бешанковічах. Значнымі кірмашовымі цэнтрамі былі Мінск, Навагрудак, Ігумен (Чэрвень), Мір, Брэст, Кобрын, Пінск.

Апрача прадметаў мясцовай прамысловасці і сельскай гаспадаркі на беларускія кірмашы дастаўлялася шмат тавараў з суседніх абласцей і з-за мяжы. З Польшчы прывозілі бытавыя і галантарэйныя тавары, дываны, люстэркі, інструменты; з Прыбалтыкі — жалезныя вырабы, фарбы, гатовае адзенне, «заморскія» тавары (чай, каву, віно і інш.); з Украіны — соль, тытунь, цукар, хлеб, жывёлу; з Расіі — баваўняныя і шаўковыя тканіны (з Масквы), скураныя і дывановыя вырабы (з Казані), фарфоравы і фаянсавы посуд (са Смаленскай губерні), жалезныя і медныя вырабы тульскіх заводаў.

Беларускія кірмашы адрозніваліся паміж сабой спецыялізацыяй гандлю: на адных гандлявалі ў асноўным сельскагаспадарчымі таварамі і прадметамі дробных промыслаў, на другіх — пераважна жывёлай (так званыя скотныя, ці конныя кірмашы), на трэціх — прамысловымі таварамі і прадметамі раскошы. У асобую групу вылучаліся так званыя кантрактныя кірмашы (у Мінску, Пінску, Навагрудку). Асобныя кірмашы былі вядомы продажам вялікай колькасці хлеба. Асенні кірмаш у Парычах (Светлагорскі раён) славіўся гандлем грыбоў, якіх тут за адзін дзень прадавалася на суму да 20 тысяч рублёў.

Кожны кірмаш меў свой мясцовы этнакультурны каларыт, што выяўлялася ў этнічным і сацыяльным складзе яго наведвальнікаў, у мясцовых традыцыях і звычаях, у выступленнях тэатральных труп і самадзейных фальклорных калектываў, у народным адзенні, транспартных экіпажах, прадметах народных промыслаў.

Бойкі гандаль ішоў на плошчы непасрэдна з вазоў, гандлявалі ў балаганах і ў разнос, кожны па-свойму рэкламаваў свой тавар і рознымі сродкамі (рэкламным паказам, трапным словам, ігрою на дудцы і інш.) прывабліваў да сябе пакупнікоў.

Буйныя кірмашы працягваліся ад 2 тыдняў да аднаго месяца (Зэльва, Любавічы, Свіслач, Нясвіж). Яны звычайна дзейнічалі не адначасова, а паслядоўна, нібы прадаўжаючы адзін аднаго. У перыяд паміж кірмашамі 1 — 2 разы на тыдзень збіраліся таргі, дзе гандлявалі звычайна мясцовымі таварамі. Кірмашы былі прыкметнай з'явай у грамадскім жыцці ў перыяд феадалізму. Рассеяныя па ўсёй Беларусі, яны аб'ядноўвалі мясцовыя рынкі, разбуралі патрыярхальную замкнёнасць, вялі да ўмацавання этна-культурнага адзінства і інтэрнацыянальных сувязей насельніцтва. У выніку пастаянных кантактаў ствараліся спрыяльныя ўмовы для ўзаемаабмену, узбагачэння мясцовай культуры. З развіццём капіталістычных адносін і паляпшэннем сродкаў зносін кірмашы паступова саступалі месца рэгулярнаму гандлю. Традыцыі кірмашоў адраджаюцца ў наш час.