Спецыфіка літаратуры
Кожная нацыянальная літаратура мае свае адметнасці. Больш-менш спрактыкаваны чытач, не кажучы ўжо пра даследчыкаў і крытыкаў, можа ўказаць на адрозненні па цэламу шэрагу параметраў паміж творамі такіх блізкіх і прыналежных да аднаго культурна-цывілізацыйнага рэгіёна літаратур, як, напрыклад, нямецкая і англійская, французская і італьянская, польская і чэшская, руская і ўкраінская (заўважым, што ўсе параўноўваемыя пары літаратур ствараюцца на мовах, што належаць да адной моўнай групы). Кожная з нацыянальных літаратур у складзе сусветнага прыгожага пісьменства ў сувязі з рознай ментальнасцю народаў валодае пэўнай унікальнасцю і яскрава выражанымі адметнымі, непаўторнымі рысамі. Нават у сітуацыях агульных вытокаў, адзінага генетычнага кораня, як, напрыклад, ва ўсходніх славян. Наяўнасць нацыянальнай спецыфікі ў кожнай з літаратур свету — свайго роду аксіёма, якая не патрабуе доказу.
У межах жа нацыянальных літаратур таксама даволі часта існуюць пэўныя адрозненні, якія імянуюцца рэгіянальнымі. Яны абумоўліваюцца, як правіла, жыццёвай «прыпіскай» аўтараў (месцам нараджэння, непасрэдным пражываннем) да таго альбо іншага рэгіёна (краю, вобласці) у складзе краіны і выражаюцца ў асаблівасцях праблемна-тэматычнага напаўнення твораў, адлюстраванні рэалій мясцовага (рэгіянальнага) побыту, культуры, менталітэту і інш.
Наогул тэрмін «рэгіянальнае» («рэгіянальная спецыфіка») у дачыненні да прыгожага пісьменства, так бы мовіць, шматзначны (полісемантычны). Акрамя прыведзенага вышэй значэння ён выкарыстоўваецца таксама і тады, калі ідзе гаворка аб спецыфічных рысах літаратур вялізных тэрытарыяльных і культурных адзінак нашай планеты. Так, існуюць надзвычай істотныя адрозненні паміж літаратурамі (і культурамі ў цэлым) двух вялізных рэгіёнаў — Захаду (Еўропы) і Усходу (Індыі, Кітая і інш. краін Паўднёва-Усходняй Азіі). Арыгінальныя і самабытныя рысы прысутнічаюць таксама ў літаратурах Лацінскай Амерыкі, Блізкага Усходу, Далёкага Усходу, Заходняй і Усходняй Еўропы (пераважна славянскай яе часткі).