Літаратура і тэатр у першай палове XIX ст.
Для мастацкай культуры Беларусі першай паловы XIX ст. была характэрна змена ідэйна-мастацкіх накірункаў у параўнанні з папярэднім часам, адначасова суіснаванне розных мастацкіх стыляў. Ва ўсведамленні дзеячаў культуры першых дзесяцігоддзяў XIX ст. адбываўся паступовы адыход ад эстэтыкі класіцызму, які ляжаў у аснове асветніцкай ідэалогіі, калі матывамі дзеянняў героя былі перш за ўсё грамадзянскі абавязак і служэнне грамадству. 3 цягам часу ўзрастае ўвага да чалавека, яго ўнутранага свету. Пачуццё, а не абавязак выступае пабуджальнай крыніцай яго ўчынкаў. На змену класіцызму, увасабленню эпохі Асветы, прыходзіць рамантызм. На Беларусі ён зарадзіўся ў пачатку XIX ст. Сутнасцю рамантызма было імкненне супраціпаставіць рэльнай рэчаіснасці абагулены ідэальны вобраз.
Рамантызм мастакоў Беларусі нельга аддзяляць ад расійскага і агульнаеўрапейскага. Яго асаблівасцю было ярка выяўлены інтарэс да мясцовай гісторыі, стварэнне на карціне моцнай, свабоднай асобы. I хоць гэта цікавасць шмат у чым была звязана з гісторыяй Вялікага княства Літоўскага, тым не менш распрацоўка гэтай праблематыкі садзейнічала абуджэнню інтарэса і да гісторыі Беларусі ўвогуле. Да гістарычнай тэматыкі звярталіся многія пісьменнікі, паэты. Гісторыя была прадметам роздуму А. Міцкевіча. Яго творы, напісаныя на польскай мове, могуць лічыцца і культурным скарбам Беларусі. У сваіх ранніх творах "Мешка, князь Навагрудка", "Бульба", а таксама ў паэмах "Дзяды", "Пан Тадэвуш", "Гражына" А.Міцкевіч выкарыстоўваў тэмы і вобразы беларускага фальклору, сюжэты беларускай гісторыі. Блізкімі па настрою, думках да А.Міцкевіча былі У.Сыракомля, Я.Чачот. Асаблівае месца ў плеядзе рамантыкаў Беларусі належыць Я. Баршчэўскаму. Яго празаічны зборнік "Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях" прадстаўляюць сабой, па водгукам сучаснткаў, беларускі цыкл "1000 і адной ночы".
У 40-я гады ў культуры Беларусі ярка праявіўся пераход ад рамантызму да рэалізму. Важнай вехай на гэтым шляху была творчасць В. Дуніна-Марцінкевіча. Першым творам пісьменніка сталі лібрэта аперэт "Рэкруцкі яўрэйскі набор" "Спаборніцтва музыкаў", "Чароўная вада" — п'есы, якія напісаны на польскай мове і пастаўлены на мінскай сцэне. У 1846 г. убачыла свет музычная п'еса В. Дуніна- Марцінкевіча "Сялянка" ("Ідылія"), у якой упершыню загучала жывая беларуская мова. У 50-я гг. пісьменнік стварае вершаваныя расказы "Вечарніцы" і "Гапон", "Халімон на каранацыі", займаецца перакладамі. На пачатку 60-х гадоў ён стварае свой лепшы твор — фарс-вадэвіль "Пінская шляхта".
У першай палове XIX ст. усё большую ролю ў грамадска-культурным і ідэйным жыцці Беларусі адыгрывае тэатр. Асноўнай формай тэатральнай дзейнасці ў гэты час з'яўляецца прыватная антрэпрыза. Як правіла, такі тэатр быў "аб'яздны", гэта значыць меў базу ў губернскім або буйным павятовым горадзе і перыядычна вандраваў па навакольным гарадам, мястэчкам, маёнткам і кірмашах. Пастаянныя тэатральныя калектывы дзейнічалі ў Вільні (трупа Мараўскага), Гродна (тэатр Саламеі Дзешнер), Мінску (трупа Кажынскага). У выніку рэфармавання тэатральнай дзейнасці ў 1845—1847 гг. у губернскіх гарадах ствараліся пастаянныя тэатры, якія знаходзіліся пад кантролем тэатральнай дырэкцыі, вызначаўся тэатральны сезон. Тым не менш дзейнасць "аб'язных" груп пасля гэтага не спынілася. Яны існавалі і ў больш позні час. Адлюстроўвая моўную сітуацыю ў краі, рэпертуар тэатра быў двухмоўным — польскім і рускім. На сцэне ставіліся п'есы польскіх, рускіх і заходнееўрапейскіх аўтараў.
Разам з прафесійным тэатрам развіваўся аматарскі, які быў вельмі папулярны сярод шляхецтва, чыноўнікаў і афіцэраў. Падзеяй у тэатральным жыцці Беларусі стала ўзнікненні першай трупы беларускага нацыянальнага тэатра В. Дуніна-Марцінкевіча. 23 верасня 1841 г. адбылася прэм'ера спектакля — камічнай оперы "Рэкруцкі яўрэйскі набор", лібрэта да якога было напісана В. Дуніным-Марцінкевічам, а музыка — С.Манюшка і К.Кжыжаноўскім. 9 лютага 1852 г. адбылася прэм'ера "Ідыліі" на музыку тых жа аўтараў. П'есы гэтага таленавітага драматурга, рэжысёра і акцёра неаднаразова ставіліся на прыватных кватэрах не толькі Мінска, але і ў іншых гарадах Беларусі.