ЗАГАДКІ
Загадка – гэта іншасказальнае вобразнае апісанне якога-небудзь прадмета або з’явы на аснове падабенства паміж тоесным прадметам, які трэба адгадаць, і тым, які замяняе яго ў загадцы (паводле А. Гурскага). Яна прадстаўляе сабой мудрагелістае пытанне,пераважна выражанае ў форме метафары, у якой загадваемы прадмет можна распазнаць па сходных адзнаках.
Сёння існуе некалькі тыпаў класіфікацый загадак:
1. Алфавітная класіфікацыя патрабуе размяшчэння загадак у алфавітным парадку ў залежнасці ад пачатковых літар першага слова.
2. Класіфікацыя па адгадцы.
3. Манаграфічная класіфікацыя будуецца ў залежнасці ад месца ці часў іх збірання ці збіральніку.
4. Генетычная класіфікацыя падзяляе матэрыял па прызнаку паходжання (у залежнасці ад мовы, народа).
5. Тэматычная класіфікацыя мае на ўвазе размеркаванне загадак у залежнасці ад тэмы, г. зн. зместу.
На нашу думку, найбольш дасканалай класіфікацыяй з’яўляецца апошняя. У межах яе выдзяляюцца наступныя раздзелы:
1. Прырода і чалавек;
2. Гаспадарка і матэрыяльны быт;
3. Грамадскі і сямейны быт;
4. Культура;
5. Загадкі-жарты, загадкі-задачы;
6. Загадкі савецкага часу.
ВЫСЛОЎІ
Згодна з класіфікацыяй, прынятай у томе з серыі БНТ «Выслоўі» (Мінск, 1979). Яе рапрацаваў складальнік тома М. Я. Грынблат. У беларускай фалькларыстыцы выслоўі амаль не даследаваны. Па сутнасці, беларускі фальклырыст М. Я. Грынблат упершыню вынайшаў і сістэматызаваў вялікую колькасць тэкстаў, вызначыў віды выслоўяў, апісаў іх характэрныя рысы.
Віды выслоўяў (паводле М. Я. Грынблата):
1. Трапныя, смешныя і ўстойлівыя выразы: «А мо табе даць кашы бфрозавай?», «Давалі да з рук не пускалі», «Пашоў сабакі пасвіць», «Цішком з мяшком» і г. д.
2. Скорагаворкі: «Дзятлы дзюбамі дзяўблі дзеравіну», «Затпрукаў пан Тпрут-Пруткевіч», «Каласы каласавалі, каласавалі, выкаласаваліся», «Уцякай, цецеручыха, з цецецручанятамі» і да т.п. Маюць павучальную функцыю.
3. Жарты і каламбуры: «Гарэлка не дзеўка, не цалуй», «Дай сала хлеб даесці», «Ешце з хлебам. – А нічога, добра і з пірагом», «Слава богу! – Сала богу, а шкваркі мне» і г. д. Функцыя забаўляльная, пацяшальная.
4. Тосты: «Дай, божа, разам двое: шчасця і здароўя», «Каб дачакалі цешыцца з унукаў», «Добра жыць да не тужыць». Функцыя магічная.
5. Вясельныя прыгаворкі: «Дару торбу грэчкі, каб не было між маладымі спрэчкі», «Дару чатыры падушкі, каб мелі чатыры дачушкі» і да т. п. Магічная функцыя.
6. Вітанні і зычэнні (пры розных абставінах, якія трэба пазначаць): «Добры вечар вам у хату!», «Аставайся здаровы!», «Спор у працу», «Умалотна вам», «Паходна вам!», «Лёгкі дух! Добра папарыцца!», «Час добры на дарогу!» і г. д. Таксама генетычна звязаны з бытавой магіяй.
7. Зычэнні-засцярогі: «Не проці ночы кажучы», «Барані бог!», «Не ровен час!», «Не ў вашай хаце спамінаючы!» і інш. Магічная функцыя.
8. Ветласць, ласкавасць: «Ласкава просім!», «Адкушайце з намі», «Мой ты галубок!», «Дзядулічка ты мой!», «Яблычак мой салодзенькі!» і да т. п. Камунікатыўная функцыя.
9. Прысяганні: «Далібог!», «Каб я скрозь зямлю праваліўся!», «Хай мне тое, што я табе зычу!». Магічна-прававая функцыя.
10. Праклёны: «Бадай яго ліха ўзяла!», «Каб табе на язык скула села!», «Няхай нашы ворагі плачуць!» і пад. Магічная функцыя.
– Несапраўдныя праклёны: «Каб рак убрыкнуў!», «Каб ты на вадзе спёкся!».
– Адкляцці тыпу «На цень сваю брашы!», «Цыпун табе на язык!», «Каб твае клятвы на сухі лес!».
11. Ганьбаванні і абзыванні: «Вот дзе жабянё працмўнае!», «Здыхліна паганая!», «Малатарня пустая!», « Чортаў сын!» і інш. Інвектыўная функцыя.
12. Дражнілкі-кепікі: «паўлюк сеў на крук», «Тэкля вылецела з пекла». Інвектыўная функцыя.
13. Параўнанні: «Завіхаецца як на паповай талацы», «Куслівы як сляпень», «Панесся як жару пад хвост насыпалі», «Поле як мора», «Спіць як пасля вірмашу» і шэраг іншых. Ацэначная функцыя.
М. Я. Грынблат не аднёс да выслоўяў прыкметы і павер’і. Пра іх асобная гаворка.